Галоўная > Стары Запавет (Галяк) > Кніга прарока Данілы

Кніга прарока Данілы


16 жніўня 2011.
Кніга прарока Данілы

Разьдзел 1.

1. У трэці год панаваньня Яўхіма, караля Юдэйскага, прыйшоў Набухаданосар, кароль Бабілёну, да Ерусаліму і аблажыў яго.
2. І перадаў Госпад у ягоную руку Яўхіма, караля Юдэйскага, і частку начыньняў Дому Божага і ён завёз іх у зямлю Сэнаар, у дом свайго Бога і ўнёс гэтае начыньне ў скарбніцу бога свайго.
3. І загадаў кароль Асфэназу, начальніку скапцоў сваіх, каб той прывёў сыноў Ізраільскіх, з роду каралеўскага і княжага;
4. юнакоў у якіх няма ніякай цялеснай заганы, прыгожых на выгляд і здольных да ўсялякай навукі і разумеючых навукі і разумных і здольных да службы ў каралеўскім палацы і да навукі хальдэйскай мовы і пісьма.
5. І вызначыў ім кароль штодзённую ежу з свайго стала і віно, якое сам піў і загадаў гадаваць іх тры гады, пасьля зыходу іх, яны павінны былі зьявіцца да караля.
6. Былі паміж імі з сыноў Юдэйскіх Даніла, Ананія, Місаіл і Азар.
7. І назваў іх начальнік скапцоў: Данілу – Бальтазарам; Ананію – Садрахам; Місаіла – Місахам і Азара – Абдэнам.
8. Даніла пастанавіў у сэрцы сваім не паганіцца ежаю з каралеўскага стала і віном, якое п’е кароль і дзеля гэтага прасіў начальніка скапцоў, каб яму не паганіцца.
9. Бог дараваў Даніле ласку і любоў начальніка скапцоў
10. і начальнік скапцоў сказаў Даніле: – я баюся караля, майго пана, які сам вызначыў вам ежу і пітво; калі ён пабачыць, што вашыя твары худзейшыя, чым іншых юнакоў, якія гадуюцца з вамі, дык я адкажу за гэта, перад каралём, сваёй галавою.
11. Тады сказаў Даніла Амэльсару, якога начальнік скапцоў прыставіў да Даніла, Ананіі, Місаіла і Азара:
12. – зрабі дзесяцідзённае дасьветчаньне над слугамі тваімі: няхай даюць нам, як ежу – гародніну, а як пітво – ваду,
13. потым прыгледзішся тварам нашым і тварам тых юнакоў, якія ядуць каралеўскую ежу, а тады рабі са слугамі тваімі, як будзеш бачыць.
14. Ён паслухаўся іх у гэтым і дасьветчываў іх дзесяць дзён.
15. Пасьля зыходу дзесяцёх дзён выявілася, што твары іх былі прыгажэйшыя, а целам яны былі тлусьцейшыя ад усіх тых юнакоў, якія карміліся з каралеўскага стала.
16. Тады Амэлясар браў іх ежу і віно да піцьця і даваў ім гародніну.
17. І дараваў Бог гэтым чатыром юнаком ваду і разуменьне кожнай кнігі і мудрасьці, а Даніле апрача гэтага дараваў разуменьне сноў і відзежаў.
18. Пасьля зыходу тых дзён, калі кароль загадаў прывесьці іх, прывёў іх начальнік над скапцамі да Набухаданосара.
19. І кароль гаварыў з імі і з пасярод усіх не знайшлося падобных Даніле, Ананіі, Місаілу і Азару і пачалі яны служыць каралю.
20. А ў кожнай справе мудрага разуменьня, аб чым-бы ня пытаў іх кароль, ён знаходзіў іх дзесяць разоў разумнейшымі ад усіх мудрацоў і вешчбітаў, якія былі ў ягоным каралеўстве.
21. І быў там Даніла да першага году караля Кіра.

Разьдзел 2.

