Галоўная > Мінэя - Жнівень > 6 жніўня - Перамяненьне Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста

6 жніўня - Перамяненьне Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста


18 красавіка 2008.

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу ..." наступныя песьні, паўтараючы кожную:

(Тон 4). Да таго, як Ты, Госпадзе, быў укрыжаваны, гара сталася падобнай да неба, і хмара, быццам шацёр, ацяніла яе. Калі Ты перамяніўся на ёй, і голас Айца засьведчыў аб Табе, там былі прысутныя Пятро і Якуб з Янам – што меліся быць з Табою, калі Цябе здрадліва выдалі, – каб, стаўшыся сьведкамі славы Тваёй, яны не сумеліся, убачыўшы Твае мукі, якім дай і нам у супакоі пакланіцца ў вялікай міласэрнасьці Тваёй.

Да таго, як пацярпець крыжовую сьмерць, Ты, Госпадзе, узяў вучняў Тваіх на высокую гару і перамяніўся перад імі, асьвятляючы іх промнямі сілы Тваёй. Веліччу ўлады Тваёй Ты, дзеля чалавекалюбства, захацеў паказаць ім сьветласьць уваскрасеньня. Дай і нам бачыць гэтую сьветласьць у супакоі, Божа, бо Ты міласэрны і Чалавекалюбец.

Гара, раней змрочная і хмарная, сёньня сталася пачэснай і сьвятой, бо ногі Твае, Госпадзе, сталі на ёй. Адвечная і запаветная тайна ў дзівосным перамяненьні Тваім сталася ўрэшце вядомай Пятру, Якубу і Яну. Ня ў сілах трываць зьзяньня твару Твайго і сьветласьці вопраткі Тваёй, яны, пакрыўшыся, палі ніцма на зямлю і, агорнутыя страхам, дзівіліся, гледзячы як Майсей і Ільля вялі гутарку з Табою пра тое, што мае быць; і чуючы голас Айца, які засьведчыў аб Табе, кажучы: "Гэта Сын мой любы, якому спагадаю; слухайце Яго, бо Ён даў багацьце зьмілаваньня сьвету ўсяму".

Узяўшы з сабою выбраных вучняў, Збавіцель перамяніўся на гары ў сіле, паказаўшы, што тыя, якія прасьвятліліся дабрачыннасьцямі, будуць годнымі боскай славы. Хрыстовыя суразмоўцы, Майсей і Ільля, засьведчылі, што Ён – Уладар жывых і мёртвых, і Бог, які некалі гаварыў праз закон і прарокаў; і голас Айца са сьветлай хмары загадаў слухацца Яго, кажучы: "Слухайце Таго, які пекла крыжом перамог і дараваў мёртвым вечнае жыцьцё".

Слава ... цяпер ...:

(Тон 6). Каб паказаць вобраз уваскрасеньня Твайго, Ты, Хрысьце Божа, узышоў на гару Табор, узяўшы з сабою вучняў Тваіх Пятра, Якуба і Яна. Калі Ты там перамяніўся, уся гара напоўнілася сьвятлом. Вучні Твае, ня могучы глядзець на невыказную сьветласьць Тваю, кінуліся ніцма на зямлю; анёлы са страхам і трапятаньнем служылі Табе, і зямля затрэслася, убачыўшы Госпада Славы.


Чытаньне кнігі Выхаду

Госпад сказаў Майсею: "Узыдзі да Мяне на гару і застанься там, і Я дам табе каменныя табліцы – законы і прыказаньні для іхняга навучаньня". І ўстаў Майсей і ягоны памочнік Ісус, і пайшоў Майсей да Божай гары. А старэйшым (народу) сказаў: "Заставайцеся тут, пакуль ня вернемся. Маеце з сабою Аарона і Хура: калі нехта з вас мае нейкую справу, хай зьвяртаецца да іх". Калі Майсей прыйшоў да гары, хмара пакрыла яе. Хвала Гасподняя спачыла на гары, і праз шэсьць дзён пакрывала яе хмара. На сёмы дзень (Госпад) з хмары паклікаў Майсея. А ў вачох сыноў Ізраіля хвала Гасподняя мела выгляд агню, што на вяршыне гары праглынае ўсё. Майсей пайшоў і ўзышоў на гару. І заставаўся Майсей на гары сорак дзён і сорак начэй. (24:12-18)

Чытаньне кнігі Выхаду

У тыя дні Госпад размаўляў з Майсеем тварам у твар, як размаўляюць з прыяцелем. Пасьля Майсей вяртаўся ў стан, а слуга ягоны, Ісус Навін, не адлучаўся ад шатра. Майсей сказаў Госпаду: "Вось Ты загадаў мне вывесьці гэтых людзей, але ня даў мне знаць, каго пашлеш са мною, а толькі сказаў: Ведаю цябе па імю, і ты знайшоў ласку ў вачох Маіх. Дык калі я знайшоў ласку ў вачох Тваіх, дай мне пазнаць Твае намеры, каб я ведаў, што знайшоў ласку ў вачох Тваіх. Глянь на гэтых людзей, бо яны Твае людзі". Госпад сказаў: "Калі Я сам пайду, дык ці гэта задаволіць цябе?" Майсей тады адказаў: "Калі сам ня пойдзеш, то лепш ня дай нам ісьці адсюль. Бо па чым мы пазнаем, што знайшлі ласку ў вачох Тваіх – я і людзі мае, – калі не па тым, што Ты пойдзеш з намі? Бо тады будзем адрозьнівацца ад іншых народаў на зямлі". Госпад адказаў Майсею: "Зраблю так, як просіш, бо ты знайшоў ласку ў вачох Маіх і Я ведаю цябе па імю". І сказаў Майсей: "Дай мне бачыць хвалу Тваю". Госпад адказаў: "Я пакажу табе хвалу Маю і аб'яўлю табе імя Госпада, бо Я абдорваю ласкаю, каго хачу і паказваю міласьць, каму Мне падабаецца". І сказаў зноў: "Твару майго ня ўбачыш, бо ніякі чалавек ня можа бачыць твар Мой і застацца жывым". І яшчэ сказаў Госпад: "Вось месца побач са Мною: стань пры скале. Калі Мая хвала будзе праходзіць паўз цябе, пастаўлю цябе ў шчыліне скалы і пакрыю рукою Маёю аж пакуль не перайду. Калі ж адыму руку Маю, пабачыш Мяне ззаду, а твару Майго табе не пакажу". Майсей зрабіў з каменя дзьве дошкі, як ранейшыя, і ўстаўшы рана, узышоў на гару з дзьвюмя каменнымі дошкамі, як загадаў яму Госпад. А Госпад зышоў з хмары, і Майсей затрымаўся побач з Ім і вымавіў імя Госпада. Госпад перайшоў перад ягонымі вачыма і клікаў: "Госпад, Госпад, Бог шчодры і міласэрны, доўгацярплівы і багаты на ласку, і верны". І ў той час Майсей схіліўся да зямлі і пакланіўся Госпаду. (33:11-23; 34:4-6,8)

