Галоўная > Вячэрня > Ліцьця і блаславеньне хлябоў
Ліцьця і блаславеньне хлябоў12 чэрвеня 2010. |
|
Пасьля вокліку "Хай моц валадарства" (гл. вышэй) людзі пачынаюць сьпяваць ліційныя песьні; сьвятар і дыякан ідуць у канец царквы (прытвор); дыякан кадзіць царкву і людзей; калі скончыцца сьпяваньне, дыякан, стоячы пасярод царквы, пачынае літанію: Дыякан: Збаў, Божа, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой, наведай сьвет Твой міласэрнасьцю і дабротамі Тваімі, узьнясі рог хрысьціянаў і зышлі на нас Твае багатыя ласкі малітвамі найчыстае Ўладаркі нашае Багародзіцы і Заўсёды Дзевы Марыі; сілаю пачэснага і жыватворчага Крыжа; заступніцтвам сьвятых нябесных сілаў анёльскіх; малітвамі сьвятога, слаўнага прарока, Прадвесьніка і Хрысьціцеля Яна; сьвятых, слаўных і годных пахвалы апосталаў Пятра і Паўла і ўсіх сьвятых апосталаў; між сьвятымі айцоў нашых, сусьветных вялікіх настаўнікаў і сьвятаначальнікаў Базыля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуснага; між сьвятымі айца нашага Міколы цудатворцы, арцыбіскупа Мірлікійскага; сьвятых, слаўных і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода; між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага; сьвятое маці нашае Еўфрасіньні Полацкае, асьветніцы Беларусі і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу; сьвятога (сьвятой) … (імя сьвятога дня); сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых: просім Цябе, міласэрны Госпадзе, выслухай нас, грэшных, якія молімся Табе, і зьмілуйся над намі. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў) Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага Сусьветнага Біскупа ... (імя) Папу Рымскага і за дастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага ... (імя) і за ўсіх у Хрысьце братоў і сёстраў нашых; і за ўсякую душу хрысьціянскую, пакрыўджаную і сумную, што патрабуе Божае міласэрнасьці і спагады; за захаваньне ў бясьпечнасьці гэтага места і ўсіх яго жыхароў; за супакой і лад на ўсім сьвеце; за добры стан сьвятых Божых цэркваў; за збаўленьне і дапамогу айцом і братом нашым, якія са страхам Божым старанна служаць і працуюць; за адсутных і тых, што ў дарозе; за ацаленьне хворых; за супакой, прабачэньне, сьветлую памяць і адпушчэньне грахоў айцоў і братоў нашых і ўсіх прававерных хрысьціянаў, якія раней адышлі і спачываюць тут і на кожным іншым месцы; за вызваленьне зьняволеных; за братоў нашых на дзяржаўнай службе; і за ўсіх, што служылі і служаць у гэтай сьвятой царкве. Скажам усе разам: Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў) Дыякан: Яшчэ молімся за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны. Скажам усе разам: Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (3 разы) Дыякан: Яшчэ молімся за нашу краіну Беларусь, каб добры і міласэрны Бог захаваў яе свабоднай і ў супакоі; даў умацавацца ў беларускім народзе духу справядлівасьці, згоды, братняй любові і шчырай пабожнасьці, каб ён, прасьветлены ласкаю, разам з іншымі народамі сьвету заўсёды славіў і выхваляў Ягонае пачэснае і велічнае імя. Скажам усе разам: Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (3 разы) Дыякан: Яшчэ молімся, каб гэтаму гораду і гэтай сьвятой царкве, і ўсякаму гораду і краіне захавацца ад голаду, пошасьці, землятрусу, патопу, агню, мяча, нападу ворагаў і братабойчай вайны; і каб добры і чалавекалюбны Бог наш быў міласэрны і спагадлівы да нас, адхіліў ад нас усякую небясьпеку, што нам пагражае, вызваліў нас ад свайго справядлівага гневу і зьмілаваўся над намі. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (3 разы) Дыякан: Яшчэ молімся, каб Госпад Бог пачуў голас маленьня нас, грэшных, і зьмілаваўся над намі. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: Выслухай нас, Божа. Збавіцелю наш, надзея ўсіх, што жывуць на зямлі, і тых. што далёка на моры, і будзь спагадлівы да нас, грэшных, і зьмілуйся над намі. Бо Ты міласэрны і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Сьвятар: Мір усім! (Бласлаўляе людзей) Людзі: І твайму духу. Дыякан: Галовы нашы Госпаду схілім. Людзі: Табе, Госпадзе. Сьвятар: Уладару міласэрны, Госпадзе Ісусе Хрысьце Божа наш, малітвамі ўсячыстае Уладаркі нашае Багародзіцы і заўсёды Дзевы Марыі; сілаю пачэснага і жыватворчага крыжа; заступніцтвам сьвятых нябесных сілаў анельскіх; малітвамі сьвятога слаўнага прарока, прадвесьніка і хрысьціцеля Яна; сьвятых, слаўных і годных пахвалы апосталаў; між сьвятымі айцоў нашых, сусьветных вялікіх настаўнікаў і сьвятаначальнікаў Базыля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуснага; між сьвятымі айца нашага Міколы цудатворца, архібіскупа Мірлікійскага; сьвятых, слаўных і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода; між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага; сьвятое маці нашае Еўфрасіньні Полацкае, асьветніцы Беларусі, і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу; сьвятога (сьвятой) ... (імя сьвятога дня); сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых – учыні прыемнай Табе малітву нашу, даруй нам адпушчэньне правінаў нашых, пакрый нас покрывам крылаў Тваіх, адгані ад нас усякага ворага і супраціўніка, зрабі спакойным наша жыцьцё і зьмілуйся над намі і над усім сьветам Тваім, бо Ты добры і Чалавекалюбец. Людзі: Амін. І сьпяваюць вершапесьні, а пасьля іх песьню Сямёна Богапрыймальніка Людзі: Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё, якое Ты прыгатаваў перад усімі людзьмі, сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго. (Лк 2:29-32)
Чытальнік: Сьвяты Божа… Усесьвятая Тройца… Ойча наш… Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. І сьпяваюць адпушчальны трапар (або трапары), а сьвятар кадзіць тройчы вакол раней прыгатаванага сярод царквы стала з хлябамі, віном, пшаніцаю і аліваю. Пасьля, стаўшы перад сталом, кажа ўголас: Дыякан: Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: Госпадзе Ісусе Хрысьце Божа наш, які блаславіў пяць хлябоў і пяць тысяч насыціў, блаславі гэтыя хлябы (бласлаўляе іх), пшаніцу (бласлаўляе пшаніцу), віно (бласлаўляе віно), і аліву (бласлаўляе аліву), і размнож іх у гэтым месьце і ва ўсім сьвеце Тваім; і ўсіх верных, якія спажываюць іх, асьвяці. Бо Ты, Хрысьце Божа наш, Той, хто бласлаўляе і асьвячае ўсё, і мы Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом і з Усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін.
Хай будзе імя Гасподняе блаславёнае цяпер і давеку. (Тройчы)
Чытальнік (Псалом 33). Увесь час бласлаўляць буду Госпада: * хвала Ягоная заўжды на вуснах маіх. Госпадам будзе хваліцца душа мая: * хай пачуюць пакорныя і ўзрадуюцца. Слаўце Госпада са мною: * будзем разам узьвялічваць Яго. Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне* і адняў ад мяне ўсю тугу маю. Гляньце на Яго і ўзрадуйцеся: * хай абліччы вашыя ня будуць пасаромленыя. Вось убогі ўсклікнуў, і Госпад пачуў яго* і ад усіх напасьцяў выбавіў яго. Анёл Гасподні стаіць, быццам мур абаронны, * вакол тых, што баяцца Яго, і выбаўляе іх. Пакаштуйце, і ўбачыце, як добры Госпад: * шчасьлівы той, хто да Яго прыбягае. Бойцеся Бога, усе сьвятыя Яго, * бо тыя, што Яго баяцца, не зазнаюць бяды. Багатыя зьбяднелі і церпяць голад; * тыя, што шукаюць Госпада, ня будуць мець ні ў чым нястачы.
Сьвятар: Блаславеньне Гасподняе хай будзе на вас, ласкаю Яго і чалавекалюбствам на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. (Бласлаўляе людзей) Людзі: Амін. Дыякан: Мудрасьць! Людзі: Ойча, блаславі! Сьвятар: Блаславёны сапраўды Хрыстос Бог наш на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Умацуй, Божа, сьвятую хрысьціянскую веру і ўсіх прававерных хрысьціянаў на век вякоў. Сьвятар: Усесьвятая Багародзіца, збаў нас. Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем. Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе. Людзі: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі. Сьвятар: робіць водпуст. Вярнуцца назад |