Галоўная > Тон 6 > Нядзеля (Тон 6) (Вячэрня, Ютрань, Літургія)
Нядзеля (Тон 6) (Вячэрня, Ютрань, Літургія)10 чэрвеня 2010. |
|
СУБОТА ЎВЕЧАРЫ На "Госпадзе, Цябе клічу...": Ты перамог пекла, Хрысьце Божа, узышоўшы на крыж, каб уваскрасіць з сабою тых, што сядзелі ў сьмяротнай цемры, і, сам свабодны ад сьмерці, ад Твайго сьвятла даеш усім жыцьцё. Усемагутны Збавіцелю, зьмілуйся над намі! Сёньня Хрыстос, уваскросшы, перамог сьмерць, як прадказаў, і дараваў радасьць сьвету ўсяму. Дзеля гэтага голасна пяём: "Крыніца жыцьця, Сьвятло недасяжнае, зьмілуйся над намі!" Дзе нам схавацца ад Цябе, Госпадзе, бо Ты ж прысутны ва ўсім стварэньні: у небе Ты жывеш; у пекле Ты перамог сьмерць; у глыбіні марской – і там рука Твая, Уладару. Да Цябе прыбягаем і, прыпадаючы, молімся: "Госпадзе, што ўваскрос з мёртвых, зьмілуйся над намі!" Крыжом Тваім, Хрысьце, хвалімся і ўваскрасеньне Тваё ў песьнях славім, бо Ты Бог наш, апроч Цябе іншага бога ня знаем. Слава сіле Тваёй, Госпадзе, бо Ты перамог таго, хто меў сьмерці ўладу, і абнавіў нас крыжом Тваім, даруючы жыцьцё і нятленнасьць. Заўжды бласлаўляем Госпада і славім уваскрасеньне Яго, бо Ён, пацярпеўшы на крыжы, сьмерцю сьмерць перамог. Пахаваньнем Тваім, Госпадзе, Ты зьнішчыў аковы пякельныя, разьбіўшы іх, і Тваім уваскрасеньнем з мёртвых Ты прасьвятліў увесь сусьвет. Госпадзе, слава Табе! Дагматык. Хто Цябе не назаве шчасьліваю, Найсьвятая Дзева, хто ня будзе славіць, Чыстая, мацярынства Тваё? Адзінародны Сын, што спрадвеку зазьзяў ад Айца, ад Цябе, прыняўшы цела, у невыказны спосаб нарадзіўся. Праўдзівы Бог, Ён стаўся праўдзівым чалавекам дзеля нас, непадзельны на дзьве асобы, але ў дзьвюх нязьлітных прыродах пазнавальны. Малі Яго, Чыстая і Блаславёная, даць зьмілаваньне душам нашым. Вершапесьні Уваскрасеньню Твайму, Хрысьце Спасе, анёлы ў небе пяюць песьню хвалы: дай і нам тут на зямлі з чыстым сэрцам славіць Цябе. Верш. Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу. Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся. Разваліўшы пякельныя вароты і разьбіўшы медныя замкі, Ты, як усемагутны Бог, уваскрасіў з сабою род людзкі. Дзеля гэтага мы аднадушна ўсклікаем: "Госпадзе, што ўваскрос з мёртвых, слава Табе!" Верш. Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца. Каб узьняць нас з даўняй тленнасьці, Хрыстос даў сябе прыбіць да крыжа і пахаваць у магіле. Жанчыны-міраносіцы шукалі Яго са сьлязьмі і, плачучы, казалі: "Гора нам, Збавіцелю наш! Як гэта Ты пасяліўся ў магіле і, пасяліўшыся, як Ты быў украдзены; якім чынам быў забраны адсюль; якое месца скрывае Тваё жыцьцядайнае цела? Зьявіся нам, Уладару, як абяцаў!" Калі яны так плакалі, анёл адазваўся да іх: "Спыніце плач і ідзіце абвясьціць апосталам добрую вестку, што Госпад уваскрос!" Верш. Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, праз усе дні. Ты быў дабравольна прыбіты да крыжа, і паланіў пекла пахаваньнем Тваім, і як Бог уваскрос у славе на трэці дзень, даруючы сьвету бясконцае жыцьцё і багацьце Твайго зьмілаваньня. Багародзічны. Творца і Збавіцель мой, Усячыстая, Госпад Ісус Хрыстос, выйшаўшы з Твайго ўлоньня, у мяне апрануўся і ад першага Адамавага праклёну вызваліў мяне. Дзеля гэтага Табе, Багародзіца, Маці Божая і Дзева, разам з анёламі нязмоўкна ўсклікаем: "Радуйся!". Радуйся, Уладарка, Заступніца, Абарона і Збаўленьне душаў нашых! Адпушчальны трапар Уваскросны. Угледзеўшы анёлаў на магіле Тваёй, вартаўнікі амярцьвелі; і, стоячы ля магілы, Марыя шукала ўсячыстае цела Тваё. Ты паланіў пекла, застаўшыся някранутым ім, выйшаў сустрэць Дзеву, сьвету Жыцьцё. Госпадзе, што ўваскрос з мёртвых, слава Табе! НЯДЗЕЛЯ РАНІЦАЙ Пасьля "Госпад - Бог...": Трапар уваскросны: Угледзеўшы анёла... (Калі няма трапара сьвятому, двойчы) Далей як на вячэрні.
