Галоўная > Тон 3 > Аўторак (Тон 3) (Вячэрня, Ютрань)

Аўторак (Тон 3) (Вячэрня, Ютрань)


10 чэрвеня 2010.
Вячэрня - Ютрань


ПАНЯДЗЕЛАК УВЕЧАРЫ

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Шматтвары зьмей убачыў ува мне ляніўства да добрага і схільнасьць да злога; ён заманьвае мяне прынадасьцю благіх і грэшных дзеяньняў, праціўных Божым загадам, каб подступам змусіць прыняць зло за дабро.

Пакінуўшы добры шлях, я ахвотна ішоў беззаконнай і грахоўнай сьцежкаю; цяпер, ля варотаў сьмерці, трывожна клічу: "Ісусе мой добры, збаў мяне, накіруй на шлях пакаяньня, дай мне паправу, і перад тым, як прыйдзе канец, удастой мяне боскага прабачэньня".

Я ўмярцьвіў сябе рознымі грахамі, шматлікімі правінамі і бясчынствамі, і вось ляжу бездапаможны, як труп; але жыве ўва мне адзіная надзея, што Ты, Хрысьце, які даеш мёртвым жыцьцё і дыханьне і ўмярцьвляеш пажадлівасьці, што нас умярцьвляюць, прыйдзеш і выхапіш мяне ад вечнай сьмерці.

Багародзічны. Хмара незаходнага сьвятла, Богам абрадаваная Дзева, блаславёная Марыя, дай мне зазьзяць сьвятлом пакаяньня, бо бяздумная цемра грахоўная агарнула мяне; выбаў мяне малітвамі Тваімі ад пякельнага агню і цемры беспрасьветнай, і ўчыні ўдзельнікам незаходнага дня мяне, які прыбягаю пад апеку Тваю, Чыстая.

Вершапесьні

Вячэрнюю хвалу прыносім Табе, Хрысьце, з кадзілам і песьнямі духоўнымі. Зьмілуйся над намі і збаў нас.

Збаў мяне, Божа мой, які даеш збаўленьне ўсім: бура пажаданьняў пакрывае мяне, і я таплюся пад цяжарам беззаконьняў маіх. Ты ж працягні руку дапамогі і прасьвятлі скрухаю сэрца маё, як адзіны міласэрны і Чалавекалюбец.

Вялікая мучанікаў Тваіх, Госпадзе, сіла: лежачы ў магілах, яны праганяюць духаў нячыстых і нішчаць варожую ўладу, змагаючыся за дабрадзейнасьці вераю ў сьвятую Тройцу.

Багародзічны. Багародзіца Дзева Маці, сьвятая між жанчынаў, малі Ўладара і Бога, якога Ты нарадзіла, каб Ён збавіў нас у чалавекалюбстве сваім.

Вячэрня - Ютрань


АЎТОРАК РАНІЦАЙ


Сядальная песьня 1. Пакуль жывеш на зямлі, кайся, душая мая, бо пыл у магіле не пяе і не выбаўляе ад грахоў; усклікні Хрысту Богу: "Сэрцазнаўча Божа, зграшыла я Табе, але Ты, перш як асудзіць, пашкадуй і збаў мяне.

Як доўга, душа мая, будзеш заставацца ў грахох, як доўга будзеш адкладаць пакаяньне? Прыгадай суд, які цябе чакае і ўсклікні Хрысту Богу: "Сэрцазнаўча бязгрэшны Госпадзе, зграшыла я, але Ты зьмілуйся нада мною".

Слава... цяпер...

Красе дзявоцтва і сьветлай чысьціні Тваёй, Багародзіца, Габрыель зьдзівіўся і ўсклікнуў: "Якую дастойную пахвалу прынясу Табе, як Цябе назаву? Ня ведаю і жахаюся і, як мне было загадана, клічу: Радуйся, Поўная ласкі!"


Сядальная песьня 2. На страшным судзе буду без абвінаваўцаў абвінавачаны, бяз сьведкаў – засуджаны, бо будуць адкрытыя кнігі сумленьня і ўсе таемныя ўчынкі стануцца яўнымі. Таму, перад тым як на гэтым усенародным відовішчы будзеш дасьледваць усе мае ўчынкі, Божа, ачысьці і збаў мяне.

Ты, Госпадзе, ведаеш бездань маіх правінаў, дык працягні руку сваю, як некалі Пятру, і збаў мяне.

Верш. Дзіўны Бог у сьвятых сваіх...

Вы, сьвятыя, быццам ясныя сьветачы, зьзяеце вераю, немачных лекары, пакутнікі ўсяхвальныя, бо вы не збаяліся мучаніцкіх ранаў і перамаглі ідальскую бязбожнасьць, маючы зброю непераможную – Крыж існы.

Слава... цяпер...

Прымі, Уладарка, тых, што з вераю прыбягаюяць пад Тваю апеку, і не адкінь мяне і не пагардзі мною, Усядобрая, што ў каяньні малюся. Прымі малітву з маіх нягодных вуснаў, і хадайніцтвам Тваім ад варожых сецяў вызвалі мяне, каб мне сьмела ўсклікнуць: Радуйся, Абрадаваная!


Вершапесьні

Разгублены розум мой засяродзь, Госпадзе, і аледзянелае сэрца маё ачысьці, і дай мне, як Пятру, пакаяньне, як мытніку – уздыханьні, і як блудніцы – сьлёзы, каб мне голасна клікаць: "Божа, збаў мяне, бо Ты адзіны добрасардэчны і чалавекалюбны!"

Часта грашу, нават калі малюся, бо вусны мае пяюць, а ў душы думаю пра непрыстойнае. Дай мне паправу, Госпадзе, пакаяньнем і збаў мяне.

Адкінуўшы страх уладароў і мучыцеляў, воі Хрыстовыя сьмела вызналі Яго перад усімі як Госпада, Бога і Ўладара нашага, і цяпер моляцца за душы нашыя.

Слава... цяпер...

Ты зачала бяз семя ад Духа Сьвятога. Таму славім Цябе ў песьнях і клічам: Радуйся, найсьвятая Дзева!


Вярнуцца назад