1. На другі год панаваньня Набухаданосара, меў Набухаданосар сон і ўстрывожыўся ягоны дух і сон уцёк ад яго.
2. Тады загадаў кароль склікаць мудрацоў і варажбітаў і чарадзеяў і хальдэяў, каб яны расказалі каралю ягоны сон. Яны прыйшлі і сталі перад каралём.
3. І сказаў ім кароль: – прысьніўся мне сон і ўстрывожыўся мой дух, так што ня ведаю, што мне прысьнілася.
4. І сказалі хальдэі каралю па арамейскі: – кароль! Жыві вечна! Скажы сон слугам тваім, а мы вытлумачым ягонае значаньне.
5. Адказаў кароль і сказаў хальдэям: – я забыўся сон; калі вы не раскажаце мне сон і ягонае значэньне, дык будзеце разсечаныя на кавалкі, а вашыя дамы – зруйнаваныя,
6. калі-ж раскажаце сон і ягоне значэньне, дык атрымаеце ад мяне дары і ўзнагароду і вялікую чэсьць; дык скажэце мне сон і ягонае значаньне.
7. Яны паўторна адказалі сказалі: – няхай скажа кароль слугам сваім сон, а мы вытлумачым ягонае значаньне.
8. Адказаў кароль і сказаў: – напэўна ведаю, што вы ўмысна адвалакаеце, бачучы, што я забыўся сон.
9. Дзеля таго, што вы не расказываеце мне сну, дык у вас адзін намер, вы маеце намер ашуканска зманіць мяне, каб толькі прайшоў час; дзеля гэтага раскажэце мне сон і тады я буду ведаць ці будзеце вы магчы яго вытлумачыць.
10. Халдэі адказалі каралю, гаворачы: – няма на зямлі чалавека, які-б мог сказаць гэта каралю і дзеля гэтага ні водзін кароль, князь, ані пан не патрабаваў падобнага ні ад воднага мудраца, варажбіта і халдэя.
11. бо справа, якой вымагае кароль, так цяжкая, што ніхто іншы ня можа выявіць гэтага каралю, апрача багоў, якія ня жывуць з цялеснымі.
12. Кароль раз’яраны вельмі разгневаўся і загадаў пазабіваць усіх Бабілёнскіх мудрацоў.
13. Калі быў выданы гэты загад, каб забіваць мудрацоў, дык шукалі і Данілу і ягоных сяброў, каб забіць іх.
14. Тады Даніла зьвярнуўся з мудрасьцяй і радаю да Арыёха, каралеўскага гэтмана, які выйшаў забіваць Бабілёнскіх мудрацоў,
15. і спытаў Арыёха: – чаму такі суровы загад караля? – Тады Арыёх расказаў усё Даніле.
16. Даніла выйшаў і прасіў караля даць яму час і ён прадставіць каралю вытлумачэньне сну.
17. Даніла прыйшоў у дом свой і расказаў усё Ананіі, Місаілу і Азару, – сваім сябром,
18. каб яны прасілі ласкі ў Бога нябеснага, каб ня згінулі дзеля гэтай тайніцы Даніла і ягоныя сябры з іншымі Бабілёнскімі мудрацамі.
19. І адчыненая была Данілу, ў начной відзежы, тайніца і Даніла багаславіў Бога нябеснага.
20. Сказаў тады Даніла: – няхай будзе багаслаўлёнае імя Госпада ад веку і да веку, бо ў Яго мудрасьць і сіла;
21. Ён зьмяняе часы, годы; скідае і ўстанаўляе каралёў; дае мудрасьць мудрым і розум разумным.
22. Ён адчыняе глыбокія і схаваныя рэчы, ведае, што ў цемры, і сьвет жыве з Ім.
23. Слаўлю і вялічаю Цябе, Божа бацькоў маіх, што Ты дараваў мне мудрасьць і сілу і адчыніў мне тое, аб што мы Цябе прасілі, бо Ты адчыніў у начы каралеўскі сон.
24. Пасьля гэтага Даніла зайшоў да Арыёха, якому кароль загадаў пазабіваць Бабілёнскіх мудрацоў і сказаў яму: – не забівай Бабілёнскіх мудрацоў; вядзі мяне да караля, а я адчыню значаньне сну.
25. Тады Арыёх бязадвалочна прывёў Данілу да караля і сказаў: – я знайшоў з палонных сыноў Юдэі чалавека, які можа вытлумачыць каралю значаньне сну.
26. Кароль сказаў Даніле, названаму Бальтазарам: – ці можаш ты расказаць мне сон, які я бачыў і ягонае значаньне?