Чытаньне трэцяй кнігі Царстваў

У той час Ільля прыйшоў у Баршэбу, што ў зямлі Юдэйскай.Там ён пакінуў слугу свайго, а сам пайшоў на дзень дарогі ў пустыню. Прыйшоўшы, сеў пад ядлоўцам і, жадаючы сьмерці, казаў: "Ужо вялікі час, Госпадзе! Вазьмі душу маю, бо я ня лепшы за маіх продкаў". Пасьля лёг і заснуў. І вось анёл, штурхнуўшы яго, сказаў: "Устань, еш!". Ільля глянуў і ўбачыў ля галавы праснак і збан вады. Тады, устаўшы, ён пад'еў і выпіў, і лёг зноў. Анёл вярнуўся другі раз і, штурхнуўшы яго, сказаў: "Устань і еш, бо цябе чакае вялікая дарога". Дык, устаўшы, зьеў і выпіў. Тады, падмацаваны ежаю, ён ішоў сорак дзён і сорак начэй аж да сьвятой гары Гарэб. Там увайшоў у пячору адпачыць. І Госпад прамовіў да яго, кажучы: "Выйдзі і стань ля гары перад Госпадам!". І вось Госпад прайшоў міма. Быў вялізны вецер, што развальваў горы і крышыў скалы, але Госпад ня быў у ветры. Пасьля ветру – землятрус: Госпад ня быў у землятрусе. Пасьля землятрусу прыйшоў агонь: Госпад ня быў у агні. А пасьля гэтага агню – подых лагоднага ветрыку. Калі Ільля пачуў яго, ён выйшаў і стаў пры ўваходзе ў пячору, затуліўшы твар плашчом. Тады Госпад сказаў яму: "Ідзі назад у пустыню Дамаскаву і памаж Елісея, сына Шафата, на прарока на тваё месца!". (19:3-9; 11-13, 15-16)


Ліцьця

(Тон 2). Усядобры Госпадзе, Ты зьзяньнем сьветласьці Тваёй усю зямлю прасьвятліў і, перамяніўшыся на гары, паказаў вучням Тваім сілу Тваю, якой выбаўляеш сьвет ад граху. Дзеля гэтага ўсклікаем Табе: "Міласэрны Госпадзе, збаў душы нашыя!".

Хрысьце Божа, што на гары Табор перамяніўся ў сіле і паказаў вучням Тваім славу Боства Твайго, прасьвятлі нас сьвятлом Твайго разуменьня і накіруй на шлях запаветаў Тваіх, бо Ты адзіны добры і Чалавекалюбец.

Сьвятло-Хрыстос, што быў раней за сонца, пажыўшы на зямлі як чалавек і, перад сваім расьпяцьцем, выканаўшы ўсе справы нязьведанага провіду свайго, сёньня на Таборскай гары паказаў тайны вобраз Тройцы. Узяўшы з сабою трох выбраных апосталаў сваіх, Пятра, Якуба і Яна; і, схаваўшы на кароткі час сваю чалавечую прыроду, перамяніўся перад імі, паказаўшы славу сваёй нястворанай красы, але, шкадуючы іх, ня поўнасьцю – каб, убачыўшы, яны ня страцілі жыцьця, – але колькі маглі ўспрыняць цялесныя вочы іх. Ён паклікаў багавідца Майсея і прарока Ільлю, які быў узяты да неба, каб яны праўдзіва засьведчылі, што Ён – сапраўды зьзяньне існасьці Айца і Госпад жывых і мёртвых. Тады хмара, быццам шацёр, ахінула іх, і голас Айца з хмары быў чутны, кажучы: "Гэта Той, каго Я нятленна перад заранкай нарадзіў, Сын Мой любы, якога Я паслаў збавіць тых, што ахрысьціліся ў імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, і верна вызнаюць непадзельную і адзіную ўладу Боства. Яго слухайце!". Ты ж сам, чалавекалюбны Хрысьце Божа, асьвяці нас зьзяньнем недаступнае Твае славы, і ў дабрыні Тваёй зрабі нас годнымі быць спадкаемцамі валадарства Твайго.

Слава ...:

(Тон 5). Прыйдзіце, узыдзем на гару Гасподнюю, у дом Бога нашага, і ўбачым славу перамяненьня Яго, славу як Адзінароднага ад Айца; прымем сьвятло ад Сьвятла і з узьнёслым духам будзем вечна славіць Тройцу адзінасутную.

Цяпер ...:

(Тон 5). Багавідзец Майсей і прарок Ільля, што на вогненнай калясьніцы быў узяты на неба, засьведчылі, што Ты – Творца і Завяршальнік Закону і прарокаў. Дай нам, Уладару, разам з імі быць годнымі прасьвятленьня Твайго, каб нам Цябе вечна славіць.


Вершапесьні

(Тон 1). Спрадвечны, які некалі на гары Сынайскай з Майсеем вобразна размаўляў, сёньня на гары Таборскай, перамяніўшыся перад сваімі вучнямі, паказаў першасную красу чалавечай прыроды, якую Ён узяў на сябе. За сьведкаў такой ласкі Ён узяў Майсея і Ільлю, робячы іх удзельнікамі радасьці, якая прадвяшчала Ягонае пасьля сьмерці слаўнае і збавеннае ўваскрасеньне.

Верш. Тваё ёсьць неба і Твая зямля.

Прадбачыўшы духам прыйсьце Тваё да людзей, як Адзінароднага Сына ў целе, богаайцец Давід заклікае здалёку ўсё стварэньне, па-прароцку кажучы: "Табор і Гэрмон у імю Тваім узрадуюцца". Ты, Збавіцелю, узышоў разам з вучнямі на гару і там перамяніўся, зрабіўшы зноў сьветлаю пацамнелую Адамаву прыроду, надзяліўшы яе славаю і сьветласьцю Боства Твайго. Дзеля гэтага мы ўсклікаем Табе: "Творча ўсіх, Госпадзе, слава Табе!".

