Галоўная > Стары Запавет (Галяк) > Кніга Экклезіяста або Казаньніка

Кніга Экклезіяста або Казаньніка


16 жніўня 2011.
Кніга Экклезіяста або Казаньніка

Разьдзел 1.

1. Словы Экклезіяста, сына Давыдавага, караля ў Ерусаліме.
2. Дарэмнасьць дарэмнасьцяў, сказаў Экклезіяст, дарэмнасьць дарэмнасьцяў – усё дарэмнасьць.
3. Якая карысьць чалавеку ад усяе ягонай працы, якую ён робіць пад сонцам?
4. Людзкі род мінае, а другі прыходзіць, а зямля трывае вечна.
5. Сонца ўзыходзіць і сонца заходзіць і сьпяшаецца да месца свайго, скуль узыходзіць.
6. Ідзе вецер на поўдзень, пераходзіць на поўнач, круціцца на ходзе сваім і вяртаецца на кругі свае.
7. Усе рэкі цякуць у мора, але мора не перапаўняецца: яны варочаюцца да таго месца скуль выцякаюць рэкі, каб ізноў цячы.
8. Усе рэчы ў працы: ня можа чалавек пераказаць усяго; не насыціцца вока бачаньнем, а вуха не напоўніцца слуханьнем.
9. Што было, тое і будзе; а што цяпер робіцца, тое і будзе рабіцца, – няма нічога новага пад сонцам.
10. Здараецца нешта аб чым гавораць: – глядзі вось гэта новае; але гэта ўжо было ў вякох, якія былі перад намі.
11. Няма памяці аб мінулым, ды і аб тым, што будзе не застанецца памяці ў нашчадкаў, якія будуць пасьля.
12. Я, Экклезіяст, быў каралём над Ізраілям у Ерусаліме.
13. І пасьвяціў я сэрца маё таму, каб шукаць і дайсьці мудрасьцяй усё, што робіцца пад небам; гэты цяжкі занятак даў Бог сынам чалавечым, каб яны мучыліся ім.
14. Я бачыў усе справы, што робяцца пад сонцам і вось усё – дарэмнасьць і мучэньне духа.
15. Тое, што крывое, ня можа зрабіцца простым, а нястача нечага ня можа лічыцца.
16. Так думаў я ў сэрцы маім: – вось я ўзьвялічыўся і набыў мудрасьці больш за ўсіх, якія былі перада мною ў Ерусаліме, а сэрца маё дайшло да вялікай мудрасьці і веды.
17. І пасьвяціў я сэрца маё таму, каб пазнаць мудрасьць і веду, шаленства і дурноту, але я пазнаў, што і гэта мучэньне духа;
18. дзеля таго, што ў вялікай мудрасьці шмат суму, а хто павялічывае веду – павялічывае тугу.

Разьдзел 2.

