Галоўная > Тон 7 > Нядзеля (Тон 7) (Вячэрня, Ютрань, Літургія)

Нядзеля (Тон 7) (Вячэрня, Ютрань, Літургія)


10 чэрвеня 2010.
Вячэрня - Ютрань - Літургія


СУБОТА ЎВЕЧАРЫ

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Прыйдзіце, будзем радавацца ў Госпадзе, які зьнішчыў сьмерці дзяржаву і прасьвятліў род людзкі. Разам з анёламі ўсклікнем: "Творца і Збавіцелю наш, слава Табе!"

Ты, Збавіцелю, пацярпеў крыж і пахаваньне і, як Бог, сьмерцю сьмерць умярцьвіў. Дзеля гэтага пакланяемся Твайму трохдзённаму ўваскрасеньню. Госпадзе, слава Табе!

Апосталы, убачыўшы ўваскрасеньне Творцы, дзіву даліся і разам з анёламі засьпявалі песьню хвалы: "Вось слава царкоўная, вось скарбніца валадарства!" Госпадзе, які пацярпеў за нас, слава Табе!

Хоць беззаконныя людзі схапілі Цябе, Хрысьце, не саромлюся вызнаваць, што Ты – мой Бог; білі Цябе па плячох, і я не адракаюся; не хаваю і таго, што Ты быў прыбіты да крыжа. Уваскрасеньнем Тваім хвалюся, бо Твая сьмерць – для мяне жыцьцё. Усемагутны і чалавекалюбны Госпадзе, слава Табе!

Спаўняючы Давідава прароцтва, Хрыстос адкрыў сваю веліч вучням Ягоным у Сыёне і явіў сябе роўным славаю з Айцом і Духам Сьвятым. Спрадвечны, як Слова бесьцялеснае, Ён у апошні час прыняў цела дзеля нас і, памёршы як чалавек, уваскрос у сіле як Чалавекалюбец.

Ты зышоў да пекла, Хрысьце, як сам захацеў, і, як Бог і Ўладар, зьнішчыў сьмерць, уваскрос на трэці дзень і ўзьняў з сабою Адама; і той, вызвалены ад аковаў пякельных і ад тленнасьці, усклікнуў: "Слава ўваскрасеньню Твайму, адзіны Чалавекалюбча!"

Ты быў пакладзены ў магілу, Госпадзе, быццам заснуўшы, і ўваскрос на трэці дзень у сіле і славе, і як усемагутны ўзьняў з сабою Адама ад сьмяротнай тленнасьці.

Дагматык. Ты, Багародзіца, сталася Маці ў надпрыродны спосаб, застаўшыся невыказна і невытлумачальна Дзеваю, і язык няздольны перадаць цуд мацярынства Твайго. Дзівоснае было зачацьце Тваё, Усячыстая, бо калі Бог хоча, адмяняецца прыродны лад. Дзеля гэтага мы ўсе горача просім Цябе як Маці Божую: "Маліся за збаўленьне душаў нашых".


Вершапесьні

Ты ўваскрос з магілы, Збаўца сьвету, і разам з целам Тваім уваскрасіў род людзкі. Госпадзе, слава Табе!

Верш. Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу. Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся.

Прыйдзіце, паклонімся Таму, хто ўваскрос з мёртвых і прасьвятліў усіх: сваім уваскрасеньнем на трэці дзень Ён вызваліў нас ад пякельных пакутаў і дараваў нам жыцьцё і багацьце зьмілаваньня.

Верш. Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца.

Зышоўшы да пекла, Ты, Хрысьце, сьмерць паланіў і, уваскросшы на трэці дзень, узьняў з сабою ўсіх нас. Славім Тваё магутнае ўваскрасеньне, Госпадзе Чалавекалюбча!

Верш. Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, праз усе дні.

Страшна было бачыць Цябе, Госпадзе, калі Ты ляжаў у магіле, быццам заснуўшы. Але на трэці дзень Ты ўваскрос у сіле і ўзьняў з сабою Адама, які ўсклікнуў радасна: "Слава ўваскрасеньню Твайму, Чалавекалюбча!"

Багародзічны. Пад Тваю апеку, Уладарка, уцякаем мы ўсе, зямныя, клічучы: "Багародзіца, надзея наша, выбаў нас ад незьлічоных правінаў і збаў душы нашыя!"


Адпушчальныя трапары

Уваскросны. Ты зьнішчыў крыжам Тваім сьмерць, адкрыў разбойніку рай, міраносіцам плач на радасьць перамяніў і апосталам загадаў прапаведаваць, што Ты ўваскрос, Хрысьце Божа, даруючы сьвету багацьце Твайго зьмілаваньня.

