Галоўная > Тон 2 > Пятніца (Тон 2) (Вячэрня, Ютрань)

Пятніца (Тон 2) (Вячэрня, Ютрань)


10 чэрвеня 2010.
Вячэрня - Ютрань


ЧАЦЬВЕР УВЕЧАРЫ

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Калі Ты, Збавіцелю, быў прыбіты да крыжа, сонца памеркла ад страху, заслона царкоўная разарвалася, зямля захісталася, камяні патрэскаліся, ня ў змозе бачыць, як Творца іхні і Бог з уласнае волі церпіць на дрэве несправядлівыя мукі і зьнявагі ад беззаконных.

Павалены на зямлю, паранены страшным падзеньнем, ляжыць хітры зьмей, пераможаны расьпяцьцем Тваім, Чалавекалюбча. Адам ад праклёну вызваляецца і збаўляецца раней асуджаны. Дзеля гэтага молімся: "Збаў нас усіх, Шчодры, і зрабі годнымі валадарства Твайго".

Калі беззаконныя людзі прыбілі да крыжа Цябе, Спасе і Жыцьцё ўсіх, усё стварэньне ў страху задрыжэла, пякельнае валадарства і моц былі разбураныя Боскаю сілаю Тваёю, а прабацька Адам у радасьці ўсклікнуў: "Слава спагадлівасьці Тваёй, Чалавекалюбча".

Крыжабагародзічны. Калі Чыстая Дзева ўбачыла, як Ейнага Сына вялі на сьмерць, як чалавека, Яна з плачам усклікнула: "Чаго сьпяшыш пакінуць бязьдзетнаю мяне, якая нарадзіла Цябе, Хрысьце; што Ты ўчыніў, Збавіцелю ўсіх? Слаўлю і ўзьвялічваю бязьмежную дабрыню Тваю і чалавекалюбства, што пераўзыходзіць розум".


Вершапесьні

Хрысьце Спасе, які збавіў Пятра ў моры, збаў мяне сілаю крыжа Твайго і зьмілуйся нада мною.

"Хай будзе расьпяты!" – крычалі тыя, што раней карысталіся з дароў Тваіх, і забойцы праведнікаў прасілі сабе разбойніка замест Дабрачынца; але Ты, Хрысьце, маўчаў і ціха пераносіў іхнюю злосьць, жадаючы пацярпець і збавіць нас у чалавекалюбстве Тваім.

Божыя пакутнікі, што не палюбілі зямной уцехі, удастоіліся нябесных дабротаў і сталіся суграмадзянамі анёлаў; малітвамі іх, Госпадзе, зьмілуйся нада мною і збаў мяне.

Крыжабагародзічны. Калі Цябе, Спасе, Жыцьцё ўсіх, беззаконныя прыбілі да дрэва крыжовага, тады Чыстая і Беззаганная Маці Твая, стоячы побач, з плачам казала: "Гора Мне, Сыне любы, сьвятло вачэй Маіх! Як гэта Ты, які зямлю на водах павесіў, дазволіў сябе ўкрыжаваць сярод разбойнікаў?"

Вячэрня - Ютрань


ПЯТНІЦА РАНІЦАЙ

Сядальная песьня 1. Збаўленьне ўчыніў Ты сярод зямлі, Хрысьце Божа...

Як вораг паланіў Адама дрэвам спажыўным, так і Ты, Хрысьце, паланіў ворага дрэвам крыжовым і сваімі цярпеньнямі: на гэта ж Ты прыйшоў, як другі Адам, каб знайсьці заблудных і ажывіць памёрлых. Божа, слава Табе!

Слава... цяпер...

Калі Дзева і Маці Твая, Хрысьце, убачыла Цябе, павешанага на крыжы, яна горка заплакала і сказала: "Што гэта за страшная тайна, Сыне Мой? Як гэта Ты, які даеш усім вечнае жыцьцё, паміраеш дабравольна на Крыжы ганебнай сьмерцю?"


Сядальная песьня 2. Жыцьцядайны крыж ласкі Тваёй, які Ты, Госпадзе, дараваў нам, нягодным, прыносім Табе ў малітве: збаў Царкву і людзей Тваіх, дай усім супакой, дзеля Багародзіцы, Чалавекалюбны.

Добры Пастыру, які прасьвятліў зямлю Крыжом і паклікаў грэшных да пакаяньня, не адлучы мяне ад Твайго статку, Уладару, але знайдзі мяне, заблуднага, і залічы мяне да Твайго сьвятога статку, як адзіны добры і чалавекалюбны.

Усячыстаму вобразу Твайму пакланяемся, Добры...

Верш. Дзіўны Бог у сьвятых сваіх...

Сьвятыя, што на сьвеце пацярпелі мукі ад беззаконьнікаў і адмянілі спакусу ідальскую, апрануліся ў Цябе, які апранаеш неба воблакамі. Малітвамі іх, Збавіцелю, выбаў і нас ад нябачных ворагаў і збаў нас.

Слава... цяпер...

Стоячы ля крыжа Твайго, Хрысьце, Маці Твая, што бяз семя нарадзіла Цябе, не могучы цярпець, як ты няправедна церпіш, з плачам казала: "Як гэта Ты церпіш, будучы існасьцю непадуладны цярпеньням, любы Сыне мой? Слаўлю Тваю бязьмежную дабрыню".


Вершапесьні

 

Дрэва Крыжа Твайго, Хрысьце Божа, Ты явіў жыцьцядайным для нас, якія верым у Цябе. Ты зьнішчыў ім уладу таго, хто мае ўладу над сьмерцю, і ажывіў нас, амярцьвелых грахом. Таму ўсклікаем Табе: "Дабрачынца ўсіх, Госпадзе, слава Табе!"

Ты стаўся з уласнай волі ўбогім, Хрысьце Божа. Ты прыйшоў на зямлю, прыняў цела ад Дзевы і быў укрыжаваны, каб вызваліць нас з варожай няволі. Госпадзе, слава Табе!

Пакутныя мучанікі, вы пацярпелі да сьмерці за Хрыста і аддалі душы вашыя ў рукі Бога, а вашыя мошчы шануюцца па ўсім сьвеце. Уладары і сьвятары пакланяюцца, і мы, усе людзі, цешымся і ўсклікаем: "Сон праведны перад Госпадам – сьмерць сьвятых Ягоных".

Слава... цяпер...

"Якая бязьмежная дабрыня і добрасардэчнасьць Твая, спрадвечнае Слова, якая вялікая ахвяра і доўгацярплівасьць! – Дзева з плачам клікала. – Як гэта Ты, несьмяротны, захацеў памерці? Бачу вялікую тайніцу і пакланяюся Тваім цярпеньням, якія дабравольна перанёс".


Вярнуцца назад