Верш. Табор і Гэрмон у імю Тваім узрадуюцца.

Выбраныя апосталы Твае, спрадвечны Збавіцелю, убачылі на гары невыказную сьветласьць Тваю і недасяжнае Боства, і напоўніліся боскім страхам. Сьветлая хмара пакрыла іх, і яны пачулі голас Айца, які абвяшчаў тайну ўцелаўленьня, кажучы, што Ты –Сын Адзінародны і Збавіцель сьвету, які зьявіўся на зямлі.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 6). Выбраным вучням Тваім, Пятру, Якубу і Яну, Ты, Госпадзе, паказаў сёньня на гары Табор славу боскага выгляду Твайго. Яны бачылі, як зазьзяла вопратка Твая і твар Твой стаўся сьвятлейшы за сонца. Ня ў стане цярпець такой сьветласьці, яны ўпалі на зямлю, ня сьмеючы глянуць на Цябе, і пачулі з вышыні голас, які засьведчыў, кажучы: "Гэта Сын Мой любы, які прыйшоў на сьвет збавіць людзей".


Адпушчальны трапар

(Тон 7). Перамяніўся Ты на гары, Хрысьце Божа, паказаўшы вучням Тваім, наколькі яны маглі ўспрыняць, славу Тваю. Хай і для нас зазьзяе сьветласьць Твая вечная малітвамі Багародзіцы. Сьветладаўча, Слава Табе! (Тройчы)


Ютрань


Пасьля "Госпад – Бог ...":

Трапар (тон 7). Перамяніўся Ты на гары, Хрысьце Божа, паказаўшы вучням Тваім, наколькі яны маглі ўспрыняць, славу Тваю. Хай і для нас зазьзяе сьветласьць Твая вечная малітвамі Багародзіцы. Сьветладаўча, Слава Табе! (Тройчы)


Сядальная песьня 1 (тон 4). Перамяніўся Ты, Збавіцелю, на гары Табор, паказаўшы зьмену, што мае стацца з людзкой прыродай, калі яна будзе праслаўленая ў другое прыйсьце Тваё. Ільля і Майсей размаўлялі з Табою, і тры вучні, якіх Ты, Уладару, ўзяў з сабою, убачыўшы славу Тваю, сумеліся ад асьляпляльнага зьзяньня Твайго. Госпадзе, што прасьвятліў іх зьзяньнем славы Тваёй, прасьвятлі душы нашыя. (Двойчы)


Сядальная песьня 2 (тон 4). Перамяніўся Ты на гары Табор, Ісусе, і сьветлая хмара, быцам шацёр, пакрыла апосталаў славай Тваёй. І вось яны ўпалі ніцма на зямлю, ня ў стане глядзець на зьзяньне недаступнае славы аблічча Твайго, Хрысьце Збавіцелю, Божа наш спрадвечны. Госпадзе, што прасьвятліў іх зьзяньнем славы Тваёй, прасьвятлі душы нашыя. (Двойчы)


Паліелей: Хваліце імя Гасподняе ...


Узьвялічваньне: Узьвялічваем Цябе, Жыцьцядаўца Хрысьце, і славім усячыстага цела Твайго слаўнае перамяненьне.

Верш 1. Вялікі Госпад і годны хвалы, у горадзе Бога нашага, на Ягонай сьвятой гары.

Верш 2. Госпадзе, хто прабывае ў жыльлі Тваім, і хто паселіцца на гары сьвятой Тваёй?

Верш 3. Госпадзе, пашлі сьвятло Тваё і праўду Тваю.

Верш 4. Табор і Гэрмон у імю Тваім узрадуюцца.

Слава ... цяпер ...:

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)


Сядальная песьня 3 (тон 4). Калі ты ўзышоў з вучнямі на гару і зазьзяў у славе Айца, Ільля і Майсей прыступіліся да Цябе, бо Закон і прарокі служаць Табе, як Богу. Айцец дае сьведчаньне Боству Твайму, называючы Цябе Сынам, якога мы славім у песьнях разам з Айцом і Духам.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 8). Каб прасьвятліць вучняў, што былі з Табою, Ты, Хрысьце Дабрачынца наш, паказаў ім на сьвятой гары тайную і асьляпляльную прыроду Тваю, і Тваю Боскую красу, што была схаваная ў целе. Ня ў стане перанесьці славу Тваю, яны ўсклікнулі: "Сьвяты Ты". Бо Ты, да каго ніводзін чалавек ня можа наблізіцца, явіўся сьвету ў целе, Чалавекалюбча.


Узыходная песьня: першы антыфан 4 тону


Пракімен. Табор і Гэрмон у імю Тваім узрадуюцца.

Верш. Тваё неба і Твая зямля: Ты ўмацаваў сусьвет і ўсё, што ў ім.


Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Лукі

У той час Ісус узяў з сабою Пётру, і Яна, і Якуба і ўзышоў на гару памаліцца. Калі Ён маліўся, выгляд Ягонага твару зьмяніўся, і вопратка Ягоная сталася белай, сьветлай. І вось два мужы размаўлялі з Ім. Гэта былі Майсей і Ільля. Яны явіліся ў славе і гаварылі пра Ягоны адыход, які меў стацца ў Ерусаліме. У тым часе Пётра і таварышы, змораныя, паснулі. Прачнуўшыся, яны ўбачылі Ягоную хвалу, і мужоў, што стаялі побач з Ім. Калі яны адыходзілі ад Яго, Пётра сказаў Ісусу: "Госпадзе, добра нам тут. Збудуем тры скініі: адну Табе, адну Майсею і адну Ільлі". Але ён ня ведаў, што казаў. Калі ён яшчэ гаварыў, вось зьявілася хмара і агарнула іх; і яны спалохаліся, калі ўбачылі, як тыя ўваходзілі ў хмару. А з хмары пачуўся голас: "Вось Сын Мой, абраны. Яго слухайце!". Як толькі прагучаў голас, Ісус застаўся адзін. А яны ў тым часе захавалі маўчаньне і нікому не сказалі, што бачылі. (9:28-36)


Псалом 50. Пасьля:

Слава ...: (Тон 2). Сёньня ўсё поўніцца радасьцю: Хрыстос перамяніўся ў прысутнасьці вучняў сваіх.

