Галоўная > Мінэя агульная > Вячэрня агульная - посьніку, манаху і пустэльніку

Вячэрня агульная - посьніку, манаху і пустэльніку


9 чэрвеня 2010.

На “Госпадзе, Цябе клічу...”:

(Тон 8). Найпадобны і пачэсны, боскі і сьветлы ліхтар ніколі не хаваецца пад тоўстым покрывам жыцьцёвых клопатаў, але ставіць яго на высокім месцы Чалавекалюбец, каб ён цудамі зьзяў. Малітвамі яго, Хрысьце, даруй людзям Тваім багацьце Твайго зьмілаваньня.

Усклаўшы руку тваю на плуг, каб учынкамі тваімі ўзараць Божую ніву, ты, пачэсны ойча, не азіраючыся назад, накіраваўся проста да валадарства Хрыста Бога, які стаўся чалавекам для збаўленьня душ нашых.

Несены ў цялесным чаўне лагодным подыхам лагоднага Духа, ты, мудры, лёгка пераплыў бурнае жыцьцёвае мора, і аддаў маёмасьць сваю за шматкаштоўную пэрлу. Здабыўшы, ты захаваў яе ў сабе, знайшоўшы радасьць у ейных боскіх дабротах.

Слава... цяпер...

Багародзічны (тон 8). Думкі нячыстыя мае і вусны лісьлівыя, учынкі мае ўсе благія: што мне рабіць, як сустрэць мне Судзьдзю майго? Уладарная Дзева, малі Сына Твайго, Творцу і Госпада, каб Ён, адзіны Міласэрны, прыняў душу маю ў пакаяньні.

Крыжабагародзічны (тон 8). Калі Чыстая Дзева ўбачыла Сына свайго, які даў сябе прыбіць да крыжа, Яна жаласна заплакала і ўсклікнула: “Гора мне, Дзіця любае! Вось як няўдзячныя людзі адплацілі Табе, хочучы мяне пазбавіць Цябе, Наймілейшы мой”.


Адпушчальныя трапары

(Тон 8). У табе, ойча, верна захаваўся вобраз Божы: узяўшы крыж, ты пайшоў усьлед за Хрыстом і на справе навучаў не клапаціцца аб целе, бо яно прамінае, але дбаць пра душу, рэч несьмяротную. Дзеля гэтага разам з анёламі радуецца, сьвяты ..., дух твой.

Іншы трапар (тон 8). Струменямі сьлёз тваіх пустыню бясплодную ты ўрадліваю зрабіў і стогнамі душы плады высілкаў тваіх у сто разоў памножыў, і быў для ўсіх сьветачам, зьзяючы цудамі, ... ойча наш. Малі Хрыста Бога збавіць душы нашы.

Іншы трапар (тон 1). Пустыні жыхарам, анёлам у целе і цудатворцам зьявіўся ты, баганосны ойча наш ...: пастом, нядрэмнасьцю і малітваю нябесныя дараваньні прыняўшы, ацаляеш нядужых і душы тых, што з вераю прыходзяць да цябе. Слава Таму, хто даў табе сілу і хто ўславіў цябе; слава Таму, хто праз цябе дае ўсім аздараўленьні.


Вярнуцца назад