Галоўная > Літургічныя пераклады > Парадак прыняцьця ахрышчанага ў Каталіцкую Царкву (уклаў а. Сяргей Стасевіч)
Парадак прыняцьця ахрышчанага ў Каталіцкую Царкву (уклаў а. Сяргей Стасевіч)16 жніўня 2010. |
|
Таго, хто жадае далучыцца да каталіцкае еднасьці, сьвятар уводзіць ў царкву, даўшы яму трымаць у руцэ канец свайго епітрахіля. Спыніўшыся перад амбонам, дзе стаіць столік са сьв. Эвангельлем, адпускае епітрахіль. Людзі чытаюць псалом 26: Госпад прасьвятленьне маё... Сьвятар пасьля псальму кажа: Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе зьмілуйся. Сьвятар: Госпадзе, Госпадзе, Творча і Ўладару ўсяго, крыніца дабротаў і Збавіцелю ўсіх людзей! Ты не дазволіў чалавеку праз падкопы д’ябла ў глыбіню загубы і аблуды сысьці, але праз збавеннае ўцелаўленьне адзінароднага свайго Сына, Госпада і Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, адшукаў яго і выратаваў, і узьняў да Сябе. Дык і зараз, добры Чалавекалюбча, зірні на слугу Твайго (імя), - разумную авечку статку Твайго, якога Ты ўчыніў годным прыйсьці да сьвятое Твае, Каталіцкае і Апостальскае Царквы. Пакорна молім Цябе, Уладару: зазьзяй у сэрцы ягоным дасканалым сьвятлом ласкі Сьвятога Твайго Духа, дзеля прасьвятленьня розуму Яго праўдаю Сьвятога Эвангельля Твайго; запалі ў ім іскру збавеннага хросту, што ляжыць у душы яго, каб распальвалася ў ім духоўнае полымя Тваёй ласкі дзеля выкананьня тваіх запаветаў і адпору ўсялякай д’ябальскай спакусе. Дай яму некрывадушна, незваротна і неспакусьліва зьяднацца са Сьвятой Тваёй Паўсюднай Царквой, цурацца і грэбаваць усякімі душагубнымі аблудамі, гэрэзіямі і адступніцтвам, заўсёды праўдзіва вызнаваць і цьвёрда трымацца каталіцкай веры. Далучы яго да выбранага статку свайго і зьяднай яго з Целам сьвятой сваёй Царквы; аддалі ад яго ўсе бязбожныя думкі, справы і звычаі; даруй яму ўсе правіны, вольныя і міжвольныя, і ачысьці яго ад усялякага бруду цялеснага і духоўнага, учыні яго годным сасудам і жытлом Сьвятога Твайго Духа, каб пад Ягонымі заўсёднымі навукаю і кіраўніцтвам, выконваў Твае збавенныя запаветы, і спаўняючы волю Тваю, добрую, спрыяльную і дасканалую, стаўся годным прыняцьця і нябесных Тваіх дабротаў, разам з усімі, што табе дагадзілі. Бо ты Бог літасьці і шчадротаў і чалавекалюбства, які жадаеш збаўленьня ўсіх людзей, і табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Сьвятар: Стань добра, стань са страхам, і праўдзіва вызнай каталіцкую веру. Х. У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Веру.... І дадае: Веру таксама ва ўсе праўды веры, якія вызнае Сьвятая Каталіцкая Царква і абвяшчае аб’яўленымі ад Бога. Пасьля кладзе пальцы правай рукі на Сьвятое Эвангельле і кажа: Я, ... так прысягаю і клянуся, і хай мне дапамогуць Бог і гэтае Сьвятое Эвангельле. Сьвятар дае яму цалаваць сьв. Эвангельле і кажа: Блаславёны Бог наш, што так захацеў! Вярнуцца назад |