1. Сказаў я ў сэрцы сваім: – дай выпрабую цябе ў вясельлі, ужываючы добрыя рэчы, але і гэта дарэмнасьць.
2. Аб сьмеху сказаў я: – дурнота; а аб вясёласьці: – што яна робіць.
3. Падумаў я ў сэрцы маім цешыць віном цела маё, між тым як сэрца маё кіравалася мудрасьцяй, трымацца дурноты, пакуль не пабачу, што добра для сыноў чалавечых, што павінны былі-б яны рабіць пад небам у нямногія дні свайго жыцьця.
4. Я прадпрыняў вялікія справы: пабудаваў сабе дамы, насадзіў сабе вінаграднікі.
5. Парабіў сабе сады і гаі і пасадзіў у іх усялякія пладовыя дрэвы.
6. Парабіў сабе ставы для навадняньня з іх гаёў у якіх растуць дрэвы.
7. Набыў сабе слугаў і служанак і меў хатніх у хаце маёй, да гэтага стады буйнага і дробнага быдла былі ў мяне вялікшыя, чым у ўсіх, якія былі перадамною ў Ерусаліме;
8. Сабраў сабе серабро і золата і каштоўнасьці ад каралёў і краінаў; завёў таксама сабе сьпявакоў і сьпявачак і ўпрыемненьні сыноў чалавечых – музычныя прылады.
9. І стаўся я вялікім і багатым больш чым усі, якія раней мяне [жылі ў] Ерусаліме, а мудрасьць знаходзілася са мною.
10. Чаго-б не пажадалі мае вочы, я не адмаўляў ім, не забараняў сэрцу майму ніякага вясельля, дзеля таго, што сэрца маё радавалася з усялякай працы маёй і гэта было маім удзелам у працы маёй.
11. Калі-ж я аглянуўся на ўсе справы мае, якія выканалі рукі мае, і на працу, якую ўлажыў робячы іх: вось усё дарэмнасьць і мучэньне духа і няма ад іх карысьці пад сонцам.
12. І аглянуўся я, каб прыгледзецца мудрасьці і шаленству і дурноце, бо што можа зрабіць чалавек, які будзе пасьля караля, апрача таго, што ўжо зроблена.
13. І пабачыў я, што мудрасьць карысьнейшая ад дурноты, так як сьвет карысьнейшы ад цемры.
14. Мудры мае вочы ў галаве сваёй, а дурны ходзіць у цемры, аднак я пазнаў, што аднолькавы лёс чакае іх усіх.
15. Дзеля гэтага я сказаў у сэрцы маім: – і мяне спаткае такі-ж лёс, як і дурнога, пашто-ж я зрабіўся вельмі мудрым. Дзеля гэтага сказаў я ў сэрцы маім, што і гэта дарэмнасьць;
16. бо мудрага таксама ня будуць памятаваць вечна, як і дурнога. У будучых днёх усё будзе забыта і мудры памрэ нароўні з дурным.
17. Дзеля гэтага абрыдла мне жыцьцё, бо пачалі мне падабацца ўсе справы, якія робяцца пад сонцам, бо ўсё дарэмнасьць і мучэньне духа.
18. Нават абрыдла мне праца мая, якую я рабіў пад сонцам, бо павінен буду яе пакінуць чалавеку, які будзе пасьля мяне.
19. І хто ведае мудры ён будзе, ці дурны? Ён аднак будзе распараджацца усёй працай маёй, якую я рабіў і якой выказаў сябе мудрым пад сонцам. І гэта ўсё дарэмнасьць.
20. І зьвярнуўся я да таго, каб адрачыся ад усяе працы, якую я рабіў пад сонцам.
21. Запраўды, не адзін чалавек працуе мудра і з посьпехам і павінен аддаць усё чалавеку не працаваўшаму, як бы ягоную частку. І гэта дарэмнасьць і вялікае зло.
22. Бо што будзе мець чалавек ад усяе працы сваёй і высілку свайго сэрца, якія ён рабіў пад соцнам?
23. Дзеля таго, што ўсе дні яго – гора, а ягоная праца – клопат; нават уначы сэрца ягонае ня знае супакою. І гэта дарэмнасьць.
24. Не ў чалавечай уладзе і тое дабро, каб есьці, піць і цешыць душу сваю ад працы сваёй. Я пабачыў, што і гэта з Божай рукі,
25. бо хто можа есьці і цешыцца бяз яго?
26. Бо чалавеку, які добры перад абліччам Яго, Ён дае мудрасьць і веду і радасьць, а грэшніку дае клопат зьбіраць і грамадзіць, каб пасьля аддаць добраму перад абліччам Божым. І гэта дарэмнасьць і мучэньне духа.

Разьдзел 3.

