Галоўная > Стары Запавет (Галяк) > Кніга прарока Міхея

Кніга прарока Міхея


16 жніўня 2011.
Кніга прарока Міхея

Разьдзел 1.

1. Слова Госпада, што было да Міхея Морастытца, за часоў Ёатама, Ахаза і Езекіі, каралёў Юдэйскіх, у якім адчынена яму было аб Самарыі і Ерусаліме.
2. Слухайце ўсе народы, няхай слухае зямля і ўсё, што на ёй ёсьць, і няхай будзе Гаспод Бог сьветкаю супраць вас, Гаспод са сьвятое Сваёй сьвятыні.
3. Бо вось Гаспод выйдзе са Свайго месца і, зыйшоўшы, будзе хадзіць па вышынях зямлі.
4. І расплывуцца пад Ім горы, даліны распадуцца, як восы ад вагня, як воды, што ліюцца з гары.
5. Усё гэта станецца за бязбожнасьць Якуба і за грахі Ізраільскага дому. Адуль-жа бязбожнасьць Якуба? Ці-ж не з Самарыі? Хто зрабіў вышыні ў Юдэі? Ці-ж не Ерусалім?
6. За гэта зраблю Самарыю кучаю каменьня, якія бываюць у полі, каля вінаградніка; паскідаю ў даліну ейнае каменьне і адчыню ейны грунт.
7. І ўсе ейныя статуі будуць разбітыя, а ўсе яе дары – спаленыя вагнём, і зьнішчу ўсіх яе балваноў, бо з распуснай заплаты яна рабіла іх, дык на заплату распусты яны і будуць зужытыя.
8. Аб гэтым я буду плакаць і галасіць, ходзячы аграблены і голы, выць, як шакал і плакаць, як маладыя страусяняты,
9. бо нявылечаныя яе раны, бо дайшлі аж да Юды і дасягнулі да брамаў майго народу, да Ерусаліму.
10. Не абвяшчайце аб гэтым у Гет і ня плачце гэтак голасна, але ў сялібе Офра пакрый сябе попелам.
11. Перасяляйцеся жыхаркі Шафіра, сорамна заголеныя; не ўцячэ і жывучая ў Цане, плач у сялібе Эпэль ня дасьць вам затрымацца ў ім.
12. Бядуе аб сваім дабры жыхарка Мароты, бо зыйшла бяда ад Госпада аж да брамы Ерусаліму.
13. Запрагай у воз хуткіх, жыхарка Лахысу, ты – пачатак граху дачкі Сыёну, бо ў цябе зьявіліся злачынствы Ізраіля.
14. Дзеля гэтага ты будзеш пасылаць дары ў Морошэт Гэт, але сялібы Ахзыва будуць ашуканствам для каралёў Ізраіля.
15. Яшчэ спадкаемцу прывяду да цябе, жыхарка Морэма. Прыйдзе аж да Одолам, славы Ізраіля.
16. Здымі з сябе валасы і абстрыгіся, сумуючы аб любімых сынох тваіх. Пашыр лысіну тваю, як ліняючы арол, бо яны будуць пераселеныя ад цябе.

Разьдзел 2.

