Галоўная > Стары Запавет (Галяк) > Прыказкі Салямона

Прыказкі Салямона


16 жніўня 2011.
Прыказкі Салямона

(няпоўны варыянт)

Разьдзел 1.

1.  Прыказкі Салямона, сына Давідавага, караля Ізраільскага,
2.  для пазнаньня мудрасьці і павучэньня, для зразуменьня выслову мудрасьці,
3.  для зразуменьня правілаў розуму, справядлівасьці, суду і слушнасьці,
4.  для даньня простым цямлівасьці, юнаку веды і разважлівасьці.
5.  Паслухае іх мудры, прыбудзе яму веды і разумны знойдзе мудрыя рады,
6.  каб зразумеў прыказкі і мудрую мову, словы мудрых і іхныя загадкі.
7.  Пачатак мудрасьці гэта страх Госпада; дурныя пагарджаюць мудрасьцяй і павучэньнем.
8.  Слухай, сын мой, павучэньня твайго бацькі і не адкідай навукі тваёй маці,
9.  бо гэта прыгожы вянок для тваёй галавы і ўпрыгажэньне для тваёй шыі.
10.  Сын мой, калі цябе будуць намаўляць грэшнікі, не згаджайся;
11.  калі будуць гаварыць: – хадзі з намі, зробім засадку для забойства, падпільнуем нявіннага без прычыны,
12.  жывых праглынем, як магіла, цалком, як зыходзячых у гроб;
13.  набярэм усялякай каштоўнай маемасьці, напоўнім нашыя дамы дабычаю;
14.  лёс твой ты будзеш кідаць разам з намі, адзін склад будзе ў усіх нас.
15.  Сын мой, не хадзі-ж з імі ў дарогу, устрымай тваю нагу ад іхных сьцежак,
16.  бо ногі іх бягуць да благога і сьпяшаюцца на праліцьцё крыві.
17.  Бо як надарэмна стаўляюцца сеткі перад вачыма птушак,
18.  так і тыя робяць засадку на сваю кроў і падсьцерагаюць свае душы.
19.  Такія шляхі кожнага, хто пажадае чужую маемасьць: яна адбірае жыцьцё ў завалодаўшага ёю.
20.  Мудрасьць кліча на вуліцы, на пляцох уздымае свой голас,
21.  у галоўных месцах сходаў, каля ўваходаў у брамы, гаворыць свае казаньні:
22.  – дакуль няведнікі будзеце любіць няведу; насьмявальнікі насьмяваньне; дакуль дурныя будуць ненавідзець умецтва?
23.  Навярнецеся ад майго абвінавачаньня, вось выдам вам мой дух і апавешчу вам мае словы.
24.  Я клікала, а вы ня слухалі; працягвала руку маю, а ніхто не зважаў,
25.  але вы адкінулі ўсе мае рады, а абвінавачаньняў маіх не прынялі.
26.  Затое і я пасьмяюся з вашай загубы; уцешуся, калі нойдзе на вас жах,
27.  калі нойдзе на вас, як бура, жах і бяда, як віхор, калі прыйдзе на вас туга і ўціск.
28.  Тады будзеце мяне клікаць, а не пачую вас; зраньня будзеце шукаць мяне і ня знойдзеце.
29.  За тое, што яны ненавідзелі веду і не выбралі сабе страху Божага;
30.  не прынялі рады маёй, пагардзілі маймі абвінавачаньнямі;
31.  за тое будуць яны спажываць плады сваіх шляхоў і насучацца сваімі радамі.
32.  Бо ўпорства няведнікаў заб’е іх, а нядбайнасьць дурных згубіць іх,
33.  але хто слухаецца мяне, той будзе жыць бязпечна і супакойна і ня будзе баяцца благога.

Разьдзел 2.

1.  Сын мой, калі прыймаеш словы мае і захаваеш у сабе мае запаветы,
2.  так што вуха тваё зробіцца ўважным да мудрасьці і схіліш сэрца сваё да раздумываньня;
3.  калі будзеш клікаць веду і паклічаш розум;
4.  калі будзеш шукаць яго, як серабра, і рабіць пошукі, як за скарбам, –
5.  дык тады зразумееш страх Госпада і знойдзеш веду аб Бозе.
6.  Бо Бог дае мудрасьць; з Ягоных вуснаў веда і розум.
7.  Ён заховывае для справядлівых праўдзівую мудрасьць; Ён зьяўляецца шчытом для тых, што ходзяць бяззаганна;
8.  Ён аховывае шляхі праўды і сьцеражэ сьцежкі Сваіх сьвятых.
9.  Тады ты зразумееш справядлівасьць, і суд, і праўду, і кожную добрую сьцежку.
10.  Калі ўвойдзе мудрасьць у сэрца тваё і веда будзе прыемнай тваёй душы,
11.  тады цябе будзе сьцерагчы асьцярожнасьць, а розум будзе аховываць цябе,
12.  каб уратаваць цябе ад благога шляху і ад чалавека, што маніць;
13.  ад тых, што пакідаюць простыя сьцежкі, каб хадзіць шляхом цемры;
14.  ад тых, што радуюцца, робячы благое, што цешацца злой хітрасьцяй;
15.  сьцежкі чыі крывыя і якія блукаюцца па сьцежках сваіх,
16.  каб уратаваць цябе ад жонкі іншага, ад чужой, што ласіцца лагоднымі словамі,
17.  якая пакінула правадыра свайго юнацтва і забыла запавет свайго Бога.
18.  Дом яе вядзе да сьмерці і сьцежкі яе да памершых.
19.  Ніхто з пасярод увайшоўшых да яе не вяртаецца і не трапляе на сьцежку жыцьця.
20.  Дзеля гэтага хадзі шляхом добрых і трымайся сьцежак справядлівых,
21.  бо справядлівыя будуць жыць на зямлі і беззаганныя будуць трываць на ёй,
22.  а бязбожныя будуць зьнішчаныя з зямлі, а вераломныя выкараненыя з яе.

Разьдзел 3.

1.  Сын мой, не забывай майго павучэньня і няхай хавае сэрца тваё запаветы мае,
2.  бо дадуць табе даўжыні дзён і гадоў жыцьця і міру.
3.  Міласэрдзьдзе і праўда няхай не пакідаюць цябе; прывяжы іх да шыі тваёй, напішы іх на дошцы твайго сэрца;
4.  тады знойдзеш ласку і спагаданьне ў вачох Бога і людзёў.
5.  Спадзявайся на Бога ўсім сэрцам тваім і не палягай на свой розум.
6.  На ўсіх шляхох тваіх пазнавай Яго і Ён будзе праставаць твае сьцежкі.
7.  Ня будзь мудрым у вачох тваіх, але бойся Госпада і адступайся ад благога;
8.  гэта будзе здароўем для твайго цела і пажывам для касьцей тваіх.
9.  Шануй Госпада з маемасьці тваёй і ад пачатку ўсіх даходаў тваіх, –
10.  і напоўняцца да верху твае гумны і ад новага віна будуць пералівацца прэсы.
11.  Сын мой, не адкідай Госпадавага пакараньня і няхай не цяжыць табе Ягонае абвінавачаньне,
12.  бо Гаспод карае таго, каго любіць, а гэта, як бацька, які любіць сына.
13.  Шчасьлівы чалавек, які знайшоў мудрасьць і чалавек, які здабыў розум, –
14.  бо здабыцьцё яе лепшае ад здабыцьця серабра і зыску ад яго больш, чым ад золата;
15.  Яна даражэйшая ад пэрлаў і нішто з пажаданага табою не зраўняецца з ёю.
16.  Доўгае жыцьцё ў правай руцэ яе, а ў левай у яе багацьце і слава.
17.  Шляхі яе – прыемныя шляхі і ўсе сьцежкі яе мірныя.
18.  Яна дрэвам жыцьця для тых, якія здабываюць яе, а тыя, што яе заховываюць – шчасьлівыя.
19.  Гаспод мудрасьцяй заснаваў зямлю, нябёсы ўмацаваў розумам;
20.  Ягонай мудрасьцяй адчыніліся пропасьці і хмары кропяць расою.
21.  Сын мой, няхай ня зыходзіць гэта з тваіх вачэй; пільнуйся праўдзівай мудрасьці і розуму
22.  і яны будуць жыцьцём для тваёй душы і ўпрыгажэньнем тваёй шыі.
23.  Тады будзеш бязьпечна хадзіць тваім шляхом і не паткнецца твая нага.
24.  Ня будзеш баяцца, калі пойдзеш спаць, а калі засьнеш – прыемны будзе твой сон.
25.  Ня будзеш баяцца раптоўнага страху, ані спусташэньня бязбожнікаў, калі прыйдзе,
26.  бо Гаспод будзе тваёй надзеяй і захавае нагу тваю ад пасткі.
27.  Не ўстрымлівайся ад добрых учынкаў, калі ты ў стане зрабіць гэта.
28.  Не кажы бліжняму твайму: – ідзі і заўтра прыйдзі ізноў, а заўтра я дам табе, калі ты маеш пры сабе.
29.  Ня мей супроць бліжняга твайго благіх намераў, калі ён даверліва жыве з табою.
30.  Не спрачайся без прычыны з чалавекам, калі ён не зрабіў табе нічога благога.
31.  Не ўпадабняйся чалавеку, які робіць гвалт і ня выбірай ніводнага з ягоных шляхоў,
32.  бо Госпаду гадкі фалшывы, а са справядлівымі у Яго лучнасьць.
33.  Пракляцьце Госпада на доме бязбожнага, а дому справядлівых Ён багаславіць,
34.  бо Ён сьмяецца з насьмявальнікаў, а пакорным дае ласку.
35.  Мудрыя атрымліваюць у спадчыне славу, а дурныя – няславу.

Разьдзел 4.

1.  Слухайце сыны павучэньня бацькі і пільнуйце, каб навучыцца розуму,
2.  бо даю вам добрую навуку: не пакідайце майго запавету.
3.  Калі я быў малодзенькім сынам у майго бацькі і адзіным у маёй маці,
4.  ён вучыў мяне, гаворачы мне: – няхай захавае сэрца тваё словы мае, пільнуй мае запаветы і будзеш жыць.
5.  Набывай мудрасьць, набывай розум; не забывай гэтага і не ухіляйся ад словаў маіх вуснаў.
6.  Не пакідай яе і яна будзе сьцерагчы цябе і яна будзе аховываць цябе.
7.  Пачаткам усяго зьяўляецца мудрасьць: набывай мудрасьць і усёю маемасьцяй тваёй набывай розум.
8.  Цані яе высока і яна узвысіць цябе; уславіць цябе, калі ты прыймеш яе;
9.  Дадасьць галаве тваёй упрыгажэньня, вянцом упрыгажэньня абдорыць цябе.
10.  Слухай, мой сын, прыймі словы мае і памножацца годы твайго жыцьця.
11.  Навучаю цябе шляхоў мудрасьці, вяду цябе па простых сьцежках,
12.  калі пойдзеш імі ня будзе сьцесьненай твая хада, а калі пабяжыш не паткнешся.
13.  Прыймі павучэньне, не пакідай яго і сьцеражы, бо яно тваім жыцьцём.
14.  Не уваходзь на сьцежку бязбожных і не хадзі шляхом благіх;
15.  пакінь яго, не хадзі па ім; ухіліся ад яго і прайдзі міма,
16.  бо яны не заснуць, калі ня зробяць благога і не супакояца, пакуль не прывядуць каго да упадку,
17.  бо яны ядуць хлеб бязбожнасьці і п’юць віно грабежа.
18.  Сьцежкі-ж справядлівых, як ясны сьвет, які чым далей тым больш сьвеціць да поўнага сьвету,
19.  шляхі-ж бязбожных, як цемра; яны ня ведаюць, аб што паткнуцца.
20.  Сын мой, уважай на мае словы і схілі вуха да мовы маёй.
21.  Няхай яны не адыходзяць ад вачоў тваіх, захавай іх у сярэдзіне твайго сэрца,
22.  бо яны жыцьцё для таго, хто знайшоў іх і лек для цела.
23.  Больш усяго, што сьцерагуць людзі, сьцеражы тваё сэрца, бо з яго крыніцы жыцьця.
24.  Адкінь ад сябе манлівасьць вуснаў і аддалі ад сябе злосны язык.
25.  Вочы твае няхай глядзяць на добрыя рэчы, а павекі твае няхай будуць скіраваныя наперад.
26.  Абдумай сьцежкі для тваёй нагі і усе шляхі твае будуц пэўныя.
27.  Не адхіляйся ані направа, ані налева; адвярні нагу тваю ад благога.

