Галоўная > Асьвячэньні > Служба асьвячэньня іконы Багародзіцы
Служба асьвячэньня іконы Багародзіцы17 лістапада 2009. |
|
Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Чытальнік: Амін. Слава Табе, Госпадзе, слава Табе. Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, скарбніца дабра і Жыцьцяпадаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы. Сьвяты Божа, Сьвяты моцны, Сьвяты несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы) Слава... цяпер... Найсьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя. Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы) Слава... цяпер... Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым. І ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Сьвятар: Тваё бо ёсьць валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.
Чытальнік: Амін. Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў) Слава... цяпер... Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу. Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Ўладара нашага Бога. Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара і Бога нашага.
(Псалом 44). З сэрца майго б'юць крыніцай прыгожыя словы: песьню маю пяю ўладару; язык мой – пяро скарапісца. Ты найпрыгажэйшы выглядам сярод сыноў людзкіх, ласка льецца з вуснаў тваіх; дзеля гэтага паблаславіў цябе Бог на векі. Прывяжы меч твой да боку твайго, Сільны, – гордасьць тваю і красу! Сядзь на калясьніцу ва ўсёй красе тваёй і ідзі ўперад дзеля праўды, лагоднасьці і справядлівасьці, і хай правая рука твая слаўных учынкаў дакажа. Стрэлы твае вострыя, народы пакараюцца табе, і млее сэрца ворагаў Уладара. Пасад твой, Божа, на век вякоў; Скіпетр валадарства твайго – скіпетр праведнасьці; Ты любіш справядлівасьць і ненавідзіш беззаконьне: дзеля гэтага Бог, Бог твой, памазаў цябе алеем радасьці над усімі таварышамі тваімі. Вопратка твая пахне мірам, касіяй і алоем; З харомаў з косьці слановай цешаць цябе гукі радасныя; Дочкі царскія – насустрач табе, каралева стаіць па правай руцэ тваёй, упрыгожаная ў золата афірскае. Слухай, дачка, глянь і прыхілі вуха тваё, і забудзь народ твой, і дом бацькі твайго, І ўладар запрагне красы тваёй: Ён – твой госпад і яму служы. Вось дачка Тыру прыходзіць з дарамі; Вяльможы людзкія будуць шукаць ласкі ў цябе. Дачка каралеўская ўваходзіць ва ўсёй красе сваёй, апранутая ў залататканую вопратку. У рознакаляровым вышываным адзеньні прыводзяць яе да ўладара; усьлед за ёю ідуць дзевы, дружкі яе праводзяць яе. Сярод радасьці і вясельля ўводзяць іх, і яны ўваходзяць у царскі хорам. Замест бацькоў тваіх, будуць табе сыны твае: паставіш іх князямі па ўсёй зямлі. Імя тваё зраблю памятным з пакаленьня ў пакаленьне; і на век вякоў будуць славіць цябе ўсе народы. Слава… цяпер… Алілуя, алілуя, алілуя: Слава Табе, Божа. (Тройчы)
Сьвятар: Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: Госпадзе Божа наш, які захацеў каб Твой спрадвечны Сын і Слова нарадзіўся цялесна ад усячыстае заўсёды Дзевы, якую, дзякуючы невыказнаму сынараджэньню Яе, Ты ўчыніў Маці Божаю, Хадайніцай, Памочніцай і Заступніцай усіх верных: глянь ласкава на нас, якія пакорна молімся Табе і называем і вызнаем Яе Багародзіцай, і малітвамі Яе пачуй нашыя просьбы і маленьні. Пашлі ласку Духа Твайго Святога на гэтую ікону ў гонар Яе і на ўспамін ласкі веры сьвятое, якая тысяча гадоў таму зазьзяла беларускаму народу, і блаславі і асьвяці яе нябесным Тваім блаславеньнем. Учыні яе крыніцаю аздараўленьняў душэўных і цялесных для ўсіх, якія дзеля Багародіцы просяць Тваёй помачы, аддаючы перад гэтай іконаю пашану Ёй, як Найблаславёнай Дзеве і Маці Госпада нашага Ісуса Хрыста, любага Сына Твайго, непахіснай Заступніцы роду хрысьціянскага, і памочніцы ў бедах і цяжкасьцях. У міласэрнасьці Тваёй дай ім хуткае выбаўленьне і дапамогу, адпушчэньне грахоў, і ласку атрымаць тое, што просяць; і ўчыні іх удзельнікамі валадарства Твайго, міласэрнасьцю ад Яе народжанага адзінароднага Сына Твайго, уцелаўлёнага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, якому належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне разам з Табою і з Тваім Найсьвятым, добрым і жыцьцядайным Духам цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін.