1. Усё мае свой час і час бывае на ўсякую рэч пад небам.
2. Бывае час радзіцца і час паміраць; час садзіць і час вырываць пасаджанае.
3. Час забіваць і час лячыць; час руйнаваць і час будаваць.
4. Час плакаць і час сьмяяцца; час сумаваць і час скакаць.
5. Час раскідаць каменьні і час зьбіраць каменьні; час абдыманьня і час ухіленьня ад абдымкаў.
6. Час шукаць і час губіць; час хаваць і час кідаць.
7. Час разьдзіраць і час зшываць; час маўчаць і час гаварыць.
8. Час любіць і час ненавідзець; час вайне і час міру.
9. Якую карысьць мае працуючы ад таго, што ён працуе?
10. Бачыў я працу, якую Бог даў сынам чалавечым, каб займаліся ёю.
11. Усё зрабіў Ён дасканалым у свой час і ўлажыў мір у сэрцы іх, хаця чалавек ня можа зразумець ад пачатку да канца справаў, якія робіць Бог.
12. Я даведаўся, што няма для іх нічога лепшага, як весяліцца і рабіць добрае ў жыцьці сваім.
13. І калі які чалавек есьць і п’е і бачыць добрае ў кожнай працы сваёй, дык гэта дар Божы.
14. Даведаўся я, што ўсё, што робіць Бог трывае вечна: да гэтага няма чаго дадаваць і няма чаго адымаць, а Бог робіць гэта так, [каб] карыліся перад Ягоным абліччам.
15. Тое, што было, тое ёсьць і цяпер, а што будзе, тое ўжо было, бо Бог аднаўляе мінулае.
16. Яшчэ бачыў я пад сонцам месца суду, а там бязбожнасьць, месца справядлівасьці, а там несправядлівасьць.
17. І сказаў я ў сэрцы сваім: – справядлівага і бязбожнага будзе судзіць Бог, дзеля таго, што час для кожнай рэчы і суд над кожнай справай.
18. Сказаў я ў сэрцы сваім аб сынох чалавечых, каб выпрабаваў іх Бог і каб яны бачылі, што яны самыя па сабе падобныя жывёле;
19. дзеля таго, што ўдзел сыноў чалавечых і ўдзел жывёлы адзін: паміраюць як тыя, так і гэтыя, і ўсе маюць аднолькавы дух і няма ў чалавека перавагі перад быдлам, бо ўсё гэта дарэмнасьць.
20. Усё ідзе ў адно месца: усё паўстала з пылу і ўсё варочаецца ў пыл.
21. Хто ведае ці ўзыходзіць дух сыноў чалавечых угору і ці дух жывёлы зыходзіць уніз?
22. Гэтак пабачыў я, што няма для чалавека нічога лепшага, як цешыцца са сваёй працы, дзеля таго што гэта ягоны ўдзел, бо-ж хто прывядзе яго пагледзець, што будзе пасьля яго.

Разьдзел 4.

1. І аглянуўся я і пабачыў усялякія прыгнёты, якія дзеюцца пад сонцам: і вось сьлёзы прыгнечаных, а пацяшыцеля ў іх няма, а ў руцэ прыгнятаючай сіла, а пацяшыцеля ў іх няма.
2. Дзеля гэтага я больш хваліў памершых, якія даўно памерлі, чым жывых, якія жывуць дагэтуль.
3. Шчасьлівейшы іх абодвух той, хто яшчэ не існаваў, хто ня бачыў благіх справаў, якія дзеюцца пад сонцам.
4. Бачыў я таксама, што кожная праца і кожны посьпех у справах выклікае заздрасьць паміж людзей. І гэта дарэмнасьць і мучэньне.
5. Дурны складае свае рукі і есьці сваё цела.
6. Лепшая горстка з пакоем, чым абедзьве горсьці з працаю і мучэньнем духа.
7. І аглянуўся я і пабачыў яшчэ другую дарэмнасьць пад сонцам:
8. чалавек самотны, нямаючы нікога, ані сына, ані брата, а працы ягонай няма канца і вока ягонае не насычаецца багацьцем, думае: – для каго-ж я працую і пазбаўляю сябе дабра. І гэта дарэмнасьць і мучэньне духа.
9. Лепш быць удвох, чым аднаму, дзеля таго, што ў іх ёсьць добрая ўзнагарода ў працы іх:
10. бо калі адзін упадзе, дык другі падыме свайго сябру, але гора аднаму, калі-б упаў, бо няма другога, хто-б яго падняў.
11. Таксама, калі ляжаць удваёх, дык цёпла ім, а як сагрэцца аднаму?
12. І калі нехта будзе перамагаць аднаго, дык удваёх утрымаюцца супроць яго. І нітка ссучаная ўтрое ня хутка рвецца.
13. Лепш бедны, але разумны юнак, чым стары і неразумны кароль, які ўжо ня ўмее прыймаць рады;
14. бо той і з вастрогу выйдзе, каб быць каралём, а гэны і ў каралеўсьцьве сваім можа зрабіцца бедным.
15. Бачыў я ўсіх жывучых пад сонцам з гэтым другім юнаком, які меўся заняць каралеўскі пасад.
16. Ня было ліку ўсяму народу, які быў перад ім, хаця нашчадкі ня будуць цешыцца з яго. І гэта марнасьць і мука духа.
17. Наглядай за нагой сваёю, калі йдзеш у дом божы і будзь больш схільны да слуханьня, чым да складаньня ахвяраў дурных людзей, бо яны ня ведаюць, што робяць блага.

Разьдзел 5.