Вячэрня - Ютрань - Літургія


НЯДЗЕЛЯ РАНІЦАЙ


Пасьля "Госпад - Бог...":

Трапар уваскросны: Ты зьнішчыў крыжом Тваім сьмерць... (Калі няма трапара сьвятому, двойчы)

Далей як на вячэрні.


Сядальныя песьні 1. Жыцьцё спачывала ў магіле, пячаці на камені былі пакладзеныя; і жаўнеры сьцераглі Хрыста, быццам цара, які сьпіць; анёлы праслаўлялі несьмяротнага Бога, а жанчыны ўсклікалі: "Уваскрос Госпад, даючы сьвету веліч зьмілаваньня свайго!"

Верш. Устань, Госпадзе Божа мой, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца.

Трохдзённым пахаваньнем Тваім Ты сьмерць паланіў, і сатлелага чалавека ўзьняў жыцьцядайным уваскрасеньнем сваім, чалавекалюбны Хрысьце Божа. Слава Табе!

Слава... цяпер...

Дзеля нас укрыжаванага і ўваскрослага Хрыста Бога нашага, які зьнішчыў уладу сьмерці, малі, Багародзіца Дзева, збавіць душы нашыя.


Сядальныя песьні 2. Хоць магіла была запячатаная, Жыцьцё зазьзяла з магілы, Хрысьце Божа; і хоць дзьверы былі зачыненыя, Ты, Уваскрасеньне ўсіх, прыйшоў і стаў сярод вучняў Тваіх, абнаўляючы ў нас праз іх дух правы ў вялікай міласэрнасьці Тваёй.

Верш. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае.

Жанчыны прыйшлі да магілы, зьмешваючы алейкі са сьлязамі; і калі ўбачылі жаўнераў, што сьцераглі Цябе, Уладара ўсіх, казалі між сабою: "Хто адваліць нам камень?" Але вялікай рады Вястун уваскрос, патаптаўшы сьмерць. Усемагутны Госпадзе, слава Табе!

Слава... цяпер...

Радуйся, поўная ласкі Багародзіца Дзева, прытулак і заступніцтва людзей, бо ад Цябе прыняў цела Збаўца сьвету. Ты адзіная вечна блаславёная і ўсяслаўная. Дык малі Хрыста Бога дараваць супакой усяму сьвету.


Гіпакоі. Хрысьце Божа, што прыняў вобраз наш і цялесна пацярпеў на крыжы, збаў мяне ўваскрасеньнем Тваім як Чалавекалюбец.


Узыходныя песьні

Антыфан 1. Збавіцелю, што выбавіў Сыён з палону спакусы, ажыві мяне і вызвалі з няволі грэшных пажаданьняў!

Той, хто сее сум апоўдні, посьцячы са сьлязьмі, пажне снапы невычэрпнае радасьці.

Слава... цяпер...

Сьвяты Дух – крыніца боскіх скарбаў, бо ад Яго прыходзяць мудрасьць, страх і разуменьне. Дзеля гэтага Яму належыцца слава, пахвала, дзяржава і пашана.


Антыфан 2. Калі не Госпад збудуе дом душы, дарэмна стараемся: без Яго ніякае дзеяньне ані слова не спаўняюцца.

Плады ўлоньня, сьвятыя, узьдзеяньнем Духа ўзрастаюць у веры Айцоўскага ўсынаўленьня.

Слава... цяпер...

Усё, што існуе, Сьвятым Духам захоўваецца ў быцьці. Ён Бог ад пачатку, усіх Уладар, Сьвятло недасяжнае, Жыцьцё ўсіх.


Антыфан 3. Тыя, што баяцца Госпада, цяпер і назаўжды шчасьлівыя: яны знайшлі шлях жыцьця і непрамінальнае славы.

Вакол стала твайго бачыш, быццам галінкі, дзетак тваіх. Дык радуйся і цешся, прыводзячы іх да Хрыста, Начальніка пастыраў.

Слава... цяпер...

Сьвятым Духам даецца багацьце дараваньняў, веліч славы, глыбіня розуму. Ён спрадвечны і дастойны славы разам з Айцом і Сынам.


Пракімен. Устань, Госпадзе Божа мой, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца.

Верш. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае.


Канон уваскросны

Песьня 1. Ірмас. На загад Твой, Госпадзе, вада сталася як цьвёрдая зямная сьцяна, і Ізраіль перайшоў праз яе, быццам па сушы, сьпяваючы песьню перамогі.