Разьдзел 5.

1.   (разьдзел прапушчаны ў машынапісе)
2.   
3.   
4.   
5.   
6.   
7.   
8.   
9.   
10.   
11.   
12.   
13.   
14.   
15.   
16.   
17.   
18.   
19.   
20.   
21.   
22.   
23.  

Разьдзел 6.

1.  Сын мой, калі ты паручыўся за бліжняга твайго і даў руку тваю за другога,
2.  дык ты апутаў сябе словамі тваіх вуснаў, злоўлены словамі вуснаў тваіх.
3.  Зрабі дзеля гэтага так, сын мой і збаў сябе, бо ты трапіў у рукі бліжняга твайго: пайдзі, кінься да ног і малі бліжняга твайго;
4.  не давай сна вачом тваім і дрэмкі тваім павекам;
5.  вырвіся, як лань з рукі паляўнічага і як птушка з рук птушніка.
6.  Ідзі, гультай, да мурашкі, прыгледзься яе шляхом і будзь мудрым,
7.  якая хаця ня мае правадыра, ані начальніка, ані валадара,
8.  аднак летам прыгатаўляе хлеб свой і зьбірае ў часе жніва пожыў свой.
9.  Гультай, дакуль-жа ты будзеш спаць, калі-ж устанеш з твайго сна?
10.  Трохі пасьпіш, трохі падрэмлеш, трохі паляжыш адпачываючы злажыўшы рукі
11.  і прыйдзе, як прахожы, беднасьць твая і нястатак твой, як разбойнік.
12.  Чалавек бязбожны, чалавек няшчыры, ходзяць з манлівымі вуснамі;
13.  міргае сваімі вачыма, гаворыць сваімі нагамі, робіць знакі сваімі пальцамі;
14.  крывадушнасьць у ягоным сэрцы, ён мае благія думкі, у кожным часе сеячы нязгоду.
15.  Затое раптоўна прыйдзе ягоная загуба; ён будзе разьбіты бяз вылячэньня.
16.  Ёсьць шэсьць рэчаў, якія ненавідзіць Гаспод, а сёмая агідная Ягонай душы:
17.  гордыя вочы, манлівы язык і рукі, што праліваюц нявінную кроў,
18.  сэрца, што мае благія намеры, ногі, што сьпяшаюцца да благога,
19.  фалшывы сьветка, што маніць і той, што сее нязгоду паміж братамі.
20.  Сын мой, заховывай запавет твайго бацькі і не адхіляй павучэньняў тваёй маці;
21.  прывяжы іх назаўсёды да твайго сэрца, абвяжы імі тваю шыю.
22.  Куды-б ты не пайшоў, яны будуць весьці цябе; калі засьнеш, будуць аховываць цябе; калі прачнешся, будуць размаўляць з табою:
23.  бо запавет зьяўляецца сьветачам, а павучэньне сьветам, а павучальныя павучэньні – шляхом да жыцьця,
24.  каб сьцерагчы цябе ад нягоднай жанчыны і ад пахлебнага жаночага языка.
25.  Не пакідай яе прыгажосьці ў тваім сэрцы і няхай не прыцягівае цябе сваімі павекамі,
26.  бо для блуднай жанчыны зьбяднее чалавек да кавалка хлеба, а чужаложная жонка ловіць дарагую душу.
27.  Ці-ж можа хто небудзь узяць сабе ў заўлоньне вагонь, каб не згарэла ягоная вопратка?
28.  Ці-ж можа хто небудзь хадзіць па распаленых вуглёх і не папаліць сваіх ногаў?
29.  Тое самае бывае з тым, хто ўваходзіць да жонкі бліжняга свайго; хто даткнецца да яе не застанецца без віны.
30.  Даровываюць злодзею, калі ён нешта ўкрадзе, каб насыціць сваю душу, калі ён галодны,
31.  але, калі яго зловяць, ён заплаціць усемера, аддасьць усю маемасьць свайго дому.
32.  Хто чужаложыць з жанчынаю, той дурны; губіць сваю душу, хто робіць гэтак;
33.  кару і ганьбу знойдзе ён і ганьба ягоная не загіне,
34.  бо зайздроснае каханьне – ярасьць мужа і не зьлітуецца ён у дзень помсты,
35.  ня прыйме ніякага выкупу і не здаволіцца, хаця-б ты даваў найбольш дароў.

Разьдзел 7.

1.  Сын мой, заховывай мае словы, а запаветы мае хавай у сабе.
2.  Заховывай запаветы мае і будзеш жыць, а навуку маю, як зрэнку вачэй тваіх.
3.  Прывяжы іх да тваіх пальцаў, запішы іх на табліцы твайго сэрца.
4.  Скажы мудрасьці: – ты сястра мая, а розум назаві родным тваім,
5.  каб аховывалі цябе ад чужой жонкі, ад чужой, што мякчыць словы свае.
6.  Вось аднойчы глядзеў я ў вакно майго дому, праз крату маю
7.  і пабачыў сярод недасьветчаных, пабачыў паміж юнакамі неразумнага юнака,
8.  які йшоў пляцам каля рагу яе і йшоўшага дарогаю да ейнай хаты,
9.  змрокам пад вечар, у начной цёмнасьці, у цемры.
10.  Вось на спатканьне яму жанчына ў вопратцы блудніцы з хітрым сэрцам,
11.  гаварлівая і непагамаваная, ногі яе ня жывуць у ейным доме:
12.  раз на вуліцы, раз на пляцы і па ўсіх кутох робіць яна засадкі.
13.  Яна схапіла яго, цалавала яго і з бязсаромным тварам гаварыла яму:
14.  – мірная ахвяра ў мяне: сягоньня я выканала мае абяцанні.
15.  Дзеля гэтага я выйшла табе на спатканьне, каб ашукаць цябе і знайшла цябе.
16.  Посьцілкамі прыбрала я ложак мой, рожнаколернымі эгіпскімі тканінамі,
17.  папырскала свой пакой міраю, алёэсам і цынамонам;
18.  хадзі-ж, будзем піць каханьне аж да раніцы, нацешымся каханьнем,
19.  бо мужа майго няма ў хаце, ён паехаў у далёкую дарогу;
20.  мяшок з грашмі ўзяў з сабою, вернецца дамоў у дзень поўні.
21.  І схіліла яго мноствам словаў сваіх і зьняволіла яго мяккасьцяй сваіх вуснаў.
22.  Зараз пайшоў за ёю, як вол ідзе на ўбой, як алень на стрэл.
23.  І прабіла страла ягоную вантробу; сьпяшаўся, як птушка ў сіло, ня ведаючы, што яно ёй на згубу.
24.  Дык слухайце мяне дзеці і ўважайце на словы маіх вуснаў.
25.  Няхай ня схіляецца сэрца тваё на шляхі яе; ня блудзі па сьцежках яе,
26.  бо яна многіх паваліла раненымі і шмат моцных забіта ёю.
27.  Дом яе – шлях у пекла, што вядзе ў дамы сьмерці.

Разьдзел 8.

1.  Ці-ж ня мудрасьць кліча і ці ня розум узвышае свой голас?
2.  Яна становіцца на высокіх месцах пры дарозе і на раздарожжы;
3.  яна кліча каля брамаў пры ўваходзе ў горад, пры ўваходзе ў дзьверы.
4.  Да вас клічу я людзі і да сыноў чалавечых мой голас.
5.  Навучыцеся неразумныя развагі, а дурныя розуму.
6.  Слухайце, бо буду гаварыць аб вялікіх рэчах і адчыненьне вуснаў маіх – праўда,
7.  бо праўду гаворыць мой язык і бязбожнасьць агідная маім вуснам;
8.  усе словы маіх вуснаў справядлівыя; няма ў іх няпраўды і хітрасьці.
9.  Усе яны ясныя разумнаму і справядлівыя для набываючых веду.
10.  Прымеце маю навуку, а не серабро; лепш веда, чым адборнае золата,
11.  бо мудрасьць лепшая ад пэрлаў і нішто з пажаданага не зраўняецца з ёю.
12.  Я, мудрасьць, жыву з розумам і шукаю разумнай веды.
13.  Страх Госпада гэта ненавісьць да благога; я ненавіджу гордасьць, высокадумнасьць, благі шлях і хітрыя вусны.
14.  У мяне рада і праўдзівая мудрасьць; я розум – у мяне сіла.
15.  Праз мяне пануюць каралі і валадары ўзаканяюць праўду;
16.  праз мяне пануюць валадары і магнаты і ўсе судзьдзі зямлі.
17.  Любячых мяне я люблю і шукаючыя мяне знойдуць мяне;
18.  у мяне багацьце і слава, трывалая маемасьць і праўда;
19.  плады мае лепшыя за золата, за найлепшае золата, і карысьці ад мяне больш, чым ад адборнага серабра.
20.  Я хаджу па шляху праўды, па сьцежках суду,
21.  каб тым, што любяць мяне, дала ў спадчыне вечную маемасьць і напаўняю іх скарбніцы.
22.  Гаспод меў мяне на пачатку Свайго шляху, раней усіх часоў;
23.  ад веку я памазаная, ад пачатку, раней існаваньня зямлі.
24.  Я радзілася раней, чым былі ўстаноўленыя пропасьці, калі ня было яшчэ крыніцаў з вадою.
25.  Я радзілася раней, чым былі створаныя горы, раней узгоркаў;
26.  калі Ён не стварыў яшчэ ні зямлі, ні палёў, ні пачаткаў земскага пылу.
27.  Калі Ён прыгатаўляў нябёсы я была там; калі Ён разьмерываў кола на твары бяздоньня;
28.  калі ўмацаваў на гары хмары, калі ўмацаваў крыніцы бяздоньня;
29.  калі даваў мору ягоныя граніцы і водам, каб не пераступалі ягоных загадаў, калі ўстанаўляў падставы зямлі,
30.  тады я была пры Ім мастаком і была радасьцяй Яго, вяселячыся перад Ягоным абліччам увесь час,
31.  радуючыся на зямным кругу Яго і радасьць мая была з сынамі чалавечымі.
32.  Дык слухайце мяне цяпер сыны, бо шчасьлівыя тыя, якія заховываюць шляхі мае.
33.  Паслухайце павучэньня і будзьце мудрымі і не адступайце.
34.  Шчасьлівы чалавек, які слухае мяне, які ня сьпіць кожны дзень каля брамаў маіх і стоячы на варце ў маіх дзьвярэй,
35.  бо хто знайшоў мяне, той знайшоў жыцьцё і атрымае ласку ад Госпада,
36.  але хто грэшыць супроць мяне, робіць шкоду сваёй душы: усе, што мяне ненавідзяць – любяць сьмерць.

Разьдзел 9.

