Галоўная > Малебны > Малебен да Сьвятога Духа перад пачаткам Царкоўнага Сабору

Малебен да Сьвятога Духа перад пачаткам Царкоўнага Сабору


16 лістапада 2009.

з Літургіяй

Дыякан: Блаславі, Уладыка.

Біскуп: Блаславёнае валадарства Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава... цяпер...

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.

Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)

Слава... цяпер...

Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.

(Псалом 66). Божа, будзь ласкавы да нас і блаславі нас: прасьвятлі нас зьзяньнем твару Твайго і зьмілуйся над намі,

Каб мы маглі пазнаць на зямлі шлях Твой, сярод людзей усіх збаўленьне Тваё.

Хай славяць Цябе, Божа, усе народы, хай славяць Цябе ўсе людзі.

Хай радуюцца і цешацца ўсе народы, бо Ты справядліва судзіш людзей, і пануеш над народамі на зямлі.

Хай славяць Цябе, Божа, усе народы, хай славяць Цябе ўсе людзі.

Зямля дала плод свой: Бог, наш Бог, блаславіў нас.

Хай Бог блаславіць нас, і хай баяцца Яго ўсе канцы зямлі.

 

Слава... цяпер...

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)

Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся.

– За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.

– За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.

– За Сьвятога Айца нашага сусьветнага біскупа ... Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ..., пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.

– За яго (яе) міласьць ... (імя галавы дзяржавы), за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны, Госпаду памолімся.

– За Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся.

– За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе гарады і краіны, і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.

– За ўдзельнікаў гэтага сьвятога сабору, што сабраліся з усіх канцоў нашае краіны (епархіі, экзархату) і чакаюць ласкі сьвятога Духа, і просяць у Бога дапамогі і прасьвятленьня, памолімся.

– Каб Госпад Бог глянуў ласкавым вокам на Царкву сваю і на ўдзельнікаў гэтага сьвятога сабору, і даў, каб іхнія высілкі былі карыснымі для лепшага ўладкаваньня Царквы і для нашага агульнага збаўленьня, памолімся.

– Каб ім захаваць беззаганна праўдзівую веру, шчырую любоў і непахісную надзею ласкаю ўсесьвятога Духа, Госпаду памолімся.

– Каб на іх зышла ласка ўсесьвятога Духа, і прасьвятліла іхнія сэрцы і розумы сьвятлом праўдзівага богапазнаньня, дзеля ўмацаваньня сьвятой веры і дабрадзейнасьцяў, Госпаду памолімся.

– Каб яны згодна і аднадушна, без ніякіх закалотаў і разьдзелаў, раіліся ў справе ўмацаваньня і добрага ўладкаваньня Сьвятое Царквы, ласкаю, дзеяньнем і сілаю ўсесьвятога Духа, Госпаду памолімся.

– Каб Госпад даў ім сілу слова, моц і мужнасьць выкараніць усялякую няпраўду і ўсё благое, і навучаць праўдзівай веры і добрых нораваў, і ўмацоўваць у Сьвятой Царкве добры лад і шчырую пабожнасьць, ласкаю ўсесьвятога Духа, памолімся.

– Каб Госпад Бог пачуў гэтыя просьбы і маленьні нас, грэшных, і міласьціва споўніў іх, памолімся.

– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку, Госпаду памолімся.

– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан*: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і заўсёды Дзеву Марыю, і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Дыякан: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе.

Людзі: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе. (Так пасьля наступных вершаў)

Дыякан: Дзякуйце Госпаду, бо Ён добры, бо міласэрнасьць Яго на ўсе вякі.

– Акружылі мяне з усіх бакоў, але імем Гасподнім я супрацівіўся ім.

– Не памру, але буду жыць і абвяшчаць учынкі Госпада.

– Камень, адкінуты будаўнікамі, стаўся вуглавым каменем: ад Бога гэта і дзіўнае ў нашых вачох.

Людзі: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе.

(Тон 8). Блаславёны Ты, Хрысьце Божа наш, што рыбакоў напоўніў мудрасьцю, паслаўшы ім Духа Сьвятога, і праз іх улавіў увесь сусьвет. Чалавекалюбча, слава Табе!

Слава... цяпер...

(Тон 6). Апякунка хрысьціян бездакорная, Хадайніца да Тварца незаменная, не пагардзі маленьнямі грэшнікаў, але як добрая сьпешна прыйдзі на дапамогу нам, якія клічам Цябе даверліва. Пачуй хутка малітвы, адгукніся на просьбы, Багародзіца, надзейная Заступніца тых, што шануюць Цябе.