27. Адказаў каралю Даніла і сказаў: – тайніцы, пра якую пытаецца кароль, ня могуць адчыніць каралю ані мудрацы, ані варажбіты, ані чарадзеі, ані вяшчбіты,
28. але ёсьць на небе Бог, які адчыняе тайніцы. Ён адчыніў каралю Набухаданосару, што будзе ў апошнія дні: сон твой і відзеж, якія ты бачыў на ложы тваім наступныя:
29. ты, кароль, на ложы тваім думаў аб тым, што будзе потым, і той, хто адчыняе тайніцы, паказаў табе тое, што будзе.
30. Мне-ж гэтая тайніца была адчыненая не дзеля таго, што я мудрэйшы ўсіх жывучых, але дзеля таго, каб адчынена было каралю разуменьне і каб ты пазнаў думкі твайго сэрца.
31. Табе, кароль, была такая відзеж: вось нейкая вялікая статуя, вялізарная гэта была статуя, а блыск ягоны быў значны і страшны быў ейны выгляд.
32. У гэтай статуі галава была з чыстага золата, грудзі ейныя і рукі – з серабра; жывот і бёдры – медныя;
33. лыдкі ейныя – зялезныя, ногі ейныя часткова зялезныя, часткова гліняныя.
34. Ты бачыў яе, пакуль не адламаўся ад гары камень, які ня бываў у руцэ, ударыў у статую, у зялезныя і гліняныя ногі яе і разьбіў іх.
35. Тады ўсё раскрышылася: зялеза, гліна, медзь, серабро і золата зрабіліся, як пыл летам на гумнішчы і вецер разнёс іх і не засталося ад іх сьляда, камень-жа, які разьбіў статую зрабіўся вялікай гарою і напоўніў усю зямлю.
36. Вось гэты сон. Вытлумачым перад каралём і ягонае значаньне.
37.  Ты кароль – каралём каралёў, якому Бог нябесны дараваў каралеўства, уладу, моц і славу;
38. і ўсіх сыноў чалавечых, дзе-б яны не жылі, палявых зьвяроў і нябесных птушак Ён аддаў у тваю руку і ўстанавіў цябе ўладаром над усім гэтым; ты – гэта залатая галава.
39. Пасьля цябе паўстане другое каралеўства, слабейшае ад твайго і яшчэ трэцяе каралеўства – меднае, якое будзе панаваць на ўсёй зямлі,
40. А чацьвёртае каралеўства будзе моцнае, як зялеза, бо як зялеза ламае і крышыць усё, гэтак і яно, падобна зялезу – паламае і пакрышыць усё.
41. Тое-ж што ты бачыў ногі і пальцы на нагох часткова з ганчарнай гліны, а часткова з зялеза, дык каралеўства будзе разьдзеленае і ў ім застанецца трохі зялезнай моцы, так, як ты бачыў зялеза зьмешанае з ганчарнай глінай.
42. І так як пальцы ногаў былі часткова з зялеза, а часткова з гліны, так і каралеўства будзе часткова моцнае, а часткова крохкае.
43. Тое-ж што ты бачыў зялеза, зьмешанае з ганчарнай глінай, дык гэта значыць, што яны пародняцца паміж сабою, але не зьліюцца, як зялеза не зьмешываецца з глінаю.
44. За часоў гэных каралеўстваў Бог нябесны ўстановіць каралеўства, якое не разбурыцца на векі і каралеўства гэнае ня будзе перадана іншаму народу, але скрышыць і зруйнуе ўсе каралеўствы, а само будзе стаяць вечна.
45. Так як ты бачыў, што камень адарваны ад гары, які ня быў у рукох, а скрышыў зялеза, медзь, гліну, серабро і золата, дык гэтым вялікі Бог даў знаць каралю, што будзе пасьля. Праўдзівы гэты сон і дакладнае вытлумачэньне яго.
46. Тады кароль Набухаданосар упаў на сваё аблічча і пакланіўся Даніле і загадаў прынесьці яму дары і кадзіла.
47. Тады сказаў кароль Даніле: – запраўды ваш Бог ёсьць Бог багоў і Валадаром каралёў, які адчыняе тайніцы, бо ты мог выявіць гэтую тайніцу.
48. Тады ўзвысіў кароль Данілу і даў яму шмат вялікіх дароў і ўстанавіў яго над усёй Бабілёнскай краінай і галоўным начальнікам над усімі Бабілёнскімі мудрацамі.
49. Але Даніла прасіў караля і той паставіў Сэдраха, Місаха і Абдэнага над усімі справамі Бабілёнскай краіны, а Даніла застаўся пры каралеўскім двары.

