Галоўная > Асьвячэньні > Малітва на асьвячэньне надмагільнага крыжа
Малітва на асьвячэньне надмагільнага крыжа16 лістапада 2009. |
|
Госпадзе, Божа славы, Ойча ўсемагутны, Ты ў дрэве, пасаджаным сярод раю, даў нам вобраз жыцьцядайнага Крыжа, на якім Твой любы Сын памёр, умярцьвіўшы сьмерцю сваёю сьмерць, і даў яго Царкве сваёй як непераможную зброю, умацаваньне веры, непахісную надзею збаўленьня і паруку дару жыцьця. Вось мы, слугі Твае, удастоіўшыся такой вялікай ласкі, сёньня прыносім Велічы Тваёй хвалу, падзяку і пакорнае пакланеньне, і просім Цябе глянуць ласкава на гэты вось Крыж, які мы паставілі на ўспамін пра памерлага слугу Твайго (памерлую слугу Тваю, памерлых слугаў Тваіх) ..., які (якая, якія) тут спачывае (спачываюць). Зышлі на яго ласку Духа Твайго Сьвятога, блаславі, асьвяці яго і дай яму быць магутнай абаронаю ад усіх супраціўнікаў бачных і нябачных, аховаю ад усякіх нападаў варожых; а для ўсіх, хто моліцца перад ім, хай ён будзе для ўмацаваньня веры, падтрымкі надзеі, і заахвочаньня да дабрадзейнасьцяў. І, як Крыжам сьвет быў вызвалены ад асуджэньня, так і памерламу слузе Твайму (памерлай слузе Тваёй, памерлым слугам тваім) ..., і ўсім бацьком, братом і сёстрам нашым, якія памерлі ў надзеі ўваскрасеньня і жыцьця вечнага, у чалавекалюбстве Тваім дай адпушчэньне грахоў, якія яны ўчынілі сьведама і нясьведама, і супакой іх, дзе зьзяе сьвятло аблічча Твайго, разам з усімі сьвятымі Тваімі, якія адвеку Табе дагадзілі. А нас усіх настаўляй Крыжам Тваім на ўсё добрае, даючы нам патрэбнае для збаўленьня, каб нам явіцца годнымі Твайго Валадарства. Бо Ты – Крыніца ўсіх дабротаў, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Вярнуцца назад |