Галоўная > Малебны > Абрад пахаваньня памерлых - Парадак службы ў царкве

Абрад пахаваньня памерлых - Парадак службы ў царкве

16 лістапада 2009.

Калі цела будзе ўнесена ў царкву, сьвятар пачынае:

Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.

Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзе, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.

(Псалом 90). Ты, што жывеш пад апекаю Ўсявышняга і ў ценю Ўсемагутнага прабываеш,

Скажаш Госпаду: Ты маё прыстанішча, мая абарона, Бог мой, і на Цябе спадзяюся.

Ён выбавіць цябе ад сеці лаўца і ад наглай загубы.

Ён пакрые цябе пёрамі сваімі, і пад крыламі Яго ты знойдзеш прытулак.

Не збаішся жахаў начных, ні стралы, што ляціць удзень;

Ні страху, што крыецца поцемкам; ні мору, што ў поўдзень пустошыць.

І хоць бы тысячы палі побач цябе, і дзесяткі тысяч па правай руцэ тваёй,

Цябе нішто не кране, бо вернасьць Яго – твой шчыт і панцыр.

Ты толькі глянеш навокал і ўбачыш адплату грэшнікам.

Бо ты сказаў: Госпад мая абарона, – і Усявышняга выбраў сабе за прытулак.

Ніякая бяда не сустрэне цябе, і пошасьць не прыблізіцца да жыльля твайго.

Ён загадае анёлам сваім аб табе, каб сьцераглі цябе, куды б ты ня ішоў.

На руках сваіх панясуць цябе, каб не спатыкнуцца аб камень назе тваёй.

На аспіда і вужа наступіш і патопчаш льва і зьмяю.

"Таму, што ён палюбіў Мяне, Я выбаўлю яго і абараню яго, бо ён пазнаў імя Маё.

Будзе клікаць Мяне і адгукнуся яму; буду з ім у дзень суму, выбаўлю яго і ўслаўлю яго.

Доўгім жыцьцём напоўню яго і дам яму бачыць збаўленьне Маё".

Слава... цяпер...

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)

Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Дыякан: За слугу Божага (Божую) ..., за блаславёны супакой яго (яе) Госпаду памолімся.

– Каб яму (ёй) былі адпушчаныя ўсе ягоныя (ейныя) правіны вольныя і міжвольныя, Госпаду памолімся.

– Каб яму (ёй) знайсьці спачын разам з Абрагамам, Ісаакам і Якубам, Госпаду памолімся.

– Каб душа яго (яе) знайшла прытулак у сьвеце жывых, у месцы сьветлым, дзе ўсе сьвятыя спачываюць, Госпаду памолімся.

– Каб яму (ёй) стаць без асуджэньня на страшным судзе Хрыстовым, Госпаду памолімся.

– Каб яму (ёй) атрымаць у спадчыну вечнае валадарства нябеснае, Госпаду памолімся.

– Каб удзелам яго (яе) была вечная радасьць, прыгатаваная для сьвятых спрадвеку, Госпаду памолімся.

– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку, Госпаду памолімся.

– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Уладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Ты – ўваскрасеньне, жыцьцё і супакой заснулага слугі Твайго (занулай слугі Тваёй) ..., Хрысьце Божа наш, і Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін. Алілуя, алілуя алілуя.

Чытальнік: Шчасьлівыя, каго Ты выбраў і прыняў, Госпадзе.

Людзі: Алілуя, алілуя, алілуя.

Чытальнік: Памяць іх жыць будзе з пакаленьня ў пакаленьне.

Людзі: Алілуя, алілуя, алілуя.

І адразу сьпяваюць:

(Тон 8). Адзіны Творца і Госпадзе, што ў глыбіні мудрасьці Тваёй валодаеш усім і чалавекалюбна даеш карыснае кожнаму з нас, супакой душу заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй), бо ён усклаў (яна ўсклала) ўсю надзею на Цябе, Тварца, і Уладара і Бога нашага.

Слава... цяпер...

Ты – наша сьцяна і прытулак, і спагадлівая Заступніца перад Богам, якога нарадзіла Ты, Багародзіца ўсячыстая, верных збаўленьне.

Пачынаюць сьпяваць "Беззаганныя" (выбраныя вершы з Пс 118):

Верш. Шчасьлівыя, чый шлях беззаганны, хто паступае згодна з законам Гасподнім.