Разьдзел 3.

1. Кароль Набухаданосар зрабіў залатую статую, вышынёю шэсьцьдзесят лакцёў, шырынёю шэсьць лакцёў; паставіў яе на полі Дэір, у Бабілёнскай краіне.
2. Тады паслаў кароль Набухаданосар сабраць князёў, намесьнікаў, гэтманаў, галоўных судзьдзяў, праўнікаў, урадаўцаў і ўсіх краёвых намесьнікаў, каб яны прыйшлі на ўрачыстае адкрыцьцё статуі, якую паставіў кароль Набухаданосар.
3. І сабраліся намесьнікі, гэтманы, галоўныя судзьдзі, скарбнікі, праўнікі, урадаўцы і ўсе краёвыя намесьнікі на адкрыцьцё статуі, якую паставіў кароль Набухаданосар і сталі перад статуяй, якую паставіў Набухаданосар.
4. Тады спавесьнік голасна абвесьціў: – паведамляюцца вам народы, плямёны і языкі:
5. Калі пачуеце гук трубы, жалейкі, цымбалаў, скрыпкі, гусьляў, сымфаналу і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, падайце і кланяйцеся залатой статуі, якую паставіў кароль Набухаданосар,
6. а хто не ўпадзе іне паклоніцца, той зараз будзе ўкінены ў распаленую вагнём печ.
7. Дзеля гэтага, калі ўсе народы пачулі гук трубы, жалейкі, цымбалаў, скрыпкі, гусьляў, сымфаналу і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, дык усе народы, плямёны і языкі ўпалі і пакланіліся залатой статуі, якую паставіў кароль Набухаданосар.
8. У тым-жа часе прыступілі некаторыя халдэі, жалячыся на жыдоў.
9. Яны сказалі каралю Набухаданосару: – кароль! жыві вечна!
10. Ты, кароль, даў загад, каб кожны чалавек, які пачуе гук трубы, жалейкі, цымбалаў, скрыпкі, гусьляў і сымфаналу і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, упаў і пакланіўся залатой статуі,
11. а хто не ўпадзе і не паклоніцца, той павінен быць укінены ў распаленую вагнём печ.
12. Знайшліся аднак некаторыя жыды, якіх ты паставіў над справамі Бабілёнскай краіны – Сэдрах, Місах і Абдэна; гэтыя ня слухаючыся твайго загаду, не кланяюцца тваім багом і не кланяюцца залатой статуі, якую ты паставіў.
13. Тады Набухаданосар у гневе і ярасьці загадаў прывесьці Сэдраха, Місаха і Абдэна і былі яны прыведзеныя да караля.
14. Набухаданосар сказаў ім: – Ці вы ўмысна, Сэдрах, Місах і Абдэна не шануеце маіх багоў і не кланяецеся залатой статуі, якую я паставіў?
15. Цяпер, калі вы гатовы, як толькі пачуеце гук трубы, жалейкі, цымбалаў, скрыпкі, гусьляў, сымфаналу і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, падайце і кланяйцеся статуі, якую я зрабіў, калі-ж вы не паклоніцеся, дык зараз-жа будзеце ўкіненыя ў распаленую вагнём печ і тады які Бог збавіць вас ад маёй рукі?
16. Адказалі Сэдрах, Місах і Абдэна і сказалі каралю Набухаданосару: – мы ня дбаем аб тое, што адказаць табе на гэта.
17. Бог наш, якому мы кланяемся, мае сілу выратаваць нас ад распаленай вагнём печы і вызваліць нас ад тваёй рукі.