1. Не сьпяшайся языком тваім і сэрца тваё няхай не сьпяшаецца вымаўляць слова перад Богам, бо Бог знаходзіцца на небе, а ты на зямлі, дзеля гэтага няхай будзе мала тваіх словаў.
2. Бо як сны прыходзяць ад мноства клопатаў, так голас дурнога пазнаецца па многіх словах.
3. Калі даеш абяцаньне Богу, дык не адвалакай выкананьня яго, бо Яму не падабаюцца дурныя. Што абяцаў выканай.
4. Лепш не абяцаць, чым абяцаць і не выканаць.
5. Не дазваляй вуснам тваім уводзіць у грэх тваё цела і не гавары перад ангелам – гэта памылка. Пашто табе гневаць Бога сваім словам, каб Ён зьнішчыў-бы справу тваіх рук.
6. Бо ў мностве сноў, як і ў мностве словаў шмат дарэмнасьці, але ты бойся Бога.
7. Калі ты пабачыш у нейкай краіне прыгнёт бедных і парушэньне суду і справядлівасьці, дык ня дзівіся гэтаму, бо над высокім наглядае вышэйшы, а над гэтым самы высокі;
8. перавагу-ж мае краіна, кароль якой дбае аб краіну.
9. Хто любіць серабро, той не насыціцца серабром, а хто любіць багацьце, ня будзе мець з гэтага карысьці. І гэта дарэмнасьць.
10. Дзе шмат маемасьці, там шмат тых, хто з яе карыстае. Які-ж з гэтага пажытак для валадальніка: хіба толькі глядзець на гэта сваімі вачыма.
11. Салодкі сон працоўнага ці зьесьць ён шмат ці мала, але сытасьць багатага не дае яму заснуць.
12. Ёсьць цяжкая бяда, якую я бачыў пад сонцам: багацьце заховыванае валадальнікам яго на шкоду яму.
13. Бо гіне такое багацьце ад няшчасных выпадкаў, а сын, якога спладзіў, ня будзе мець нічога ў рукох сваіх.
14. Як выйшаў ён голы з улоньня маці сваёй, такім адыходзіць і нічога ня возьме са сваёй працы, што мог-бы панесьці ў руцэ сваёй.
15. А і гэта таксама цяжкая бяда, што якім прыйшоў такім і адыходзіць. А якая-ж карысьць, што ён працаваў на вецер?
16. А ён усе дні свае еў у поцемках, з вялікім клопатам, раздражненьнем і болем.
17. Вось яшчэ, што я знайшоў добрага і прыемнага: есьці і піць і цешыцца дабром з усіх працаў сваіх, якія чалавек робіць пад соцнам у ўсе дні свайго жыцьця, якія даў яму Бог, бо гэта ягоны ўдзел.
18. А калі якому-небудзь чалавеку Бог даў багацьце і маемасьць і даў яму магчымасьць карыстацца з іх і браць свой удзел і цешыцца з працы сваёй, дык гэта дар Божы.
19. Ня доўга будуць у яго ў памяці дні ягонага жыцьця, дзеля гэтага Бог і ўзнагараджае ягонае сэрца радасьцяй.

Разьдзел 6.

1. Ёсьць зло, якое я бачыў пад сонцам і яно часта здараецца паміж людзьмі.
2. Бог дае чалавеку багацьце, маемасьць і славу, і няма для ягонай душы нястачы ні ў чым, чаго-б ён не пажадаў, але не дае яму Бог карыстацца з гэтага, а карыстае чужы чалавек. Гэта дарэмнасьць і цяжкая бяда.
3. Калі-б нехта спладзіў сто дзяцей і пражыў шмат гадоў і прадоўжыліся-б дні ягонага жыцьця, але душа ягоная ня цешылася-б дабром, і ня было-б яму хаўтураў, дык я сказаў бы: – мёртва народжаны шчасьлівейшы за яго;
4. бо такі папусту прыйшоў і адыйшоў у цемру і імя ягонае пакрылася цемраю.
5. Ён нават ня бачыў і ня ведаў сонца: яму лепшы адпачынак, чым гэнаму.
6. А гэны хаця-б пражыў дзьве тысячы гадоў, а ня цешыўся дабром, ці-ж не ў адно месца ідуць усі?
7. Уся праца чалавека для ягонага роту, а душа ягоная ня можа насыціцца.
8. Якую-ж перавагу мае мудры перад дурнем, якое – бядака, які ўмее хадзіць перад жывучымі?
9. Лепш бачыць вачыма, чым пажадаць толькі душою, але і гэта – дарэмнасьць і мука духа.
10. Што існуе, таму ўжо данае імя і ведама, што гэта чалавек, і што ня можа ён спрачацца з сільнейшым ад яго.
11. Многа ёсьць такіх рэчаў, якія памнажаюць марнасьць, які-ж пажытак мае з іх чалавек.
12. Бо-ж хто ведае, што добра для чалавека ў гэтым жыцьці, у ўсе дні марнага ягонага жыцьця, якія мінаюць, як цені? І хто скажа чалавеку, што будзе пасьля яго пад сонцам.

