Галоўная > Мінэя агульная > Вячэрня агульная - апосталу
Вячэрня агульная - апосталу9 чэрвеня 2010. |
|
На “Госпадзе, Цябе клічу...”: (Тон 8). Як нам назваць цябе, Апостале? Небам – бо ты вызнаў славу Божую? Ракою, што ў тайны спосаб поіць усё стварэньне? Зоркаю, што прасьвятляе промнямі сваімі Царкву? Чашаю, з якое льецца сьвятое пітво? Мы назавем цябе найбліжэйшым прыяцелем Хрыстовым і спаўжыхаром анёлаў. Маліся за збаўленьне душ нашых.Цябе, прапаведніку Божы апостале ..., Хрыстос паслаў у сьвет, быццам вогненную стралу, што раніць ворагаў і параненым душам прыносіць аздараўленьне. Дзеля гэтага мы ўсе цябе належна славім і ўрачыста спраўляем памяць тваю. Маліся за збаўленьне душаў нашых. Слаўны апостале і сьведка Божы! Блаславёныя ногі твае, што ішлі проста па шляху прапаведаваньня. Ты зрабіў цеснымі сьцежкі нязбожных і пашырыў боскае разуменьне Слова, што бачна аб'явілася ў целе і выбрала цябе, блаславёны, слаўным вучнем сваім. Малі Яго цяпер за збаўленьне душаў нашых. Слава... (Тон 6). Струмені ласкі пацяклі з вуснаў тваіх, слаўны апостале ..., і ты стаўся сьветачам Царквы Хрыстовае, навучаючы духоўны статак верыць у Тройцу адзінасутную, адзінае Боства.Цяпер... Дагматык. Хто Цябе не назаве шчасьліваю, Найсьвятая Дзева; хто ня будзе славіць, Чыстая, мацярынства Тваё? Адзінародны Сын, што спрадвеку зазьзяў ад Айца, ад Цябе, прыняўшы цела, у невыказны спосаб нарадзіўся. Будучы праўдзівым Богам, Ён стаўся праўдзівым чалавекам дзеля нас, непадзельны на дзьве асобы, але ў дзьвюх нязьлітных прыродах пазнавальны. Малі Яго, Чыстая і Блаславёная, даць зьмілаваньне душам нашым.------------------------------- Калі не сьвяткуецца ўрачыста: Цяпер... Багародзічны (тон 6). Ніводзін з тых, што прыбягаюць да Цябе, Усячыстая Багародзіца Дзева, не адыходзіць пасаромлены, бо просіць ласкі і атрымлівае згодна з просьбаю карыснае для сябе.Крыжабагародзічны (тон 6). Калі Усячыстая ўбачыла Цябе павешаным на крыжы, Яна па-матчынаму заплакала і казала: “Сыне і Божа мой, любае Дзіця маё, як гэта Ты церпіш ганебныя мукі?”-------------------------------
Чытаньні (калі няма асобых): Чытаньне першага лісту сьвятога Апостала Яна Любыя мае, калі сэрца наша нас не асуджае, дык маем давер у Бога, і што будзем прасіць у Яго, атрымаем, бо захоўваем Ягоныя прыказаньні і робім прыемнае Яму. А Ягонае прыказаньне ёсьць, каб мы верылі ў імя Сына Ягонага Ісуса Хрыста і любілі адзін аднаго так, як Ён нам загадаў. Хто выконвае Ягоныя прыказаньні, ёсьць у Богу, а Бог у ім; А тое, што Ён ёсьць у нас, пазнаем па Духу, якога нам даў. Любыя мае, не давярайце кожнаму духу, але выпрабоўвайце духі, ці яны ад Бога, бо многа ілжывых прарокаў зьявілася на сьвеце. Духа Божага пазнаеце такім чынам: кожны дух, які прызнае, што Ісус Хрыстос прыйшоў у целе, ёсьць ад Бога. А кожны дух, які не прызнае Ісуса, не ад Бога; гэта дух Антыхрыста , які – як вы чулі, – мае прыйсьці, дый ужо цяпер ёсьць на сьвеце. Вы, дзеткі, ад Бога, і вы перамаглі іх, бо Той, хто ў вас, большы ад таго, што ў сьвеце. Яны ад сьвету, дзеля гэтага гавораць так, як гаворыць сьвет, і сьвет слухае іх. Мы ад Бога. Той, хто ведае Бога, слухае нас. Хто не ад Бога, той нас ня слухае. У такі спосаб пазнаем духа праўды і духа маны. (3:21-4:6) Чытаньне першага лісту сьвятога Апостала Яна Любыя мае, калі Бог нас так палюбіў, то і мы павінны любіць адзін аднаго. Бога ніхто ніколі ня бачыў. Калі любім адзін аднаго, Бог ёсьць ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая. Знаем, што мы ёсьць у Ім, а Ён у нас, бо Ён даў нам Духа свайго. Мы таксама бачылі і