Дыякан: Будзьма ўважлівыя.

Біскуп: Мір усім.

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Мудрасьць.

Чытальнік (пракімен): Хай хваляць Цябе людзі, Госпадзе, сабраўшыся разам, і хай служаць Табе.

Верш. Бог пасяляе аднадумцаў у доме Сваім.

Дыякан: Мудрасьць.

Чытальнік: Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Эфэсцаў.

Дыякан: Слухайма ўважліва.

Чытальнік: Браты, я, вязень дзеля Госпада, малю вас, каб вы паступалі ў спосаб, годны пакліканьня, якім вы былі пакліканыя, з усёй пакораю і ціхасьцю, з цярплівасьцю, церпячы адзін аднаго ў любові. Старайцеся захаваць адзінства Духа ў саюзе міру. Адно Цела, адзін Дух, бо вы пакліканыя да адной надзеі, якую дае вашае пакліканьне. Адзін Госпад, адна вера, адзін хрост. Адзін Бог і Айцец усіх, які над усімі, праз усіх і ўва ўсіх нас. І Той паставіў адных апосталамі, іншых прарокамі, іншых дабравесьнікамі, а іншых пастырамі і настаўнікамі для дасканаленьня сьвятых у справе служэньня, і для будаваньня Цела Хрыстовага, аж пакуль усе дойдзем да адзінства веры і поўнага пазнаньня Сына Божага, да дасканалага чалавека, да меры ўзросту поўні Хрыста. (4:1-6,11-13)

Біскуп: Мір табе, чытальнік.

Чытальнік: І твайму духу. Алілуя, алілуя, алілуя.

Дыякан: І каб быць нам дастойнымі слухаць сьвятое Евангельле, Госпада Бога молім.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Дыякан: Мудрасьць, устаньце, будзем слухаць сьвятое Евангельле.

Біскуп: Мір усім.

Людзі: І твайму духу.

Біскуп: Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Мацьвея.

Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Дыякан: Слухайма ўважліва.

Біскуп: У той час Ісус прыйшоў у межы Кесарыі Піліпавае і спытаўся ў сваіх вучняў: "За каго людзі ўважаюць Сына Чалавечага?" Яны адказалі: "Адныя за Яна Хрысьціцеля, іншыя за Ільлю, а іншыя яшчэ за Ярэму ці аднаго з прарокаў". Сказаў ім Ісус: "А вы за каго Мяне лічыце?" Сымон Пётра сказаў Яму ў адказ: "Ты – Хрыстос, Сын Бога жывога". Ісус адказаў яму, кажучы: "Шчасьлівы ты, Сымоне, Сыне Ёны, бо ня цела і кроў аб'явілі табе гэта, але Айцец Мой, што ў небе. І вось я кажу табе: Ты – Пётра, і на гэтай скале Я збудую Маю Царкву, і пякельныя брамы не перамогуць яе. І дам табе ключы нябеснага валадарства, і што-колечы зьвяжаш на зямлі, будзе зьвязанае ў небе, а што разьвяжаш на зямлі, будзе разьвязанае і ў небе". (16:13-19)

Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага, сусьветнага біскупа ... Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ..., і ўсіх у Хрысьце братоў нашых.

– Яшчэ молімся за яго (яе) міласьць ... (імя галавы дзяржавы), за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны.

– Яшчэ молімся за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас.

– Госпадзе, што Суцяшальніка Духа Твайго паслаў вучням Тваім і апосталам, абнаві Яго таксама ў сэрцах усіх, што сабраліся на гэты сабор у імя Тваё, і дай ім мудрасьць і сілу адважна вызнаць праўду Тваю і захаваць нязьменным царкоўнае паданьне, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

– Пастыру добры, што абяцаў расьцярушаных авечак Тваіх сабраць ў адзін статак, суцішы нязгоду і разлады царкоўныя, і ўсіх, што зблудзілі і адышлі ад шляху Твайго, прывядзі да пакаяньня і пазнаньня праўды, і вярні ў Тваю аўчарню; і нас у праўдзівай веры і выкананьні Тваіх запаветаў умацуй, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Біскуп: Выслухай нас, Божа, Збавіцелю наш, надзея ўсіх, што жывуць на зямлі, і тых, што далёка на моры, і будзь спагадлівы да нас, грэшных, і зьмілуйся над намі. Бо Ты міласэрны і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Біскуп: Госпадзе Ісусе, Божа наш, у невыказнай Тваёй міласэрнасьці Ты паслаў Духа Твайго сьвятога Тваім вучням і апосталам, і праз іх Царкву Тваю ва ўсім сьвеце ўстанавіў і ўмацаваў. Мы, нягодныя слугі Твае, прыходзім да Цябе і прыносім Табе падзяку за ўсе дабрадзействы і Тваю бязьмежную дабрыню да нас, асабліва за тое, што ад даўніх вякоў Ты прасьвятліў нашую краіну сьвятлом Тваёй праўды і нас да збавеннай еднасьці ў сьвятой Тваёй Царкве паклікаў.