Прыпеў. Успомні, Госпадзе, душу слугі Твайго (Тваёй). (Так пасьля наступных вершаў)

– Шчасьлівыя, што выконваюць Ягоныя загады і ўсім сэрцам шукаюць Яго.

– Закон вуснаў Тваіх больш дарагі мне за тысячы золата і срэбра.

– Рукі Твае стварылі мяне і далі мне выгляд.

– Калі б ня Твой закон быў мне пацяшэньнем, я б загінуў у беднасьці маёй. Навекі не забуду загадаў Тваіх, бо імі Ты ажывіў мяне.

Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Яшчэ молімся за супакой душы заснулага слугі Божага (заснулай слугі Божай) ..., і каб яму (ёй) былі дараваныя ягоныя (ейныя) правіны вольныя і міжвольныя.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Каб Госпад Бог пасяліў душу яго (яе), дзе праведнікі спачываюць.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Зьмілаваньня Божага, валадарства нябеснага і адпушчэньня грахоў яго (яе) у Хрыста, несьмяротнага Уладара і Бога нашага просім.

Людзі: Дай яму (ёй), Госпадзе.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар (ціха): Божа духаў і ўсякага цялеснага стварэньня, што зваяваў сьмерць і д'ябла перамог, і дараваў сьвету Твайму жыцьцё, супакой душу заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй) ... у месцы сьветлым, месцы радасным, месцы спакойным, дзе няма ні болю, ні суму ні плачу; усякую правіну, зробленую ім (ёю) словам, учынкам і думкаю, Ты як добры і Чалавекалюбны Бог прабач яму (ёй). Бо няма жывога чалавека – і ніколі ня будзе, – які б не зграшыў: Ты адзін толькі без граху, справядлівасьць Твая – справядлівасьць навекі, і слова Тваё – праўда.

(Уголас): Бо Ты – уваскрасеньне, жыцьцё і супакой заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй) ..., Хрысьце Божа наш, і мы Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьпяваюць другую частку "Беззаганных":

Верш. Збаў мяне, бо я Твой.

Прыпеў. Збаў, Збавіцелю, душу слугі Твайго (Тваёй).

– Закон Твой – сьветач нагам маім і сьвятло на шляху маім.

– Адкрываю вусны мае і ўздыхаю, бо прагну запаветаў Тваіх

– Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною, як Ты звычайна чыніш з тымі, што любяць Цябе.

– Хай малітва мая дойдзе да Цябе, Госпадзе; згодна са словам Тваім збаў мяне.

– Хай жыве душа мая і хваліць Цябе; суды Твае хай дапамогуць мне. Я зблудзіў, як авечка, але Ты знайдзі слугу Твайго, бо не забыўся на запаветы Твае.

І адразу:

(Тон 5). Блаславёны Ты, Госпадзе, навучы мяне Тваіх запаветаў.

Хор сьвятых знайшоў крыніцу жыцьця і дзьверы райскія: хай і я знайду дарогу туды праз пакаяньне. Заблудная авечка я: пакліч мяне зноў, Госпадзе, і збаў мяне.

Блаславёны Ты, Госпадзе...

Я вобраз невымоўнае славы Тваёй, хоць і паранены правінамі. Зьмілуйся над стварэньнем Тваім, Уладару, і даруй мне жаданую бацькаўшчыну і зрабі мяне жыхаром раю.

Блаславёны Ты, Госпадзе...

Супакой, Госпадзе, слугу Твайго (Тваю) і пасялі яго (яе) ў раі, дзе хоры сьвятых і праведных зьзяюць, быццам зоркі. Заснуламу (заснулай) слузе Твайму (Тваёй) дай супакой, не ўзіраючыся на ўсе правіны яго (яе).

Слава...

Тройчы сьветлае зьзяньне Боства набожна славім, усклікаючы: Сьвяты Ты, Ойча спрадвечны, суспрадвечны Сыне і Сьвяты Духу, прасьвятлі тых, што верна служаць Табе, і збаў нас ад вечнага агню.

Цяпер...

Радуйся, Чыстая, што Бога ў целе нарадзіла на збаўленьне ўсіх: Табою род людзкі атрымаў збаўленьне. Дай, каб мы маглі Табою атрымаць рай, Багародзіца чыстая, блаславёная.