Сьвятар: Мір усім. Людзі: І твайму духу. Сьвятар: Галовы нашы Госпаду схілім. Людзі: Табе, Госпадзе. Сьвятар: Уладару Божа Ойча ўсемагутны, які захацеў выбраць адзіную з роду людзкога чыстую галубку і Дзеву быць Маці адзінароднага Сына Твайго, асьвяціць Яе найсьцем Духа Твайго Сьвятога, і ўчыніць Яе вышэйшай і больш слаўнай за хэрувімаў і сэрафімаў і за ўсе стварэньні, хадайніцай і заступніцай для ўсяго роду людзкога. Малітвамі Яе, ласкаю Тваёю і акрапленьнем сьвятое вады гэтае, блаславі і асьвяці гэтую ікону, намаляваную ў гонар Яе, і на славу адзінароднага і адзінасутнага Твайго Сына, які нарадзіўся ад Яе, і Цябе, спрадвечнага Ягонага Айца, і найсьвятога і жыцьцядайнага Твайго Духа; і ўчыні, каб для ўсіх, якія з вераю моляцца перад ёю, яна была крыніцаю аздараўленьняў ад усіх немачаў душэўных і цялесных, абаронай і магутнай ахоўніцай ад напасьцяў нябачных ворагаў, і каб іхнія малітвы былі прыемнымі Табе. Ласкаю адзінароднага Сына Твайго, народжанага ад Яе, Госпада нашага Ісуса Хрыста, з якім блаславёны Ты і Твой Найсьвяты, добры і жыцьцядайны Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін.
Сьвятар (акрапляе ікону сьвятой вадой, кажучы): Асьвячаецца гэтая ікона акрапленьнем гэтае сьвятое вады і ласкаю Найсьвятога Духа, у імя Айца і Сына, і Сьвятога Духа. Амін. (Тройчы)
Людзі (сьпяваюць наступныя песьні: (Тон 1). Пад тваю міласэрнасьць прыбягаем, Багародзіца Дзева, маленьняў нашых у суме не адкінь, але ад бедаў выбаў нас, Адзіная Чыстая і Блаславёная. Багародзіца Дзева, радуйся, поўная ласкі Марыя, Госпад з Табою, блаславёная Ты між жанчынаў і блаславёны плод улоньня Твайго, бо Ты нарадзіла Збавіцеля душ нашых. Слава... Ад Твае сьвятое іконы, Найчыстая Дзева, аздараўленьні і ласкі плывуць шчодра для ўсіх, якія з вераю прыходзяць да яе і шчыра просяць заступніцтва Твайго; Дык наведай і нашы немачы, Дзева, і душэўныя і цялесныя раны залячы. Цяпер... Чыстая Дзева, будзь ахоўніцай і магутнай заступніцай для ўсіх, якія з любоўю шануюць сьвятую ікону Тваю і згодна вызнаюць Цябе існай Божай Маці, і ў веры пакланяюцца Табе; адгані ад іх усё благое, бо Ты можаш усё.
Пасьля: Дастойна ёсьць сапраўды называць шчасьліваю Цябе, Багародзіцу, вечна блаславёную і беззаганную Маці Бога нашага.
Сьвятар: Найсьвятая Багародзіца, збаў нас! Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога Слова, існую Багародзіцу, цябе мы ўзьвялічваем. Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа наш, надзея наша, слава Табе.
Людзі: Слава... цяпер... Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы) Ойча, блаславі. Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі Найчыстае свае Маці, чыёй іконе мы сёньня з радасьцю пакланяемся; сьвятых слаўных і годных пахвалы апосталаў Пятра і Паўла і ўсіх сьвятых апосталаў; сьвятога айца нашага Аўрама Смаленскага і вучня ягонага Ахрэма, чыю памяць сёньня сьвяткуем; між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага; сьвятое Маці нашае Еўфрасіньні Полацкай, асьветніцы Беларусі і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу; сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец. Людзі: Амін. Вярнуцца назад |