Цяпер ...: Тое самае

Зьмілуйся нада мною, Божа ...:

(Тон 5). Ты, Збавіцелю, паказаў частку боства Твайго тым, што ўзышлі з Табой на гару, і ўчыніў іх сьведкамі Твае нябеснае славы. Поўныя подзіву, яны ўсклікнулі: "Добра нам тут быць!" З імі разам і мы, Хрысьце Збавіцелю, што ў перамяненьні паказаў славу Тваю, славім Цябе ў песьнях праз усе вякі.

КАНОНЫ


Песьня 1

Канон 1 (тон 4). Ірмас. Хоры Ізраільцянаў прайшлі сухімі нагамі водную глыбіню Чырвонага мора; і, бачыўшы, як варожыя вершнікі і іхнія начальнікі тапіліся ў ёй, з радасьцю запяялі: "Сьпявайма Богу нашаму, бо Ён праславіўся!".

Гаворачы прыяцелям сваім словы жыцьця пра Валадарства Божае, Хрыстос сказаў: "Калі Я зазьзяю недаступным сьвятлом, даведаецеся, што Айцец ува Мне, і радасна ўсклікнеце: "Сьпявайма Богу нашаму, бо Ён праславіўся!".

"Прыяцелі і вучні мае, вы апранецеся ў сілу народаў, і багацьце іхняе будзе вашай пахвалою, бо калі Я зьяўлюся сьвятлейшы за сонца, вы напоўніцеся славаю і радасна ўсклікніце: Сьпявайма Богу нашаму, бо Ён праславіўся!".

Сёньня Хрыстос зазьзяў на гары Табор, як абяцаў, паказаўшы цьмяна вучням Боскую славу сваю; і яны, напоўніўшыся боскім зьзяньнем, радасна ўсклікнулі: "Сьпявайма Богу нашаму, бо Ён праславіўся!"

Канон 2 (тон 8). Ірмас. Перайшоўшы мора быццам сушу, і пазьбегнуўшы ягіпскага зла, Ізраільцянін усклікнуў: "Збавіцелю Богу нашаму пяём!".

Некалі прарок Майсей каля Чырвонага мора бачыў славу Божую ў выглядзе хмары і вогненнага стаўпа, і ўсклікнуў: "Сьпявайма Збавіцелю і Богу нашаму!".

Схаваны за Боскай рукою, быццам за скалою, Майсей багавідзец убачыў Нябачнага і ўсклікнуў: "Сьпявайма Збавіцелю і Богу нашаму!".

Ты зьявіўся Майсею на Гары Закону і на Таборы: першы раз цьмяна, а цяпер у зьзяньні недаступнага Боства Твайго.

Катавасія (тон 8). Зрабіўшы на вадзе сваім кіем знак Крыжа, Майсей разьдзяліў Чырвонае мора і вызначыў просты шлях для праходу Ізраіля. Тады ён зрабіў другі раз знак на вадзе і злучыў яе ў адно, патапіўшы калясьніцы фараона. Дзеля гэтага пяём Хрысту Богу нашаму, бо Ён праславіўся.


Песьня 3

Канон 1 (тон 4). Ірмас. Лук дужых явіўся бясьсільным, а слабыя падперазаліся моцаю. Дзеля гэтага сэрца маё ўмацавалася ў Госпадзе.

Ты, Хрысьце, аднавіў пацямнелую прыроду Адама, апрануўшыся ў яе, і абагавіў яе ў перамяненьні Тваім.

Некалі Хрыстос, пад выглядам вогненнага стаўпа і хмары, вёў Ізраіля па пустыні, а сёньня Ён зазьзяў невыказнай сьветласьцю на гары Табор.

Канон 2 (тон 8). Ірмас. Госпадзе, Творча нябеснага кругу і Заснавальніку царквы, мэта жаданьняў і ўмацаваньне верных, умацуй мяне ў любові Тваёй, адзіны Чалавекалюбча.

Слава, што некалі ацяніла Каўчэг Запавету і гаварыла да Майсея, была вобразам Твайго, Госпадзе, перамяненьня, што, быццам маланка, зазьзяла ў невыказны спосаб на Таборскай гары.

Выбраныя апосталы ўзышлі з Табою, Адзінароднае Слова Ўсявышняга, на гару Табор, і Майсей з Ільлёю былі там як слугі Божыя, адзіны Чалавекалюбча.

Будучы дасканалым Богам, Ты стаўся дасканалым чалавекам, зьяднаўшы ў Тваёй асобе людзкую прыроду з Боствам. Майсей і Ільля бачылі Цябе ў дзьвюх прыродах на гары Табор.

Катавасія. Кій Аарона быў вобразам тайны: зацьвіўшы, ён паказаў, хто павінен быць сьвятаром. Гэтаксама ў раней няплоднай Царкве зацьвіло дрэва крыжовае, напаўняючы сілаю і ўмацоўваючы яе.


Сядальная песьня (тон 4). Ты, Ісусе, перамяніўся на гары Табор у прысутнасьці мудрых Майсея і Ільлі. Якуб, Пётра і Ян, якія былі таксама там, сказалі Табе: "Добра нам тут: зробім тры скініі – адну Майсею, адну Ільлі і адну Табе". Уладару Хрысьце, што паказаў ім зьзяньне славы Тваёй, прасьвятлі душы нашыя.


Песьня 4

Канон 1 (тон 4). Ірмас. Я пачуў, Хрысьце Божа, пра Твой слаўны провід, як Ты нарадзіўся ад Дзевы, каб вызваліць ад маны тых, што клічуць: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!".

Ты, Хрысьце Божа, даў пісаны закон на Сынайскай гары, зьявіўшыся ў вогненнай змрочнай хмары, сярод ветру і буры. Слава сіле Тваёй, Госпадзе!

Як доказ Твайго слаўнага провіду, Ты, спрадвечны Хрысьце Божа наш, што сядзіш на хмары, быццам на калясніцы, у невыказны спосаб зазьзяў на Таборскай гары.

Тыя, з кім Ты, Хрысьце Ўладару наш, некалі гаварыў у вогненнай хмары, у змроку і ў лагодным ветрыку, стаялі і размаўлялі з Табою як слугі. Слава сіле Тваёй, Госпадзе!

