Галоўная > Стары Запавет (Галяк) > Кніга Рут

Кніга Рут


16 жніўня 2011.
Кніга Рут

Разьдзел 1.

1.  У тыя дні, калі кіравалі судзьдзі, здарыўся голад на зямлі. І пайшоў адзін чалавек з Бэтлеему Юдэйскага са сваёй жонкаю і двума сынамі сваймі жыць у зямлю Маабіцкую.
2.  Называўся чалавек той Элімелех, жонка ягоная Ноэмі, а імёны двух сыноў ягоных – Магалён і Хэліён. Яны былі Эфраіцяне з Бэтлеему Юдэйскага. Яны, зайшоўшы ў краіну Маабіцкую, засталіся там жыць.
3.  Потым памёр Элімелех, муж Ноэмі, і засталася яна з двума сваймі сынамі.
4.  Яны ўзялі сабе за жонкі Маабіцянкі: імя аднае – Орфа, а імя другой – Рут, і жылі яны там каля дзесяцёх гадоў.
5.  Потым абодва Магалён і Хэліён памерлі і засталася тая жанчына пасьля абодвух сыноў сваіх і пасьля мужа свайго.
6.  І ўстала яна з нявесткамі сваімі і пайшла назад з зямлі Маабіцкай, бо пачула ў краіне Маабіцкай, што наведаў Бог народ свой і даў ім хлеб.
7.  Тады выйшла яна з таго месца на якім жыла з тымі дзьвума нявесткамі. Калі яны былі ў дарозе, варочаючыся ў зямлю Юдэйскую,
8.  Ноэмі сказала дзьвум нявесткам сваім: – пайдзеце, вярнецеся кожная ў дом маці сваёй; няхай учыніць вам Гаспод міласьць, як вы паступалі з памершымі і са мною.
9.  Няхай дасьць вам Гаспод, каб вы знайшлі прыпынак кожная ў хаце свайго мужа; і пацалавала іх, а яны ўзьнялі голас свой і плакалі
10.  і сказалі: – не, лепш мы вернемся да народу твайго.
11.  Ноэмі жа сказала: – вяртайцеся дачкі мае; па што вам ісьці са мною. Ці-ж ёсьць яшчэ ў мяне сыны ў улоньні маім, якія былі-б вам мужамі.
12.  Вярнецеся, дачкі мае, бо я ўжо састарэлася, каб быць замужам; ды калі-б я нават і сказала “ёсьць яшчэ мне надзея” і нават калі-б я ў гэтую ноч была з мужам і потым радзіла сыноў,
13.  Дык ці-ж вы будзеце чакаць, пакуль яны вырастуць. Ці-ж можна вам дзеля гэтага не выходзіць замуж. Не, дачкі мае, я вельмі шкадую вас, бо рука Госпада дасягнула мяне.
14.  Яны аднак узьняўшы голас ізноў пачалі плакаць. І Орфа разьвіталася са сьвякрухай сваёй, а Рут засталася пры ёй.
15.  Ноэмі сказала Рут: – вось сваячка твая вярнулася да народу свайго і да багоў сваіх, вяртайся і ты ўсьлед за сваячкай сваёю.
16.  На гэта адказала Рут: – не прымушай мяне пакінуць цябе і вярнуцца ад Цябе, але куды ты пойдзеш, туды і я пайду і дзе ты жыць будзеш, там і я буду жыць; народ твой будзе маім народам і твой Бог – маім Богам.
17.  І дзе ты памрэш, там і я памру і буду пахаваная; гэта няхай учыніць мне Гаспод і яшчэ больш, каб толькі сьмерць разлучыла мяне з табою.
18.  Ноэмі бачучы, што яна цьвёрда пастанавіла ісьці з ёю, перастала ўгаварываць яе.
19.  І йшлі яны абедзьве, пакуль не прыйшлі ў Бэтлеем. І калі прыйшлі яны ў Бэтлеем, усё места прыйшло ў рух ад іх і гаварылі: – Ці-ж гэта не Ноэмі.
20.  Яна сказала ім: – не называйце мяне Ноэмі, а называйце Мара, дзеля таго, што Ўсемагутны паслаў мне вялікае гора;
21.  Я выйшла адсюль з дастаткам, вярнуў мяне з пустымі рукамі: пашто называць Ноэмі, калі Гаспод змусіў мяне цярпець, а Ўсемагутны паслаў мне няшчасьце.
22.  І вярнулася Ноэмі і з ёю нявестка яе Рут Маабіцянка; вярнулася з краіны Маабіцкай, а прыйшлі яны ў Бэтлеем на пачатку ячменнага жніва.

