Галоўная > Малітвы прынагодныя > Малітва да Найсьвяцейшае Багародзіцы (Францішак Скарына)

Малітва да Найсьвяцейшае Багародзіцы (Францішак Скарына)


12 лістапада 2009.

Радуйся, Усесьвятая Марыя, Служка жыцьцядайнае Тройцы;

Радуйся, духмяная Лілея, улюбёная Творцы Бога Айца;

Радуйся, Найчыстая Дзева, Маці Госпада нашага Ісуса Хрыста;

Радуйся, наймілейшая Галубка, жаданая Суцяшальніка Духа Сьвятога;

Радуйся, найдастойнейшая Спадарыня, радасьць хораў анёльскіх;

Радуйся, Вежа непранікальная і Мучэньне збораў бесаўскіх;

Радуйся, найпрыгажэйшая Дачка і Развязаньне граху Адамавага;

Радуйся, моцная Вера, і Зьнішчэньне праклёну Эвінага;

Радуйся, слаўная Ўладарка, Мэта ўсіх патрыярхаў;

Радуйся, існая Багародзіца, Памнажэньне сыноў Ізраілевых;

Радуйся, усяхвальная Слава і Спаўненьне ўсіх сказаньняў прароцкіх;

Радуйся, мудрая Галава і Навучаньне Хрыстовых апосталаў;

Радуйся, усясьветлая Хвала і Ласка чатырох евангелістаў;

Радуйся, вялікая Сіла і Мужнасьць сьвятых мучанікаў;

Радуйся, любая Цішыня і Стрыманасьць пачэсных вызнаўцаў;

Радуйся, высокая Сьцяна і Цярплівасьць багалюбных манахаў;

Радуйся, ясная Зорка і Краса чыстых дзеваў;

Радуйся, ціхае Прыстанішча і Заступніца сірот і ўдоваў:

Будзь са мною ва ўсякай маёй патрэбе дзеля вялікай радасьці, якую Ты мела пры зачацьці Сына Божага; пачуй маю недастойную малітву і дапамажы мне ў суме маім. У рукі Твае аддаю самога сябе: захавай душу маю, ацалі цела маё, прасьвятлі розум, напраў учынкі мае; накіруй думкі мае да Бога, сэрца маё ўмацуй у добрым; памяць настаў у запаветах; накіруй вочы мае да неба; сумленьне маё ачысьці ад грахоў; аддалі ад мяне пажаданьні цялесныя; адгані д’ябальскія спакусы; захавай ад агульнага сораму; ратуй ад нечаканае бяды, ня дай прыйсьці суму, жалю і роспачы; вызвалі ад вечнага агню. Прымі ад мяне гэтую пахвалу, даючы ўзамен радасьць духоўную і робячы мяне годным радасьці вечнае.

Радуйся, поўная ласкі Марыя, Госпад з Табою на вякі вякоў! Амін.

 

Іншая малітва да Найсьвяцейшае Багародзіцы

(Францішак Скарына)

Прымі, Уладарка, малітву слугаў Тваіх і збаў нас ад усялякае патрэбы і суму. Ты, Багародзіца – нашая зброя і абаронная сьцяна, Ты – нашая Заступніца. Да Цябе прыбягаем, Цябе на малітву клічам і просім выбавіць нас ад ворагаў нашых; і ўзьвялічваем Цябе, усебеззаганную Маці Бога нашага, якую ацяніў Дух Сьвяты. Амін.


Вярнуцца назад