Майсей бачыў Цябе ў незгаральным кусьце, ахопленым полымем, а Ільля быў узьняты на неба на вогненнай калясьніцы. Яны прадвясьцілі Тваю крыжовую сьмерць, і былі побач з Табою на Таборскай гары.

Канон 2 (тон 8). Ірмас. Убачыўшы зьзяньне боскасьці, што прамянілася ад Цябе, прарокі і апосталы ўсклікнулі: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!".

Ты, Госпадзе, захаваў непашкоджаным куст, ахоплены агнём, і явіўся Майсею ў зьзяньні боскасьці, калі ён сьпяваў: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!".

Бачнае сонца пацямнела ад промняў боства Твайго, Ісусе мой, калі ўбачыла Тваё перамяненьне на Таборскай гары. Слава сіле Тваёй, Госпадзе!

Ты, Госпадзе, адзіны ў дзьвюх дасканалых прыродах, явіўся Майсею, Ільлі і апосталам як духоўны агонь, што ня паліць цялеснай існасьці.

Катавасія. Я пачуў тайну провіду Твайго, Госпадзе, разважаў над Тваімі дзеяньнямі і ўславіў Боскасьць Тваю.


Песьня 5

Канон 1 (тон 4). Ірмас. Ты адзьдзяліў сьвятло ад цемры, каб Твае творы маглі ў сьвятле славіць Цябе, іхняга Творцу. Прасьвятлі і наш шлях зьзяньнем сьветласьці Тваёй.

Горы схіліліся перад абліччам Тваім, сонца паклала сьветлыя промні свае пад ногі Твае, калі Ты, Хрысьце, захацеў пермяніць нашу людзкую прыроду.

"Гляньце на Збавіцеля Хрыста, Бога нашага, якога мы раней прадказалі!" – усклікнулі вучням Майсей з Ільлёю на сьвятой Таборскай гары.

Нязьменная Боская існасьць, злучаная з людзкой прыродаю, зазьзяла ў невыказны спосаб, паказаўшы вучням крыху сьветласьці нярэчыўнага Боства.

Убачыўшы, як Ты, Хрысьце, вечнае зьзяньне Айца, прасьвятліўся ў славе, апосталы ўсклікнулі: "Прасьвятлі і наш шлях зьзяньнем сьветласьці Тваёй!".

Канон 2 (тон 8). Ірмас. Незаходнае сьвятло, чаму Ты адкінуў мяне ад аблічча Твайго? Чаму варожая цемра агарнула мяне, няшчаснага? Вярні мяне і накіруй шлях мой да сьвятла запаветаў Тваіх, малюся Табе.

Ніякія красамоўныя вусны ня ў стане ўславіць Твае магутныя ўчынкі. Ты, Госпад і Ўладар жыцьця і сьмерці, паклікаў да сябе на гару Табор Майсея і Ільлю, каб яны засьведчылі Тваю Боскасьць.

Ты, Хрысьце, нябачнымі рукамі стварыў чалавека на вобраз Твой; а цяпер Ты паказаў ягоную першасную красу, явіўшы яе ня ў вобразе, але ў Тваёй існасьці, як Бог і чалавек.

У еднасьці без зьліцьця Ты паказаў на гары Табор гарачы вугаль Боскасьці, што паліць грахі і прасьвятляе душы, задзівіўшы Майсея і Ільлю, і старэйшых вучняў Тваіх.

Катавасія. Табою, тройчы сьвятое Дрэва, на якім быў расьпяты Хрыстос, Уладар і Госпад, быў пераможаны той, хто дрэвам спакусіў чалавека. Ён патрапіў у пастку, калі Бог быў прыбіты целам да цябе, даючы сьвету веліч зьмілаваньня.


Песьня 6

Канон 1 (тон 4). Ірмас. У час суму я паклікаў Госпада, і Бог збаўленьня майго пачуў мяне.

Хрыстос Збавіцель прасьвятліў нас усіх зьзяньнем сьветласьці сваёй, ясьнейшай за сонца, на Таборскай гары.

Узышоўшы на Таборскаю гару, Ты, Хрысьце, перамяніўся і, зацьміўшы ўсякую ману, прасьвятліў нас.

На гары Табор вучні Твае, Хрысьце, пазналі Цябе як Бога і, сумеўшыся, укленчылі перад Табою.

Канон 2 (тон 8). Ірмас. Ачысьці мяне, Збавіцелю, ад шматлікіх беззаконьняў маіх, і з бездані зла ўздымі мяне, малюся Табе. Цябе клічу, Ты ж пачуй мяне, Божа збаўленьня майго!

Што за вялікі і страшны цуд бачым сёньня! Бачнае сонца сьвеціць на небе, а на зямлі на гары Таборскай зазьзяла незраўнанае Сонца Праведнасьці.

"Цень Закону мінуў, занямогшы, бо Хрыстос-Праўда зьявіўся ўсім" – усклікнуў Майсей, убачыўшы Боства Тваё на Таборскай гары.

Вогненны стоўп быў для Майсея вобразам перамяненьня Хрыста, а хмара, што ацяніла Таборскую гару, прадвяшчала яўна ласку Духа.

Катавасія. Ёна ў нутры кіта працягнуў крыжом рукі свае, даючы вобраз збавенных мукаў; выкінуты адтуль пасьля трох дзён, ён прадвяшчаў цудоўнае ўваскрасеньне Хрыста Бога нашага, які быў укрыжаваны ў целе і прасьвятліў сьвет уваскрасеньнем сваім на трэці дзень.


Кандак (тон 7). Перамяніўся Ты на гары, Хрысьце Божа, і вучні Твае ўбачылі славу Тваю, наколькі ім магчыма было, каб пасьля, убачыўшы Цябе ўкрыжаванага, маглі зразумець дабравольныя Твае цярпеньні і сьвету аб'явіць, што Ты сапраўды зьзяньне Айца.

Ікас. Уставайце, лянівыя думкі душы маёй, што цягнеце мяне долу, узьніміцеся да вышыні Боскага ўзыходу. Пойдзем да Пётры і братоў Забэдэявых, і разам з імі ўзыдзем на Табораскую гару, каб нам увайсці ў славу Бога нашага і пачуць голас з вышыні, што аб'яўляе зьзяньне Айца.


Песьня 7

Канон 1 (тон 4). Ірмас. У Бабілёне некалі сыны Абрагама патапталі агонь у печы, пяючы: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!".

Асьветленыя зьзяньнем недаступнай славы, апосталы на Таборскай гары ўсклікнулі Хрысту: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!".