1. Гора тым, што выдумляюць несправядлівасьць і на ложах сваіх задумываюць благое і выкрываюць яго раніцою на сьвітаньні, бо гэта ў сіле іхных рук.
2. Захочуць палёў і адбіраюць іх сілаю; дамоў – і адбіраюць іх; абіраюць чалавека і ягоны дом, мужа і ягоную спадчыну.
3. Дзеля гэтага так гаворыць Гаспод: – вось надумаў Я навесьці на гэты род такое няшчасьце, з-пад якога вы ня выцягнеце вашых шыяў і ня будзеце хадзіць выпрастаўшыся, бо будзе благі час.
4. У той дзень паўстане аб вас прыказка і будуць плакаць горкім плачам, гаворачы: – мы зусім зруйнаваныя. Дзел майго народу адданы іншым, як вернецца ён да мяне. Палі нашыя ўжо надзеленыя іншым.
5. Дзеля гэтага ня будзе ў цябе нікога, хто кінуў-бы лёс для памеру, на сходзе перад Госпадам.
6. Не наракайце прарокі, не праракуйце ім, каб ня здарылася з вамі няшчасьце.
7. О народ, што называешся домам Якуба! Ці-ж зьменшыўся дух Госпада! Ці-ж такія ягоныя ўчынкі? Ці-ж ня добрыя мае словы для тых, хто паступае справядліва.
8. Народ-жа, што быў раней маім, паўстае, як вораг; маючы вопратку, здыме плашч у мірна праходзячых, што адварочваюцца ад вайны.
9. Жонкаў майго народу выганяеце з іх выгодных дамоў; ад іхных дзяцей вы назаўсёды адабралі маю славу.
10. Устаньце і адыдзеце, бо тут няма супачынку; згубіць вас нячыстасьць суровай загубай.
11. Калі нехта падае сябе прарокам і, гаворачы ману, кажа: – я буду праракаваць аб віне або моцным пітве, – дык ён і быў-бы прыемным прарокам для гэтага народу.
12. Абавязкова зьбяру ўсяго цябе, Якуб, абавязкова зьбяру астаткі Ізраіля, як авечак у Басоры, як у авечым загоне, зашумяць яны ад мнагалюдзтва.
13. Зыйдзе той, хто будзе пераломываць перад імі, пераломіць, увойдуць праз браму і выйдуць ёю, а кароль іх пойдзе перад імі, а на чале іх – Гаспод.

Разьдзел 3.

1. І сказаў я: – слухайце, першыя ў Якуба і правадыры дому Ізраільскага: Ці-ж ня вам трэба ведаць праўду?
2. А вы ненавідзіце добрае, а любіце благое; зьдзіраеце з іх скуру і мяса іх з касьцёў іх;
3. Ясьцё мяса Майго народу і зьдзіраеце з іх скуру, а косьці іх ламаеце і дробіце, як-бы ў гаршчок, а мяса як-бы ў кацёл.
4. І будуць яны клікаць да Госпада, але Ён ня выслухае іх і закрые сваё аблічча ад іх на той час, як яны робяць благія ўчынкі.
5. Так гаворыць Гаспод аб тых прароках, якія ўводзяць у заблуд мой народ, якія, кусаючы зубамі, гавораць аб міры, а супроць таго, хто не кладзе ім нічога ў рот, абвяшчаюць вайну.
6. Дзеля гэтага ноч будзе вам замест бачаньня і цемра замест варажбы, бо зойдзе сонца гэтым прарокам, а дзень сьцямнее ім.
7. І будуць сароміцца прадбачлівыя, а варажбіты будуць засаромленыя і зачыняць усе яны свае вусны, бо ня будзе адказу ад Госпада.
8. Але я напоўнены сілы Духа Госпада, асуду і цьвёрдасьці, каб выказаць Якубу ягоныя злачынствы і Ізраілю – ягоны грэх.
9. Слухайце гэта, першыя дому Якуба і правадыры дому Ізраіля, што пагарджаеце справядлівасьцяй і выкрыўляеце ўсё простае,
10. што ствараеце Сыён крывёю і Ерусалім няпраўдаю.
11. Галовы ягоныя судзяць за падаркі і сьвятары ягоныя вучаць за заплату і ягоныя прарокі праракуюць за грошы, а між тым апіраюцца на Госпада, гаворачы: – Ці-ж не пасярод нас Гаспод? Не здарыцца з намі нічога благога.
12. Дзеля гэтага, за вас, будзе загараны, як поле Сыён і Ерусалім зробіцца кучаю руінаў, а гара Божага Дому будзе парослым лесам узгоркам.

Разьдзел 4.

