Галоўная > Першы тыдзень Посту > І тыдзень посту - серада - увечары
І тыдзень посту - серада - увечары19 красавіка 2008. |
|
На "Госпадзе, Цябе клічу...": (Тон 8): Посьцім, браты, цялесна, посьцім і духоўна: разарвем путы неправеднасьці; развяжам вузлы абавязаньняў, вымушаных сілаю; разьдзярэм усе неправедныя ўмовы; дамо хлеб галодным і прытулак бяздомным пад нашай страхою, каб нам атрымаць ад Хрыста веліч зьмілаваньня. Калі ёсьць якая дабрадзейнасьць і пахвала, дык належыцца яна сьвятым: яны схілілі шыі свае пад меч дзеля Цябе, які нахіліў неба і зышоў да нас; кроў сваю пралілі дзеля Цябе, які спустошыў сябе дзеля нас, прыняўшы выгляд слугі; упакорыліся аж да сьмерці, прыпадобніўшыся ўбоству Твайму. Малітвамі іх, у мностве міласэрнасьці Тваёй, Госпадзе, зьмілуйся над намі. (Тон 2): Быццам сьветлыя маланкі, Сонца Духоўнае – Ісус – паслаў у сьвет вас, багавідцы апосталы, і адагнаў сьветласьцю вашага боскага прапаведаваньня спакусу цемрадзі, і прасьвятліў тых, што былі ў палоне змроку няведаньня. Маліце Яго паслаць нам прасьвятленьне і веліч зьмілаваньня. Прасьвятліўшыся дабрадзейнасьцямі і пастом, Ільля ўзышоў на калясьніцу і ўзьнёсься на вышыню нябесную. Бяры прыклад з яго, мая пакорная душа, і ўстрымайся ад усякай злосьці і зайздрасьці, сварак і дачасных асалодаў, каб, пазьбегнуўшы лютай вечнай пякельнай мукі, усклікнуць Хрысту: "Госпадзе, слава Табе!" (Тон 5): Боскія апосталы, надзейныя заступнікі сьвету ўсяго і абаронцы верных, маючы сьмеласьць у Хрыста Бога нашага, маліцеся за нас, просім вас, каб нам добра правесьці час посту і атрымаць ласку адзінасутнай Тройцы. Вялікія і слаўныя прапаведнікі, маліцеся за душы нашы. Тры песьні і багародзічны з мінэі.
Пракімен (Пс 11): Ты, Госпадзе, абарані нас і захавай нас ад гэтага роду давеку. Верш: Збаў мяне, Божа, бо не засталося праведніка.
Чытаньне кнігі Роду Бог сказаў: "Няхай зямля выведзе з сябе жывыя стварэньні, кожнае паводле ягонага роду". І сталася так. Бог стварыў дзікіх зьвяроў, кожнага паводле роду яго, і жывёлу, і паўзуноў, кожнае паводле роду іх. І сказаў Бог: "Створым чалавека на Наш вобраз і на Наша падабенства: няхай пануе над рыбамі марскімі, над птушкамі нябеснымі, над жывёламі і ўсімі дзікімі зьвярамі, і над усімі паўзунамі, што поўзаюць па зямлі". І стварыў Бог чалавека на свой вобраз, на Божы вобраз стварыў Ён яго, мужчынаю і жанчынаю стварыў Ён іх. І блаславіў іх Бог і сказаў ім: "Будзьце плодныя і размнажайцеся, і напаўняйце зямлю, і падпарадкоўвайце яе сабе; пануйце над рыбамі марскімі, над птушкамі нябеснымі і над усякім зьверам, што рухаецца па зямлі". І сказаў Бог: "Вось даю вам усякую расьліну, што расьсявае зерне па зямлі, і ўсякае дрэва, што прыносіць плады з насеньнем: яны будуць вам на спажыву. Усякаму ж польнаму зьверу, усякай нябеснай птушцы, усяму, што поўзае па зямлі і мае ў сабе душу жывую, Я даю на спажыву ўсякую зелень траўную". І ўбачыў Бог усё, што стварыў, і яно было вельмі добрае. І быў вечар, і раніца – дзень шосты. Такім чынам былі закончаныя неба і зямля, і ўсё, што іх напаўняе. Бог скончыў шостага дня ўсю працу сваю, а сёмага дня адпачыў пасьля ўсяго, што рабіў. І блаславіў Бог сёмы дзень і асьвяціў яго, бо ў гэты дзень адпачыў Бог пасьля ўсёй працы тварэньня. (1:24–2:3)
Пракімен (Пс. 12): Глянь на мяне і пачуй мяне, Госпадзе, Божа мой. Верш: Як доўга будзеш забывацца аба мне да канца, як доўга будзеш адварочваць твар Твой ад мяне?
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў Сыне мой! Калі прымеш словы мае і захаваеш запаветы мае ў сабе, зрабіўшы вуха тваё ўважлівым на мудрасьць і схіляючы да праўды сэрца тваё; калі будзеш клікаць разважнасьць і заклікаць розум, калі шукаць яго будзеш як серабро, і жадаць яго як схаваны скарб, тады ты зразумееш, што такое страх Гасподні, і знойдзеш пазнаньне Бога. Бо Госпад дае мудрасьць, і з Ягоных вуснаў выходзяць пазнаньне і разважнасьць. Для праведных Ён захоўвае сваю дапамогу, Ён – шчыт для тых, што жывуць сумленна. Ён беражэ шляхі праўды і ахоўвае сьцежкі верных. Тады зразумееш праўду і справядлівасьць, прастадушнасьць і ўсякі добры шлях. Бо мудрасьць увойдзе ў тваё сэрца і навука будзе пацехаю душы тваёй. Разважнасьць будзе сьцерагчы цябе, розум будзе цябе ахоўваць, каб ратаваць цябе ад ліхога шляху і ад чалавека з распусным языком; ад тых, што пакінулі дарогу праўды і ходзяць цёмнымі дарогамі, што рады чыніць зло і любяць распусту і сапсуцьцё, чые сьцежкі крывыя, і што блукаюць па сваіх шляхох; і каб уратаваць цябе ад чужой жонкі, ад няведамай, што ласкава гаворыць і што пакінула прыяцеля маладосьці сваёй, забылася пра запавет Бога свайго. Бо ейны дом вядзе да сьмерці, а сьцежкі яе – да апраметнай. Ніхто з тых, хто да яе прыходзіць, не вяртаецца назад і не трапляе на сьцежку жыцьця. Дык хадзі дарогаю праведных, трымайся сьцежак людзей справядлівых. Бо праведныя будуць мець зямлю, і сумленныя будуць на ёй жыць. Няправедныя ж будуць вынішчаныя з зямлі, няверныя будуць выкараненыя з ёй. (2:1–22)
Далей – Літургія Раней асьвячаных Дароў. Вярнуцца назад |