1.  Мудрасьць збудавала дом свой, выцесала сем ягоных слупоў,
2.  пабіла быдла сваё, разьвяла віно сваё і прытагавала свой стол;
3.  разаслала слугаў сваіх, абвяшчаючы з меставых вышыняў:
4.  – хто неразумны заходзь сюды, а да дурных гаворыць:
5.  – прыйдзеце, ешце хлеб мой і пійце разьведзенае мною віно;
6.  пакіньце нярозум і жывеце і хадзеце шляхом розуму.
7.  Той, хто павучае блюзьнерцу нажывае сабе ганьбу і той, хто абвінавачывае бязбожнага будзе высьмеяны.
8.  Не абвінавачывай блюзьнерцу, каб ён не зьненавідзеў цябе; абвінавачывай мудрага і ён будзе любіць цябе;
9.  зрабі гэта мудраму і ён будзе мудрэйшы; навучы справядлівага і ён будзе разумнейшым.
10.  Пачаткам мудрасьці зьяўляецца страх Госпада, а веда Сьвятога – розумам,
11.  бо праз мяне памножацца дні твае і дадасцца табе гадоў жыцьця.
12.  Калі будзеш мудрым, дык будзеш мудрым сабе, а калі насьмявальнік, дык сам будзеш мець шкоду.
13.  Неразумная жанчына, шумлівая, дурная і нічога ня ведаючая
14.  сядае каля дзьвярэй свайго дому, на крэсьле, на высокіх месцах места,
15.  каб клікаць праходзячых дарогаю, што ідуць проста сваймі сьцежкамі:
16.  – хто дурны заходзь сюды, а маларазумным сказала яна:
17.  крадзеныя воды саладзейшыя і захаваны хлеб прыемны, –
18.  але ён ня ведае, што там памершыя, а тыя, якіх заклікалі, – у глыбіні пекла.

Разьдзел 10.

Прыказкі Салямона
1.  Мудры сын радуе бацьку, а дурны сын сумам для ягонай маці.
2.  Не даюць карысьці несправядлівыя скарбы, але праўда збаўляе ад сьмерці.
3.  Не дазволіць Гаспод цярпець голад душы справядлівага, але адбярэ маемасьць бязбожнікаў.
4.  Лянівая рука робіць бедным, а працавітая рука ўзбагачае.
5.  Хто зьбірае летам, той разумны сын, а хто сьпіць у часе жніва, той сын ганьбы.
6.  Багаславенства над галавою справядлівага, але вусны бязбожных пакрываюць няпраўду.
7.  Памяць справядлівага багаслаўлёная, а імя бязбожнага спаганіцца.
8.  Мудрае сэрца прыймае запаветы, а дурны загіне ад вуснаў сваіх.
9.  Хто ходзіць у бяззаганнасьці, ходзіць бязпечна, а хто круціць шляхі свае, будзе выяўлены.
10.  Хто міргае вачыма, той робіць прыкрасьці, а дурны загіне ад вуснаў сваіх.
11.  Вусны справядлівага – крыніцаю жыцьця, вусны-ж бязбожных пакрываюць няпраўду.
12.  Ненавісьць выклікае сваркі, але любоў пакрывае ўсе грахі.
13.  У вуснах разумнага – мудрасьць, а на целе дурнога – палка.
14.  Мудрыя хаваюць веду, а вусны дурнога – блізкая загуба.
15.  Маемасьць багатага – ягоны моцны горад, бяда для бедных іх зьнішчэньне.
16.  Праца справядлівага да жыцьця, посьпех бязбожнага да граха.
17.  Ідзе сьцежкаю жыцьця той, хто прыймае павучэньне, але хто не прыймае абвінавачаньня – блукае.
18.  Хто хавае ненавісьць манлівымі вуснамі і хто пашырае абмову, той дурны.
19.  Многаслоўнасьць ня бывае бяз граха, а хто ўстрымлівае свае вусны – разумны.
20.  Адборнае серабро, як язык справядлівага, сэрца-ж бязбожных нічога ня вартае.
21.  Вусны справядлівых пожывам шмат каму, а дурныя паміраюць ад нястачы розуму.
22.  Багаславенства Госпада ўзбагачае і ня прыносіць за сабою суму.
23.  Для дурнога злачынства забаваю, а разумны чалавек трымаецца мудрасьці.
24.  Чаго баіцца бязбожны, тое і асягае яго, а пажаданьне справядлівага спаўняецца.
25.  Як праходзіць віхор, так ня ўтрымаюцца бязбожныя, але справядлівы мае вечны грунт.
26.  Чым воцат для зубоў і дым для вачэй, тым лянівы для паслаўшага яго.
27.  Страх Госпада дадае дзён, а дні бязбожных бываюць скарочаныя.
28.  Чаканьне справядлівых бывае радаснае, а надзея бязбожных згіне.
29.  Шлях Госпада – апора для беззаганнага і страх для робячых благое.
30.  Справядлівы навекі не пахісьнецца, а бязбожныя ня будуць жыць на зямлі.
31.  Вусны справядлівых павялічываюць мудрасьць, а злосны язык будзе адсечаны.
32.  Вусны справядлівага ведаюць, што падабаецца Богу, а вусны бязбожных распусныя.

Разьдзел 11.

1.  Фалшывая вага агідная Госпаду, а правільныя адважнікі падабаюцца Яму.
2.  За гордасьцяй прыходзіць ганьба, а з пакорнымі ёсьць мудрасьць.
3.  Шчырасьць бяззаганных вядзе іх, а хітрасьць злачынцаў згубіць іх.
4.  Не паможа ў дзень гневу багацьце, але справядлівасьць збаўляе ад сьмерці.
5.  Справядлівасьць бяззаганнага раўнуе яму дарогу, а бязбожны згіне ад сваёй бязбожнасьці.
6.  Справядлівасьць шчырых збавіць іх, а хітрых ловіць іх злосьць.
7.  Калі памірае бязбожны чалавек, гіне ягоная надзея, а чаканьне бяззаконных гіне.
8.  Справядлівы выбаўляецца з бяды, а замест яго трапляе бязбожны.
9.  Аблуднік вуснамі губіць свайго бліжняга, а справядлівы збаўляецца прадбачлівасьцяй.
10.  Са шчасьця справядлівых цешыцца места, а калі гінуць бязбожныя, бывае радасьць.
11.  Багаслаўленьнем справядлівым уздымаецца места, а разбураецца вуснамі бязбожных.
12.  Дурны пагарджае бліжнім сваім, а разумны чалавек маўчыць.
13.  Хто абыходзячы абмаўляе, той адкрывае тайніцу, але чалавек вернага сэрца трымае ў тайніцы давераную справу.
14.  Калі не стае дастатковае рады, народ занепадае, а дзе шмат райцаў, там дабрабыт.
15.  Сам сабе шкодзіць той, хто паручаецца за чужога, а хто высьцерагаецца парукаў, той бязпечны.
16.  Чэсная жанчына набывае славу, а хто любіць працу набывае багацьце.
17.  Міласэрны чалавек добра робіць сваёй душы, а жорсткі нішчыць сваё цела.
18.  Бязбожны робіць памылковую справу, а хто сее праўду, мае пэўную ўзнагароду.
19.  Як справядлівасьць ёсьць да жыцьця, так той, хто імкнецца да благога, ёсьць да сьмерці.
20.  Агідныя Госпаду хітрыя сэрцам, а падабаюцца яму беззаганныя.
21.  Злосьнік, хаця возьме на дапамогу іншых, не застанецца бяз кары, а насеньне справядлівых захаваецца.
22.  Жанчына прыгожая і дурная ёсьць як сьвіньня з пярсьцёнкам у носе.
23.  Пажаданьне справядлівых заўсёды да добрага, але чаканьне бязбожных – гнеў.
24.  Не адзін шчодры дае і яму яшчэ прыбывае, а іншы скупы больш чым трэба і аднак бяднее.
25.  Шчодры чалавек бывае багацейшы і хто насычывае, будзе і сам насычаны.
26.  Хто затрымлівае ў сябе збожжа, таго кляне народ, але багаславенства на галаве прадаючага.
27.  Хто імкнецца да дабра, набывае ласку, а хто імкнецца да благога, да таго яно прыходзіць.
28.  Хто палягае на сваім багацьці, той упадзе, а справядлівыя будуць зелянець, як парасткі.
29.  Хто робіць непарадак у сваім доме, атрымлівае ў спадчыне вецер, а дурны мусіць служыць мудраму.
30.  Плод справядлівых – дрэва жыцьця і мудры прыцягівае душы.
31.  Калі справядліваму прыходзіць узнагарода на зямлі, дык пагатове бязбожнаму і грэшніку.

Разьдзел 12.

1.  Хто любіць павучэньне, той любіць веду, а хто ненавідзіць абвінавачаньне, той дурны.
2.  Добры атрымае ласку ад Госпада, а хітрага чалавека Ён асудзіць.
3.  Ня ўзмоцніцца чалавек з бязпраў’я, але корань справядлівых не парухаецца.
4.  Добрая жонка – карона свайго мужа, а заганная, як гніль у ягоных касьцёх.
5.  Думкі справядлівых праўдзівыя, а намеры бязбожных здрадлівыя.
6.  Словы бязбожных імкнуцца да праліцьця крыві, а вусны справядлівых збаўляюць іх.
7.  Дакранецца бязбожных бяда і няма іх, а дом справядлівых трывае.
8.  Хваляць чалавека паводле розуму яго, а ў каго хітрае сэрца, той будзе ў пагардзе.
9.  Лепшы просты чалавек, які мае слугу, чым той, што хваліцца славаю, а якому не хапае хлеба.
10.  Справядлівы дбае і жыцьцё свайго быдла, а сэрца бязбожных жорсткае.
11.  Хто абрабляе сваю зямлю, той бывае насычаны хлебам, а хто ўпадабняецца гультаю, той дурны.
12.  Бязбожны хоча злавіць сеткаю благога, а корань справядлівага цьвярды.
13.  Бязбожны ловіцца грахамі сваіх вуснаў, але справядлівы выйдзе з бяды.
14.  З плоду сваіх вуснаў чалавек насычаецца дабром, а ўзнагароду за ўчынк ягоных рук дасьць яму Бог.
15.  Шлях дурнога здаецца яму простым, а мудры той, хто слухае радаў.
16.  Гнеў дурнога выяўляецца на вонкі, а мудры хавае абразу.
17.  Хто гаворыць тое, што знае, той гаворыць праўду, а фалшывы сьветка ашуківае.
18.  Бываюць такія, што іхныя словы разяць, як мячом, але язык мудрых лечыць.
19.  Вусны, што гавораць праўду, трываюць вечна, а манлівы язык толькі на хвіліну.
20.  Здрада ў сэрцы тых, што думаюць блага, радасьць у тых, што дараджаюць мір.
21.  Справядлівага не спаткае ніякае няшчасьце, бязбожныя-ж будуць поўныя злосьці.
22.  Манлівыя вусны агідныя Госпаду, але падабаюцца гаворачыя праўду.
23.  Асьцярожны чалавек хавае веду, але сэрца дурных выказывае дурноту.
24.  Будзе панаваць рука працавітых, а лянівая будзе плаціць даніну.
25.  Сум на сэрцы чалавека ўціскае яго, а добрае слова развесяляе яго.
26.  Справядлівы паказывае шлях свайму бліжняму, а шлях бязбожных зводзіць іх.
27.  Хітры не сьпячэ таго, што злавіў, а пільны чалавек здабудзе багатую маемасьць.
28.  На шляху справядлівасьці жыцьцё і на ейнай сьцежцы няма сьмерці.

Разьдзел 13.