Сядальныя песьні 1. Калі магіла была адчыненая, пекла заплакала, а Марыя ўсклікнула да апосталаў, што сядзелі, схаваўшыся: "Выходзьце, работнікі вінаградніка, прапаведуйце слова Ўваскрасеньня, бо Госпад уваскрос, даючы сьвету багацьце зьмілаваньня!" Верш. Устань, Госпадзе Божа мой, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца. Марыя Магдалена стаяла ля магілы Тваёй, Госпадзе, і плакала. Прыняўшы Цябе за садоўніка, яна сказала: "Дзе ты схаваў вечнае Жыцьцё? Дзе паклаў ты Таго, што на хэрувімскім пасадзе сядзіць?" І калі яна ўбачыла вартаўнікоў, што ад страху амярцьвелі, крыкнула: "Або аддайце мне Госпада майго, або са мною ўсклікніце: Слава Табе, што, будучы сярод мёртвых, мёртвых уваскрасіў!". Слава... цяпер... Сапраўды, Гедэон бачыў вобраз Твайго зачацьця, і Давід прадказаў нараджэньне Тваё, Багародзіца: быццам дождж на руна, Слова зышло ва ўлоньне Тваё, і Ты, Поўная ласкі сьвятая Зямля, узрасьціла бяз семя збаўленьне сьвету – Хрыста Бога нашага.
Сядальныя песьні 2. Жыцьцё ляжала ў магіле, і пячаці былі пастаўленыя на магільным камені. Быццам цара, вартаўнікі ахоўвалі Хрыста. Але Госпад уваскрос, разьбіўшы нябачна ворагаў сваіх. Верш. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае. Ёна даў нам вобраз магілы Тваёй, і Сямён прадказаў Боскае ўстаньне Тваё, Несьмяротны Госпадзе. Ты, Хрысьце Божа наш, зышоў у магілу, быццам мёртвы, і разбурыў браму пякельную, і ўваскрос, не зазнаўшы тленнасьці, як Уладар, і збавіў сьвет і прасьвятліў тых, што ў цемры. Слава... цяпер... Багародзіца Дзева, малі Сына Твайго, Хрыста Бога нашага, які быў прыбіты дабравольна да Крыжа і ўваскрос з мёртвых, каб Ён збавіў душы нашыя.
Гіпакоі. Дабравольнай і жыцьцядайнай Тваёй сьмерцю, Хрысьце, Ты як Бог скрышыў пякельныя вароты і адчыніў нам першы рай, і ўваскрос з мёртвых, выбавіўшы ад тленнасьці наша жыцьцё. Узыходныя песьні Антыфан 1. На неба ўздымаю вочы мае, Слова: зьмілуйся нада мною, каб мне жыць для Цябе. Зьмілуйся над намі, упакоранымі, Слова, і ўчыні нас карыснымі абранымі посудамі. Слава... цяпер... Прычына ўсякага збаўленьня – Дух Сьвяты: калі Ён дыхае на каго паводле заслугі, Ён узьнімае Яго ад зямных рэчаў, акрыляе яго, узрошчвае і накіроўвае ўгару.
Антыфан 2. Калі б ня Госпад быў з намі, ніхто ня выстаяў бы ў змаганьні з ворагам, бо толькі так перамагаем і ўзносімся адсюль. Гора мне, грэшнаму, як мне схавацца ад ворагаў? Ня дай, Слова, каб у зубы іхнія патрапіла душа мая. Слава... цяпер... Сьвятым Духам даецца абагаўленьне ўсім. У Ім спагада, розум, супакой і блаславеньне, бо Ён роўны дзеяньнем з Айцом і Словам.
