Галоўная > Першы тыдзень Посту > І тыдзень посту - чацьвер - увечары
І тыдзень посту - чацьвер - увечары19 красавіка 2008. |
|
На "Госпадзе, Цябе клічу...": (Тон 2): Прасьвятлі мяне, пацямнелага ад спакусаў ворага, Хрысьце мой, які, будучы павешаным на крыжы, зацьміў сонца і зазьзяў праўдзівым сьвятлом для верных, каб я, ходзячы ў сьвятле Тваіх прыказаньняў, у чысьціні дажыў да збавеннай заранкі Твайго ўваскрасеньня. Калі Ты, Хрысьце, вісеў на дрэве, быццам вінаградная гронка, Ты напаіў усіх віном нятленнасьці. Дзеля гэтага клічу: "Пацямнелага п'янствам грахоўным, слодыччу шчырага пакаяньня напаі мяне, Збавіцелю, і ўмацуй мяне, каб мне ўстрымацца ад асалодаў, бо Ты добры і Чалавекалюбец". Вялікая сіла Крыжа Твайго, Госпадзе! Ён зацьвіў кветкаю ўстрыманасьці ў Царкве і выкараніў колішнюю грэшную непаўстрыманасьць Адама, што прынесла сьмерць людзям. Крыж дае несьмяротнасьць сьвету праліцьцём, быццам з райскае крыніцы, жыцьцядайнае крыві Тваёй разам з вадою, якою ўсё ажыўляецца. Асалодзь і нам Крыжам ежу посную, Божа Ізраіля, у вялікай міласэрнасьці Тваёй. Тры песьні і крыжабагародзічны з мінэі
Пракімен (Пс. 15): Бласлаўляю Госпада, які ўразуміў мяне. Верш: Захавай мяне, Госпадзе, бо на Цябе спадзяюся.
Чытаньне кнігі Роду Вось кніга пачатку неба і зямлі. Калі Бог стварыў зямлю і неба, не было яшчэ на зямлі ніякай польнай расьліны і ніякая трава яшчэ не ўзрасла, бо Госпад Бог не пасылаў дажджу на зямлю, і не было чалавека, каб араць яе. Але вось крыніца выйшла з зямлі і навадніла яе. Тады зрабіў Бог чалавека, узяўшы пыл зямны, і ўдыхнуў яму ў ноздры подых жыцьця, і чалавек стаў жывою істотаю. І Госпад Бог насадзіў сад у Эдэме на ўсходзе і пасяліў там чалавека, якога стварыў. На загад Госпада Бога вырасьлі з зямлі розныя дрэвы, мілыя на выгляд, што прынасілі смачны плод, а таксама, пасярод саду, дрэва жыцьця і дрэва пазнаньня дабра і зла. З гэтай урадлівай раўніны выплывала рака, якая навадняла сад і разьдзялялася на чатыры ракі. Назва першай – Пішон: гэта тая, што абцякае цэлую краіну Хавіла, дзе ёсьць золата. А золата гэтай краіны выдатнае; там ёсьць таксама духмяная жывіца і чырвоны камень. Назва другой ракі – Гіхон; яна акружае ўсю краіну Куш; Назва трэцяй ракі – Тыгр: яна цячэ на ўсход ад Ашуру. Чацьвертая рака – Яўфрат. Госпад Бог узяў тады чалавека і пасяліў яго ў садзе Эдэмскім, каб ён даглядаў яго і працаваў там. І даў Ён чалавеку такі загад: "Можаш спажываць (плады) ад усякага дрэва гэтага саду, але з дрэва пазнаньня дабра і зла нельга табе есьці, бо калі з яго пакаштуеш, непазьбежна памрэш". І сказаў яшчэ Госпад Бог: "Нядобра чалавеку быць аднаму; ствару яму адпаведную помач". Зьляпіўшы з гліны ўсялякія зьвяры зямныя і птушкі нябесныя, Госпад Бог прывёў іх да чалавека, каб пабачыць, як ён іх назаве. І якое імя даў чалавек кожнаму жывому стварэньню, так яно і называлася. (2:4–19)
Пракімен (Пс 16): Захавай мяне, Божа, як зрэнку вока. Верш: Пачуй, Госпадзе, справядлівасьць маю.
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў Сыне мой, не забывай маёй навукі; няхай сэрца тваё беражэ мае наказы, бо яны прынясуць табе шмат дзён і гадоў жыцьця і супакою. Няхай не пакідаюць цябе дабрата і вернасьць, прывяжы іх сабе на шыю, напішы іх на дошцы сэрца твайго. Такім чынам знойдзеш ласку і добразычлівасьць у Божых вачох і людзкіх. Спадзявайся на Бога ўсім сэрцам тваім, не спадзявайся на ўласны розум. Ва ўсіх сьцежках тваіх думай аб Ім, і Ён зробіць роўнымі сьцежкі твае. Ня думай у сабе, што ты разумны, бойся Госпада і ўхіляйся ад зла, і гэта будзе здароўем для твайго цела і ўмацаваньнем для косьцяў тваіх. Шануй Госпада ўсёй маёмасьцю тваёю і першапладамі тваіх прыбыткаў, і твае гумны будуць поўныя пшаніцы, а вінатокі перапоўненыя маладым віном. Не пагарджай дакорам Гасподнім, сыне мой, і не ўхіляйся, калі Ён карае. Бо Госпад карае тых, каго любіць, як бацька любага сына. Шчасьлівы той, хто знае мудрасьць, і чалавек, які прыдбаў разважнасьць. Бо лепш прыдбаць яе, чым серабро, набытак яе лепшы за золата. Яна даражэйшая за пэрлы, і нішто з таго, што жадаеш, не раўняецца з ёю. Доўгі век у правай руцэ яе, а ў левай – багацьце і слава. Шляхі яе – шляхі радасныя, і ўсе сьцежкі яе мірныя. Яна – дрэва жыцьця для тых, што яе трымаюцца: шчасьлівы той, хто за яе ўхапіўся. (3:1–18)
Вершапесьні (Тон 4): Калі Мы жадаем быць удзельнікамі Боскай Пасхі, што не з Ягіпту, але з Сыёну прыходзіць, зьнішчым пакаяньнем квас граху: падпярэжам паясьніцы нашы ўмярцьвленьнем пажаданьняў; надзенем на ногі чаравікі, што нам не даюць ухіліцца да злога шляху; падпораю хай нам будзе кій веры. Ня будзем пераймальнікамі ворагаў Крыжа Ўладара, бо іхні бог – чэрава; але ідзем усьлед за Збавіцелем душ нашых, які паказаў нам, як пастом атрымаць перамогу над д'яблам. (Двойчы) Хрысьце Божа, праслаўлены памяцьцю сьвятых Тваіх, малітвамі іх пашлі нам веліч зьмілаваньня Твайго. Крыжабагародзічны: Убачыўшы на крыжы прыбітага Цябе, Госпадзе, Маці Твая ўсклікнула: "Што гэта здарылася, Сыне любы мой? Як гэта няверныя людзі беззаконныя адплацілі Табе за ўсе дабрадзействы Твае? Слава невыказнай спагадлівасьці Тваёй!" Вярнуцца назад |