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы).

Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Яшчэ молімся за супакой душы заснулага слугі Божага (заснулай слугі Божай) ..., і каб яму (ёй) былі дараваныя ягоныя (ейныя) правіны вольныя і міжвольныя.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Каб Госпад Бог пасяліў душу яго (яе), дзе праведнікі спачываюць.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Зьмілаваньня Божага, валадарства нябеснага і адпушчэньня грахоў яго (яе) у Хрыста, несьмяротнага Уладара і Бога нашага просім.

Людзі: Дай яму (ёй), Госпадзе.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар (ціха): Божа духаў і ўсякага цялеснага стварэньня, што зваяваў сьмерць і д'ябла перамог, і дараваў сьвету Твайму жыцьцё, супакой душу заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй) ... у месцы сьветлым, месцы радасным, месцы спакойным, дзе няма ні болю, ні суму ні плачу; усякую правіну, зробленую ім (ёю) словам, учынкам і думкаю, Ты як добры і Чалавекалюбны Бог прабач яму (ёй). Бо няма жывога чалавека – і ніколі ня будзе, – які б не зграшыў: Ты адзін толькі без граху, справядлівасьць Твая – справядлівасьць навекі, і слова Тваё – праўда.

(Уголас): Бо Ты – уваскрасеньне, жыцьцё і супакой заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй) ..., Хрысьце Божа наш, і мы Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Пасьля літаніі:

Людзі (Тон 5): Супакой, Збавіцелю наш, з праведнымі слугу Твайго (слугу Тваю) і пасялі яго (яе) ў жыльлі Тваім, як напісана, не ўзіраючыся ў дабрыні Тваёй на ягоныя (ейныя) правіны вольныя і міжвольныя і ўсё што ён учыніў (яна ўчыніла) сьвядома і несьвядома, Чалавекалюбча.

Слава... цяпер...

Хрысьце Божа, што зазьзяў на ўвесь сьвет ад Дзевы, і даў нам моц быць сынамі сьвятла, зьмілуйся над намі.

Чытальнік: Псалом 50.

Канон

(у скарачэньні)

Сьвятар і Дыякан: Супакой, Госпадзе, душу заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй).

Людзі: Супакой, Госпадзе, душу заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй).

Сьвятар і Дыякан: Слава...

Людзі: Цяпер...

Гэта паўтараюць два разы. Пасьля:

Людзі (Ірмас 3, тон 6): Ніхто не сьвяты, апроч Цябе, Госпадзе, што ўзьнёс рог верных Тваіх і ўмацаваў нас на камені веры Тваёй.

Дыякан: Яшчэ і яшчэ... (Гл. вышэй)

Пасьля літаніі:

Людзі (Сядальная песьня, тон 6): Сапраўды ўсё – марнасьць, жыцьцё нашае быццам цень і сон; дарма мітусіцца чалавек, бо, як пісаньне кажа: здабыўшы сьвет, у магілу ўсе роўна зыйдзем – уладары і жабракі. Таму, Хрысьце Божа, у чалавекалюбстве Тваім памерлага слугу Твайго (памерлую слугу Тваю) супакой.

Слава... цяпер...

Найсьвятая Багародзіца, у жыцьці маім не аддаляйся ад мяне, і ня дай мне спадзявацца на людзей, але сама заступіся за мяне і збаў мяне.

Сьвятар і Дыякан: Супакой, Госпадзе, душу заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй).

Людзі: Супакой, Госпадзе, душу заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй).

Сьвятар і Дыякан: Слава...

Людзі: Цяпер...

Гэта паўтараюць тройчы. Пасьля:

Людзі (Ірмас 6, тон 6): Уведаўшы жыцьцёвае мора, усхваляванае бураю спакусаў, я ўцёк да ціхага прыстанішча Твайго, усклікаючы: "Выбаві ад тленнасьці жыцьцё маё, Шматлітасьцівы!"

Кандак (тон 8). Са сьвятымі супакой, Хрысьце, душу заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй), дзе няма ні болю, ні суму, ні плачу, але жыцьцё бясконцае.

Ікас (тон 8). Ты адзіны несьмяротны, Творца мой, што стварыў чалавека і даў яму выгляд; мы ж зямныя, ад зямлі ўзятыя і ў зямлю вернемся паводле Твайго загаду, бо Ты сказаў: Зямля ты і ў зямлю вернешся. Туды ўсе людзі пойдуць з надмагільным плачам. Алілуя, алілуя, алілуя.