Разьдзел 2.

1.  Ноэмі мела сваяка па мужу сваім, чалавека вельмі багатага, з роду Элімелехавага, якога называлі Бооз.
2.  І сказала Рут Маабіцянка Ноэмі: – пайду я на поле і буду падбіраць каласы за тым, у каго знайду спагаданьне, а яна адказала: – пайдзі дачка мая.
3.  Яна пайшла і, прыйшоўшы, падбірала на полі каласы пасьля жнеяроў. І здарылася, што тая частка поля належала да Бооза, які быў з роду Элімелехавага.
4.  І вось Бооз прыйшоў з Бэтлеему і сказаў жнеяром: – Гаспод з вамі! Яны адказалі: – няхай багаславіць цябе Гаспод!
5.  Сказаў тады Бооз слузе свайму, які быў пастаўлены над жнеярамі: – чыя гэта маладая жанчына.
6.  Слуга пастаўлены над жнеярамі адказаў і сказаў: – гэтая маладая жанчына – Маабіцянка, якая прыйшла з Ноэмі з зямлі Маабіцкай.
7.  Яна сказала мне: – “буду я падбіраць і зьбіраць паміж снапамі за жнеярамі”, і прыйшла сюды знаходзіцца тут ад самай раніцы аж дасюль і мала бывае яна ў хаце.
8.  І сказаў Бооз Рут: – паслухай дачка мая; не хадзі зьбіраць каласоў на другім полі і не адыходзь адсюль, але трымайся тут з маімі служанкамі.
9.  Пільнуй гэтага поля, дзе яны жнуць і хадзі за імі; вось я загадаў слугам маім не чапаць цябе; калі захочаш піць – ідзі да судзьдзя і пій стуль, адкуль чэрпаюць слугі мае.
10.  Яна ўпала на твар свой, пакланілася да зямлі і сказала яму: – чым здабыла я ў вачох тваіх такую ласку, што ты прыймаеш мяне, хаця я і чужаземка.
11.  Бооз адказаў і сказаў ёй: – мне расказалі ўсё, што зрабіла ты для свякрухі сваёй, пасьля сьмерці мужа твайго, што ты пакінула твайго бацьку і маці і тваю бацькаўшчыну і прыйшла да народу, якога ты ня знала ўчора і перад гэтым.
12.  Няхай аддасьць табе Гаспод за гэта і няхай будзе поўная ўзнагарода ад Госпада Бога Ізраільскага, да якога ты прыйшла, каб супакоіцца пад ягонымі крыламі.
13.  Яна сказала: – няхай буду я ў ласцы перад вачыма тваймі, пан мой, ты пацешыў мяне і гаварыў па сэрцы нявольніцы тваёй, між тым як я ня вартая ніводнай з нявольніцаў тваіх.
14.  І сказаў ёй Бооз: – калі будзе час ежы, прыходзь сюды і еш хлеб, мачаючы кавалак у воцат. І села яна пры жнеярох і падаў ёй хлеба; яна ела, наелася і яшчэ засталося.
15.  Пасьля ўстала, каб падбіраць, а Бооз даў сваім слугам загад, сказаўшы: – няхай яна падбірае і паміж снапамі і не забараняйце ёй гэтага,
16.  Умысна нават пакідайце ёй і застаўляйце, каб яна зьбірала, і не сварэцеся на яе.
17.  Так падбірала яна на полі да вечара і вымалаціла сабранае і выйшла каля эфы ячменя.
18.  Узяўшы гэта яна пайшла ў места і сьвякроўка яе пабачыла, што яна назьбірала. І вынула Рут і дала ёй тое, што пакінула наеўшыся сама.
19.  І сказала ёй свякроўка: – дзе ты сягоньня зьбірала і дзе працавала. Няхай будзе багаслаўлёны той, хто прыняў цябе! І расказала Рут сьвякроўцы ў каго працавала, гаворачы: – імя чалавеку ў якога я працавала – Бооз.
20.  І сказала Ноэмі нявестцы сваёй: – няхай будзе ён багаслаўлёны ад Госпада, за тое, што не пазбавіў ласкі сваёй ні жывых ні мёртвых. І сказала яшчэ Ноэмі: – чалавек гэты блізкі нам, ён з нашых сваякоў.
21.  Сказала ёй Рут Маабіцянка: – ён нават сказаў мне – будзь з маімі служанкамі, пакуль ня скончаць яны жніва майго.
22.  І сказала тады Ноэмі нявестцы сваёй Рут: – добра дачка мая, што ты будзеш хадзіць з ягонымі служанкамі і ня будуць цябе абражаць на іншым полі.
23.  Так была яна са служанкамі Бооза і падбірала каласы, пакуль ня скончылася жніво ячменя і жніво пшаніцы, і жыла ў сьвякроўкі сваёй.