Разьдзел 7.

1. Добрае імя лепшае ад каштоўнай масьці і дзень сьмерці ад дня нараджэньня.
2. Лепш хадзіць у дом плачу, чым у дом бяседы, бо там бачыш канец кожнага чалавека, а жывы прыложыць гэта да свайго сэрца.
3. Сум лепшы ад сьмеху, бо пры суме аблічча палепшываецца сэрца.
4. Сэрца мудрых у доме плачу, а сэрца дурных у доме вясельля.
5. Лепш слухаць абвінавачваньне мудрага, чым песьні дурнога;
6. бо сьмех дурнога – тое самае, што трэск гальля цёрну пад катлом. І гэта дарэмнасьць.
7. Прыгнятаючы іншых мудры робіцца дурным, а дары асьляпляюць сэрца.
8. Канец справы лепшы, чым пачатак; чалавек цярплівы лепшы, чым горды.
9. Ня будзь у духу тваім хуткі да гневу, бо гнеў спачывае ў сэрцах дурных.
10. Не кажы: – чаму гэта ранейшыя дні былі лепшыя за цяперашнія, бо ня з мудрасьці ты пытаеш гэта.
11. Мудрасьць добрая пры маемасьці і карысная тым, хто бачыць сонца,
12. бо ў цяні мудрасьці, як у цяні серабра адпачывае чалавек, але перавага мудрасьці ў тым, што мудрасьць дае жыцьцё тым, хто ёю валодае.
13. Прыгледзься Божым учынкам, бо хто можа выпраставаць тое, што зрабіў крывым?
14. У добры час карыстайся дабром, а ў благі час раздумывай: і адно і другое зрабіў Бог па тое, каб чалавек нічога ня мог даведацца таго, што будзе пасьля яго.
15. Усяго нагледзеўся я ў надарэмныя дні мае: справядлівы гіне ў сваёй справядлівасьці; бязбожнік доўга жыве ў сваёй злосьці.
16. Ня будзь занадта суровы, ані занадта мудрым: пашто табе губіць сябе?
17. Не аддавайся граху і ня будзь шалёным: пашто табе паміраць не ў свой час?
18. Добра, калі ты будзеш трымацца аднаго і не адымаць рукі ад другога, дзеля таго, што той, хто баіцца Бога, унікне ўсяго гэтага.
19. Мудрасьць робіць мудрага сільнейшым за дзесяць валадароў, якія ёсьць у месьце.
20. Запраўды няма справядлівага чалавека на зямлі, які-б рабіў дабро і не грашыў.
21. Дзеля гэтага не зварочывай увагі на кожнае сказанае слова, каб не пачуць, як слугі блага гавораць аб табе,
22. бо тваё сэрца ведае шмат выпадкаў, калі і ты сам блага гаварыў аб іншых.
23. Усё гэта я выпрабаваў мудрасьцяй і сказаў: – буду мудрым; але мудрасьць далёка ад мяне.
24. Далёка тое, што было і глыбока, – хто гэта знойдзе.
25. Зьвярнуўся я сэрцам маім да таго, каб знайсьці і пазнаць і дасьлежаваць мудрасьць і розум і пазнаць бязбожнасьць, дурноту, няведы і шаленства;
26. і знайшоў я, што жанчына горш сьмерці, бо яна – сетка, а сэрца яе – сіло, а рукі яе – путы. Добры перад Богам збавіцца ад яе, а грэшнік будзе ёю злоўлены.
27. Вось гэта знайшоў я, сказаў Экклезіяст, дасьледуючы адно за другім.
28. Чаго яшчэ шукала мая душа і чаго я не знайшоў? Мужчыну ад тысячы я знайшоў, але жанчыны паміж усімі я не знайшоў.
29. Толькі гэта знайшоў я, што Бог стварыў чалавека добрым, а людзі скіраваліся за рожнымі думкамі.
30. Хто можа зраўняцца з мудрым? а хто можа вытлумачыць кожную рэч.