Сьвятар і Дыякан: Супакой, Госпадзе, душу заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй).

Людзі: Супакой, Госпадзе, душу заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй).

Сьвятар і Дыякан: Слава...

Людзі: Цяпер...

Сьвятар і Дыякан: Супакой, Госпадзе, душу заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй).

Людзі: Супакой, Госпадзе, душу заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй).

Сьвятар і Дыякан: Славім Айца, і Сына, і Сьвятога Духа – Бога.

Людзі: Цяпер...

Сьвятар і Дыякан: Супакой, Госпадзе, душу заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй).

Людзі: Супакой, Госпадзе, душу заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй).

Сьвятар і Дыякан: Слава...

Людзі: Цяпер...

І адразу сьпяваюць:

Ірмас (тон 6). Бога людзям немагчыма бачыць, на Яго хоры анельскія глянуць ня сьмеюць; дзякуючы ж Табе, Усячыстая, Слова, што сталася чалавекам, зьявілася людзям. Таму разам з нябеснымі сіламі ўзьвялічваем Яго і Цябе шчасьліваю завем.

Дыякан: Яшчэ і яшчэ... (Гл. вышэй)

Пасьля літаніі сьпяваюцца песьні Яна Дамаскіна:

Людзі: (тон 1). Ці ёсьць радасьць чалавечая, ня зьмешаная з сумам, або слава людзкая, што не прамінае? Яны менш зьмястоўныя за цень, больш зманлівыя за сон: адна хвіліна, і сьмерць забірае ўсё. Але Ты, чалавекалюбны Хрысьце, дай супакой таму (той), каго Ты выбраў, у зьзяньні сьветлага аблічча Твайго і красы Тваёй.

(Тон 8). Плачу наўзрыд, калі разважаю пра сьмерць і бачу створаную на падабенства Божае нашу красу, што ляжыць у магіле – непрыглядную, без ніякага выразу. Што гэта за цуд, што за тайна? Як гэта мы былі аддадзеныя тленнасьці, сталіся сьмерці падуладнымі. Сталася гэта, як напісана, на загад Бога, які памерлым дае супакой.

Скончыўшы, адразу пачынаюць сьпяваць "Блаславенствы":

(Тон 6). У валадарстве Тваім успомні нас, Госпадзе.

Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць валадарства нябеснае.

Шчасьлівыя тыя, што тужаць, бо яны суцешацца.

Шчасьлівыя ціхія, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю.

Шчасьлівыя тыя, што маюць голад і смагу справядлівасьці, бо яны насыцяцца.

Шчасьлівыя міласэрныя, бо яны зьведаюць міласьць.

Ты, Хрысьце, зрабіў жыхаром раю разбойніка, які, на крыжы вісячы, паклікаў Цябе і пакаяўся. Зрабі і мяне, нягоднага, вартым раю.

Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны ўбачаць Бога.

Уладару жыцьця і сьмерці, супакой у жыльлі сьвятым Тваім таго (тую), каго Ты прыняў з гэтага дачаснага сьвету; і мяне ўспомні ў валадарстве Тваім.

Шчасьлівыя міратворцы, бо яны будуць звацца сынамі Божымі.

Уладару душ і целаў, у чыіх руках дыханьне нашае, пакрыўджаных Суцяшальніку, супакой у краіне праведных заснулага слугу Твайго (заснулую слугу Тваю).

Шчасьлівыя тыя, каго перасьледуюць за праўду, бо іх ёсьць валадарства нябеснае.

Хай Хрыстос супакоіць цябе ў краіне жывых, адчыніць табе дзьверы райскія і зробіць жыхаром (жыхаркай) валадарства свайго і дасьць табе адпушчэньне грахоў, якія ты ўчыніў (ўчыніла) у жыцьці.

Шчасьлівыя вы, калі вас крыўдзяць і перасьледуюць, і кажуць усякую няпраўду на вас дзеля мяне.

Пойдзем да магілаў і глянем на чалавечыя косьці, чэрвяў застольле і смурод, і зразумеем, што такое багацьце, дабрыня, моц і краса.