Разьдзел 3.

1.  І сказала ёй Ноэмі, сьвякроў яе: – дачка мая, ці не пашукаць табе прыпынку, каб табе было добра.
2.  Вось Бооз, са служанкамі якога ты была, наш сваяк; вось ён будзе ў гэтую ноч веяць ячмень на гумнішчы.
3.  Дзеля гэтага памыйся, намасьціся алеям, апрані вопратку тваю і пайдзі на гумнішча, але не паказывайся яму пакуль ня скончыць есьці і піць.
4.  Калі ён пойдзе спаць, даведайся аб месцы, дзе ён ляжа і, падыйшоўшы, адхілі плашч у ног яго і ляж, а ён скажа табе, што ты маеш рабіць.
5.  Рут адказала ёй: – зраблю ўсё, што ты сказала мне.
6.  І пайшла яна на гумнішча і зрабіла ўсё, як загадала ёй сьвякроў.
7.  Бооз наеўся, напіўся, разьвясяліў сэрца сваё і лёг каля торпу спаць. І яна прыйшла паціху, адхіліла плашч у ног яго і лягла.
8.  А калі была поўнач спужаўся ён, узьняўся і вось у ног яго ляжыць жанчына.
9.  І сказаў ёй Бооз: – хто ты. Яна адказала: – я – Рут, нявольніца твая, працягні крыло тваё на нявольніцу тваю, бо ты сваяк.
10.  А ён адказаў: – багаслаўлёная ты ад Госпада дачка мая! Гэты апошні твой добры ўчынак зрабіла ты ячшэ лепш, чым папярэдні, што не пайшла шукаць маладых людзей, ні бедных, ні багатых.
11.  Дык, дачка мая, ня бойся, я зраблю табе ўсё, што ты сказала, бо ў усіх брамаў народу майго ведаюць, што ты жанчына дабрачынная.
12.  Хаця і праўда, што я сваяк твой, але ёсьць яшчэ сваяк бліжэйшы, чым я.
13.  Параначуй тут, заўтра-ж, калі ён цябе прыйме, дык добра, а калі ён не захоча прыняць цябе, дык я прыму цябе правам блізкасьці; жыве Гаспод! Сьпі ж тут да раніцы.
14.  І спала яна ў ног ягоных аж да раніцы і ўстала раней, чым маглі яны распазнаць адзін аднаго, бо сказаў Бооз: – няхай ня ведаюць, што жанчына прыходзіла на гумнішча.
15.  Апрача гэтага сказаў: – падай верхнюю вопратку, якая на табе і патрымай яе. Яна трымала, а ён адмерыў ёй шэсьць мераў ячменю і палажыў на яе і пайшоў у горад.
16.  А Рут прыйшла да сьвякрові сваёй. Тая сказала: – што, дачка мая. Яна пераказала ўсё, што ёй зрабіў той чалавек.
17.  І сказала: – гэтыя шэсьць мераў ячменю ён даў мне і сказаў: – ня варочайся да сьвякрові сваёй з пустымі рукамі.
18.  І сказала Ноэмі: – пачакай, дачка мая, пакуль не даведаешся, чым кончыцца справа, бо чалавек той не пакіне гэтай справы, пакуль яе сягоньня не закончыць.

Разьдзел 4.