І вось цяпер глянь, Добры Ўладару, на слугаў Тваіх, якія сабраліся тут, каб вырашаць аб добраўпарадкаваньні Тваёй Царквы. Дай ім дух мудрасьці і разважнасьці, укладзі ў сэрцы іх дух страху Божага, дух пабожнасьці і руплівасьці аб славе імя Твайго сьвятога, захавай іх ад выпрабаваньняў, спакусаў і разьдзелаў, каб, зьяднаныя саюзам любові з Табою, сваім Уладаром, і адзін з адным, яны маглі без перашкодаў споўніць справу служэньня свайго для дабра і збудаваньня Сьвятое Царквы як адзінага цела Хрыстовага.

Прымі, Госпадзе, і нашыя шчырыя малітвы за нашую краіну: збаў яе і захавай яе свабоднаю ад усіх напасьцяў. Не аддай нас у рукі ворагаў, каб нам ня згінуць, але каб, збаўленыя Тваёй магутнай рукою, мы маглі ў царкве Тваёй вызнаваць і славіць усесьвятое імя Тваё, у Тройцы адзінага Бога, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Дыякан: Мудрасьць.

Біскуп: Усесьвятая Багародзіца, збаў нас.

Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў, і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Біскуп: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.

Людзі: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Уладыка, блаславі.

Біскуп: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятых слаўных і годных пахвалы апосталаў Пятра і Паўла і ўсіх сьвятых апосталаў, між сьвятымі айца нашага Кірылы, Біскупа Тураўскага, і сьвятога сьвятамучаніка Язафата, арцыбіскупа Полацкага, і сьвятое Маці нашае Еўфрасіньні, асьветніцы Беларусі, і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу, сьвятога ... (імя сьвятога дня і патрона царквы), і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

Людзі: Амін.

Літургія

На праскамідыі:

Госпадзе Ісусе Хрысьце Божа наш, прымі гэтую ахвяру для адпушчэньня грахоў слугі Твайго арцыбіскупа (біскупа) ... і ўсіх сьвятароў, што сабраліся на гэты сьвяты Сабор у імя Тваё; і пашлі ім ласку Твайго Сьвятога Духа, каб іхнія нарады былі на карысьць і для ўмацаваньня сьвятой веры, добрых нораваў, пабожнасьці і добраўпарадкаваньня царквы, для душэўнага збудаваньня і для памнажэньня славы ўсесьвятога Твайго імя.

На мірнай літаніі:

Пасьля "За падарожнікаў..." дадаюцца наступныя просьбы:

– За асьвячэньне душаў і целаў усіх нас, сабраных у імя Гасподняе на гэты сьвяты Сабор, і за ўсіх прысутных у сьвятой гэтай царкве, якія жадаюць ласкі Сьвятога Духа, Госпаду памолімся.

– Каб усім нам ачысьціцца ад нашых правінаў і стацца сьвятыняю і жыльлём Сьвятога Духа, Госпаду памолімся.

– Каб нам беззаганна захаваць сьвятую веру, шчырую любоў і непахісную надзею, ласкаю сьвятога Духа, Госпаду памолімся.

– Каб на нас зышла ласка і дар Усесьвятога Духа для прасьвятленьня нашых сэрцаў і розумаў сьвятлом богаразуменьня, Госпаду памолімся.

– Каб нам быў дадзены Дух мудрасьці, розуму і добрай рады для ўмацаваньня сьвятое веры, пабожнасьці і добраўпарадкаваньня царкоўнага, Госпаду памолімся.

– Каб нам згодна і аднадушна, без закалотаў і разьдзелаў, раіцца і вырашаць усё для ўмацаваньня Сьвятое Царквы, сілаю і дзеяньнем Сьвятога Духа, Госпаду памолімся.

– Каб нам атрымаць сілу слова і мужнасьць для выкараненьня ерасяў, разладаў, злосьці, крывадушнасьці і ўсялякага бясчынства, і для насаджэньня і ўмацаваньня царкоўнай еднасьці, дабрадзейнасьці і пабожнасьці, і добрых звычаяў, ласкаю ўсесьвятога Духа, Госпаду памолімся.

– Каб Госпад Бог пачуў голас маленьняў нас, грэшных, памолімся.

– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку... і г.д.

Трапары і кандакі

Трапар (тон 8). Блаславёны Ты, Хрысьце Божа наш, што рыбакоў напоўніў мудрасьцю, паслаўшы ім Духа Сьвятога, і праз іх улавіў увесь сусьвет. Чалавекалюбча, слава Табе.

Слава...

Кандак (тон 8). Калі Ўсявышні, зышоўшы, мовы зьмяшаў, Ён разьдзяліў між сабой народы; калі ж паслаў вогненныя языкі, да еднасьці ўсіх паклікаў. Дзеля гэтага мы ўсе згодна славім Усесьвятога Духа.

Цяпер...

(Тон 6). Апякунка хрысьціян бездакорная, Хадайніца да Тварца незаменная, не пагардзі маленьнямі грэшнікаў, але, як добрая, сьпешна прыйдзі на дапамогу нам, якія клічам Цябе даверліва. Пачуй хутка малітвы, адгукніся на просьбы, Багародзіца, надзейная Заступніца тых, што шануюць Цябе.

Пракімен. Хай Дух Твой добры вядзе мяне па правым шляху.

Верш. Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і дух правы абнаві ў нутры маім.

Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Карынцянаў

Браты, вы – цела Хрыстовае, а паасобку – ягоныя члены. І адных Бог паставіў ў Царкве, па-першае, апосталамі, па-другое, прарокамі, па-трэцяе, настаўнікамі; далей, іншым даў сілу цудаў, таксама дары ацаленьняў, дапамогі, кіраваньня, розныя мовы. Ці ўсе апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе цудатворцы? Ці ўсе маюць дар ацаленьняў? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць? Дбайце пра дары большыя, і я пакажу вам шлях яшчэ больш дасканалы.

Калі я гавару мовамі чалавечымі і анельскімі, а любові ня маю, то я – медзь звонкая, або гулкі цымбал. Калі маю дар прароцтва, ведаю ўсе таямніцы, маю ўсе веды і ўсю веру, а любові ня маю – дык я нішто. Калі я раздам усю маю маёмасьць і аддам цела маё на спаленьне, а любові ня маю – няма мне ніякай карысьці. Любоў церпіць доўга, яна поўная міласэрнасьці; любоў не зайздросьціць, любоў не праслаўляе сябе, не ганарыцца; не бясчынствуе, не шукае свайго, ня гневаецца, ня думае благога, ня радуецца з крыўды, але цешыцца з праўды: усё пераносіць, усяму верыць, усяго спадзяецца, усё церпіць. Любоў ніколі не праміне. (1 Кар 12:27-13:8)

Алілуя (Пс 50:3,13). Зьмілуйся нада мною, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці і паводле мноства дабротаў Тваіх ачысьці беззаконьне маё.

Верш. Не адкінь мяне ад аблічча Твайго і Духа Твайго Сьвятога не адымі ад мяне.

Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Мацьвея

Сказаў Госпад: "Глядзіце, не пагарджайце ніводным з гэтых маленькіх, бо кажу вам, што ў небе іхнія анёлы заўсёды бачаць аблічча Айца Майго. Бо Сын Чалавечы прыйшоў, каб ратаваць тое, што згінула. Як вам здаецца? Калі нехта мае сто авечак і адна з іх заблудзіць: ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у горах і ня пойдзе шукаць адну, што заблудзіла? І калі яму ўдасца знайсьці яе, сапраўды кажу вам, ён цешыцца з яе больш як з дзевяноста дзевяці, што не заблудзілі. Такім чынам няма волі Айца вашага, што ў небе, каб згінуў адзін з гэтых малых.

Калі брат твой зграшыць супраць цябе, ідзі і выкажы яму аднаму віну ягоную. Калі паслухаецца цябе, дык ты прыдбаў брата твайго. Калі ж не паслухаецца, дык вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух або трох сьведкаў пацьвердзіць кожнае слова. А калі не паслухаецца іх, скажы царкве. Калі ж і царквы не паслухаецца, хай табе будзе як паганін ці мытнік.

Сапраўды кажу вам: усё, што зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязанае ў небе, а што разьвяжаце на зямлі, будзе разьвязанае ў небе.

Зноў кажу вам: калі двое з вас на зямлі будуць згодна прасіць аб нечым, дык усё дасьць ім Айцец Мой, што ў небе. Бо дзе двое ці трое сабраліся ў Маё імя, там і Я сярод іх".