Радуйцеся і цешцеся, бо ўзнагарода ваша ў небе вялікая.

Слухаем, што кажа Ўсемагутны: Гора тым, што маюць убачыць дзень Гасподні, бо ўсе пройдуць выпрабаваньне агнём.

Слава...

Пакланяюся беспачатнаму нараджэньнем і паходжаньнем Айцу, слаўлю народжанага Сына, пяю хвалу роўнаму зьзяньнем з Айцом і Сынам Духу сьвятому.

Цяпер...

Як гэта Ты, Дзева, карміла Таго, хто корміць усё стварэньне, точыць ваду са скалы і поіць з крыніцаў тых, што церпяць смагу.

Дыякан: Будзьма ўважлівыя.

Сьвятар: Мір усім.

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Мудрасьць.

Чытальнік (чытае пракімен): Шчасьлівы шлях, куды ідзеш сёньня, душа, бо табе падрыхтаванае месца супакою.

Верш. Цябе, Госпадзе, клічу: не адмоўчвайся ад мяне.

Дыякан: Мудрасьць.

Чытальнік: Чытаньне пасланьня сьвятога Апостала Паўла да Салунянаў.

Дыякан: Слухайма ўважліва.

Чытальнік: Браты, не хачу вас пакінуць у няведаньні пра памерлых, каб вы не сумавалі, як тыя, што ня маюць надзеі. Бо калі верым, што Ісус памёр і ўваскрос, то Бог і памерлых у Ісусе прывядзе разам з Ім. Гэта кажам словам Гасподнім, што мы, жывыя, хто застаўся да прыйсьця Гасподняга, не апярэдзім памерлых. Сам Госпад з абвяшчэньнем, з голасам арханёла і трубы Божай зыдзе з нябёсаў, і мёртвыя ў Хрысьце ўваскроснуць першыя. Потым і мы, што засталіся жывымі, разам з імі будзем узьнесеныя на хмарах насустрач Госпаду, і так заўсёды з Госпадам будзем. (Сал 4:13-17)

Сьвятар: Мір табе, чытальнік.

Чытальнік: І твайму духу.

Людзі: Алілуя, алілуя, алілуя.

Чытальнік: Шчасьлівы той, каго Ты выбраў і прыняў, Госпадзе.

Людзі: Алілуя, алілуя, алілуя.

Дыякан: Мудрасьць, устаньце. Будзем слухаць Сьвятое Евангельле. Мір усім.

Людзі: І твайму духу.

Сьвятар: Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна.

Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Дыякан: Слухайма ўважліва.

Сьвятар: Сказаў Госпад гэбрэям, што прыйшлі да Яго: Сапраўды, сапраўды кажу вам, хто слухае Мае словы і верыць Таму, хто паслаў Мяне, мае вечнае жыцьцё і не падлягае суду, але пяройдзе ад сьмерці да жыцьця. Сапраўды, сапраўды кажу вам, што прыйдзе час, дый ужо прыйшоў, калі памерлыя пачуюць голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць. Бо як Айцец мае ў Сабе жыцьцё, так і Сыну даў жыцьцё мець у Сабе. І даў Яму ўладу чыніць суд, бо Ён Сын Чалавечы. Не дзівіцеся з гэтага, бо прыйдзе час, калі ўсе, што ў магілах, пачуюць голас Сына Божага; і выйдуць тыя, што чынілі добрае, на ўваскрасеньне жыцьця, а што чынілі дрэннае – на ўваскрасеньне суду. Я нічога не магу рабіць Сам ад Сябе; як чую, так і суджу, і Мой суд справядлівы, бо не шукаю волі Маёй, але волі Таго, хто паслаў Мяне. (Ян 5:24-30)

Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Яшчэ молімся за супакой душы заснулага слугі Божага (заснулай слугі Божай) ..., і каб яму (ёй) былі дараваныя ягоныя (ейныя) правіны вольныя і міжвольныя.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Каб Госпад Бог пасяліў душу яго (яе), дзе праведнікі спачываюць.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Зьмілаваньня Божага, валадарства нябеснага і адпушчэньня грахоў яго (яе) у Хрыста, несьмяротнага Уладара і Бога нашага просім.