Разьдзел 8.

1. Мудрасьць чалавека асьвятляе ягонае аблічча і зьмяняе яго суровасьць.
2. Я раджу: – каралеўскі загад выконывай, дзеля прысягі перад Богам.
3. Не сьпяшайся адыходзіць ад ягонага аблічча і не трывай у ўпоры. Бо ён можа зрабіць усё, што захоча.
4. Дзе каралеўскае слова, там улада, а хто скажа яму: – што робіш?
5. Хто пільнуе запаветы, той не дазнае зла: сэрца мудрага знае час і закон;
6. бо для кожнай рэчы ёсьць свой час і закон, а чалавеку вялікая бяда ад гэтага,
7. што ён ня знае, што будзе, бо хто-ж хоча абвесьціць яму, калі мае нешта стацца.
8. Чалавек ня мае ўлады над духам, каб утрымаць дух і няма ў яго ўлады над днём сьмерці і няма збаўленьня ў гэтым змаганьні і бязбожнага ня выратуе бязбожнасьць.
9. Усё гэта я бачыў і скіраваў сваё сэрца на ўсялякую справу пад сонца. Бывае час, калі чалавек пануе над чалавекам, на шкоду яму.
10. Бачыў я тады, што хавалі бязбожных і прыходзілі і адыходзілі ад сьвятога месца і аб іх забываліся ў тым месцы, дзе яны так рабілі. І гэта дарэмнасьць.
11. Ня хутка адбываецца суд над благімі справамі; дзеля гэтага не баіцца сэрца сыноў чалавечых рабіць зло.
12. Хаця грэшнік сто разоў робіць зло і трывае ў ім, але ведаю, што добра будзе тым, хто баіцца Бога, хто баіцца Божага аблічча,
13. а бязбожнаму ня будзе добра і падобна да цені нядоўга ператрывае той, хто не баіцца Божага аблічча.
14. Ёсьць і такая дарэмнасьць на зямлі: справядлівых спатыкае тое, чаго заслуговывалі-б учынкі бязбожных, а бязбожных спатыкае тое, чаго заслуговывалі-б учынкі справядлівых. І сказаў я: – гэта дарэмнасьць.
15. І пахваліў я вясельле, бо няма нічога лепшага для чалавека пад сонцам, як есьці, піць і весяліцца, бо адно гэта застаецца яму з ягонай працы ў усе дні ягонага жыцьця, якое даў яму Бог пад сонцам.
16. Калі я скіраваў сэрца маё на тое, каб асягнуць мудрасьць і зразумець клопаты, якія бываюць на зямлі і сярод якіх чалавек ні ў дзень, ні ў ночы ня ведае сну, –
17. тады я пабачыў усе Божыя справы і знайшоў, што чалавек ня можа зразумець справаў, якія дзеюцца пад сонцам. Колькі-б чалавек не стараўся гэта зразумець, усёроўна гэтага не зразумее; калі-б нават мудрэц сказаў, што ён знае, ён ня можа асягнуць гэтага.

Разьдзел 9.