1. І будзе ў апошнія дні: гара дому Госпада будзе пастаўленай на чале гораў і ўзвысіцца над узгоркамі і паплывуць да яе народы.
2. І пойдуць шматлікія народы і скажуць: – прыйдзеце і ўзыдзем на гару Госпада і ў дом Бога Якубавага і будзе навучаць нас шляхоў сваіх і будзем хадзіць ягонымі сьцежкамі, бо з Сыёну выйдзе закон, а слова Госпада з Ерусаліму.
3. І будзе Ён судзіць многія народы і абвінавачыць многія плямёны ў далёкіх краінах; і перакуюць мячы свае на лемяшы і дзіды свае на сярпы; ня ўздыме народ на народ мяча і ня будзе больш вучыцца ваяваць,
4. але кожны будзе сядзець пад сваім вінаградам і пад сваім фігавым дрэвам і ня будзе нікога, хто-б іх спужаў, бо вусны Госпада Сабаота сказалі гэта.
5. Бо ўсе народы хадзіць будуць, кожны ў імя свайго бога, а мы будзем хадзіць у імя Госпада Бога нашага на вякі вякоў.
6. У той дзень, гаворыць Гаспод, зьбяру кульгаючае і зграмаджу выгнанае і тых, на каго я навёў бяду.
7. І дам кульгаючай нашчадкаў, а далёка выгнанае зраблю моцным народам і Гаспод будзе валадарыць над імі на гары Сыён, ад цяпер аж на векі.
8. А ты, вежа статку, узгорак дачкі Сыёну, ведай, што да цябе прыйдзе і вернецца ранейшае валадарства, каралеўства да дачок Ерусаліма.
9. Чаму-ж цяпер ты так моцна крычыш? Ці-ж у цябе няма караля? Ці-ж ня стала ў цябе райцаў, што схапілі цябе мукі, як родзячую.
10. Цярпі і мучайся больлю дачка Сыёну, як родзячая, бо цяпер ты выйдзеш з места і будзеш жыць у полі і дойдзеш да Бабілёну. Там будзеш збаўленай, там збавіць цябе Гаспод ад рукі тваіх ворагаў.
11. А цяпер сабралася супроць цябе шмат народаў, якія гавораць: – няхай будзе спаганены Сыён і няхай глядзіць на гэтае нашае вока.
12. Але ня ведаюць яны думак Госпада і не разумеюць Ягонай рады, што Ён сабраў іх, як снапы на ток.
13. Устань-жа і малаці, дачка Сыёну, бо Я зраблю твой рог зялезным, а капыты твае зраблю меднымі і пакрышыш шмат народаў і прысьвеціш Госпаду карысьці іх і багацьці іх Валадару ўсяе зямлі.

Разьдзел 5.

1. Цяпер зьбярыся ў палкі, дачка палкоў; аблажылі нас аблогаю, трысьцінаю будуць біць па твары ізраільскага судзьдзю.
2. Але ты, Бэтлеем Эфрата, хаця найменшы паміж юдзкімі тысячамі, з цябе аднак выйдзе Той, хто будзе Валадаром Ізраіля, а паходжаньне Яго здаўна, ад вечных дзён.
3. Дзеля гэтага Ён пакіне іх да часу, пакуль ня родзіць тая, што мае радзіць; тады вернецца да сыноў Ізраіля і астатак іхных братоў.
4. І стане Ён і будзе ў сіле Госпада і ў славе імя Госпада Бога Свайго і яны будуць жыць бязпечна, бо тады будзе Ён вялікім аж да граніцаў зямлі.
5. І будзе такі мір, што калі асырыйцы прыйдуць на нашую зямлю і калі патопчуць нашыя палацы, тады мы выставім супроць іх сем пастыраў і восем князёў.
6. І будуць яны пасьвіць зямлю Асырыйскую мячом і зямлю Німрода ў граніцах іх і Ён збавіць асырыйцаў, калі тыя прыйдуць у нашую зямлю і калі ўступяць у нашыя граніцы.
7. І будзе астатак Якуба сярод многіх народаў, сярод многіх плямёнаў, як раса ад Госпада, як дождж на траве і ён ня будзе залежаць ад чалавека і спадзявацца на сыноў Адамавых.
8. І будзе астатак Якуба паміж народамі, сярод многіх плямёнаў, як леў сярод лясных зьвяроў і як львінае шчанё паміж стада авец, якое калі выступіць, дык топча і ломіць і ніхто не ўратуе ад яго.
9. Падымецца рука твая над ворагамі тваімі і ўсе непрыяцелі твае будуць зьнішчаныя.
10. І будзе ў той дзень, гаворыць Гаспод: – зьнішчу коняў тваіх з пасярод цябе і сапсую вазы твае.
11. Зьнішчу месты ў зямлі тваёй і зруйную гарады твае;
12. выгублю чарадзейства з пасярод цябе і ня будзе ў цябе варажбітоў;
13. зьнішчу статуі і балваны з пасярод цябе і ня будзеш больш кланяцца рабоце тваіх рук;
14. выкараню з пасярод цябе сьвятыя гаі і зьнішчу няпрыяцеляў тваіх.
15. Так у гневе і абурэньні выканаю помсту над народамі, што былі непаслушныя.