Неправедным прысудам на Цябе, Госпадзе, і дрэвам крыжовым была асуджаная ўлада сьмерці, князь цемры пераможаны і выгнаны вон.

З зубамі, бясьсільнымі скрышыць цела Тваё, пекла наблізілася да Цябе і зламала пашчу. Ты ж, Збавіцелю, суняў боль сьмерці і на трэці дзень уваскрос.

Багародзічны. Боль прамаці Эвы скончыўся з Тваім бязбольным сынараджэньнем бяз мужа. Дзеля гэтага, Усячыстая, усе мы славім Цябе як Багародзіцу.


Песьня 3. Ірмас. Госпадзе Збавіцелю, што ў пачатку ўсясільным словам Тваім умацаваў нябёсы і ўсядзейным Божым Духам усю іхнюю веліч, умацуй мяне на непахіснай скале веры Тваёй.

Ты, добрасардэчны Збавіцелю, з уласнай волі ўзышоў на крыж, пацярпеў за нас і быў паранены, Хадайніку прымірэньня і збаўленьня верных. Ранамі Тваімі, Міласэрны, мы прымірыліся з Айцом.

Ты, Хрысьце, ачысьціў мяне і паказаў мне сьвятло, калі я, з душой, параненай зьмяіным джалам, здаўна ляжаў у цемры і тленнасьці. Зышоўшы праз крыж у пекла, Ты ўзьняў мяне разам з сабою.

Багародзічны. Малітвамі Тваёй, Збавіцелю, Маці, што мужа ня знала, дай супакой сьвету, прававерным хрысьціянам перамогу над супраціўнікамі, і зрабі нас годнымі невыказнае славы Тваёй.


Песьня 4. Ірмас. Не пакідаючы ўлоньня Айца, Ты, Хрысьце, зышоў на зямлю. Я пачуў тайну провіду Твайго і ўславіў Цябе, адзіны Чалавекалюбча.

Той, хто прыняў цела ад Дзевы, даў свае плечы на раны. Слуга зграшыў, а бязьвінны Ўладар прымае пакараньне, каб нам атрымаць прабачэньне правінаў.

Стаіць на судзе перад неправеднымі судзьдзямі і прымае асуджэньне, быццам злачынца, атрымлівае ўдары ў твар ад рукі глінянае Бог і праведны Судзьдзя зямлі, які стварыў чалавека.

Багародзічны. Як сапраўдная Маці Божая, малі, Усебеззаганная, Творцу і Сына Твайго накіраваць нас да збавеннага прытулку слаўнае волі Яго.


Песьня 5. Ірмас. Слодыч Боскіх словаў Тваіх, Хрысьце, – ноч беспрасьветная для няверных, а для верных прасьвятленьне. Дзеля гэтага з раніцы слаўлю ў песьнях Боства Тваё.

Цябе, Хрысьце, прадаюць за слугаў Тваіх і б'юць па твары. Ты – Хадайнік свабоды для тых, што радасна пяюць і зранку славяць Боства Тваё.

Боскай сілай Тваёю, у слабасьці цялеснай, Ты, Хрысьце Збавіцелю, моцнага ворага перамог і праз уваскрасеньне ўчыніў мяне пераможцам сьмерці.

Багародзічны. Ты, Маці Чыстая і ўсяхвальная, нарадзіла Бога, які прыняў цела ад Цябе ў спосаб, годны Яго. Ня ведаючы мужа, Ты зачала ад Духа Сьвятога.


Песьня 6. Ірмас. Я плыву па моры жыцьцёвых клопатаў, як карабель, і таплюся ў грахох маіх. Зьвер, што растлявае душу, праглынае мяне, і таму я, як Ёна, клічу, Хрысьце: "З сьмяротнае глыбіні ўздымі мяне!"

Душы праведных вязьняў у пекле згадвалі Цябе, просячы збаўленьня, якое Ты, Хрысьце, прыйшоўшы, дараваў ім Крыжом Тваім.

Апосталы страцілі надзею ўбачыць ізноў разбураны цярпеньнямі адухоўлены нерукатворны хорам цела Твайго. Аднак, вышэй за ўсе ўсе спадзяваньні, яны пакланіліся Табе, і прапаведавалі Тваё ўваскрасеньне па ўсім сьвеце.

Багародзічны. Хто з людзей зможа ўцяміць невыказнае Тваё дзеля нас сынараджэньне, Усебеззаганная Дзева, Нявеста Божая? Незьмяшчальны Бог-Слова зьяднаўся з Табою, узяўшы цела ад Цябе.