1.  Мудры сын прыймае бацькаўскае павучэньне, але буйны ня слухае абвінавачаньняў.
2.  Кожны будзе спажываць дабро ад плада сваіх рук, але душа ламаючых закон – благая.
3.  Хто сьцеражэ свае вусны, той сьцеражэ сваю душу, а хто шырака адчыняе свае вусны, бяда таму.
4.  Душа лянівага пажадае, але нічога ня мае, але душа працавітых узбагаціцца.
5.  Справядлівы ненавідзіць манлівае слова, а бязбожны ганьбіць і бязчэсьціць сябе.
6.  Справядлівасьць сьцеражэ бяззаганнага, а бязбожнасьць губіць грэшнка.
7.  Бываюць такія, што здаюцца быць багатымі, але нічога ня маюць, іншы-ж здаецца быць бедным, хаця мае шмат багацьця.
8.  Сваім багацьцем чалавек выкупляе жыцьцё, а бедны ня чуе і пагрозы.
9.  Сьвет справядлівых ясны, але паходня бязбожных гасьне.
10.  Ад гордасьці паўстае звадка, але мудрасьць пры тых, што слухаюцца радаў.
11.  Багацьце блага набытае зьмяншаецца, а той, хто зьбірае працай, памнажае яго.
12.  Даўгая надзея мучае сэрца, споўненае пажаданьне ёсьць дрэвам жыцьця.
13.  Хто пагарджае Божым словам, той сам сабе шкодзіць, а хто баіцца запаветаў, атрымлівае ўзнагароду.
14.  Навука мудрага ёсьць крыніцаю жыцьця, аховываючай ад сілы сьмерці.
15.  Добры розум дае прыемнасьць, а шлях хітрых няпрыемны.
16.  Кожны асьцярожны дзеець з ведаю, а дурны выстаўляе сваю дурноту.
17.  Благі пасол трапляе ў бяду, а верны пасол – ратунак.
18.  Беднасьць і ганьба прыйдзе на таго, хто адкідае навуку, а хто выконывае павучэньне будзе слаўны.
19.  Споўненае пажаданьне прыемнае для душы, а адступіць ад благога непрыемна для дурных.
20.  Хто бывае з мудрымі, будзе мудры, а хто сябруе з дурнымі – сапсуецца.
21.  Грэшнікаў прасьледуе няшчасьцьце, а справядлівых Бог узнагароджывае дабром.
22.  Добры чалавек пакідае спадчыну дзяцём дзяцей, а маемасьць грэшніка заховываецца для справядлівага.
23.  Шмат збожжа бывае і на ніве бедных, а іншы гіне ад бязпарадку.
24.  Хто шкадуе сваёй розгі, той ненавідзіць сына, а хто любіць, дык у час карае.
25.  Справядлівы есьць да сыта, а жывот бязбожных церпіць нястачу.

Разьдзел 14.

1.  Мудрая жонка наладзіць свой дом, а дурныя разбурыць яго сваймі рукамі:
2.  Той, хто ідзе простым шляхам баіцца Госпада, але той, чые шляхі крывавыя ня дбае аб Яго.
3.  У вуснах дурнога знаходзіцца розга гордасьці, вусны-ж мудрых аховываюць іх.
4.  Дзе няма валоў, ясьлі пустыя, але сіла валоў павялічываецца ад многасьці збожжа.
5.  Праўдзівы сьветка ня маніць, а фалшывы сьветка нагаворыць шмат маны.
6.  Распусны шукае мудрасьці і не знаходзіць, а для разумнага веда лёгкая.
7.  Адыдзі прэч ад дурнога чалавека, бо ў яго ня знойдзеш разумных вуснаў.
8.  Мудрасьць разумнага – разуменьне свайго шляху, дурнота-ж дурнога – заблуд.
9.  Дурныя сьмяюцца з граху, а сярод справядлівых жыве прыязьнь.
10.  Сэрца ведае гора сваёй душы і ў ягоную радасьць не ўмяшаецца чужы.
11.  Дом бязбожных зьнішчыцца, а жыльлё справядлівых зацьвіце.
12.  Бываюць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі, але канец іх гэта шлях да сьмерці.
13.  І ў сьмеху бывае баліць сэрца, а канцом вясельля бывае сум.
14.  Чалавек з сапсутым сэрцам насыціцца ад шляхоў сваіх, але добры чалавек высьцерагаецца яго.
15.  Дурны верыць у кожнае слова, а разумны ўважны да сваіх шляхоў.
16.  Мудры баіцца і адступае ад благога, а дурны – сьмелы і даходзіць.
17.  Парыўчы чалавек можа зрабіць глупства, але чалавек, што ўмысна робіць благое – ненавісны.
18.  Дурныя спадчынна маюць дурноту, а асьцярожныя карануюцца ведаю.
19.  Благія паклоняцца добрым, а бязбожныя стаяць пад дзьвярыма справядлівых.
20.  Беднага ня любяць нават ягоныя бліжнія, але шмат ёсьць такіх, што любяць багатых.
21.  Хто пагарджае бліжнім сваім, той грашыць, а хто міласэрны да бедных, той шчасьлівы.
22.  Ці-ж ня блудзяць тыя, што маюць благія намеры? Але міласэрдзьдзе і праўда ў тых, што выдумляюць добрае.
23.  Ад кожнай працы ёсьць прыбытак, а ад пустаслоўя толькі страта.
24.  Багацьце мудрых – іхняя карона, а дурнота дурных застаецца дурны.
25.  Праўдзівы сьветка збаўляе душы, але фалшывы нагаворыць шмат маны.
26.  Страх перад Госпадам – моцная надзея і сынам Сваім Ён уцечка.
27.  Страх Госпада – крыніцаю жыцьця, якая аддаляе сеткі сьмерці.
28.  У мностве народу – веліч караля, а ў малой колькасьці людзей – бяда валадару.
29.  Цярплівы чалавек мае шмат розуму, а парыўчы выказывае дурноту.
30.  Добрае сэрца жыцьцём для цела, а зайздрасьць – гніль для касьцёў.
31.  Хто прыгнятае беднага, той пагарджае ягоным Стварыцелям, але шануе Яго той, хто літуецца над бедным.
32.  За сваю злосьць бязбожны будзе выгнаны, а справядлівы мае надзею і пры сваёй сьмерці.
33.  Мудрасьць знаходзіцца ў сэрцы мудрага, але зараз відаць, што ў сэрцы дурнога.
34.  Справядлівасьць узвышае народ, а грэх – ганьбаю народаў.
35.  Кароль бывае ласкавы да разумнага слугі, але гневаецца на таго, хто прыносіць яму сорам.

Разьдзел 15.

1.  Лагодны адказ сьцішае гнеў, а абразьлівае слова выклікае ярасьць.
2.  Язык мудрых упрыгожывае веда, а вусны дурных гаворацьглупства.
3.  На кожным месцы вочы Госпада: яны бачаць благіх і добрых.
4.  Лагодны язык – дрэва жыцьця, а неапанаваны – парыў ветру.
5.  Дурны пагарджае павучэньнем свайго бацькі, а хто прыймае асьцярогі, той разумны.
6.  У доме справядлівага вялікі дастатак, а ў даходах бязбожнага непарадкі.
7.   (аркуш №21 адсутнічае)
8.   
9.   
10.   
11.   
12.   
13.   
14.   
15.   
16.   
17.   
18.   
19.   
20.   
21.   
22.   
23.   
24.   
25.   
26.   
27.   
28.   
29.   
30.   
31.   
32.   
33.   Страх Госпада навучае мудрасьці і славу папераджае паніжэньне.

Разьдзел 16.

1.  Думкі сэрца чалавека, але адказ языка ад Госпада.
2.  Усе шляхі чалавека здаюцца яму чыстымі, але Гаспод узважывае сэрцы.
3.  Пакладзіся на Госпада ў справах тваіх і твае намеры збудуцца.
4.  Усё зрабіў Гаспод для Сябе, нават бязбожнага на благі дзень.
5.  Агідны Госпаду кожны горды сэрцам, хаця-б узяў на помач іншых будзе пакараны.
6.  Міласэрдзьдзем і праўдаю ачышчаецца грэх і страх Госпада адводзіць ад благога.
7.  Калі Госпаду падабаюцца шляхі чалавека, Ён прыводзіць да згоды з ім і ворагаў.
8.  Лепш трохі са справядлівасьцяй, чым шмат несправядлівых даходаў.
9.  Сэрца чалавека абдумывае свае шляхі, але Гаспод кіруе ягонымі крокамі.
10.  У вуснах караля справядлівы прыгавар; ягоныя вусны не павінны мыляцца на судзе.
11.  Вага і адважнікі ад Госпада, ад Яго-ж усе адважнікі ў торбе.
12.  Агідная каралём бязпраўная справа, бо праўдаю ўзмацняецца пасад.
13.  Праўдзівыя вусны прыемныя каралю і любіць тых, што гавораць праўду.
14.  Каралеўскі гнеў паслом сьмерці, але мудры чалавек упросіць яго.
15.  У сьветлым-жа твары караля – жыцьцё, а ягоная ласка, як хмара з позным дажджом.
16.  Лепш набываць мудрасьць, чым найчысьцейшае золата, а набыцьцё розуму лепшае ад серабра.
17.  Шлях справядлівых ухіленьне ад благога; сьцеражэ сваю душу той, хто заховывае свой шлях.
18.  Перад загубаю прыходзіць гордасьць, а перад упадкам бутнасьць.
19.  Лепш быць пакорным духам з пакорнымі, чым дзяліць дабычу з гордымі.
20.  Хто вядзе справу разумна, той знойдзе дабро, а хто спадзяецца на Госпада, той шчасьлівы.
21.  Хто мудры сэрцам, той слыве разумным, а салодкасьць вуснаў дадае да навукі.
22.  Крыніцаю жыцьця ёсьць розум для тых, хто яго мае, але вада дурных – дурнота.
23.  Сэрца мудрага робіць мудрым яго язык і памнажае ваду ў ягоных вуснах.
24.  Прыемная мова, як сотавы мёд: салодкі для душы і лекам для касьцей.
25.  Бываюць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі, але канцом іх шлях на сьмерць.
26.  Працавіты чалавек працуе для сябе, бо яго прынукаюць ягоныя вусны.
27.  Бязбожны чалавек выдумляе благое, а на ягоных вуснах, як палаючы вагонь.
28.  Хітры чалавек сее спрэчкі, а пляткар дзеліць прыяцеляў.
29.  Благі чалавек псуе бліжняга свайго і вядзе яго на нядобры шлях.
30.  Хто міргае сваімі вачыма – выдумляе хітрасьці, а хто закусывае губы – робіць благое.
31.  Каронаю славы ёсьць старасьць, якая знаходзіцца на шляху праўды.
32.  Цярплівы лепшы ад адважнага, а хто пануе над сваім сэрцам, той лепшы ад таго, хто здабыў горад.
33.  У крысо кідаецца лёс, але ўсё вырашэньне ад Госпада.

Разьдзел 17.

1.  Лепшы кавалак сухога хлеба, але ў супакоі, чым дом, поўны бітага быдла, але са сваркаю.
2.  Разумны слуга будзе панаваць над лядачым сынам і будзе дзяліць спадчыну паміж братамі.
3.  Тыгель – серабро, печ – золата, а сэрцы дасьветчывае Гаспод.
4.  Злодзей слухае злых вуснаў, манюка слухаецца хітрага языка.
5.  Хто насьмяхаецца над жабраком, той блюзьніць ягонаму Стварыцелю.
6.  Каронаю старых ёсьць сыны іхных сыноў, а ўпрыгажэньнем сыноў ёсьць іхныя бацькі.
7.  Не пасуе паважная мова дурному, тымбольш слаўнаму – манлівыя вусны.
8.  Як дарагі камень, так дар у вачох валодаючага ім; да чаго-б не імкнуўся – удасцца.
9.  Хто пакрывае злачынства – шукае ласкі, а хто прыпамінае аб ім – разьдзяляе прыяцеляў.
10.  Мацней дзеець на разумнага ганка, чым на дурнога сто ўдараў.
11.  Падбухторнік шукае толькі зла, дзеля гэтага жорстка ангел будзе пасланы на яго.
12.  Лепш для чалавека спаткасьць мядзьведзіцу бяз дзяцей, чым дурнога з яго дурнотай.
13.  Хто за дабро аддае благім, з хаты таго ня выйдзе благое.
14.  Пачатак сваркі, як вадзяны прарыў; пакінь дзеля гэтага сварку раней, чым яна разгарэлася.
15.  Хто апраўдывае бязбожніка і той, хто абвінавачывае справядлівага, аднолькава агідныя Госпаду.
16.  Што з багацьця ў рукох дурнога? Для набыцьця мудрасьці няма розуму.
17.  Прыяцель любіць заўсёды, як брат, і як брат зьяўляецца ў час няшчасьця.
18.  Дурны чалавек дае руку, робячы заруку за бліжняга свайго.
19.  Хто любіць сварку, той любіць грэх, а хто высака падымае сваю браму, той шукае ўпадку.
20.  Хітрае сэрца ня знойдзе дабра і хітры язык трапіць у блуд.
21.  Хто спладзіў дурнога, спладзіў на сваё гора, і бацька дурнога ня ўцешыцца.
22.  Вясёлае сэрца ўзмацняе, як лек, а тужлівы дух сушыць косьці.
23.  Бязбожны бярэ тайныя дары, каб скрывіць шлях суду.
24.  Мудрасьць на твары ў разумнага, а вочы дурнога на канцы зямлі.
25.  Дурны сын – жаль для бацькі і гора для маці.
26.  Нядобра абвінавачываць справядлівага і біць начальніка за праўду.
27.  Разумны ўстрыманы ў словах сваіх і мудры апанаваны.
28.  Калі дурны маўчыць, можа здасцца мудрым, а той, хто зачыняе вусны свае, – разумным.