1. На ўсё гэта я скіраваў сэрца маё для выясьненьня, што справядлівыя і мудрыя ўчынкі іх у руцэ Божай і што чалавек ня знае ані любові, ані ненавісьці ў усім тым, што перад ім.
2. Усяму і ўсім адно; адзін удзел справядліваму і бязбожнаму, добраму і чыстаму і нячыстаму, прыносячаму ахвяры і не прыносячаму, добраму і грэшніку, прысягаючаму і таму, хто баіцца прысягі.
3. Гэта і ёсьць блага ў усім, што робіцца пад сонцам, што аднолькавы ўдзел усім і сэрца сыноў чалавечых напоўнена злом і дурнота ў сэрцы іх, падчас іхнага жыцьця, а пасьля таго яны адыходзяць да памершых.
4. Хто яшчэ жыве, таму яшчэ ёсьць надзея, бо-ж і жывому сабаку лепш, чым мёртваму ільву.
5. Жывыя ведаюць, што памруць, а мёртвыя нічога ня ведаюць і ўжо няма ім адплаты, дзеля таго, што і памяць аб іх забылася,
6. і любоў іх і ненавісьць і зайздрасьць іх ужо зьніклі і няма ім больш часткі ні ў чым, што дзеецца пад сонцам.
7. Дык ідзі, еш з вясельлем хлеб твой і пій у радасьці сэрца тваёго віно тваё, калі Бог спрыяе справам тваім.
8. Няхай будуць у кожны час сьветлыя твае вопраткі і няхай заўсёды будзе алей на галаве тваёй.
9. Цешся жыцьцём з жонкай тваёю, якую любіш, у ўсе дні жыцьця твайго, якое даў табе Бог пад сонцам на ўсе дарэмныя дні твае, дзеля таго, што гэта твой удзел у жыцьці і працах тваіх, якія ты выконываеш пад сонцам.
10. Усё, што можа рабіць рука твая, па сілах рабі, бо ў магіле, куды ты пойдзеш няма ні працы, ні раздумываньня, ні веды, ні мудрасьці.
11. І абярнуўся я, і бачыў пад сонцам, што ня хуткія здабываюць бег, не адважныя перамогу, ня мудрыя хлеб і не разумныя багацьце, ані ласку здольныя, але прыносіць час і выпадак.
12. Бо чалавек ня ведае свайго часу. Як рыбы трапляюць у згубную сетку, як птушкі трапляюць у сіло, так ловяцца сыны чалавечыя ў благі час, калі ён нечакана прыходзіць.
13. Вось яшчэ якую мудрасьць бачыў я пад сонцам і яна выдалася мне важкай:
14. малое места і людзей у ім няшмат. Супроць яго выйшаў вялікі кароль і аблажыў яго, і выканаў супроць яго вялікія абложныя працы;
15. але ў ім знайшоўся мудры бядак і ён збавіў места; аднак ніхто не ўспамінаў аб гэтым бедаку.
16. І сказаў я: – мудрасьць лепш сілы, хаця мудрасьць бядака была пагарджоная і слоў ягоных ня слухалі.
17. Словы мудрых выказываныя супакойна выслухіваюцца лепш, чым крык пануючага паміж дурнымі.
18. Мудрасьць лепшая ад ваеннага аружжа, але адзін грэшнік псуе шмат добрага.

Разьдзел 10.

1. Мёртвыя мухі псуюць і робяць сьмярдзючым пахнючы алей: тое самае робіць невялікае глупства паважанага чалавека з ягонай мудрасьцяй і славай.
2. Сэрца мудрага на правым баку, сэрца дурнога – па левым.
3. Нават тады, калі дурны ідзе дарогаю ў яго нестае розуму і ён пакажа кожнаму, што дурны.
4. Калі гнеў пануючага будзе супроць цябе, не пакідай свайго месца, бо пакора хавае і вялікшыя паступкі.
5. Ёсьць зло, якое я бачыў пад сонцам, гэта як-бы памылка, якая паходзіць ад пануючага:
6. Дурныя стаўляюцца высака, а багатыя мудрасьцяй сядаюць нізка.
7. Бачыў я слугаў на канёх, а князёў, ходзячых пехатою, як слугі.
8. Хто капае яму, той упадзе ў яе, а хто раскідывае плот, таго ўкусіць зьмяя.
9. Хто пераносіць каменьні, той параніцца імі, а хто сячэ дровы, той можа быць пашкоджаны імі.
10. Калі прытупіцца сякера і калі лязо ня будзе навострана, дык трэба будзе напружываць сілы. Мудрасьць умее гэта паправіць.
11. Калі зьмяя ўкусіць перад замовай, нічога не памогуць словы замаўляючага.
12. Словы з вуснаў мудрага – дабрадзейныя, а вусны дурнога губяць яго.
13. Пачатак словаў з вуснаў яго – дурнота, а канец словаў яго – шаленства.
14. Дурны гаворыць шмат, хаця чалавек ня ведае, што мае быць. Бо хто-ж скажа яму, што будзе пасьля яго?
15. Праца дурнога мучыць яго, бо ён ня ведае нават дарогі ў места.
16. Гора табе, зямля, калі кароль твой юнак і князі якой раніцою бяседуюць.
17. Добра табе, зямля, калі кароль твой ёсьць сынам паважаных, а князі якой ядуць у адпаведны час, для падмацаваньня, а не абжорства.
18. Ад гультайства асядае столь, а калі апусьцяцца рукі, дык працякае хата.
19. Бяседы робяцца для прыемнасьці і віно весяліць жыцьцё, а за ўсё адказывае серабро.
20. Нават у думках сваіх не гавары благога аб каралі і ў спальным пакоі сваім не гавары блага аб багатым, бо птушка нябесная можа перанесьці слова, а тое, што мае крылы, пераказаць мову тваю.