Тады Пётра падышоў да Яго і спытаўся: "Госпадзе, колькі разоў дараваць брату майму, калі ён зграшыць супраць мяне? Ці не да сямі разоў?" Ісус адказаў яму: "Не кажу табе “да сямі разоў”, але да сямі па семдзесят разоў". (Мц 18:10-22)

На літаніі ўзмоцненага маленьня:

Пасьля "Яшчэ молімся за заснавальнікаў...":

– Яшчэ молімся за ўсіх нас тут прысутных, што сабраліся на гэты сьвяты Сабор, каб Госпад Бог паслаў нам ласку ўсесьвятога свайго Духа і прасьвятліў нашыя сэрцы і розумы сьвятлом свайго богаразуменьня і праўды сілаю і ласкаю ўсесьвятога Свайго Духа.

– Яшчэ молімся, каб Госпад Бог умацаваў у нас згоду і адзінства думак ва ўсіх справах, якія будуць тут вырашацца, для ўмацаваньня сьвятое веры, добраўпарадкаваньня царкоўнага і добрых нораваў, і для большай славы Ягонага ўсепачэснага і велічнага імя, сілаю і дзеяньнем усесьвятога свайго Духа.

– Яшчэ молімся, каб Госпад Бог даў нам мужнасьць і сілу слова сьмела вызнаваць сьвятую веру супраць нападкаў і падкопаў усялякіх хлусьлівых вучэньняў, бясчынстваў і злосьці, сілаю і дзеяньнем усесьвятога свайго Духа.

– Яшчэ молімся за дабрачынцаў... і г.д.

Прычасьнік. Духа Твайго сьвятога не адымі ад нас, молімся Табе, Чалавекалюбча. Алілуя, алілуя, алілуя.

Хвалебная песьня сьвятога Амброзыя,

якая сьпяваецца пасьля заканчэньня сабору

(Тон 4)

Цябе, Бога, хвалім, Цябе, Госпада, вызнаем, Цябе, спрадвечнага Айца, уся зямля ўзьвялічвае.

Табе ўсе анёлы, Табе нябёсы і ўсе сілы, Табе хэрувімы і сэрафімы несьціханымі галасамі ўсклікаюць: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Госпад Бог Сілаў, неба і зямля поўныя хвалы Тваёй!

Цябе слаўны апостальскі збор, Цябе хор пачэсных прарокаў, Цябе сьветлая грамада мучанікаў хваліць.

Цябе па ўсім сьвеце прапаведуе Сьвятая Царква – Айца недасяжнае велічы; роўнага славаю Твайго адзінароднага праўдзівага Сына, і сьвятога Суцяшальніка Духа.

Ты, Хрысьце – Уладар славы, Ты – Айца спрадвечны Сын; Ты дзеля збаўленьня сьвету стаўся чалавекам, не пагардзіўшы дзявочым улоньнем.

Ты скрышыў джала сьмерці і адчыніў верным валадарства нябеснае.

Ты сядзіш па правай руцэ Бога ў славе Айца, і прыйдзеш зноў як судзьдзя.

Просім Цябе, дапамажы слугам Тваім, якіх Ты выкупіў сваёй пачэснай крывёю, і зрабі іх годнымі разам са сьвятымі Тваімі валадарыць у вечнай славе Тваёй.

Збаў людзей Тваіх, Госпадзе, і блаславі набытак Твой, кіруй імі і ўзьнімі іх на вякі.

Будзем штодня бласлаўляць Цябе і хваліць імя Тваё давеку і на век вякоў.

Дай, Госпаде, у гэты дзень захавацца нам без граху.

Зьмілуйся над намі, Госпадзе, зьмілуйся над намі.

Хай міласэрнасьць Твая спачыне на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе.

На Цябе, Госпадзе, спадзяемся: ня дай нам пасаромецца давеку. Амін.

Дыякан прагалошвае "многалецьці":

Дабрадзейнае і спакойнае жыцьцё, здароўе і посьпех у кожнай добрай справе дай, Госпадзе, сьвятому айцу нашаму сусьветнаму біскупу ..., Папе Рымскаму, і захавай яго на многія леты!

Дастойнаму арцыбіскупу (багалюбнаму біскупу) нашаму ..., (і ўсім нашым бікупам) дай, Госпадзе, дабрадзейнае і спакойнае жыцьцё, здароўе і збаўленьне, і посьпех у кожнай добрай справе і захавай яго (іх) на многія леты!

Пачэсным сьвятаром, дыяканам у Хрысьце, усяму духавенству і вернікам гэтай сьвятой царквы (епархіі, гэтага экзархату) дай, Госпадзе, здароўе, збаўленьне, і посьпех у кожнай добрай справе, і захавай іх на многія леты!


Вярнуцца назад