Разьдзел 18.

1.  Самадумны чалавек шукае таго, што яму падабаецца, паўстае супроць усяго разумнага.
2.  Дурны ня любіць веды, але тое, што яму здаецца ў ягоным сэрцы.
3.  Калі прыходзіць бязбожны, прыходзіць і пагарда, а з легкамысным – лаянка.
4.  Словы вуснаў мудрага, як глыбокія воды, крыніца мудрасьці, як ліючыся паток.
5.  Ня добра спрыяць бязбожнаму, каб перамагчы на судзе справядлівага.
6.  Вусны дурнога імкнуцца да сваркі, а вусны яго выклікаюць на бой.
7.  Язык дурнога – загуба для яго, а ягоныя вусны – сетка для ягонай душы.
8.  Словы даношчыка, як ласунак, і пранікаюць у нутро жывата.
9.  Хто нядбайны ў сваёй працы, той брат раскідомніка.
10.  Імя Госпада – моцная вежа, справядлівы ўцячэ да яе і збавіцца.
11.  Маемасьць багатага – ягоны моцны горад і як высокі мур у ягоным выабражэньні.
12.  Перад упадкам уздымаецца сэрца чалавека, а славу папераджае паніжэньне.
13.  Хто адказывае ня выслухаўшы, той дурны і сорамна яму.
14.  Дух чалавека зносіць немач сваю, а апаражаны дух – хто можа ўзмацаваць яго.
15.  Сэрца разумнага набывае веду, а вуха мудрага шукае яе.
16.  Дар дае прастор чалавеку і даводзіць яго да магната.
17.  Першы ў споры правы, але прыходзіць бліжні яго і аспрэчвае яго.
18.  Лёс спыняе сваркі і вырашае паміж моцнымі.
19.  Пакрыўджаны брат мацнейшы за нездабыты горад, а спрэчкі, як замкі замку.
20.  Ад плоду вуснаў кожнага насычаецца ягоны жывот, будзе насычаны ўраджаем сваіх вуснаў.
21.  Сьмерць і жыцьцё ў уладзе языка, і хто яго любіць – будзе есьці ягоныя плады.
22.  Хто знайшоў жонку, знайшоў добрую рэч і атрымаў ласку ад Госпада.
23.  Бедны гаворыць пакорна, але бедны адказывае сурова.
24.  Чалавек, што мае прыяцеляў, сам павінен быць прыяцельскі, бо прыяцель бывае больш спрыяючы, чым брат.

Разьдзел 19.

1.  Лепш быць беззаганным бедным, чым з манлівымі вуснамі і да гэтага дурным.
2.  Нядобра душы бяз веды, а ў каго хуткія ногі, той паткнецца.
3.  Чалавечая дурнота скрыўляе ягоны шлях, а сэрца яго гневаецца на Госпада.
4.  Багацьце дае шмат прыяцеляў, а беднага пакідаюць і ягоныя прыяцелі.
5.  Фалшывы сьветка ня застанецца бяз кары, а хто маніць – ня збавіцца.
6.  Шмат хто паніжаецца перад магнатам і кожны – прыяцель чалавеку, які робіць падаркі.
7.  Беднага ненавід0зяць усе браты яго, пагатове прыяцелі яго аддаляюцца ад яго; кліча за імі і няма іх.
8.  Хто набывае розум, той любіць сваю душу; хто заховывае розум, той знаходзіць дабро.
9.  Фалшывы сьветак ня застанецца бяз кары, а хто маніць – загіне.
10.  Паказывай вялікі гнеў, калі даровываеш пакараньне, пагражаючы яму, бо даровываеш, каб потым караць суравей.
11.  Розум устрымлівае чалавека ад гневу і слава для яго вымінаць злачынства.
12.  Гнеў караля, як рык ільва, але ягоная ласка, як раса на траву.
13.  Дурны сын – прыкрасьць для свайго бацькі, а сварлівая жонка, як капаньне праз страху.
14.  Дом і маемасьць гэта спадчына ад бацькоў, а разумная жонка – ад Госпада.
15.  Лянівасьць наводзіць сон, а нядбайная душа будзе цярпець голад.
16.  Хто пільнуе запаветы, пільнуе сваю душу, а хто нядбае аб шляхох сваіх – згіне.
17.  Пазычае Госпаду той, хто літуецца над бедным, і Ён аддасьць яму за дабрадзейства.
18.  Карай сына свайго, пакуль ёсьць надзея, і не праймайся ягоным крыкам.
19.  Паказывай вялікі гнеў, калі даровываеш караньне, пагражаючы яму, бо даровываеш, бо потым будзеш караць суравей.
20.  Слухай рады і прыймай абвінавачаньні, каб табе зрабіцца потым мудрым.
21.  Шмат намераў у чалавечым сэрцы, але збываецца толькі азначанае Госпадам.
22.  Радасная чалавеку ягоная дабрадзейнасьць, і бедны чалавек лепшы за манюку.
23.  Страх Госпада вядзе да жыцьця і хто яго мае, жыве ў дастатку і не спаткае яго няшчасьце.
24.  Гультай апушчае руку сваю і ня хоча яе данесьці да вуснаў.
25.  Калі пакараеш блюзьнерцу, дык і просты зробіцца разумнейшым, і калі абвінавачываеш разумнага, дык ён зразумее павучэньне.
26.  Сын, што прыносіць сорам і ганьбу, губіць бацьку і выганяе маці.
27.  Сын мой, перастань слухаць навукі, якія адводзяць цябе ад словаў розуму.
28.  Злосны сьветка сьмяецца з суду і вусны бязбожнікаў глытаюць няпраўду.
29.  Суды гатовыя на блюзьнерцаў і гузы – на хрыбет дурных.

Разьдзел 20.

1.  Віно выклікае зьдзекаваньне, а моцнае пітво – сваркі; кожны, хто іх любіць, – неразумны.
2.  Гнеў караля, як роў ільва; хто гневае яго, той грэшыць супроць самога сябе.
3.  Пачэсна для чалавека спыніць сварку, але дурны той, хто яе пачынае.
4.  Ад холаду гультай не гарэ; дзеля гэтага будзе жабраваць у час жніва, але нічога не атрымае.
5.  Намеры ў сэрцы чалавека – глыбокая вада, але разумны вычэрпывае яе.
6.  Большасьць людзей хваліцца сваёй дабратою, але запраўды, хто-ж знойдзе такога?
7.  Справядлівы ходзіць у сваёй бяззаганнасьці; шчасьлівыя пасьля яго сыны.
8.  Кароль, калі сядзіць на пасадзе суду, разганяе сваімі вачыма ўсё благое.
9.  Хто можа сказаць: – я ачысьціў маё сэрца, я чысты ад граха майго?
10.  Неаднолькавыя адважнікі і неаднолькавыя меры, абодва адгідныя Госпаду.
11.  Нават у юнака можна пазнаць, ці чыстае і правільнае ягонае захаваньне.
12.  Вуха, што чуе, і вока, што бачыць, абодва зрабіў Гаспод.
13.  Ня любі спаньня, каб табе не зьбяднець: трымай адчыненымі твае вочы і будзеш сыты хлеба.
14.  – Благое, благое, – гаворыць пакупнік, а калі адыдзе – хваліцца.
15.  Разумныя вусны, як золата і шмат пэрлаў і каштоўныя рэчы.
16.  Вазьмі вопратку ад таго, хто заручыў за чужога, а ад таго, хто заручыў за чужаземку, вазьмі заклад.
17.  Смачны чалавеку хлеб маны, але потым ягоны рот напоўніцца пяском.
18.  Намеры пацьвярджаюцца радаю і пасьля рады вядзі вайну.
19.  Хто выяўляе тайніцу, заховываецца здрадліва, дзеля гэтага не сябруй з тым, хто шырака адчыняе рот свой.
20.  Хто зласловіць свайго бацьку і сваю маці, паходня таго згасьне сярод глыбокай цемры.
21.  Спадчына сьпешна захопленая не багаславіцца на канцы.
22.  Не гавары: – аддам благім – , пакінь Госпаду і Ён захавае цябе.
23.  Агідныя Госпаду рожныя адважнікі і неправільныя вагі не падабаюцца Яму.
24.  Госпадам накіровываюцца крокі чалавека, але як можа зразумець свой шлях чалавек.
25.  Звесьці пасьвячоную рэч ёсьць сеткаю для чалавека, і абяцаўшы нешта, шукаць, як-бы ўнікнуць гэтага.
26.  Мудры кароль вывее бязбожных і скіруе на іх кола.
27.  Чалавечая душа, гэта паходня Госпада, які дасьледуе усе глыбіні сэрца.
28.  Міласэрдзьдзе і праўда сьцеражэ караля і ласкаю ён падтрымлівае свой пасад.
29.  Упрыгажэньнем юнакоў – іх сіла, а ўпрыгажэньнем старых – сівыя валасы.
30.  Раны ад пабояў ёсьць лекам супроць благога і ўдары, што пранікаюць у нутро узлоньня.

Разьдзел 21.

1.  Каралеўскае сэрца ў руцэ Госпада, як патокі водаў, куды захоча, туды іх і кіруе.
2.  Усялякі шлях чалавека – просты ў ягоных вачох, але Гаспод узважывае сэрцы.
3.  Захаваньне праўды і справядлівасьці больш падабаецца Госпаду, чым ахвяра.
4.  Гордасьць ачэй і надутасьць сэрца, якія адзначаюць бязбожных – грэх.
5.  Думкі працавітага імкнуцца да дастатку, а кожны, хто сьпяшаецца, церпіць нястачу.
6.  Набываньне скарбаў манлівым языком – глупства, праходзячае міма тых, што шукаюць сьмерці.
7.  Гвалт бязбожных зашкодзіць ім, бо яны не хацелі рабіць таго, што справядлівае.
8.  Крывы шлях распуснага чалавека, але шлях чыстага просты.
9.  Лепш жыць у куце на страсе, чым са сварлівай жонкай у прасторным доме.
10.  Душа бязбожнага хоча благога; ня знойдзе ласкі ў ягоных вачох і прыяцель яго.
11.  Калі караюць блюзьнерцу, просты робіцца мудрым, і калі мудры разумее, дык набывае веду.
12.  Справядлівы перасьцерагаецца Госпадам на доме бязбожнага, як бязбожныя трапляюць у бяду.
13.  Хто зачыняе вуха сваё на голас беднага, той сам будзе гукаць і ня будзе выслуханы.
14.  Дар, тайна даны, гасіць гнеў, і дар за пазуху – вялікую ярасьць.
15.  Захаваньне справядлівасьці – радасьць для справядлівага і страх для таго, хто робіць благое.
16.  Чалавек, які зыйшоў са шляху мудрасьці, аказываецца на сабраньні памершых.
17.  Хто любіць вясельле – зьбяднее, а хто любіць віно і алей – не ўзбагаціцца.
18.  Бязбожны будзе выкупам за справядлівага, а за прастадушнага – хітры.
19.  Лепш жыць у пустыннай зямлі, чым са сварлівай і злой жонкай.
20.  Пажаданы скарб і алей у доме мудрага, а дурны чалавек раскідоміць іх.
21.  Хто заховывае справядлівасьць і міласэрдзьдзе, знойдзе жыцьцё, справядлівасьць і славу.
22.  Мудры ўваходзіць у горад моцных і разбурае магутнасьць, на якую яны палягалі.
23.  Хто пільнуе свае вусны і свой язык, той заховывае ад бяды сваю душу.
24.  Горды злодзей – блюзьнерца яму імя, дзеець у пале гарачкі.
25.  Гультая забівае лачнасьць, бо ягоныя рукі адмаўляюцца працаваць;
26.  Кожны дзень ён лачне, а справядлівы дае і ня шкадуе.
27.  Ахвяра бязбожных – агідная, асабліва калі яе ахвяровывае ў грасе.
28.  Фалшывы сьветка згіне, а чалавек, які гаворыць, што ведае, будзе гаварыць заўсёды.
29.  Бязбожны чалавек выклікае сваі гвалтам, а справядлівы проста трымае свой шлях.
30.  Няма мудрасьці, ані розуму, ані рады насуперак Госпада.
31.  Каня прыгатаўляюць на дзень бітвы, але перамога ад Госпада.

