Галоўная > Мінэя агульная > Вячэрня агульная - вызнаўцу і настаўніку царкоўнаму

Вячэрня агульная - вызнаўцу і настаўніку царкоўнаму


9 чэрвеня 2010.

На “Госпадзе, Цябе клічу...”:

(Тон 4). Як праўды аснову, веры ўмацаваньне і догмаў выдатнага настаўніка ведаем цябе, сьвяты баганатхнёны .... Ты – прыклад пабожнасьці, селішча чысьціні, абраны посуд, духмяны пах Духа, вялікая скарбніца навучаньня і аснова Царквы Хрыстовае.

Хвалім цябе, мудры ..., як пераемніка апосталаў, норавам роўнага мучанікам і пераймальніка посьнікаў, пячаць настаўнікаў, Боскі вобраз, тайнавідца Хрыстовага, Багацечную раку ведаў, што топіць ілжывыя вучэньні блюзьнерцаў і беззаконьнікаў.

Памножыўшы мудрасьці талент, ты, слаўны ..., стаўся багаты і ўдастоіўся радасьці Госпада твайго; упрыгожаны ласкаю Боскага зьзяньня і сам зьзяючы сьветласьцю духоўнаю, сёньня стаіш па правай руцэ Жыцьцядаўца, асьветлены промнямі Яго.

Слава... цяпер...

Багародзічны (тон 4). Абмый бруд сэрца майго, Багародзіца ўсяхвальная, і ўсе яго раны і гной, і ад граху ачысьці, Усячыстая, і розуму хістаньні ўстрымай, каб я, няшчасны і бескарысны слуга Твой, мог узьвялічваць бязьмежную моц заступніцтва Твайго.

Крыжабагародзічны (тон 4). Калі Усячыстая ўбачыла Цябе, чалавекалюбны Хрысьце, расьпятага і кап'ём раненага ў бок, Яна з плачам усклікнула: “Што гэта, Сыне мой? Як гэта няўдзячныя людзі адплацілі Табе ўзамен за ўсё добрае, што Ты ім учыніў? Чаму, любы мой, хочаш пакінуць мяне бязьдзетнаю? Дзіўлюся, Добрасардэчны, Твайму дабравольнаму ўкрыжаваньню”.


Адпушчальны трапар

(Тон 8). Правай веры настаўнік, набожнасьці прыклад і чысьціні, сьветач сусьветны, Богам натхнёная біскупаў (або: сьвятароў, манахаў) аздоба, ... мудры, навукаю тваёю ты ўсіх прасьвятліў, жалейка духоўная. Малі Хрыста Бога за збаўленьне душ нашых.


Вярнуцца назад