Апосталы, пад уражаньнем Боскага голасу, зьзяньня славы Тваёй, Хрысьце, і роснай хмары, усклікнулі: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!"

Пётра ўбачыў, як Ты, Хрысьце, зазьзяў на Таборскай гары недаступным сьвятлом, і ўсклікнуў: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!"

Сыны Забэдэявы, што былі з Табою, Жыцьцядаўча Хрысьце, калі Ты ўвесь прасьвятліўся, загрымелі: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!".

Канон 2 (тон 8). Ірмас. Юнакі гэбрэйскія ў печы сьмела патапталі полымя і перамянілі агонь на расу, клічучы: "Блаславёны Ты, Госпадзе Божа, праз усе вякі!".

Нябачнае сталася бачным для апосталаў: на Таборскай Гары яно зазьзяла ім у целе, і яны ўсклікнулі: "Блаславёны Ты, Госпадзе Божа, праз усе вякі!".

На Таборскай гары апосталы жахнуліся, дзівячыся красе Валадарства Божага, і ўсклікнулі: "Блаславёны Ты, Госпадзе Божа, праз усе вякі!".

Нечуванае стаецца чутным: голас Айца ясна сьведыць, што Сын, які нарадзіўся без айца ад Дзевы, – Бог і чалавек праз усе вякі.

Не праз успрыняцьце Ты стаўся Сынам Усявышняга, бо Ты ім існа быў раней за ўсе вякі. Застаўшыся нязьменным, Ты прыйшоў, каб быць з намі, якія клічам: "Блаславёны Ты, Госпадзе Божа, праз усе вякі!".

Катавасія. Бязглузды загад злоснага мучыцеля, поўны пагрозаў і боганенавісных блюзьнерстваў, прывёў людзей у зман; але тры юнакі не спалохаліся зьверскай лютасьці, ані агню, што паліў усё: стоячы сярод полымя, асьвежаныя росным ветрам, яны пяялі: "Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа айцоў нашых!".


Песьня 8.

Канон 1 (тон 4). Ірмас. У Бабілёне юнакі, распаленыя руплівасьцю Божаю, сьмела адкінулі пагрозы мучыцеля і агонь; укінутыя ў полымя, асьвежаныя расою, яны пяялі: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!".

Хрыстос, які воляю сваёю трымае ўсё, чыстымі нагамі сваімі ўзышоў на Таборскую гару. Там аблічча Ягонае зазьзяла сьвятлей за сонца, і ў зьзяньні ягоным стаялі выбраныя прадстаўнікі Закону і Ласкі, пяючы: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!".

Калі бясконцае незаходнае Сьвятло, зьзяньне Айца, што прасьвятляе ўсё стварэньне, зьявілася ў недаступнай славе на Таборскай гары, яно абагавіла людзей, якія запяялі: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!".

Стоячы з пашанаю на Таборскай гары, Майсей і Ільля ясна ўбачылі вобраз Боскай асобы Хрыста ў зьзяньні славы Айца, і запяялі: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!".

Некалі твар Майсея зьзяў славаю, бо ён цьмяна бачыў Бога. А Хрыстос пакрывае сябе зьзяньнем славы быццам вопраткаю. Як Творца сьвятла, Ён прасьвятляе тых, што пяюць: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!".

На гары Табор вучні, гледзячы на Хрыста, які быў агорнуты сьветлай хмараю, палі ніцма на зямлю і з розумам прасьветленым запяялі песьню Яму разам з Айцом і Духам: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!".

Канон 2 (тон 8). Ірмас. Хальдэйскі мучыцель загадаў распаліць печ у сем разоў мацней звычайнага, каб спаліць набожных юнакоў; убачыўшы, што яны былі збаўленыя сілаю з вышыні, ён усклікнуў: "Юнакі, блаславіце; сьвятары, хваліце; людзі, узьвялічвайце Госпада праз усе вякі!".

Вучні Твае, Уладару пачуўшы сьведчаньне Айца, і ня ў стане перанесьці сьветласьці Твару Твайго, зьзяньне якога чалавеку немагчыма бачыць, у старху палі ніцма на зямлю і запяялі: "Юнакі, блаславіце; сьвятары, хваліце; людзі, узьвялічвайце Госпада праз усе вякі!".

Госпадзе, Уладару ўладараў і Цару цароў, Ты жывеш у недаступным сьвятле. Табе вучні Твае ў страху ўсклікнулі: "Юнакі, блаславіце; сьвятары, хваліце; людзі, узьвялічвайце Госпада праз усе вякі!".

Ты, Хрысьце, – Цар неба і Госпад зямлі, і маеш уладу над усімі ў апраметнай; дзеля гэтага перад Табою сталі ад зямлі апосталы; ад неба – Ільля Тэсьбіцянін, і ад мёртвых – Майсей, пяючы суладна: "Людзі, узьвялічвайце Яго праз усе вякі!".

Выбраныя апосталы Твае, Чалавекалюбча, пакінулі марныя клопаты на зямлі і пайшлі ўсьлед за Табою да вышэйшага боскага жыцьця. Дзеля гэтага яны ўдастоіліся бачыць Боскасьць Тваю і запяялі: "Людзі, узьвялічвайце Яго праз усе вякі!".

Катавасія. Блаславіце, юнакі, роўныя лікам з Тройцай, Творцу Бога Айца, і Слова, што зышло на зямлю і перамяніла агонь на расу; і ўзьвялічвайце над усім Духа ўсесьвятога, які дае ўсім жыцьцё, праз усе вякі.


Песьня 9

"Больш годную пашаны ..." не сьпяваецца.

Прыпеў. Блаславі, душа мая, Госпада, які перамяніўся на Таборскай гары.

Канон 1 (тон 4). Ірмас. Тваё сынараджэньне нятленным было: Бог выйшаў з улоньня Твайго і, зьявіўшыся на зямлі як чалавек, пажыў сярод людзей. Дзеля гэтага мы ўсе, Багародзіца, Цябе ўзьвялічваем.

Вучні, прасьветленыя промнямі дзіўнага зьзяньня, сумеліся і, глянуўшы адзін на аднаго, упалі ніцма на зямлю і пакланіліся Табе, Ўладару ўсіх.

Голас Божы пачуўся з хмары, абвяшчаючы цуд: Айцец Сьвятла ўсклікнуў апосталам: "Гэта Сын Мой любы. Яго слухайце".

