Галоўная > Тон 8 > Субота (Тон 8) (Вячэрня)

Субота (Тон 8) (Вячэрня)


10 чэрвеня 2010.

ПЯТНІЦА ЎВЕЧАРЫ

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Стрэлы ворага раняць няспынна мяне, няшчаснага, і ня ведаю, што рабіць. Вы ж, мужна пацярпеўшы, зьнішчылі ягоныя стрэлы, і струменямі крыві вашай прасьвятляеце ўсё стварэньне. Дык аздаравіце, боскія мучанікі, і мяне, немачнага, бо маеце, блаславёныя, давер у Госпада.

Калі падумаю пра страшны час выпрабаваньня майго Табою, Судзьдзёй усіх і Госпадам, поўнюся страхам, плачу жаласна і сумую, згадваючы веліч маёй нягоднасьці. Але Ты, Чалавекалюбча, у добрасардэчнасьці Тваёй вызваль мяне ад мукі малітвамі мучанікаў Тваіх.

Боскія мучанікі, маліцеся Богу за тых, што з вераю шануюць вашую сьвятую памяць, каб вызваліцца ім ад спакусы і атрымаць нябеснае жыльлё – якое прыгатаваў адзіны Дабрачынца і доўгацярплівы Чалавекалюбец, – дзе хоры патрыярхаў заўжды ў радасьці прабываюць.

Дагматык. Уладар нябесны дзеля любові да людзей на зямлі зьявіўся і з людзямі пажыў. Ён прыняў цела ад Чыстае Дзевы і, выйшаўшы з Ейнага ўлоньня, стаўся чалавекам. Ён Сын адзіны, двайны прыродаю, але не асобаю. Дзеля гэтага мы праўдзіва прапаведуем і вызнаем Хрыста Бога нашага як дасканалага Бога і дасканалага чалавека. Малі Яго, Дзева Маці, даць зьмілаваньне душам нашым.


Вершапесьні

Мучанікі Твае, Госпадзе, забыўшыся пра ўсё дачаснае, не зважалі на мукі дзеля будучага жыцьця, якое атрымалі ў спадчыне, і цяпер прабываюць у радасьці разам з анёламі. Малітвамі іх дай людзям Тваім веліч зьмілаваньня Твайго.

Мучанікі Гасподнія, просім вас, маліце Бога нашага і выпрасіце душам нашым багацьце дабротаў і ачышчэньне ад шматлікіх правінаў.

Мучанікі Хрыстовыя непераможныя, вы зьнішчылі ману сілаю крыжа і атрымалі ласку вечнага жыцьця. Не спалохаўшыся пагрозаў мучыцеляў, у цярпеньнях вы цешыліся, а цяпер кроў вашая сталася аздараўленьнем для душаў нашых. Маліцеся каб душам нашым атрымаць збаўленьне.

Багародзічны. Прымі, Уладарка, маленьні слугаў Тваіх і вызваль нас ад усякай бяды і суму.


Вярнуцца назад