Людзі: Дай яму (ёй), Госпадзе.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар (ціха): Божа духаў і ўсякага цялеснага стварэньня, што зваяваў сьмерць і д'ябла перамог, і дараваў сьвету Твайму жыцьцё, супакой душу заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй) ... у месцы сьветлым, месцы радасным, месцы спакойным, дзе няма ні болю, ні суму, ні плачу; усякую правіну, зробленую ім (ёю) словам, учынкам і думкаю, Ты як добры і Чалавекалюбны Бог прабач яму (ёй). Бо няма жывога чалавека – і ніколі ня будзе, – які б не зграшыў: Ты адзін толькі без граху, справядлівасьць Твая – справядлівасьць навекі, і слова Тваё – праўда.

(Уголас). Бо Ты – уваскрасеньне, жыцьцё і супакой заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй) ..., Хрысьце Божа наш, і мы Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Калі ёсьць некалькі сьвятароў, усе па чарзе кажуць малітву "Божа духаў". Пасьля адбываецца апошняе разьвітаньне пры сьпеве наступных песьняў:

(Тон 2). Прыйдзіце, браты і сёстры, разьвітаемся апошні раз з памерлым (памерлаю), дзякуючы Богу: вось ён (яна) пакідае родных сваіх і сьпяшаецца ў магілу, вольны (вольная) ад усіх клопатаў аб марнасьцях зямных і аб цялесных патрэбах. Дзе вы, сваякі і сябры? Разьвітваючыся, памолімся Госпаду, каб Ён супакоіў яго (яе).

Слава...

(Тон 6). Гледзячы на мяне, бязмоўнага (бязмоўную) і без дыханьня, плачце, родныя мае і сябры: учора яшчэ я размаўляў (размаўляла) з вамі, і раптам страшная часіна сьмерці напаткала мяне. Прыйдзіце ўсе, хто любіць мяне, разьвітацца са мною. Больш мяне ня ўбачыце, бо іду да Судзьдзі, які не глядзіць на аблічча. Слуга і гаспадар разам стануць перад Ім, аднолькавая пашана ўладару і падуладнаму, багатаму і жабраку: кожны з іх будзе ўслаўлены або пасаромлены паводле ўчынкаў сваіх. Дык прашу і малю вас, маліцеся няспынна Хрысту, каб Ён не паслаў мяне за грахі мае ў месца пакутаў, але каб прыняў мяне туды, дзе зьзяе сьвятло жыцьця.

Цяпер...

(Тон 6). Маці незаходнага Сонца Багародзіца, Ты збаўляеш тых, хто спадзяецца на Цябе; малі ўсядобрага Бога, каб Ён даў супакой вось тут заснуламу (заснулай), у месцы, дзе прабываюць душы праведнікаў; дай, Беззаганная, каб удзелам яго (яе) было насьледства Боскіх дабротаў разам з усімі сьвятымі, і вечная памяць.

Чытальнік: Сьвяты Божа, Сьвяты моцны, Сьвяты несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава... цяпер...

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава... цяпер...

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

(Тон 4). З духамі спачылых праведнікаў душу заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй), Збавіцелю, супакой і захавай яго (яе) ў шчасьлівым жыцьці, што ў Цябе, Чалавекалюбча.

У сялібах Тваіх, Госпадзе, дзе ўсе праведнікі спачываюць, супакой і душу слугі Твайго (Тваёй), бо Ты адзіны Чалавекалюбец.

Слава...

Ты Бог наш, які ў пекла зышоў і разьбіў аковы, што трымалі вязьняў: дай і душы слугі Твайго (Тваёй) супакой.

Цяпер...

Адзіная чыстая і бязьвінная Дзева, што нарадзіла бяз семя Бога, маліся за збаўленьне душы яго (яе).

Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Яшчэ молімся за супакой душы заснулага слугі Божага (заснулай слугі Божай) ..., і каб яму (ёй) былі дараваныя ягоныя (ейныя) правіны вольныя і міжвольныя.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Каб Госпад Бог пасяліў душу яго (яе), дзе праведнікі спачываюць.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Зьмілаваньня Божага, валадарства нябеснага і адпушчэньня грахоў яго (яе) у Хрыста, несьмяротнага Уладара і Бога нашага просім.