сьведчым, што Айцец паслаў Сына як Збавіцеля сьвету. Калі хто вызнае, што Ісус ёсьць Сынам Божым, дык Бог жыве ў ім і ён у Богу. Мы пазналі і паверылі любові, якую Бог мае да нас. Бог ёсьць любоў: хто жыве ў любові, жыве ў Богу, і Бог жыве ў ім. (4:11-16) Чытаньне першага лісту сьвятога Апостала Яна Любыя мае, калі хто скажа: “Люблю Бога”, а брата свайго ненавідзіць, той хлус; бо той, хто ня любіць свайго брата, якога бачыць, ня можа любіць Бога, якога ня бачыць. Мы ж маем такое прыказаньне ад Яго, каб той, хто любіць Бога, любіў таксама брата свайго. Кожны, хто верыць, што Ісус ёсьць Хрыстос, ад Бога нарадзіўся; і кожны, хто любіць Таго, хто даў жыцьцё, любіць таксама таго, хто ад Яго жыцьцё атрымаў. Пазнаем, што любім дзяцей Божых, па тым, што любім Бога і выконваем Ягоныя прыказаньні. Бо любоў Бога заключаецца ў выкананьні Ягоных прыказаньняў, а прыказаньні Ягоныя ня цяжкія. Бо ўсё, што народжанае ад Бога, перамагае сьвет; і той перамогаю, што перамагла сьвет, ёсьць нашая вера. Хто ж перамагае сьвет, як ня той, хто верыць, што Ісус ёсьць Сын Божы? (4:20-5:5) Вершапесьні (Тон 4). Верш. Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх.Тваё жыцьцё на зямлі, апостале ..., падобным было да першаснага стану; як муж сапраўды добры з натуры, ты стаўся сынам ласкі Божай, і дабрынёю звычаяў тваіх і чысьцінёю розуму ты паказаўся шчырым вучнем і пераймальнікам Хрыстовым. Верш. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.Арган добра настроены Боскім стараньнем, ты, апостале ..., пасьвяціў сябе, каб клікаць усе народы і настаўляць іх да пазнаньня Хрыста словамі і ўчынкамі. Ты ўсіх прасьвятліў, навучыўшы вызнаваць сапраўдную Боскасьць Ісуса, Збавіцеля душ нашых. Слава... Апостала (тон 2). Пакінуўшы зямное, ты пайшоў за Хрыстом і, прыняўшы подых Духа Сьвятога, быў пасланы Ім да загінуўшых народаў навяртаць людзей да сьвятла богапазнаньня, апостале .... Скончыўшы твае подзьвігі і пацярпеўшы розныя цяжкасьці і мучэньні, ты аддаў душу сваю Хрысту. Малі Яго цяпер, блаславёны, каб Ён дараваў душам нашым багацьце свайго зьмілаваньня.Цяпер... Багародзічны нядзельны (тон 2). Новы цуд, большы за ўсе ранейшыя цуды! Хто калі бачыў Маці, якая радзіла бяз мужа і на руках насіла Таго, хто трымае ўсё стварэньне? З Божай волі радзіўся Той, каго Ты, Усячыстая, насіла як дзіцятка на руках Тваіх. З матчынай сьмеласьцю не пераставай маліць Яго за тых, што шануюць Цябе, каб Ён дараваў багацьце ласкі сваёй і збавіў душы нашы.------------------------------- Калі не сьвяткуецца ўрачыста: Слава... цяпер... Багародзічны (тон 2). Быццам пладавітая вінаградная гронка, Дзева ўзрасьціла нам Цябе – Плод жыцьця, які ўзбагачвае сьвет веліччу і багацьцем міласэрнасьці.Крыжабагародзічны (тон 2). Бачачы Цябе прыбітага да крыжа, Бязьвінная Дзева з плачам казала: “Дзіця маё любае, чаму Ты пакінуў мяне, якая радзіла Цябе, недаступнае сьвятло спрадвечнага Айца: сьпяшайся ўславіцца, каб і тым, якія славяць Твае мукі, атрымаць боскую славу”.------------------------------- Адпушчальны агульны трапар Апостала (тон 3). Апостале сьвяты ..., малі міласэрнага Бога, каб Ён дараваў душам нашым адпушчэнье грахоў.Слава... цяпер... Багародзічны нядзельны (тон 3). Цябе, хадайніцу за збаўленьне наша, славім, Багародзіца Дзева, бо целам, якое Ён узяў ад Цябе, Сын Твой і Бог наш на крыжы пацярпеў і як Чалавекалюбец ад тленнасьці выбавіў нас.------------------------------- Калі не сьвяткуецца ўрачыста, бярэцца адпаведны багародзічны або крыжа багародзічны штодзённы трапар трэцяга тону. ------------------------------- Вярнуцца назад |