Слугі Слова бачылі на гары Табор страшныя і дзіўныя рэчы і, пачуўшы голас Айца, усклікнулі: "Гэта пячатка Айца, Збавіцель наш!".

Нязьменны вобраз Таго, хто ёсьць, пячатка непарушная, Сыне і Слова, Мудрасьць і Сіла, Правая Рука і Моц Найвышэйшага, Цябе славім разам з Айцом і Духам.

Канон 2 (тон 8). Ірмас. Усё стварэньне сумелася, пачуўшы пра нечуваную Божую спагадлівасьць: як гэта Найвышэйшы дабравольна панізіўся, прыняўшы цела, і стаўся чалавекам у дзявочым улоньні. Дзеля гэтага мы, верныя, Усячыстую Багародзіцу ўзьвялічваем.

Каб паказаць, як у час Твайго другога прыйсьця Ты зьявішся як Бог Найвышэйшы сярод багоў, на Таборскай гары Ты прасьвятліў невыказным зьзяньнем апосталаў, Майсея і Ільлю. Дзеля гэтага мы ўсе ўзьвялічваем Цябе, Хрысьце.

Прыйдзіце, паслухайце мяне, людзі: ідучы на сьвятую і нябесную гару, станем у духу ў горадзе Бога жывога, і вачыма розуму глянем на духоўнае Боства Айца і Духа, што зьзяе ў адзінародным Сыне.

Ты паланіў мяне жаданьнем Цябе, Збавіцелю, і перамяніў мяне Тваёй Боскай любоўю. Спалі мае грахі полымем духоўным, і ўчыні мяне дастойным насыціцца Тваёй стравай, каб мне радасна ўзьвялічваць Твае два прыйсьці, добры Госпадзе.

Катавасія. Багародзіца,Ты – таемны рай, бо Ты без высілку ўзрасьціла нам Хрыста, які пасадзіў пасярод зямлі жыцьцядайнае дрэва крыжовае. Бачачы яго сёньня ўзьнесеным, пакланяемся яму і Цябе славім.

Другая катавасія. Сёньня сьмерць, што прыйшла да чалавека, калі ён пакаштаваў плоду з забароненага дрэва, адмяняецца дрэвам крыжовым. Праклён маці Эвы, што цяжыў над усім родам людзкім, здымаецца плодам Чыстай Багародзіцы, якую ўсе сілы нябесныя ўзьвялічваюць.


Экзапастрыляр (тон 2). Сьвятло нязьменнае, Слова спрадвечнага Айца! Сёньня ў сьветласьці Тваёй, што аб'явілася на Таборскай гары, мы ўбачылі Сьвятло – Айца, і Сьвятло – Духа, што прасьвятляе ўсё стварэньне. (Тройчы)


Пахвальныя псалмы

(Тон 4). Перад, тым, як быць адданым на ўкрыжаваньне і пакуты, Ты, Госпадзе, узяў выбраных Тваіх апосталаў на гару Табор, каб паказаць ім славу Тваю. Калі яны ўбачылі, як Ты перамяніўся і зазьзяў ясьней за сонца, яны ўпалі ніцма на зямлю і ўсклікнулі: "Сапраўды Ты – спрадвечнае Сьвятло і Зьзяньне Айца, і, хоць Ты дабравольна прыняў цела, застаешся нязьменным Богам". (Двойчы)

Спрадвечны Божа-Слова, Ты апранаешся ў сьвятло быццам у вопратку. Перамяніўшыся перад вучнямі Тваімі, Ты зазьзяў ясьней за сонца. Майсей і Ільля стаялі побач, паказваючы, што Ты – Госпад жывых і мёртвых. Яны ўславілі Твой невыказны провід, міласэрнасьць і спагадлівасьць, якою Ты збавіў сьвет, што гінуў ад граху.

Ты, Госпадзе, што нарадзіўся з дзявочай хмары і стаўся чалавекам, перамяніўся на гары Табор: сьветлая хмара агарнула Цябе і голас Айца ясна засьведчыў вучням, што Ты – Сын Ягоны любы, бо Ты адзінасутны з Ім і роўнадастойны. Убачыўшы гэта, Пётра ў зьдзіўленьні сказаў: "Добра нам тут". Ня ведаў ён, што казаў, Дабрадзею наш міласэрны.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 8). Хрыстос узяў з сабою Пётру, Якуба і Яна на высокую гару і перамяніўся перад імі. Аблічча Ягонае зазьзяла, быццам сонца, а вопратка сталася белай як сьвятло. Зьявіліся таксама Майсей і Ільля, і размаўлялі з Ім. І вось сьветлая хмара пакрыла іх, і з хмары быў чутны голас, які казаў: "Гэта Сын Мой любы, якога Я ўспадабаў: Яго слухайце!".


Пасьля Вялікага ўслаўленьня:

Трапар сьвята (тон 7). Перамяніўся Ты на гары, Хрысьце Божа, паказаўшы вучням Тваім, наколькі яны маглі ўспрыняць, славу Тваю. Хай і для нас зазьзяе сьветласьць Твая вечная малітвамі Багародзіцы. Сьветладаўча, Слава Табе!

Літургія


Першы антыфан (Пс 65:1; 76:19; 103:1-2)

Чытальнік: Усклікніце Госпаду, уся зямля! Слаўце ў песьнях імя Яго, аддайце хвалу велічы Яго.

Людзі: Малітвамі Багародзіцы, Збавіцелю, збаў нас. (Так пасьля наступных вершаў)

Чытальнік: Гук грому Твайго ў буры быў чутны, маланка Твая асьвяціла сусьвет, зварухнулася і задрыжэла зямля.

– Ты апрануўся ў веліч і красу, ахутаўся сьвятлом быццам плашчом.

– Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Людзі: Малітвамі Багародзіцы, Збавіцелю, збаў нас.


Другі антыфан (Пс 47:2; 77:54, 68-69)

Чытальнік: Гара Сыён, сэрца поўначы, горад Уладара вялікага.

Людзі: Сыне Божы, што перамяніўся на гары, збаў нас, якія пяём Табе: Алілуя. (Так пасьля наступных вершаў)

Чытальнік: Прывёў Ён іх на гару сьвятую сваю, якую набыла сабе правая рука Яго.

– Гару Сыён, якую Ён успадабаў і дзе збудаваў сабе сьвятыню, быццам неба.

