Галоўная > Літургікон > Уступныя малітвы і апрананьне сьвятара
Уступныя малітвы і апрананьне сьвятара9 чэрвеня 2010. |
Увайшоўшы ў царкву і стаўшы перад райскімі дзьвярамі, сьвятар і дыякан робяць тры паклоны. Дыякан: Блаславі, ойча.Сьвятар: Блаславёны Бог наш на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.Дыякан: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы. Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы) Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя. Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы) Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.Дыякан: Амін.Разам кажуць наступныя малітвы: Зжалься над намі, Госпадзе, зжалься над намі: ня могучы даць ніякага адказу, мы, грэшныя, вось гэтую малітву Табе, Уладару нашаму, прыносім: зжалься над намі. Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу. Госпадзе, зжалься над намі, бо на Цябе спадзяемся: Ня гневайся на нас вельмі і ня будзь памятлівы нашых бясчынстваў, але глянь ласкава на нас і выбаў нас ад ворагаў нашых, бо Ты Бог наш, і мы, людзі Твае і творы рук Тваіх, імя Тваё клічам. Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Зьмілаваньня дзьверы адчыні нам, блаславёная Багародзіца: хай мы, якія спадзяемся на Цябе, ня згінем, але выбавімся Табою ад бедаў, бо Ты – збаўленьне роду хрысьціянскага. Падыходзяць да іконы Хрыста і, схіліўшы галовы, кажуць: Усячыстаму вобразу Твайму пакланяемся, Добры, просячы дараваньня правінаў нашых, Хрысьце Божа, бо Ты захацеў дабравольна целам узысьці на крыж, каб вызваліць стварэньні Твае з варожае няволі. Дзеля гэтага мы з удзячнасьцю ўсклікаем Табе: Ты напоўніў радасьцю ўсё, Збавіцелю наш, прыйшоўшы збавіць сьвет. Цалуюць ікону Хрыста. У падобны спосаб падыходзяць да іконы Багародзіцы, кажучы: Крыніца міласэрнасьці, Багародзіца, зрабі нас годнымі спагады Твае: глянь міласьціва на людзей, што зграшылі, і пакажы, як заўсёды, сілу Тваю, бо мы, на цябе спадзеючыся, “Радуйся!” усклікаем Табе, як некалі Габрыэль, анёлаў начальнік. Стаўшы перад райскімі дзьвярамі са схіленай галавой, сьвятар кажа: Госпадзе, працягні руку Тваю з вышыні сьвятога жыльля Твайго і ўмацуй мяне на Тваю службу, што мае неўзабаве пачацца, каб я мог без асуджэньня стаць перад Тваім страшным пасадам і прынесьці бяскроўную ахвяру. Бо Твая ёсьць сіла і слава на вякі вякоў. Амін. Уваходзяць у алтар, кажучы: Увайду ў дом Твой, пакланюся сьвятыні Тваёй у страху перад Табою. Госпадзе, у справядлівасьці Тваёй будзь мне правадыром, насуперак ворагам маім выраўняй шлях перада мною. Бо ў вуснах іх няма шчырасьці, сэрцы іх пустыя, горлы іх – магілы адкрытыя, языкі іх лісьлівыя. Судзі іх, Божа, хай абернуцца ў нішто намеры іх, дзеля безьлічы бясчынстваў іх адкінь іх, бо яны паўсталі супраць Цябе. Хай узрадуюцца ўсе, што спадзяюцца на Цябе, хай цешацца давеку; ахоўвай іх. І хай цешацца з Табою тыя, што любяць імя Тваё. Бо Ты, Госпадзе, бласлаўляеш праведніка: быццам шчытом, пакрываеш яго. (Пс 5: 8-13) Стаўшы перад ахвярнікам, робяць тры паклоны і цалуюць Евангельле, ахвярнік і настольны крыж. Пасьля, адышоўшы, пачынаюць апранацца. Узяўшы ў левую руку кожны стыхар свой, робяць