Разьдзел 6.

1. Слухайце, што гаворыць Гаспод: – устань, спрачайся з гарамі і няхай чуюць узгоркі твой голас.
2. Слухайце горы суд Госпада і вы, наймацнейшыя падставы зямлі, бо Гаспод вядзе спрэчку з народам сваім і з Ізраілям вядзе спор.
3. Народ мой! Што зрабіў Я табе і чым упрыкрыўся, адказывай мне.
4. Я вывеў цябе з Эгіпскай зямлі і выкупіў цябе з дому нявольнікаў і паслаў перад табою Масея, Арона і Марыям.
5. Народ мой, успомні цяпер, што задумываў Балак, Маабскі Кароль, і што адказаў яму Балаам, сын Бэора; успомні таксама, што дзеялася ад Сытыма да Галгала, каб пазнаць справядлівасьць Госпада.
6. Але гаворыш: – з чым зьяўлюся перад Госпадам і пакланюся Найвышэйшаму Богу. Зьявіцца мне перад Ім з цэлапальнай ахвярай з гадавымі цёлкамі?
7. Ці-ж можна дагадзіць Госпаду тысячамі авечак ці патокамі алею? Ці-ж аддам яму майго першака за злачынства маё і плод улоньня майго за грэх душы маёй?
8. Сказана табе, чалавек, што дабро і чаго патрабуе ад цябе Гаспод: дзеяць справядліва, любяць міласэрнасьць і пакорна хадзіць перад тваім Богам.
9. Голас Госпада кліча да места, але растаропны сам аглядаецца на Тваё імя; слухайце ляску і Таго, хто паставіў яе.
10. Ці-ж не знаходзяцца і цяпер у доме бязбожнага нясправядлівыя скарбы і агідная зьменшаная мера.
11. Ці-ж магу я быць чыстым з няправільнай вагою і сфальшаванымі адважнікамі ў торбе.
12. Багацьці яго поўныя няпраўды і жыхары яго гавораць ману і язык іх манлівы ў вуснах іх,
13. Дык і Я паражу цябе спусташэньнем за грахі твае.
14. Ты будзеш есьці і ня будзеш сыты; пустата будзе ў тваім нутры; будзеш хаваць, але не ўхаваеш, а што ўхаваеш, тое перадам мячу.
15. Будзеш сеяць, але ня будзеш жаць; будзеш выціскаць аліўкі, але ня будзеш мазацца алеям; выцісьнеш вінаградны сок, але ня будзеш піць віна.
16. Захаваліся ў вас звычаі Амбрыя і ўсе справы дому Ахаба і паступаеце згодна з іх радамі, і я выдам цябе на спусташэньне і жыхароў тваіх на насьмешкі і вы будзеце насіць ганьбу Майго народу.

Разьдзел 7.