Антыфан 3. Тыя, што спадзяюцца на Госпада, страшныя для ворагаў і выклікаюць подзіў усіх, бо зрок іх скіраваны ўгару. Маючы Цябе, Слова, жэрабем сваім і памочнікам, праведныя не працягваюць рук да рэчаў беззаконных. Слава... цяпер... Сьвятому Духу належыцца ўсякая ўлада. Яму пакланяюцца ўсе сілы нябесныя ўгары і ўсё жывое ўнізе.
Пракімен. Устань, Госпадзе, у сіле Тваёй і прыйдзі збавіць нас. Верш. Ты, што пасеш Ізраіля, кіруеш Язэпам, быццам авечкай, слухай. Канон уваскросны
Песьня 1. Ірмас. Ізраіль, ідучы па дне марскім, быццам па сушы, убачыў, як фараон, што гнаўся за ім, патануў у бездані, і ўсклікнуў: "Пяём Богу пераможную песьню!" Ісусе добры, Ты споўніў да канца волю Айца, калі распасьцёр рукі Твае на крыжы. Дзеля гэтага пяём Табе пераможную песьню. Быццам нявольніца, што выконвае загад, сьмерць у страху падышла да Ўладара Жыцьця, і Ён праз яе даў нам вечнае жыцьцё і ўваскрасеньне. Багародзічны. Ты, Усячыстая, што прыняла Тварца Твайго, – які, вышэй за ўсякае разуменьне, сам захацеў прыняць цела ў дзявочым улоньні Тваім, – сапраўды ёсьць Уладаркаю ўсяго стварэньня.
Песьня 3. Ірмас. Ніхто не сьвяты, апроч Цябе, Госпадзе, які ўзьнёс рог верных Тваіх і ўмацаваў нас на камені веры Тваёй. Стварэньне, убачыўшы Бога, целам укрыжаванага, разьбеглася ў страху; але магутнай рукою Таго, хто дзеля нас крыж пацярпеў, было ўтрыманае. Лютая сьмерць, сьмерцю пераможаная, ляжыць без дыханьня. Яна не змагла вытрымаць Боскага наступу Жыцьця. Памірае Магутны і дае ўсім уваскрасеньне. Багародзічны. Цуд Боскага сынараджэньня Твайго, Усячыстая, пераўзыходзіць усякі прыродны лад. Надпрыродным было зачацьце Бога ва ўлоньні Тваім. Нарадзіўшы Яго, Ты засталася дзеваю.
Песьня 4. Ірмас. "Хрыстос – мая Сіла, Бог і Госпад!" – сьвятая Царква пабожна пяе і кліча, і з чыстым сэрцам славіць Госпада. Сапраўды, Хрысьце, дрэва жыцьця зацьвіло зноў, бо Крыж, пасаджаны на зямлі ды ўзгадаваны крывёй і вадою з чыстага боку Твайго, прарасьціў нам жыцьцё. Болей зьмяя ня будзе лісьліва спакушаць мяне абагаўленьнем. Сёньня Хрыстос, дабрачынца чалавечае прыроды, бесперашкодна адчыніў мне шлях да жыцьця. Багародзічны. Сапраўды невыказная і незразумелая на небе і на зямлі тайна Боскага сынараджэньня Твайго, Багародзіца і заўсёды Дзева.
Песьня 5. Ірмас. Малюся Табе, Добры, дай Боскаму сьвятлу Твайму зазьзяць любоўю ў душах тых, што, устаўшы зранку, імкнуцца пазнаць Цябе, Слова Божае, сапраўднага Бога, які кліча ўсіх з грахоўнае цемрадзі. Вось хэрувімы адступаюць ад мяне, і палымяная зброя, Уладару, адхіляецца, убачыўшы Цябе, Слова Божае, сапраўднага Бога, які паказаў разбойніку шлях да раю. Не баюся больш, Уладару, што мне трэба вярнуцца ў зямлю: Ты вывеў мяне, у бясконцай дабрыні Тваёй, з зямлі забыцьця да вышыняў нятленнасьці сваім уваскрасеньнем. Багародзічны. Добрая Ўладарка сьвету, збаў тых, што ад шчырага сэрца вызнаюць Цябе як Багародзіцу: Ты нашая непераможная заступніца, сапраўдная Маці Божая.