Разьдзел 22.

1.  Добрае імя лепшае за вялікае багацьце, а прыязьнь лепшая за серабро і золата.
2.  Багаты і бедны сустракаюцца адзін з адным, але Гаспод стварыў абодвых.
3.  Асьцярожны бачыць бяду і хаваецца, а недасьветчаныя, ідучы проста, церпяць шкоды.
4.  Узнагародаю пакоры і страху Госпада ёсьць багацьце, слава і жыцьцё.
5.  Царны і сеткі на дарозе хітрага; хто сьцеражэ сваю душу, аддаляецца ад іх.
6.  Павучай юнака на пачатку ягонага шляху і ён ня зыйдзе з яго, калі састарэецца.
7.  Багаты пануе над бедным, а павіньнік бывае слугою паверніка.
8.  Хто сее няпраўду, будзе жаць бяду і тросткі ягонага нгеву ня стане.
9.  Міласэрнага будуць багаслаўляць, бо ён дае беднаму ад хлеба свайго.
10.  Прагані блюзьнерцу і спыніцца сварка і супакоіцца звадка і лаянка.
11.  Хто любіць чысьціню сэрца, у таго прыемнасьць на вуснах, таму кароль будзе прыяцелям.
12.  Вочы Госпада сьцерагуць веду, але намеры хітрага Ён адхіляе.
13.  Гультай гаворыць: – леў на вуліцы, пасярэдзіне пляцу заб’юць мяне.
14.  Вусны чужых жанчынаў – глыбокая яма; на каго гневаецца Гаспод, той упадзе туды.
15.  Глупства прывязалася да сэрца юнака, але розга папраўленьня [адвядзе] яго ад яго.
16.  Хто крыўдзіць беднага, каб павялічыць сваё багацьце, і хто дае багатаму, той зьбяднее.
17.  Схілі вуха тваё і слухай мудрыя словы і сэрца тваё схілі да маёй навукі,
18.  бо будзе пацехаю, калі ты будзеш хаваць іх у тваім сэрцы і яны будуць таксама ў тваіх вуснах.
19.  Каб спадзяваньне тваё было на Госпада, павучаю цябе і сягоньня, а ты рабі так.
20.  Ці-ж я не пісаў табе тройчы рады і павучэньні,
21.  каб навучыць цябе словаў праўды, каб ты мог перадаваць словы праўды тым, якія цябе паслалі.
22.  Не абдзірай беднага, бо ён бедны, і не ўціскай няшчаснага каля брамы, –
23.  бо Гаспод зоймецца іх справаю і выдзярэ душу ў тых, што абдзіраюць.
24.  Ня будзь прыяцелям гнеўлівага і не сяруй з палкім чалавекам,
25.  каб не навучыцца ягоных шляхоў і не надзець пятлі на сваю душу.
26.  Ня будзь з тых, якія даюць заруку і заручаюцца за даўгі,
27.  бо калі табе няма чым заплаціць, дык пашто даводзіць сябе, каб узялі з пад цябе тваю пасьцелю?
28.  Не перасовывай старой мяжы, што праводзілі твае бацькі.
29.  Ці ты бачыў чалавека, хуткага ў сваіх справах? Такі будзе стаяць перад каралямі і ня будзе стаяць перад простымі.

Разьдзел 23.

1.  Калі сядзеш есьці з валадаром, дык пільна глядзі, што перад табою.
2.  Пастаў перагародку ў горле тваім, калі ты хцівы на ежу.
3.  Не хаці ласункаў, бо гэта ашуківаючая ежа.
4.  Ня дбай аб тое, каб нажыць багацьце, пакінь такія твае думкі.
5.  Скіруеш вочы твае на багацьце і ўжо яго няма, бо яно зробіць сабе крылы, падобныя да арліных, і паляцяць у неба.
6.  Ня еш хлеба ў зайздроснага чалавека і не ахці ягоных ласункаў,
7.  Бо якія думкі ў ягонай душы, такі і ён сам. Гаворыць: – еш і пі – , але сэрца яго не з табою.
8.   Кавалак, які ты зьеш, зьвернеш і добрыя словы твае ты згубіш.
9.  Не гавары ў вушы дурнога, бо пагардзіць тваімі радамі і словамі.
10.  Не перасовывай старой мяжы і не заходзь на поле сіротаў,
11.  бо Абаронца іх моцны. Ён вядзе іх справы супроць цябе.
12.  Зьвярні да навукі сэрца тваё і вушы твае да разумных словаў.
13.  Не пакідай юнака без пакараньня; калі пакараеш яго розгаю, ён не памрэ.
14.  ты пакараеш яго розгаю і збавіш душу яго ад пекла.
15.  Сын мой, калі сэрца тваё будзе мудрае, дык уцешыцца і маё сэрца,
16.  і нутро маё будзе цешыцца, калі вусны твае будуць гаварыць правае.
17.  Няхай сэрца тваё не зайздросьціць грэшнікам, але няхай яно будзе ўсе дні ў страсе Госпада,
18.  дзеля таго, што ёсьць заплата і надзея твая ня згубленая.
19.  Слухай, сын мой, і будзь мудры, і кіруй сэрца тваё на просты шлях.
20.  Ня будзь паміж тымі, што напіваюцца віном і аб’ядаюцца мясам,
21.  бо п’яніца і той, хто аб’ядаецца – зьбяднеюць, а сонлівы будзе хадзіць у зрэб’і.
22.  Слухай бацьку твайго, ён спладзіў цябе і не пагарджай маці тваёй, калі яна састарэецца.
23.  Купляй праўду і не прадавай мудрасьці, навукі і розуму.
24.  Вельмі радуецца бацька справядлівага, а хто спладзіў мудрага – весяліцца аб ім.
25.  Няхай весяліцца бацька твой і маці твая, што радзіла цябе.
26.  Сын мой, аддай сэрца тваё мне і вочы твае няхай пільнуюць шляхоў маіх,
27.  бо распусьніца гэта глыбокая яма, а чужая жонка – цесная студня;
28.  яна як разбойнік робіць засадкі і памнажае сярод людзей тых, што не заховываюць закону.
29.  У каго гора? У каго стогны? У каго сваркі? У каго крыкі? У каго раны без прычынаў? У каго чырвоныя вочы?
30.  У тых, што доўга сядзяць за віном, што ходзяць, шукаючы прыпраўленага віна.
31.  Не заглядайся на віно, як чырвонае яго, як іскрыцца ў кубку, а проста выскаківае;
32.  напасьледак яно ўкусіць, як вуж, і ўжаліць, як зьмяя.
33.  Вочы твае будуць глядзець на чужых жонак, а сэрца тваё будзе гаварыць хітрасьці,
34.  і будзеш, як той, хто сьпіць сярод мора, як той, што сьпіць на верхавіне машты.
35.  Скажаш: – білі мяне, а мне ня было больна; штурхалі мяне, а я ня чуў. Калі прачнуся, дык ізноў буду шукаць таго-ж самага.

Разьдзел 24.

1.  Не ўпадабняйся да благіх людзей і не хаці быць з імі,
2.  бо сэрца іх думае аб гвалце, а вусны іх гавораць аб благім.
3.  Мудрасьцяй будуецца дом, а ўзмацняецца розумам,
4.  і з уменьнем нутро яго напаўняецца ўсялякай каштоўнай і прыгожай маемасьцяй.
5.  Мудры чалавек ёсьць моцны, а чалавек разумны ўзмацняе сілу сваю,
6.  Дзеля гэтага абдумана вядзі змаганьне тваё і будзе посьпех пасьля многіх нарадаў.
7.  Дзеля дурнога, мудрасьць занадта высокая; ля брамы не адчыніць ён сваіх вуснаў.
8.  Хто думае, як зрабіць благое, той называецца зладумам.
9.  Благая думка дурнога ёсьць грахом, а блюзьнерца агідны для людзей.
10.  Калі ты ў дзень бяды аказаўся слабым, дык бедная твая сіла.
11.  Ратуй злоўленых на сьмерць і не адварачывайся ад тых, што ідуць на пакараньне сьмерцяй.
12.  Калі скажаш: – вось мы аб гэтым няведалі. Ці-ж Той, што важыць сэрцы ня разумее, а Той, што сьцеражэ тваю душу ня ведае гэтага і не аддасьць чалавеку паводле ягоных учынкаў?
13.  Еш мёд, сын мой, бо ён прыемны і вузу салодкую твайму паднябеньню.
14.  Такое-ж пазнаьне мудрасьці для тваёй душы. Калі ты знайшоў яе, яна будзе ўзнагародай табе і надзея твая ня згубленая.
15.  Ня мей благіх думак супроць памешканьня справядлівага і не перашкаджай ягонаму адпачынку,
16.  бо хаця сем раз падае справядлівы, аднак устае, але бязбожныя трапяць у няшчасьце.
17.  Ня цешся, калі вораг твой упадзе, і няхай ня весяліцца сэрца тваё, калі ён паткнецца,
18.  бо пабачыць гаспод і не спадабаецца Ягоным вачом і Ён адверне свой гнеў ад яго на цябе.
19.  Не абурайся на злодзеяў і не зайздросьць бязбожным,
20.  бо бязбожны ня мае будучыні – ягоная паходня пагасьне.
21.  Сын мой, бойся Госпада і караля; з бунтарнымі ня мей зносінаў,
22.  бо неспадзявана прыйдзе на іх загуба і хто прадбачыць бяду ад іх абаіх.
23.  Сказана таксама мудрым: – нядобра глядзець на асобу ў судзе.
24.  Таго, хто гаворыць бязбожнаму – ты справядлівы, будуць праклінаць людзі, таго будуць ненавідзіць народы,
25.  але абвінавачываючыя будуць шчасьлівыя і прыйдзе на іх багаславенства.
26.  Пацалуюць вусны таго, хто гаворыць праўдзівыя словы.
27.  Выканай свае справы паза домам, сконч іх на тваім полі, а потым будуй свой дом.
28.  Ня будзь фалшывым сьветкаю супроць бліжняга твайго, на што табе ашуківаць тваімі вуснамі.
29.  Не гавары: – як ён зрабіў мне, так і я зраблю яму: аддам чалавеку я паводле ягоных справаў.
30.  Праходзіў я міма поля лянівага чалавека і праз вінаграднік дурнога чалавека,
31.  і вось усё гэта зарасло цёрнам, усё пакрыла крапіва і каменны мур разваліўся.
32.  І пагледзеў я, узяў у сэрца сваё, а бачучы выцягнуў навуку:
33.  трохі пасьпіш, трохі падрэмлеш, злажыўшы рукі паляжыш,
34.  і прыйдзе, як падарожны, беднасьць твая і бяда, як узброены чалавек.