Кандак. Сьмерць ня мае больш улады над людзямі, бо Хрыстос, зышоўшы ўніз, зьнішчыў ейную моц. Пекла зьвязанае путамі, і прарокі ў радасьці абвяшчаюць тым, хто памёр у веры, што зьявіўся Збаўца, і кажуць: "Выйдзіце, верныя, на ўваскрасеньне!"

Ікас. Задрыжэла сёньня падзем'е – пекла і сьмерць, бо ўбачыла Аднога з Тройцы. Зямля ўскалыхнулася, вартаўнікі пякельныя, угледзеўшы Цябе, жахнуліся, а ўсё стварэньне цешыцца з прарокамі і пяе песьню перамогі Табе, Збаўцу Богу нашаму, які сёньня зьнішчыў моц сьмерці. Дык усклікнем Адаму і ягоным нашчадкам, што былі вызваленыя Крыжом Тваім: "Выйдзіце, верныя, на ўваскрасеньне!"


Песьня 7. Ірмас. Роснаю паказалася некалі юнаком распаленая печ, і яны ўславілі адзінага Бога, усклікнуўшы: "Праслаўлены Бог Айцоў і ўсяхвальны!"

Праз дрэва ўмярцьвлёны быў Адам, які з уласнай волі ўчыніў непаслушэнства. Хрыстовае паслушэнства ўзнавіла яго ў жыцьці. Дзеля мяне расьпяты быў Сын Божы, усяхвальны.

Цябе, Хрысьце, што ўваскрос з магілы, усё стварэньне славіць: Ты ўчыніў, каб заквітнела жыцьцё для тых, што ў апраметнай; Ты, Усяхвальны, – уваскрасеньне мёртвых і сьветач для тых, што ў цемры.

Багародзічны. Радуйся, Дачка тленнага Адама; радуйся, адзіная Боганявеста; Радуйся Ты, дзякуючы якой тленнасьць была выгнаная, бо Ты нарадзіла Бога. Малі Яго, Усячыстая, за збаўленьне душаў нашых.


Песьня 8. Ірмас. Ахоплены агнём куст, што не згараў, паказаў на Сына і Бога каснаязычнаму і заікліваму Майсею. І гарачая любоў Бога захавала непераможнымі і непашкоджанымі ў агні трох юнакоў, якія пяялі: "Усе творы Гасподнія, Госпаду сьпявайце, і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"

Чыстае Ягнё духоўнае было прынесенае ў ахвяру за сьвет, адмяніўшы прынашэньне ахвяраў законных і ачысьціўшы, як Бог, ад правінаў тых, што клічуць: "Усе творы Гасподнія, Госпаду сьпявайце, і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі".

Цела, якое мы атрымалі ад Творцы, не было нятленным да пакутаў; а пасьля пакутаў і ўваскрасеньня яно сталася непадлеглым тленнасьці. Госпад аднаўляе ў жыцьці сьмяротных, што клічуць: "Усе творы Гасподнія, Госпаду сьпявайце, і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"

Багародзічны. Твая чысьціня і дабрадзейнасьць, Багародзіца, ачысьціла брыдоту сьвету, і Ты, Усячыстая, была прычынаю нашага прымірэньня з Богам. Дзеля гэтага, Дзева, мы, усе стварэньні, бласлаўляем і ўзьвялічваем Цябе праз усе вякі.


Песьня 9. Ірмас. Не зазнаўшы тленнасьці, Ты нарадзіла Слова і дала Яму цела, Маці, што мужа ня знала, Багародзіца Дзева, Прыстанішча Недасяжнага, Умяшчальніца Незьмяшчальнага Творцы Твайго. Цябе мы ўзьвялічваем.

Змоўкніце ўсе, што думаеце благое і што чыніце прыкрасьці Богу. Лепш уславім Госпада славы, які быў укрыжаваны за нас целам, але не Боскай прыродаю, бо Ён адзіны ў дзьвюх прыродах.

Вы, што ня верыце ва ўваскрасеньне цела, пайдзіце да магілы Хрыстовай і пераканайцеся, што цела Жыцьцядаўца было ўмярцьвлёнае і зноў уваскросла на доказ апошняга ўваскрасеньня, на якое спадзяемся.

Траечны. Вызнаем ня трох багоў, але тры Асобы; пакланяемся еднасьці Боства, але не асобы, адмяжоўваемся ад тых, што дзеляць Тройцу, абвяргаем тых, што зьліваюць Яе ў вадно, і ўзьвялічваем Яе.