Песьня 6. Ірмас. Уведаўшы жыцьцёвае мора, усхваляванае бураю спакусаў, я ўцёк да ціхага прыстанішча Твайго, усклікаючы: "Выбаві ад тленнасьці жыцьцё маё, Шматлітасьцівы!" Укрыжаваны, Ты, Уладару, зьнішчыў наш праклён цьвікамі сваімі; прабіты кап'ём у бок, Ты скасаваў Адамавы прысуд і збавіў сьвет. Адам, паддаўшыся спакусе, спатыкнуўся і ўпаў у пякельную бездань. Але Ты, міласэрны Божа, зышоў туды, каб адшукаць яго і, усклаўшы на плечы, узьняць з сабою. Багародзічны. Усесьвятая Дзева, што нарадзіла людзям Уладара і Правадніка, сунімі буру маіх пажаданьняў і дай супакой сэрцу майму!
Кандак. Магутнаю рукою Жыцьцядаўца Хрыстос Бог вывеў памёрлых з цемры апраметнае і дараваў уваскрасеньне роду людзкому, бо Ён – Збаўца, Уваскрасеньне, Жыцьцё і Бог наш. Ікас. Крыж і пахаваньне Тваё, Жыцьцядаўча, мы, верныя, у песьнях славім і пакланяемся ім, бо Ты, Несьмяротны, сьмерць зьвязаў, як усемагутны Бог, і мёртвых уваскрасіў з сабою, і браму сьмерці скрышыў, і зьнішчыў уладу пекла. Дзеля гэтага мы, зямныя, славім з любоўю Цябе, які ўваскрос і зьнішчыў згубную ўладу ворага, і ўсіх верных узьняў, і сьвет выбавіў ад стрэлаў зьмяіных і ад варожае спакусы, Божа ўсіх!
Песьня 7. Ірмас. Анёл арасіў печ для юнакоў, і загад Божы хальдэйцаў спаліў, а мучыцеля змусіў усклікнуць: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!" Сонца, аплакваючы цярпеньні Твае, Уладару, у змрок апранулася, і сярод дня цемра агарнула ўсю зямлю, якая ўсклікнула: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!" Падзем'е апранулася ў сьвятло зыходам Тваім, Хрысьце. Прабацька Адам напоўніўся радасьцю і ўскочыў, танцуючы і ўсклікаючы: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!" Багародзічны. Праз Цябе, Дзева Маці, сьвятло зазьзяла на ўвесь сьвет, бо Ты нарадзіла Бога, Творцу ўсіх. Малі Яго, Усячыстая, паслаць верным веліч зьмілаваньня.
Песьня 8. Ірмас. З полымя Ты даў расу для набожных юнакоў і ахвяру праведнага вадою спаліў. Ты ўсё чыніш як хочаш, Хрысьце, і мы ўзьвялічваем Цябе праз усе вякі. Былых юдэйскіх прароказабойцаў зайздрасьць зрабіла цяпер забойцамі Бога, і яны ўзьнялі на Крыж Цябе, Слова Божае. Мы ж узьвялічваем Цябе праз усе вякі. Не пакінуўшы нябеснага пасаду, Ты, Хрысьце, зышоў у пекла і ўзьняў з сабою сатлелага чалавека, і ён узьвялічвае Цябе праз усе вякі. Багародзічны. Ад Сьвятла Ты зачала Сьветланоснае Слова і праславілася, нарадзіўшы Яго ў невыказны спосаб, бо ў Табе, Дзева, пасяліўся Дух Божы. Таму славім Цябе праз усе вякі.
Песьня 9. Ірмас. Бога людзям немагчыма бачыць, на Яго хоры анельскія глянуць ня сьмеюць; дзякуючы Табе, Усячыстая, Слова, што сталася чалавекам, зьявілася людзям. Дзеля гэтага разам з нябеснымі сіламі ўзьвялічваем Яго і Цябе шчасьліваю завем. Непадуладны пакутам па сваёй прыродзе, Ты, Слова Божае, целам стаўся іх удзельнікам. Каб вызваліць чалавека ад цярпеньняў, Ты, Збаўца наш, адзіны бясьцерпны і ўсемагутны, перамог іх мукамі Тваімі. Прыняўшы сьмяротную тленнасьць, Ты захаваў цела Тваё нятленным, а Твая жыцьцядайная і боская душа, Уладару, не была пакінутая ў пекле: Ты ўстаў, быццам ад сну, і нас узьняў з сабою. Траечны. Бога Айца і Сына спрадвечнага, мы, усе людзі, вуснамі чыстымі славім, і аддаем пашану невымоўнай і ўсяслаўнай сіле ўсесьвятога Духа. Ты – адзіная і ўсемагутная Тройца неразьдзельная! Пахвальныя псалмы Верш. Каб споўніць над імі прысуд, напісаны