Разьдзел 11.

1. Пушчай хлеб твой па вадзе, бо пасьля зыходу шмат дзён знойдзеш яго.
2. Давай частку сямём, або васьмём, бо ня ведаеш, якая бяда будзе на зямлі.
3. Калі хмары поўныя, дык праліваюць дажджы і калі ўпадзе дрэва на поўдзень, ці на поўнач, дык яно там і застанецца, дзе ўпадзе.
4. Хто наглядае вецер, таму ня сеяць, а хто глядзіць на хмары, таму ня жаць.
5. Як ты ня ведаеш шляхоў ветру і таго, як творацца косьці ў улоньні цяжарнай, так ты ня можаш ведаць Божай справы, які ўсё робіць.
6. Сей раніцою насеньне тваё і вечарам не давай адпачынку руцэ тваёй, дзеля таго, што ты ня ведаеш, што лепш, або ці абодва аднолькава добрыя.
7. Прыемны сьвет і міла вачом бачыць сонца.
8. Калі чалавек пражыве шмат гадоў, дык няхай весяліцца ў працягу іх і хай памятае аб цёмных днёх, якіх будзе шмат. Усё што будзе дарэмнасьць.
9. Дык весяліся юнак у юнацтве тваім і няхай ужывае сэрца тваё радасьці ў днёх юнацтва твайго і хадзі па шляхох сэрца твайго і паводле бачаньня вачэй тваіх. Ведай толькі, што Бог за ўсё гэта пакліча цябе на суд.

Разьдзел 12.

1. Памятай Стварыцеля твайго ў дні юнацтва твайго, пакуль не прыйшлі цяжкія дні і не наступілі гады, аб якіх ты будзеш казаць: няма мне прыемнасьці ў іх,
2. пакуль не сьцямнее сонца і сьвет і месяц і зоркі, і не надыйшлі новыя хмары ўсьлед за дажджом.
3. У той дзень, калі задрыжаць пільнуючыя дом і схіляцца мужы сілы; і перастануць малоць мелячыя, дзеля таго, што іх няшмат засталося і зяцямняцца выглядаючыя вокнамі;
4. і зачыняцца будуць дзьверы на вуліцу; калі сьціхне гук жорнаў і чалавек будзе ўставаць паводле крыку пеўня і сьціхнуць сьпяваючыя дачкі;
5. нават высокія месцы будуць ім страшныя і будуць баяцца на дарозе; калі ж зацьвіце мікдальнае дрэва і ацяжэе саранча і міне яго пожадзь; бо адыходзіць чалавек у вечны дом свой і гатовы акружыць яго на вуліцы галасільніцы, –
6. пакуль не парваўся сярэбраны ланцужок і не парвалася залатая пярэвязь і не разьбіўся збан ля крыніцы і не абвалілася кола над студняю.
7. І вернецца пыл у зямлю, як быў перад гэтым, а дух вернецца да Бога, Які даў яго.
8. Дарэмнасьць дарэмнасьцяў, сказаў Экклезіяст, усё дарэмнасьць.
9. Апрача таго, што Экклезіяст быў мудры, ён вучыў яшчэ народ веды. Ён усё разважаў, разсьледаваў і злажыў шмат прыказак.
10. Стараўся Экклезіяст дабіраць прыгожыя словы і словы праўды напісаныя ім праўдзівыя.
11. Словы мудрых – як голкі і як убітыя цьвякі, і складальнікі іх ад аднаго пастыра.
12. Што-ж больш гэтага, сын мой, таго сьцеражыся: складаць шмат кнігаў ня будзе канца, і шмат чытаць – цяжка для цела.
13. Выслухаем сутнасьць усяго: бойся Бога і пільнуйся Ягоных запаветаў, бо ў гэтым усё для чалавека;
14. бо кожны ўчынак і ўсё тайнае ці добрую ці благую рэч, Бог прывядзе на суд.

 

Пераклад Леаніда Галяка
Дата: каля 1950 г., Нямеччына
Паводле машынапісу ў архіве бібліятэкі Ф. Скарыны, Лёндан,
скрыня "Біблейскія пераклады", тэчка "Пераклады Галяка", 14 ст.
Алічбоўваньне: Алесь Аўдзяюк
(с) электронная версія: Алесь Аўдзяюк
(с) "Часасловец"


Вярнуцца назад