Людзі: Сыне Божы ...

Слава ... цяпер ...: Адзінародны Сыне ...


Трэці антыфан (Пс 124:1,2; 23:3)

Чытальнік: Тыя, што спадзяюцца на Госпада, быццам гара Сыён, не зварухнуцца на векі.

Людзі: (тон 7). Перамяніўся Ты на гары, Хрысьце Божа, паказаўшы вучням Тваім, наколькі яны маглі ўспрыняць, славу Тваю. Хай і для нас зазьзяе сьветласьць Твая вечная малітвамі Багародзіцы. Сьветладаўча, Слава Табе! (Так пасьля наступных вершаў)

Чытальнік: Горы вакол Ерусаліму, і Госпад вакол людзей сваіх цяпер і давеку.

– Госпадзе, хто прабывае ў жыльлі Тваім, і хто паселіцца на гары сьвятой Тваёй?

Сьвятар (уваходны верш): Госпадзе, зышлі сьвятло Тваё і праўду Тваю: хай яны мяне накіруюць і завядуць на гару сьвятую Тваю.

Людзі: Сыне Божы, што перамяніўся на гары, збаў нас, якія пяём Табе: Алілуя.


Трапары

Трапар (тон 7). Перамяніўся Ты на гары, Хрысьце Божа, паказаўшы вучням Тваім, наколькі яны маглі ўспрыняць, славу Тваю. Хай і для нас зазьзяе сьветласьць Твая вечная малітвамі Багародзіцы. Сьветладаўча, Слава Табе!

Слава ... цяпер ...:

Кандак (тон 7). Перамяніўся Ты на гары, Хрысьце Божа, і вучні Твае ўбачылі славу Тваю, наколькі ім магчыма было, каб пасьля, убачыўшы Цябе ўкрыжаванага, маглі зразумець дабравольныя Твае цярпеньні і сьвету аб'явіць, што Ты сапраўды зьзяньне Айца.


Пракімен (Пс 103:24,1). Якое багацьце твораў Тваіх, Госпадзе: Ты ўсё мудра стварыў.

Верш. Блаславі, душа мая, Госпада: Госпадзе, Божа мой, Ты вялікі наўзьдзіў.


Чытаньне другога лісту Апостала Пятра

Браты, старайцеся ўзмоцніць ваша пакліканьне і выбар. Так робячы, ніколі не ўпадзеце. У такі спосаб будзе вам шырока адчынены ўваход да вечнага валадарства Госпада нашага і Збавіцеля Ісуса Хрыста. Вось чаму буду заўсёды нагадваць вам пра гэта, хоць вы гэта знаеце і ўмацаваныя ў гэтай праўдзе. Лічу слушным, пакуль я ў гэтым целе, абуджаць вашую памяць, бо ведаю, што неўзабаве мне прыйдзецца пакінуць цела маё, як Госпад наш Ісус Хрыстос мне аб'явіў. Буду намагацца, каб вы, нават пасьля таго, як я адыду, мелі заўсёды ў памяці гэтыя рэчы. Бо мы не ішлі за казкамі і выдумкамі, калі аб'явілі вам магутнасьць і прыйсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, але навучалі, як сьведкі Ягонай велічы. Бо Ён прыняў ад Бога Айца гонар і хвалу, калі прыйшоў вось такі голас да Яго ад Велічнай Славы: "Гэта Сын Мой любы, Яго Я ўспадабаў". І мы чулі, як гэты голас прыйшоў з неба, калі мы былі з Ім на сьвятой гары. Маем і мацнейшае, прароцкае, слова. Вы добра робіце, што трываеце пры ім, як пры сьветачы, што сьвеціць у цёмным месцы, аж пакуль не пачне днець, і раньняя зорка ня ўзыдзе ў вашых сэрцах. (1:10-19)


Алілуя (Пс 88:12; 143:15). Тваё неба і Твая зямля: Ты ўмацаваў сусьвет і ўсё, што ў ім.

Верш. Блаславёны народ, у якога доля такая: блаславёны народ, чый Госпад – Бог.


Чытаньньне сьвятога Евангельля паводле Мацьвея

У той час Ісус узяў з сабою Пётру, Якуба і ягонага брата Яна, і завёў іх адных на высокую гару. Там Ён перамяніўся перад імі: твар Ягоны зазьзяў, быццам сонца, а вопратка сталася белая, як сьвятло. І вось зьявіліся Майсей і Ільля, якія размаўлялі з Ім. Тады Пётра сказаў Ісусу: "Госпадзе, добра нам тут; калі хочаш, зробім тры палаткі: адну Табе, адну Майсею і адну Ільлі". Калі ён яшчэ гаварыў, вось сьветлая хмара агарнула іх, а з хмары пачуўся голас: "Гэта Сын Мой любы, Якога Я ўспадабаў. Яго слухайце". Пачуўшы гэта, вучні моцна спалохаліся і ўпалі тварам на зямлю. Ісус, падышоўшы, дакрануўся да іх і сказаў: "Устаньце, ня бойцеся!". Узьняўшы вочы, яны ня ўбачылі нікога, апроч аднаго Ісуса. А калі яны зыходзілі з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: "Не расказвайце нікому пра бачанае, аж пакуль Сын Чалавечы ня ўваскрэсьне з мёртвых". (17:1-9)


Задастойнік. Тваё сынараджэньне нятленным было: Бог выйшаў з улоньня Твайго і, зьявіўшыся на зямлі як чалавек, пажыў сярод людзей. Дзеля гэтага мы ўсе, Багародзіца, Цябе ўзьвялічваем.


Прычасьнік (Пс 88:6). Госпадзе, у сьветласьці аблічча Твайго хадзіць будзем, і імем Тваім будзем цешыцца давеку. Алілуя, алілуя, алілуя.


Малітва на блаславеньне садавіны

Уладару Госпадзе Божа наш, які загадаў нам прыносіць Табе ў ахвяры Твае ад Тваіх, даючы нам узамен Твае нябесныя даброты; і які ласкава прыняў пасільную ахвяру ўдавы, блаславі гэтыя пачаткі пладоў, прынесеныя тут слугамі Тваімі, і прымі іх у Тваю нябесную скарбніцу; і дай нам удосталь зямнога дабра і ўсяго карыснага для задавальненьня нашых патрэбаў. Хай будзе блаславёнае імя Тваё і славіцца валадарства Тваё, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


Вярнуцца назад