Разьдзел 25.

1.  Гэта таксама прыказкі Салямона, якія сабралі мужы Езэкіі, караля Юдзкага.
2.  Слава Божая затаіваць справу, але слава каралёў дасьледываць справу.
3.  Як неба ў вышыні і зямля ў глыбіні, так сэрцы каралёў магчыма дасьледаваць.
4.  Аддзялі жужаль ад серабра і выйдзе ў залатара начыньне;
5.  аддалі бязбожнага ад каралеўскага аблічча і пасад яго ўзмацуецца праўдаю.
6.  Не ўзьвялічывайся перад каралеўскім абліччам і не ставай на месца вялікіх,
7.  бо лепш, калі скажуць табе: – стань вышэй, чым калі зьніжаць цябе перад князем, якога бачылі твае вочы.
8.  Не сьпяшайся да спрэчкі: бо што будзеш рабіць пры сканчэньні, калі засароміць цябе твой бліжні.
9.  Вядзі да канца спрэчку з прыяцелям тваім, але не адчыняй тайніцы другога,
10.  каб не дакараў цябе той, хто цябе чуў, і тады няслава твая застанецца на табе.
11.  Як залатое яблыка з сярэбранай разьбою, так слова сказанае дарэчы.
12.  Той, хто мудра настаўляе, ёсьць у таго, хто слухае, як залатая завушніца і ўпрыгажэньне з чыстага золата.
13.  Як холад ад сьнегу ў час жніва, тое самае верны пасол для тых, што яго паслалі, бо ахалоджывае душу свайго пана.
14.  Чалавек, які хваліцца выдуманым падарункам, як хмары і вятры бяз дожджу.
15.  Князь змягчаецца лагоднасьцяй, а мяккі язык ламае косьці.
16.  Калі знойдзеш мёд, еш колькі трэба, каб ня пераесьціся і не аддаць яго назад.
17.  Не хадзі часта ў дом бліжняга твайго, каб ня збрыднуць яму і каб ён не ўзьненавідзеў цябе.
18.  Чалавек, што фалшыва сьветчыць супроць бліжняга свайго, ёсьць, як молат і сеч і вострая страла.
19.  Надзея на няпэўнага чалавека ў дзень бяды, тое, што зламаны зуб і выкручаная нага.
20.  Як той, хто здымае з сябе вопратку ў халодны дзень, як воцат на рану, так той, хто сьпявае песьні сумнаму сэрцу.
21.  Калі твой вораг галодны, пакармі яго хлебам, і калі ён прагне, напаі яго вадою,
22.  бо робячы гэта ты зьбіраеш гарачае вугольле на ягоную галаву і Гаспод узнагародзіць цябе.
23.  Як паўночны вецер прыносіць дождж, так зласьлівая мова прыносіць гнеўны твар.
24.  Лепш жыць у куце на страсе, чым са сварлівай жонкай у прасторным доме.
25.  Што халодная вада для прагнучай душы, тое добрая вестка з далёкай старонкі.
26.  Як змучаная нагамі крыніца, або сапсаваная студня, так справядлівы, які падае перад бязбожным.
27.  Як нядобра есьці шмат мёду, так шуканьне славы ёсьць бязслаўнае.
28.  Што разбураны горад бяз сьценаў, тое самае чалавек, які не пануе над сваім духам.

Разьдзел 26.

1.  Як сьнег улетку і дождж у часе жніва, так дурному не адпаведная слава.
2.  Як пераляціць верабей і як уляціць ластаўка, так ня збудзецца незаслужанае пракляцьце.
3.  Пуга для каня, вузда да асла, а палка для дурнога.
4.  Не адказывай дурному паводле ягонай дурноты, каб і ты не зрабіўся падобны да яго.
5.  Не адказывай дурному паводле ягонай дурноты, каб ён не зрабіўся мудрацом у сваіх вачах.
6.  Падразае сабе ногі, церпіць няпрыемнасьці той, хто дае дурному слоўнае паручэньне.
7.  Як няроўныя ногі ў кульгавага, так прыказка ў дурных вуснах.
8.  Як той, хто ўкладае каштоўны камень у прастку, так той, хто аказывае дурному пашану.
9.  Як цёрн у руцэ п’янага, так прыказка ў дурных вуснах.
10.  Моцны робіць усё адвольна і дурнога ўзнагараджывае і дае заплату злачынцы.
11.  Як вяртаецца сабака на рыгавіны свае, так паўтарае дурны сваю дурноту.
12.  Ці бачыў ты чалавека мудрага ў ягоных вачох? На дурнога больш надзеі, чым на яго.
13.  Гультай кажа: – леў на дарозе, леў на пляцы! –
14.  Дзьвер варочаецца на завесах сваіх, а гультай на ложку сваім.
15.  Гультай адпушчае руку сваю ў міску і цяжка яму данесьці яе да свайго роту.
16.  Гультай у сваіх вачох мудрэйшы, чым сем такіх, што адказываюць адбумана.
17.  Хапае сабаку за вушы той, [хто] ўмешываецца ў чужую сварку.
18.  Як той, хто ўдае вар’ята, кідае вагонь, стрэлы і сьмерць,
19.  так чалавек, які хітра шкодзіць свайму прыяцелю, а пасьля гаворыць: – я толькі пажартаваў.
20.  Дзе няма больш дрэва, там гасьне вагонь, а дзе няма даносчыка, там ціхне сварка.
21.  Як вугальлё для жара і дровы для вагня, так сварлівы чалавек для ўзьняцьця спрэчкі.
22.  Словы навушніка, як ласунак, і яны ўваходзяць у нутро ўзлоньня.
23.  Вусны няпрыяцеля і благое сэрца ёсьць як сярэбраная пена, якой робяць паліву на гаршчкох.
24.  Вуснамі сваімі удае вораг, а ў сэрцы мае хітрасьць;
25.  калі ён гаворыць спагадаючы, ня вер яму: бо сем агідаў у ягоным сэрцы.
26.  Ненавісьць бывае хітра захаваная, а адчыняецца злосьць яго на сходзе.
27.  Хто капае яму іншаму, сам у яе трапляе, а хто коціць камень, на таго ён упадзе.
28.  Манлівы язык ненавідзіць пакрыўджаных ім, і лісьлівыя вусны прыводзяць да ўпадку.

Разьдзел 27.

1.  Не хваліся заўтрашным дзён, бо ня ведаеш, што прынясе сёньняшні дзень.
2.  Няхай хваліць цябе іншы, а не вусны твае; чужы, а не твой язык.
3.  Цяжкі камень, важыць і пясок, але гнеў дурнога цяжэйшы за іх.
4.  Жорсткі гнеў, раптоўная ярасьць, але хто вытрымае супроць зайздрасьці.
5.  Лепш адкрытае абвінавачаньне, чым укрытая любоў.
6.  Лепш раны ад прыяцеля, чым манлівыя пацалункі ненавідзячай асобы.
7.  Сытая душа патопча і сот мёду, а галоднай душы і горкасьць салодкая.
8.  Як птушка, што пакінула сваё гняздо, так чалавек, што пакідае месца сваё.
9.  Масьць і каджаньне вяселяць сэрца: так салодкі прыяцель сваёй сардэчнай радай.
10.  Не пакідай прыяцеля твайго і прыяцеля бацькі твайго і не ўваходзь у дом брата твайго ў дзень няшчасьця твайго, бо лепшы блізкі сусед, чым далёкі брат.
11.  Будзь мудры, сын мой, і радуй сэрца маё, а я буду мець, што адказываць таму, хто-б ганіў цябе.
12.  Асьцярожны, пабачыўшы бяду хаваецца, а недасьветчаны ідзе наперад і трапляе ў шкоду.
13.  Забяры ад яго ягоную вопратку, бо ён заручыўся за чужога, а ад таго, хто заручыўся за чужаземку, вазьмі застаў яго.
14.  Хто голасна хваліць свайго прыяцеля ад самага раньня, таго будуць лічыць праклінаючым.
15.  Бязупыннае капаньне ў дажджлівы дзень і сварлівая жонка падобныя сабе,
16.  хто хоча схаваць яе, той хоча схаваць вецер і пахнючы алей у правай руцэ, які дае знаць аб сабе.
17.  Зялеза вострыцца зялезам і чалавек завастрае пагляд свайго прыяцеля.
18.  Хто вартуе фігавае дрэва, той будзе есьці ягоныя плады і хто аховывае свайго пана, той будзе ў пашане.
19.  Як у вадзе твар да твару, так сэрца чалавека да чалавека.
20.  Пекла і Абадон ня могуць быць насычаныя, таксама ня могуць насыціцца людзкія вочы.
21.  У тыглі дасьведчываецца серабро, а ў печы – золата, а чалавека – вестка аб ягонай славе.
22.  Таўчы дурнога ў ступе таўкачом, разам са збожжам, а не аддзеліцца ад яго глупства яго.
23.  Наглядай за быдлам тваім і апякуйся стадамі тваімі,
24.  бо ня вечна трывае тваё багацьце і ўлада, ці-ж ня з роду ў род.
25.  Калі расьце трава і паказываецца зелень, зьбіраюць сена з гораў.
26.  Авечкі на вопратку табе, а казлы на куплю поля.
27.  І досыць козяга малака на ежу табе і ежу хатніх тваіх, на харчы служанак тваіх.

Разьдзел 28.

1.  Бязбожныя ўцякаюць, хаця ніхто ня гоніцца за імі, але справядлівы сьмелы, як леў.
2.  За злачынства краіны ёсьць у ёй шмат князёў, а пры разумным і знаючым чалавеку яна даўгавечная.
3.  Бедны чалавек, які прыгнятае слабых, тое-ж што навальны дождж, пасьля якога ня бывае хлеба.
4.  Тыя, што адступаюць ад закону, хваляць бязбожных, а тыя, што пільнуюць закон, абураюцца на іх.
5.  Благія людзі не разумеюць справядлівасьці, але тыя, што шукаюць Госпада, разумеюць усё.
6.  Лепшы бедны, што ходзіць у сваёй бяззаганнасьці, чым той, што скрыўляе свае шляхі, хаця багаты.
7.  Хто заховывае закон ёсьць разумным сынам, а хто трымаецца з раскідомцамі, той сароміць свайго бацьку.
8.  Хто памнажае сваю маемасьць квотніцтвам і ліхваю, зьбірае яе таму, хто будзе шчодра даваць бедным.
9.  Хто адвяртае сваё вуха ад слуханьня закону і малітва ягоная агідная.
10.  Хто зводзіць справядлівых на благі шлях, сам уваліцца ў сваю яму, а бяззаганныя атрымаюць у спадчыну добрыя рэчы.
11.  Багаты чалавек – мудры ў сваіх вачох, але разумны бедны даходзіць яго.
12.  Калі радуюцца справядлівыя – вялікая слава, але калі ўзьвялічываюцца бязбожныя, людзі хаваюцца.
13.  Хто хавае свае злачынствы, ня будзе мець шчасьця, але хто прызнаецца і пакідае іх, той дазнае міласэрдзьдзя.
14.  Шчасьлівы чалавек, які заўсёды баіцца, але хто зацьвярджае сваё сэрца, трапіць у бяду.
15.  Бязбожны валадар над бедным народам, як рычачы леў і галодны мядзьведзь.
16.  Неразумны валадар робіць шмат крыўды, але хто нанавідзіць зыскі, прадоўжыць свае дні.
17.  Чалавек вінны ў праліцьці чалавечай крыві, будзе бегаць да магілы, каб хто небудзь не схапіў яго.
18.  Хто ходзіць бяззаганна, той будзе захаваны, а хто ходзіць крывымі шляхамі, упадзе на адным з іх.
19.  Хто абрабляе сваю зямлю, той бывае насычаны хлебам, але хто ўпадабняецца гультаём, той насыціцца беднасьцяй.
20.  Верны чалавек багаты багаславенствамі, але хто сьпяшаецца разбагацець ня бывае бяз віны.
21.  Глядзець на асобу нядобра; такі чалавек і за кавалак хлеба зробіць няпраўду.
22.  Хутка хоча ўзбагаціцца зайздросны чалавек і ня ведае, што прыйдзе на яго беднасьць.
23.  Хто абвінавачывае чалавека, знойдзе потым вялікую ласку, чым той, у каго лісьлівы язык.
24.  Хто абкрадае свайго бацьку і сваю маці, і гаворыць, што гэта ня грэх, той супольнік забойцы.
25.  Высокадумны ўзьнімае сварку, але хто мае надзею на Госпада, будзе мець дастатак.
26.  Хто палягае на сабе, той дурны, але хто паступае мудра, той будзе цэлы.
27.  Хто дае беднаму – не зьбяднее, а хто зачыняе свае вочы на яго, на тым шмат праклёнаў.
28.  Калі ўзвышаюцца бязбожныя – людзі хаваюцца, а калі яны гінуць – памнажаюцца справядлівыя.