1. Гора мне, бо я як астаткі пасьля збору летніх пладоў, як пасьля збору вінаграда; ніводнай ягады да ежы, ані сьпелага плоду, якога пажадае мая душа.
2. Ня стала міласэрных на зямлі, няма шчырага паміж людзьмі; усе думаюць аб праліваньні крыві, кожны ловіць сеткаю свайго брата.
3. Рукі іх скіраваныя на тое, каб рабіць благое; начальнік патрабуе падаткаў, а судзьдзя судзіць за хабар, а магнаты выказываюць благія пажаданьні сваёй душы і псуюць справу.
4. Найлепшы з іх, як асот, а справядлівы горш цёрну; дзень прадвесьнікаў Тваіх, адведаньне Тваё наступнае; цяпер застае іх смута.
5. Ня верце прыяцелю, ня давярайце правадыру; ад лежачай на ўзлоньні тваім сьцеражы дзьверы вуснаў тваіх.
6. Бо сын не шануе бацькі, дачка паўстае супроць маці, нявестка супроць сьвякрухі, а непрыяцелям кожнага – хатнія яго.
7. А я буду глядзець на Госпада, ад Бога буду я чакаць майго збаўленьня; Бог мой пачуе мяне.
8. Не весяліся з мяне непрыяцелька мая, хаця я ўпаў, але ўстану; хаця я ў цемры, але Гаспод – сьвет для мяне.
9. Я буду несьці гнеў Госпада, бо я зграшыў перад Ім, пакуль Ён ня вырашыць маёй справы і ня выканае суд нада мною; тады Ён вывядзе мяне на сьвет і я пабачу праўду яго.
10. І пабачыць гэта няпрыяцелька мая і сорам пакрые яе гаворачую: – дзе ёсьць Гаспод Бог твой? Будуць мае вочы глядзець, як яна будзе таптанай, падобна гразі на вуліцах.
11. У той дзень, калі пабудаваныя будуць сьцены твае, у той дзень далёка разыдзецца вырашэньне.
12. У той дзень будуць прыходзіць да цябе з Асырыі і з Эгіпскіх местаў і ад Эгіпту аж да ракі і ад мора да мора і ад гары да гары.
13. А зямля тая будзе пустыняю за жыхароў сваіх, за плады іх учынкаў.
14. Пасьві народ Твой ляскаю Тваёю, авечак спадчыны Тваёй, што жывуць асобна ў лесе сярод Карміла; няхай пасьвяцца яны на Басане і Галаадзе, як у старыя дні.
15. Пакажу яму дзіўныя справы, як у тыя дні, калі ты выйшаў з Эгіпскай зямлі.
16. Пабачаць гэта народы і засаромяцца, пры ўсёй сваёй магутнасьці: наложаць руку на вусны, а вушы іх аглохнуць,
17. будуць лізаць пыл, як зьмяя, як земляныя чэрві выпаўзуць яны з ямаў сваіх, спалохаюцца Госпада Бога нашага і будуць баяцца цябе.
18. Які-ж Бог ёсьць падобны Табе, які-б даровываў бязпраўе і праходзіў міма злачынстваў астаткаў Сваёй спадчыны. Ён ня гневаецца вечна, бо любіць міласэрдзьдзе.
19. Ён ізноў зьмілуецца над намі, скасуе нашыя бязпраў’і і ўкіне ў марскую глыбіню ўсе нашыя грахі.
20. Пакажашся праўдамоўным Якубу, а міласэрным – Абрагаму, як прысягнуў бацьком нашым, з даўных дзён.

Пераклад Леаніда Галяка
Дата: 1950 г., Нямеччына
Паводле машынапісу ў архіве бібліятэкі Ф. Скарыны, Лёндан,
скрыня "Біблейскія пераклады", тэчка "Пераклады Галяка", 8 ст.
Надпіс на тытульнай старонцы: "Пераклад Л. Галяка, Закончаны 20.1.50"
Алічбоўваньне: Алесь Аўдзяюк
(с) электронная версія: Алесь Аўдзяюк
(с) "Часасловец"


Вярнуцца назад