Пахвальныя псалмы

Верш. Каб споўніць над імі прысуд, напісаны на хвалу ўсім сьвятым Яго.

Уваскрос Хрыстос з мёртвых і разарваў аковы сьмерці. Дабравясьці, зямля, вялікую радасьць, сьпявайце, нябёсы, Божую славу!

Верш. Хваліце Госпада ў сьвятых Яго; хваліце Яго ў велічы непахіснай сілы Яго.

Убачыўшы ўваскрасеньне Хрыстовае, паклонімся сьвятому Госпаду Ісусу, адзінаму бязгрэшнаму.

Верш. Хваліце Яго за магутныя ўчынкі Яго, хваліце Яго ў бязьмежнай велічы Яго.

Хрыстоваму ўваскрасеньню нястомна пакланяемся, бо Ён збавіў нас ад беззаконьняў нашых. Сьвяты Госпад Ісус, які явіў нам уваскрасеньне.

Верш. Хваліце Яго граньнем рогу, хваліце Яго на ліры і гусьлях.

Што дамо Госпаду за ўсё, што Ён даў нам? Дзеля нас зьявіўся Ён сярод людзей; Слова сталася целам і пасялілася між нас; для ўдзячных Ён дабрачынца і вызваліцель палонных; а для тых, што ў цемры – Сонца праўды. Ён на крыжы бясстрасны, у пекле Ён – сьвятло, жыцьцё ў сьмерці і ўваскрасеньне для тых, што ўпалі. Дык усклікнем Яму: "Божа наш, слава Табе!"

Верш. Хваліце Яго звонам бубнаў і карагодамі, хваліце яго на струнах і жалейках.

Ты, Госпадзе, зьнішчыў брамы пякельныя і ўладу сьмерці перамог сілаю сваёю, і ўзьняў мёртвых, што адвеку заснулі, Тваім слаўным і Боскім уваскрасеньнем як Уладар усіх і ўсемагутны.

Верш. Хваліце яго на цымбалах мілагучных, хваліце Яго на цымбалах галасістых. Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.

Прыйдзіце, будзем радавацца ў Госпадзе і цешыцца з уваскрасеньня Яго, бо Ён узьняў з сабою мёртвых ад пякельных непарушных путаў і, як Бог, даў сьвету вечнае жыцьцё і веліч зьмілаваньня.

Верш. Устань, Госпадзе Божа мой, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца.

Сьветлы анёл сядзеў на камені жыцьцядайнае магілы і абвясьціў добрую вестку жанчынам, кажучы: "Уваскрос Госпад, як прадказаў! Скажэце вучням Яго, што Ён чакае іх у Галілеі, і сьвету дае вечнае жыцьцё і веліч зьмілаваньня".

Верш. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае.

Чаму, беззаконныя юдэі, вы не ўсьцераглі вуглавога Каменя? Ён той, якога паклаў Бог на Сыёне; Ён з каменя здабыў у пустыні ваду, а нам з боку свайго – несьмяротнасьць. Ён камень, што сам адарваўся ад дзявочага ўлоньня без людзкога жаданьня. Ён Сын Чалавечы, які, як кажа Даніла, ідзе на хмарах нябесных да Старога днямі, і валадарства Ягонае вечнае.

Слава...: Радавая евангельская сьціхіра.

Цяпер...: Найблаславёная Ты, Багародзіца Дзева...

Вячэрня - Ютрань - Літургія


ЛІТУРГІЯ


Трапар. Ты зьнішчыў крыжом Тваім сьмерць, адкрыў разбойніку рай, міраносіцам плач на радасьць перамяніў і апосталам загадаў прапаведаваць, што Ты ўваскрос, Хрысьце Божа, даруючы сьвету багацьце Твайго зьмілаваньня.


Кандак. Сьмерць ня мае больш улады над людзямі, бо Хрыстос, зышоўшы ўніз, зьнішчыў ейную моц. Пекла зьвязанае путамі, і прарокі ў радасьці абвяшчаюць тым, хто памёр у веры, што зьявіўся Збаўца, і кажуць: "Выйдзіце, верныя, на ўваскрасеньне!"


Пракімен (Пс 28:11,1). Госпад сілу людзям сваім дае, Госпад бласлаўляе людзей сваіх спакоем.

Верш. Аддайце Госпаду, сыны Божыя, аддайце Госпаду славу і пашану.


Алілуя (Пс 91:2,3). Добра ёсьць славіць Госпада і пець хвалу імю Твайму, Усявышні.

Верш. Абвяшчаць раніцай міласэрнасьць Тваю, і праўду Тваю ўночы.


Вярнуцца назад