Людзі: Дай яму (ёй), Госпадзе.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар (ціха): Божа духаў і ўсякага цялеснага стварэньня, што зваяваў сьмерць і д'ябла перамог, і дараваў сьвету Твайму жыцьцё, супакой душу заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй) ... у месцы сьветлым, месцы радасным, месцы спакойным, дзе няма ні болю, ні суму, ні плачу; усякую правіну, зробленую ім (ёю) словам, учынкам і думкаю, Ты як добры і Чалавекалюбны Бог прабач яму (ёй). Бо няма жывога чалавека – і ніколі ня будзе, – які б не зграшыў: Ты адзін толькі без граху, справядлівасьць Твая – справядлівасьць навекі, і слова Тваё – праўда.

(Уголас). Бо Ты – уваскрасеньне, жыцьцё і супакой заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй) ..., Хрысьце Божа наш, і мы Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Скончыўшы:

Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.

Людзі: Слава... цяпер...

Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі.

Сьвятар (робіць водпуст): Хрыстос, праўдзівы Бог наш, які ўваскрос з мёртвых і жывымі і мёртвымі валодае, малітвамі ўсячыстае Свае Маці, сьвятых слаўных і годных пахвалы Апосталаў Пятра і Паўла і ўсіх сьвятых апосталаў; сьвятых слаўных і пераможных мучанікаў; сьвятых і баганосных айцоў нашых, душу слугі свайго (сваёй) ..., які адышоў (якая адышла) ад нас, у жыльлях сьвятых хай паселіць, ва ўлоньні Абрагама хай супакоіць, і да праведнікаў залічыць; і над намі ўсімі хай зьмілуецца і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Вечны супакой дай, Госпадзе, слузе Твайму (Тваёй) ... і ўчыні яму (ёй) вечную памяць.

Людзі: Вечная памяць, Вечная памяць, Вечная памяць.

Сьвятар (кажа адпушчальную малітву): Госпад Ісус Хрыстос, Бог наш, які даў Боскую моц затрымліваць і адпускаць грахі людзкія сваім вучням і апосталам, ад якіх і мы прынялі абавязак рабіць так, хай прабачыць табе, сыне духоўны (дачка духоўная) ..., усё, што ты ўчыніў (учыніла) ў тваім жыцьці сьведама ці дзеля чалавечае слабасьці, цяпер і заўсёды, і на ўсе вякі. Амін.

Дамавіна з целам памерлага (памерлай) выносіцца з царквы на магільнік пры сьпеве:

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі.

На магільніку сьвятар кажа літанію:

Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Яшчэ молімся за супакой душы заснулага слугі Божага (заснулай слугі Божай) ..., і каб яму (ёй) былі дараваныя ягоныя (ейныя) правіны вольныя і міжвольныя.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Каб Госпад Бог пасяліў душу яго (яе), дзе праведнікі спачываюць.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Зьмілаваньня Божага, валадарства нябеснага і адпушчэньня грахоў яго (яе) у Хрыста, несьмяротнага Уладара і Бога нашага просім.

Людзі: Дай яму (ёй), Госпадзе.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар (ціха): Божа духаў і ўсякага цялеснага стварэньня, што зваяваў сьмерць і д'ябла перамог, і дараваў сьвету Твайму жыцьцё, супакой душу заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй) ... у месцы сьветлым, месцы радасным, месцы спакойным, дзе няма ні болю, ні суму, ні плачу; усякую правіну, зробленую ім (ёю) словам, учынкам і думкаю, Ты як добры і Чалавекалюбны Бог прабач яму (ёй). Бо няма жывога чалавека – і ніколі ня будзе, – які б не зграшыў: Ты адзін толькі без граху, справядлівасьць Твая – справядлівасьць навекі, і слова Тваё – праўда.

(Уголас). Бо Ты – уваскрасеньне, жыцьцё і супакой заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй) ..., Хрысьце Божа наш, і мы Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Дамавіна апускаецца ў магілу. Сьвятар бярэ крыху зямлі і, кідаючы на дамавіну, кажа:

Гасподняя зямля і ўсё, што напаўняе яе: сусьвет і ўсе, хто жыве ў ім.

Зямля, адчыніся і прымі цела, што было зробленае з цябе Божай рукою і цяпер зноў да цябе вяртаецца. Тое, што было створана на вобраз Тварца, Ён узяў да сябе: ты ж прымі сваё.

Высыпае попел з кадзільніцы ў магілу. Людзі сьпяваюць:

Вярнуцца назад