на хвалу ўсім сьвятым Яго. Крыж Твой, Госпадзе, для людзей ёсьць жыцьцём і ўваскрасеньнем; мы ўсе на яго спадзяемся і славім Цябе, Бога нашага, які ўваскрос з мёртвых. Зьмілуйся над намі! Верш. Хваліце Госпада ў сьвятых Яго; хваліце Яго ў велічы непахіснай сілы Яго. Пахаваньне Тваё, Уладару, адчыніла рай чалавечаму роду, і мы, вызваленыя ад тленнасьці, славім у песьнях Цябе, Бога нашага, які ўваскрос з мёртвых. Зьмілуйся над намі! Верш. Хваліце Яго за магутныя ўчынкі Яго, хваліце Яго ў бязьмежнай велічы Яго. Разам з Айцом і Духам уславім Хрыста, які ўваскрос з мёртвых, і ўсклікнем Яму: "Ты нашае жыцьцё і ўваскрасеньне; зьмілуйся над намі!" Верш. Хваліце Яго граньнем рогу, хваліце Яго на ліры і гусьлях. На трэці дзень Ты, Хрысьце, уваскрос з магілы і, як было напісана, узьняў нашага праайца. Дзеля гэтага род людзкі ў песьнях славіць Тваё ўваскрасеньне. Верш. Хваліце Яго звонам бубнаў і карагодамі, хваліце яго на струнах і жалейках. Вялікая і страшная тайна ўваскрасеньня Твайго, Госпадзе! Ты выйшаў з магілы, быцам жаніх з вясельнага хораму, перамог сьмерцю сьмерць і Адама вызваліў. Дзеля гэтага на небе анёлы сьвяткуюць, а на зямлі людзі славяць Тваю, Чалавекалюбча, дабрыню, што спраўдзілася на нас. Верш. Хваліце яго на цымбалах мілагучных, хваліце Яго на цымбалах галасістых. Усё, што жыве, хай хваліць Госпада. Беззаконныя юдэі, дзе тыя пячаці, дзе срэбранікі, якія вы далі вартаўніком? Ня быў украдзены Скарб, але ўстаў у сіле. Вы ж асароміліся, адрокшыся ад Хрыста, Госпада славы, што пацярпеў і быў пахаваны, але ўваскрос з мёртвых. Дык паклонімся Яму! Верш. Устань, Госпадзе Божа мой, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца. Як гэта вас, юдэі, абакралі пры закрытай магіле, пры вартаўніках і пячацях? Праз зачыненыя дзьверы прайшоў Уладар. Дык пакажыце нам Яго, як мёртвага, або пакланецеся разам з намі Яму як Богу, сьпяваючы: "Слава, Госпадзе, крыжу і ўваскрасеньню Твайму!" Верш. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае. Жанчыны-міраносіцы з плачам прыйшлі да Тваёй, Госпадзе, жыцьцяпрыймальнай магілы і духмянымі алейкамі зьбіраліся памазаць Тваё ўсячыстае цела. Але знайшлі анёла, які сядзеў на камені і абвясьціў ім добрую вестку, кажучы: "Ня плачце па Тым, з чыйго боку пацякло жыцьцё сьвету. Не шукайце ў магіле Несьмяротнага, быццам Ён сьмяротны. Але хутчэй ідзеце і абвясьціце вучням сусьветную радасьць Ягонага слаўнага ўваскрасеньня!" Прасьвятлі ім і нас, Збавіцелю, і дай нам ачышчэньне грахоў і веліч зьмілаваньня! Слава...: Радавая евангельская сьціхіра. Цяпер...: Найблаславёная Ты, Багародзіца Дзева... ЛІТУРГІЯ
Трапар. Угледзеўшы анёлаў на магіле Тваёй, вартаўнікі амярцьвелі; і, стоячы ля магілы, Марыя шукала ўсячыстае цела Тваё. Ты паланіў пекла, застаўшыся някранутым ім, выйшаў сустрэць Дзеву, сьвету Жыцьцё. Госпадзе, што ўваскрос з мёртвых, слава Табе!
Кандак. Магутнаю рукою Жыцьцядаўца Хрыстос Бог вывеў памёрлых з цемры апраметнае і дараваў уваскрасеньне роду людзкому, бо Ён – Збаўца, Уваскрасеньне, Жыцьцё і Бог наш.
Пракімен (Пс 27:9,1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой. Верш. Цябе, Госпадзе, клічу: Божа мой, не адмоўчвайся ад мяне.
Алілуя (Пс 90:1,2). Той, хто жыве пад апекаю Усявышняга і ў цені Бога нябеснага прабывае. Верш. Скажа Госпаду: Ты маё прыстанішча, мая абарона, Бог мой і на Цябе спадзяюся. Вярнуцца назад |