Разьдзел 29.

1.  Чалавек, які будучы абвінавачываны, зацьвярджае свой карак, раптоўна заламаецца і ня будзе яму посьпеху.
2.  Калі памнажаюцца справядлівыя, народ весяліцца, а калі пануе бязбожны, народ стогне.
3.  Чалавек, які любіць мудрасьць, цешыць свайго бацьку, але хто трымаецца з распусьніцамі, той раскідоміць маемасьць.
4.  Кароль справядлівым судом узмацняе зямлю, а хто бярэ хабары, руйнуе яе.
5.  Чалавек, які пахлебляе свайму прыяцелю, расьцягівае сетку пад ягонымі нагамі.
6.  Злачынства благога зьяўляецца яму сілом, а справядлівы пяе і весяліцца.
7.  Справядлівы чалавек старанна ўнікае ў судовы апор бедных, а бязбожны не разглядае справы.
8.  Распусныя людзі ўзбураюць места, а мудрыя суцішаюць гнеў.
9.  Разумны чалавек судзячыся з дурным ня будзе мець супакою, ці будзе гневацца ці сьмяяцца.
10.  Людзі, што ў крыві, ненавідзяць бяззаганнага, а справядлівы дбае аб ягонае жыцьцё.
11.  Дурны выяўляе ўвесь гнеў свой, а мудры паўстрымліваецца.
12.  Калі валадар слухае манлівыя словы, дык усе слугі яго бязбожныя.
13.  Бедны і зьдзерца сустракаюцца, але сьвет вачом аднаго і другога даў Гаспод.
14.  Калі кароль справядліва судзіць, дык ягоны пасад узмацуецца на векі.
15.  Розга і абвінавачаньне даюць мудрасьць, але сваевольнае дзіцянё сароміць сваю матку.
16.  Калі памнажаюцца бязбожныя, памнажаецца і злачынства, але справядлівыя пабачаць іх упадак.
17.  Карай твайго сына і ён дасьць табе супакой і радасьць тваёй душы.
18.  Бяз адкрыцьця згары народ няўстрыманы, але хто заховывае закон – шчасьлівы.
19.  Слуга не папраўляецца словамі, бо хаця ён разумее, але ня слухаецца.
20.  Ці бачыў ты чалавека неасьцярожнага ў сваіх словах? На дурнога больш надзеі, чым на яго.
21.  Калі ад дзіцячых гадоў узгадовываць нявольніка ў раскошы, дык пасьля ён захоча быць сынам.
22.  Гнеўлівы чалавек узьнімае сварку, а палкі шмат грашыць.
23.  Гордасьць чалавека паніжае яго, а пакорны духам асягае славу.
24.  Хто супольнічае са злодзеем, ненавідзіць сваю душу, таксама той, хто чуе праклён, але не выяўляе яго.
25.  Страх перад людзьмі стаўляе сеткі, але хто мае надзею на Госпада, той будзе ўзьвялічаны.
26.  Многія шукаюць ласкавага твару пана, але лёс кожнага ад Госпада.
27.  Для справядлівага агідны бязбожны чалавек, а для бязбожнага агідны той, хто ідзе простым шляхам.

Разьдзел 30.

1.  Гэта словы Агура, сына Якея, і збор выкзааў гэтага-ж мужа да Ітыеля, Ітыеля і Укала:
2.  запраўды я дурнейшы за іншых і няма у мне чалавечага розуму,
3.  і не навучыўся я мудрасьці і ня маю веды сьвятых.
4.  Хто ўзыходзіў на неба і зыходзіў? Хто сабраў вецер у далоні? Хто зьвязаў веду ў вопратку? Хто паставіў усе граніцы зямлі? Якое ягонае імя і якое імя ягонага сына? Ці ведаеш?
5.  Кожнае слова Бога – чыстае, Ён – шчыт для тых, хто Яму верыць.
6.  Не дадавай да Ягоных словаў, каб Ён не абвінавачыў цябе і ты не аказаўся манюкай.
7.  Двох рэчаў прашу я ад цябе, не адмоў мне раней, чым я памру.
8.  Аддалі ад мяне дарэмнасьць і ману; не давай мне беднасьці і багацьця; сыць мяне толькі штодзённым хлебам,
9.  каб я, будучы насычаны, не адмовіўся ад Цябе і не сказаў: – Хто Гаспод? – і каб зьбяднеўшы я не пачаў красьці і ўжываць надарэмна імя майго Бога.
10.  Ня гань слугу перад ягоным панам, каб ён не пракляў цябе, ты каб не зграшыў.
11.  Ёсьць род, які праклінае бацьку свайго і не багаслаўляе маці сваю.
12.  Ёсьць род, які чысты ў сваіх вачох, хаця не абмыты ад нячыстасьці сваёй.
13.  Ёсьць род, вочы якога гордыя і ўзьнятыя павекі.
14.  Ёсьць род, зубы ў якога, як мячы, а ськівіцы, як нажы, каб жорці бедных на зямлі і жабракоў паміж людзьмі.
15.  Ненасытнасьць мае дзьве дачкі, якія гавораць: – прынясі, прынясі! Ёсьць тры ненасытныя рэчы і чатыры, якія ня скажуць: – досыць.
16.  Пекла і бязплоднае ўзлоньне, зямля, якая не насычаная вадою, і вагонь, які ня кажа – досыць.
17.  Вока, якое насьмяхаецца з бацькі і пагарджае паслухмянасьцяй да маці, выдзяўбуць вораны ля патокаў і зьядуць арляняты.
18.  Тры рэчы схаваныя перада мною і чатырох я не разумею:
19.  шляху арла на небе, шляху зьмяя на скале, шляху карабля сярод мора і шляху мужчыны да жанчыны.
20.  Такі-ж шлях чужаложнай жанчыны: пад’ела і абцерла вусны свае і гаворыць: – не зрабіла я нічога благога – .
21.  Ад трох рэчаў трасецца зямля, чатырох яна ня можа насіць:
22.  слугі, які робіцца каралём, дурнога, калі ён насыціцца хлебам;
23.  ганебнай жанчыны, калі яна выходзіць замуж і служанкі, калі зойме месца пасьля сваёй пані.
24.  Вось чатыры малых рэчы на зямлі, якія аднак мудрэйшыя за мудрацоў:
25.  мурашкі – народ ня моцны, які аднак летам загатаўляе сабе ежу;
26.  горныя мышы – народ слабы, але будуюць дом свой у скале;
27.  у шаранчы няма караля, а аднак усе выходзяць радамі;
28.  павук чапляецца лапкамі, але бывае ў каралеўскіх пальцах.
29.  Вось тры рэчы маюць стройную хаду і чатыры стройна выступаюць:
30.  Леў самы сільны паміж зьвяроў, які нікому не аде дарогі;
31.  Конь і казёл і кароль, сярод свайго народу.
32.  Калі ты згубіў глупства і блага падумаў, дык палажы руку на вусны,
33.  бо хто зьбівае сьмятану, атрымлівае масла, штуршок у нос выклікае кроў, а хто выклікае гнеў – узьнімае сварку.

Разьдзел 31.

1.  Гэта словы караля Лемуіла. Павучэньне, якое дала яму ягоная маці.
2.  Што скажу, сын мой, што скажу, сын майго ўзлоньня? Што скажу, сын маіх абяцаньняў?
3.  Не давай жанчынам сілы тваёй, ані шляхоў тваіх тым, якія прыводзяць да згубы каралёў.
4.  Не каралём, Лемуіл, не каралём піць віно і не князём моцнае пітво,
5.  каб напіўшыся яго не забылі закону і не зьмянілі справаў усіх прыгнечаных.
6.  Дайце піць моцнае пітво таму, хто гіне, і віно тым, хто сумуе душою;
7.  няхай такі вып’е і забудзецца пра сваю беднасьць і ня будзе больш успамінаць сваёй бяды.
8.  Адчыняй вусны твае за нямых і для абароны ўсіх сіротаў.
9.  Адчыняй вусны твае для справядлівага суду і для справы бедака і жабрака.
10.  Хто знойдзе дабрадзейную жонку, бо цана яе вышэй ад пэрлаў?
11.  Сэрца яе мужа поўнае яе і ён не застанецца бяз прыбытку.
12.  Яна добра робіць яму, а не блага, у ўсе дні свайго жыцьця.
13.  Шукае воўны і лёну і ахвоча працуе сваймі рукамі.
14.  Яна падобная купецкім караблём – здалёку прывозіць хлеб свой.
15.  Яна ўстае яшчэ да сьвету і раздае пожыў у доме сваім, служанкам сваім.
16.  Падумывае аб зямлі і набывае яе; з заробку сваіх рук садзіць вінаград.
17.  Перапаясывае сілаю свае бёдры і ўзмяцняе свае рукі.
18.  Яна чуе, што занятак яе добры і паходня яе ня гасьне ў начы.
19.  Парцягвае руку сваю да кудзелі, а пальцамі сваімі трымае верацяно.
20.  Адчыняе руку сваю беднаму, а рукі свае працягівае патрабуючым.
21.  Не баіцца за сям’ю ў зімовы час, бо ўся сям’я яе апраненая ў падвойную вопратку.
22.  Робіць сабе каберцы; бісон і пурпур яе вопратка.
23.  Муж яе ведамы ля брамы, калі сядзіць паміж старэйшымі зямлі.
24.  Робіць посьцілкі і прадае жонкам і паясы дастаўляе купцом.
25.  Моцнасьць і прыгажосьць – яе вопратка і ня мае яна клопату аб будучыні.
26.  Мудра адчыняе вусны свае і міласэрнае павучэньне на ейным языку.
27.  Яна даглядае гаспадарку ў сваёй хаце і ня есьці гультайскага хлеба.
28.  Устаўшы багаславяць яе сыны яе і таксама муж хваліць яе,
29.  гаворачы: – шмат было добрых жонак, але ты перавысіла ўсіх іх.
30.  Мілы выгляд ашуківае і дарэмная прыгажосьць, але жонка, якая баіцца Госпада, вартая пахвалы.
31.  Дайце ёй з пладу ейных рук і няхай праславяць яе ля брамы справы яе.


Каментар:
-  адсутнічае старонка № 21 (Разьдзел 15, вв. 7-32).
-  Таксама адсутнічае цалкам Разьдзел 5. (прапушчаны ў машынапісе; пасьля разьдзелу 4 адразу ідзе Разьдзел 6).

 

Пераклад Леаніда Галяка
Дата: 1950 г., Нямеччына
Паводле машынапісу ў архіве бібліятэкі Ф. Скарыны, Лёндан,

скрыня "Біблейскія пераклады", тэчка "Пераклады Галяка", 47 ст. (-1)
Алічбоўваньне: Алесь Аўдзяюк
Надпіс на тытульнай старонцы: "Пераклад Л. Галяка 7 лютага 1950"
(с) электронная версія: Алесь Аўдзяюк
(с) "Часасловец"


Вярнуцца назад