тры паклоны на ўсход, кажучы за кожным разам: Божа, будзь спагадлівы мне, грэшнаму. Дыякан падыходзіць да сьвятара, кажучы: Блаславі, ойча, стыхар і арар. Сьвятар бласлаўляе: Блаславёны Бог наш на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Дыякан накладае стыхар, молячыся: Душа мая радуецца ў Госпадзе, бо Ён апрануў мяне ў вопратку справядлівасьці і адзеньнем радасьці ахінуў мяне: быццам на жаніха, усклаў на мяне вянец і, быццам нявесту, упрыгожыў мяне красою. (Іс 61: 10) Таксама ўскладае арар, пацалаваўшы яго. Калі надзявае нарукаўнік на правую руку, кажа: Правая рука Твая, Госпадзе, уславілася сілаю; правая рука Твая, Госпадзе, перамагла ворагаў, і веліччу славы Тваёй Ты зьнішчыў праціўнікаў. (Вых 15: 6-7) Надзяваючы нарукаўнік на левую руку, кажа: Рукі Твае стварылі мяне і далі мне выгляд: дай мне разуменьне, каб я мог навучацца Тваіх запаветаў. (Пс 118: 73) Апрануўшыся, адыходзіць да прыгатавальніка і рыхтуе ўсё патрэбнае да праскамідыі. Сьвятар у міжчасе, блаславіўшы свой стыхар, як вышэй, і пацалаваўшы, надзявае яго, кажучы: Душа мая радуецца ў Госпадзе, бо Ён апрануў мяне ў вопратку справядлівасьці і адзеньнем радасьці ахінуў мяне; быццам на жаніха, усклаў на мяне вянец і, быццам нявесту, упрыгожыў мяне красою. (Іс 61: 10) Бярэ па парадку часткі сьвятой вопраткі, бласлаўляе кожную з іх і надзявае, гаворачы адпаведную малітву. Надзяваючы эпітрахіль, кажа: Блаславёны Бог, які ўзьлівае на сьвятароў ласку сваю, быццам алей духмяны, што, узьліты на галаву Аарона, сплывае па барадзе аж да краёў вопраткі яго. (Пс 132: 2) Апярэзваецца поясам, молячыся: Блаславёны Бог, які апярэзвае мяне сілаю і робіць шлях мой беззаганным і ногі мае моцнымі, быццам ногі аленя, і на вышынях умацоўвае мяне. (Пс 17: 33-34) Надзявае нарукаўнік на правую руку, кажучы: Правая рука Твая, Госпадзе, уславілася сілаю; правая рука Твая, Госпадзе, перамагла ворагаў, і веліччу славы Тваёй Ты зьнішчыў праціўнікаў. (Вых 15: 6-7) Надзявае нарукаўнік на левую руку, кажучы: Рукі Твае стварылі мяне і далі мне выгляд: дай мне разуменьне, каб я мог навучацца Тваіх запаветаў. (Пс 118: 73) Калі мае права насіць набедранік, надзявае яго, молячыся: У прыгажосьці і дабрыні Тваёй, Магутны, прывяжы меч Твой да сьцягна Твайго, нацягні лук Твой і ідзі наперад пераможна дзеля праўды, набожнасьці і справядлівасьці, і дзіўныя рэчы зьдзейсьніць правая рука Твая цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. (Пс 44: 4-5) Апранае фелон, кажучы: Сьвятары Твае апрануцца ў справядлівасьць, і сьвятыя Твае ў радасьці жыць будуць праз усе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. (Пс 131: 9) Апрануўшыся, сьвятар мые рукі, кажучы: Памыю ў нявіннасьці рукі мае і абыду кругом ахвярнік Твой, голасна абвяшчаючы хвалу Тваю і расказваючы пра ўсе цуды Твае. Госпадзе, я палюбіў дом Твой і месца славы Тваёй. Не загубі душы маёй разам з грэшнікамі, і жыцьця майго з людзьмі крыві, у чыіх руках злачынствы, і чыя правая рука поўная хабару. Я ж жыву ў чысьціні, дык збаў мяне і зьмілуйся нада мною. Нага мая стаіць на справядлівым шляху. На зборах людзей буду славіць Госпада. (Пс 25: 6-12) Вярнуцца назад |