1.  Бооз выйшаў да брамы і сеў там. І вось ідзе міма сваяк, аб якім гаварыў Бооз. І сказаў яму Бооз: – зайдзі сюды і сядзь тутака. Той зайшоў і сеў.
2.  Бооз узяў дзесяць чалавек з пасярод старэйшых места і сказаў: – сядзьце тутака. І яны селі.
3.  І сказаў Бооз сваяку: – Ноэмі вярнуўшыся з краіны Маабіцкай прадала частку поля, якая належала да брата нашага Элімелеха.
4.  Вось пастанавіў я давесьці гэта да тваіх вушэй, гаворачы: – купі гэтае поле перад седзячымі тут і перад старэйшымі народу майго; хочаш выкупіць – выкупляй, а калі ня хочаш выкупіць, скажы мне і я буду ведаць, бо апрача цябе няма нікога бліжэйшага да выкупу, а я пасьля цябе. Тады той адказаў: – я выкуплю.
5.  Бооз сказаў: – калі ты выкупіш поле ў Ноэмі, дык ты павінен атрымаць і Рут Маабіцянку, жонку памершага, і павінен узяць у замуства, каб узнавіць імя памершага ў спадчыне яго.
6.  І сказаў той сваяк: – не магу выкупіць, каб ня згубіць спадчыны сваёй. Выкупі ты, бо я не магу выкупіць.
7.  Раней быў такі звычай у Ізраілі пры выкупе і пры замене, для ўзмацаваньня якой-небудзь справы: адзін здымаў чаравік свой і даваў другому і гэта было довадам уступаньня права ў Ізраіля.
8.  Тады сказаў сваяк Боозу: – купі сабе; і зьняў чаравік свой і даў яму.
9.  Тады сказаў Бооз старэйшым і ўсяму народу: – вы цяпер сьветкамі таму, што я купляю ўсё, што было Элімелехава і ўсё Хілеёнава і Магалёнава з рук Ноэмі.
10.  Дагэтага і Рут Маабіцянку, жонку Магалёна, бяру сабе за жонку, каб пакінуць імя памершага ў спадчыне ягонай і каб ня зьнікла імя памершага паміж братамі яго і з брамаў места гэтага. Вы гэтага сёньня сьветкамі.
11.  І сказаў увесь народ, што быў пры браме і старэйшыя: – мы сьветкамі. Няхай дасьць табе Гаспод жонку, якая ўзыходзіць у дом твой, як Рахіль і як Лію, якія абедзьве збудавалі дом Ізраільскі. Набывай багацьце ў Эфрафе і няхай славіцца імя тваё ў Бэтлееме.
12.  Няхай будзе дом твой, як дом Фарэса, якога радзіла Тамар Юдзе з насеньня таго, якое дасьць табе Гаспод ад гэтай жанчыны.
13.  І ўзяў Бооз Рут і была яму за жонку. І ўвайшоў ён да яе і Гаспод даў ёй цяжарнасьць і яна радзіла сына.
14.  І гаварылі жанчыны да Ноэмі: – багаслаўлены Гаспод, што Ён не пакінуў цябе цяпер бяз спадкаемцы! Няхай будзе слаўным імя яго ў Ізраэлі.
15.  Ён будзе табе пацехай і будзе харчаваць цябе ў старасьці, бо яго радзіла нявестка твая, якая любіць цябе, якая лепшая для цябе ад сямёх сыноў.
16.  І ўзяла Ноэмі гэтае дзіцё, узяла яго на ўзлоньне сваё і была яму пястункай.
17.  Суседкі далі яму імя, гаворачы: – у Ноэмі радзіўся сын і назвалі яго Абідам. Ён – бацька Есея, бацькі Давідавага.
18.  А вось род Фарэса: Фарэс радзіў Гэсрона;
19.  А Гэсрон радзіў Рама, а Рам радзіў Амінадаба;
20.  А Амінадаб радзіў Наасона, а Наасон радзіў Сальмона;
21.  А Сальмон радзіў Бооза, а Бооз радзіў Абеда;
22.  А Абед радзіў Есея, а Есей радзіў Давіда.

 

Пераклад Леаніда Галяка
Дата: каля 1950 г., Нямеччына
Паводле машынапісу ў архіве бібліятэкі Ф. Скарыны, Лёндан,
скрыня "Біблейскія пераклады", тэчка "Пераклады Галяка", 7 ст.
Алічбоўваньне: Алесь Аўдзяюк
(с) электронная версія: Алесь Аўдзяюк
(с) "Часасловец"


Вярнуцца назад