Галоўная > нядзеля Тамаша > Аўторак пасьля Тамаша ўвечары

Аўторак пасьля Тамаша ўвечары


18 траўня 2010.

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 1). Чалавекалюбец, які ўваскрос з мёртвых на трэці дзень, кажа Тамашу: "Дакраніся да ранаў на руках і нагах Маіх і да прабітага боку; і зразумей, што Я, нязьменны Бог, успрыняў людзкую прыроду і ў ёй мукі пацярпеў".

Блізьнюк зьдзівіўся, калі ўбачыў раны на нагах і руках Збавіцеля, і жахнуўся ад страшнага цуду; дотыкам да ўсячыстага боку ён даў усім народам несумненны доказ Ягонага ўваскрасеньня з магілы на трэці дзень.

Мы поўныя радасьці, бо дзякуючы Тамашу, які меў сьмеласьць дакрануцца да Цябе, мы атрымалі пацьверджаньне Твайго, Збавіцелю наш, уваскрасеньня. Дзеля гэтага прапаведуем Цябе як дасканалага Бога і чалавека, які зьмяшчае дзьве прыроды ў адной асобе.

Тры песьні з мінеі.

Слава... цяпер...

(Тон 4). У нясьцерпным зьзяньні Боскасьці Тваёй, Ты, Госпадзе, увайшоў праз зачыненыя дзьверы і, стаўшы сярод вучняў, паказаў ім бок Твой і струпы ад ранаў на руках і нагах. Ты адмяніў іхні сум і жаль і ўсклікнуў голасна: "Я ня прывід, вы бачыце Мяне ў целе". Вучню, які сумняваўся, Ты загадаў дакрануцца да Цябе, і сказаў: "Пераканаўшыся, ідзі і больш не сумнявайся". Ён, дакрануўшыся рукою да Тваёй падвойнай прыроды з вераю, у страху ўсклікнуў: "Ты – Госпад і Бог мой: Слава Табе!"


Вершапесьні

(Тон 1). Крыж, пастаўлены на чэрапавым месцы, несьмяротнасьць нам прарасьціў з крыніцы невычэрпнай – боку Збавіцеля.

Прыйдзіце, людзі, усхвалім у песьнях Хрыста і паклонімся Яму, бо Ён Бог наш, які выбавіў нас ад варожай маны.

Добрая купля вашая, сьвятыя, бо даўшы вашую кроў, вы сталіся спадкаемцамі нябесных дабротаў і, дачасна пацярпеўшы, атрымалі вечную радасьць. Сапраўды, добрая вашая купля, бо, вы пакінулі тленнае і атрымалі ўзамен нятленнае і радасна разам з анёламі няспынна славіце Тройцу адзінасутную.

Слава... цяпер...

(Тон 8). "Дакраніся, Тамаш, да Майго боку – кажа Хрыстос, – і агледзь раны ад цьвікоў: вераю выпрабуй і будзь верным, а не няверным". Тамаш дакрануўся да Ўладара і голасна ўсклікнуў: "Ты, Добрасардэчны, – мой Бог і Госпад. Слава Табе!"


Адпушчальныя трапары

Трапар сьвятога дня

Слава... цяпер...

Трапар сьвята (тон 7). Хоць магіла была запячатаная, Ты, Хрысьце Божа, зазьзяў з магілы; і хоць дзьверы былі зачыненыя, Ты, Уваскрасеньне ўсіх, прыйшоў і стаў сярод вучняў Тваіх, абнаўляючы ў нас праз іх дух правы ў вялікай міласэрнасьці Тваёй.


Вярнуцца назад