Галоўная > Тон 8 > Аўторак (Тон 8) (Вячэрня)
Аўторак (Тон 8) (Вячэрня)10 чэрвеня 2010. |
|
ПАНЯДЗЕЛАК УВЕЧАРЫ На "Госпадзе, Цябе клічу...": Ня маю сардэчнай скрухі, ні крыніцы сьлёзаў, ні шчырага жалю за грахі, ні плачу, што абмывае, ні пакоры. Не пераймаў я мытніка, ні блудніцы, ні блуднага сына: дык як я знайду прабачэньне маіх бязьлікіх грахоў? Але Ты, Хрысьце, ведамымі Табе шляхамі збаў мяне. Я адышоў далёка ад усіх боскіх прыказаньняў, ня дбаў пра сумленнасьць і змарнаваў жыцьцё маё, жывучы ў блудзе і беззаконьні. Але Ты, Хрысьце, у ласкавасьці Тваёй, зьмілуйся нада мною і збаў мяне. У гневе Тваім, Чалавекалюбча, не карай мяне – твор рук Тваёй дабрыні, – хоць я і аддаліўся ў маёй бяздумнасьці ад Цябе, які ласкава захацеў упадобніцца да мяне ў вялікай дабрасардэчнасьці Тваёй. Малітвамі Тваёй, Слова, Маці і заўсёды Дзевы зрабі мяне годным, Божа, навярнуцца да Цябе. Багародзічны. З вераю прыбягаю пад Тваё покрыва, Багародзіца чыстая: ад напасьцяў, бедаў, благіх пажаданьняў і д'ябальскай злосьці збаў мяне. Ты, Уладарка – глыбіня міласэрнасьці і хадайніца збаўленьня, бо Ты нарадзіла Бога міласэрнага, адзінага шчодрага і дабрасардэчнага. Вершапесьні Цябе, Уладара і Госпада, анёлы няспынна славяць, а я, як мытнік, прыходжу да Цябе і клічу: "Божа, ачысьці мяне, грэшнага". Душа мая, ты – несьмяротная, дык не пакрывайся хвалямі жыцьцёвых клопатаў, але ўстань і ўсклікні твайму Дабрачынцу: "Божа, ачысьці і збаў мяне!" Мучанікі Гасподнія, просім вас, маліце Бога нашага і выпрасіце душам нашым багацьце дабротаў і ачышчэньне ад шматлікіх правінаў. Багародзічны. Радуйся, сусьветная пахвала; радуйся, сьвятыня Гасподняя; радуйся, гара ацененая; радуйся, усіх прыстанішча; радуйся, залаты ліхтар; радуйся, пачэсная слава верных; радуйся, Марыя, Маці Хрыста Бога; радуйся, раю; радуйся Боскі стол і залаты посуд; радуйся, надзея ўсіх. Вярнуцца назад |