18. Калі-ж і не здарыцца так, дык няхай будзе табе кароль ведама, што мы ня будзем кланяцца тваім багом і не паклонімся залатой статуі, якую ты паставіў.
19. Тады Набухаданосар так раз’ярыўся на Сэдраха, Місаха і Абдэна, што зьмяніўся выгляд ягонага твару і загадаў, каб распалілі печ сем разоў мацней, чым яе звычайна распалівалі,
20. і самым сільным мужом з свайго войска загадаў зьвязаць Сэдраха, Місаха і Абдэна і ўкінуць іх у распаленую вагнём печ.
21. Тады гэных мужоў зьвязалі ў плашчох іх і вопратках іх і ў павязках галавы і іншых адзежах іх і ўкінулі ў распаленую вагнём печ.
22. А дзеля таго, што каралеўскі загад быў суровы і печ была вельмі распаленая, дык вогненнае полымя забіла тых людзей, што кідалі Сэдраха, Місаха і Адбэна,
23. а гэныя тры мужы – Сэдрах, Місах і Абдэн, упалі зьвязаныя ў распаленую вагнём печ.
24. Кароль Набухаданосар зьдзівіўся і пасьпешна ўстаў, гаворачы сваім магнатам: – ці-ж ня трох зьвязаных мужоў укінулі мы ў вагонь? Тыя адказываючы сказалі: – запраўды так, кароль.
25. На гэта ён адказаў: – вось я бачу чатырох мужоў незьвязаных, якія ходзяць сярод вагню і няма ім ніякай шкоды, а асоба чацьвертага падобная да сына Божага.
26. Тады Набухаданосар падыйшоў да атворыны печы і сказаў: – Сэдрах, Місах і Абдэн, слугі Найвышэйшага Бога, выйдзеце і падыйдзеце! Тады Сэдрах, Місах і Абдэн выйшлі з пасярод вагню.
27. І сабраліся князі, намесьнікі, гэтманы і каралеўскія райцы і пабачылі, што над целамі гэтых мужоў вагонь ня меў сілы і валасы на іх галаве не апаліліся і вопраткі іхныя не зьмяніліся і нават запаху вагню ня было ад іх.
28. Тады сказаў Набухаданосар: – багаслаўлёны Бог Сэдраха, Місаха і Абдэна, Які паслаў свайго Ангела і вызваліў слугаў сваіх, якія спадзяваліся на Яго і не паслухаліся каралеўскага загаду і перадалі целы сваі, каб ня служыць і не кланяцца іншаму Богу, апрача Бога свайго.
29. Ад мяне выдаецца загад, каб з кожнага народу, племені і языка, хто скажа якое-небудзь блюзьнерства на Бога Сэдраха, Місаха і Абдэна, быў парубаны на кавалкі і дом ягоны зруйнаваны, бо няма іншага Бога, які-б мог так ратаваць.
30. Тады кароль узвысіў Сэдраха, Місаха і Абдэна ў Бабілёнскай краіне.
31. Набухаданосар, кароль, усім народам, плямёнам і языком, жывучым па ўсёй зямлі: мір вам няхай памножыцца!
32. Знакі і цуды, якія ж учыніў са мною Найвышэйшы Бог, лічу я адпаведным расказаць.
33. Як вялікія ягоныя знакі! Як магутныя Ягоныя цуды! Ягонае каралеўства – вечнае каралеўства і Ягонае валадараньне ад народу да народу.

Разьдзел 4.

1. Я, Набухаданосар, жывучы ў супакоі ў доме маім і шчасна ў палацы маім,
2. меў сон, які спужаў мяне і думкі, якія я меў на ложы маім і відзежы галавы маёй устрывожылі мяне.
3. Дзеля [гэтага] быў мною выданы загад прывесьці да мяне Бабілёнскіх мудрацоў, каб яны вытлумачылі мне значаньне сну.
4. Тады прыйшлі мудрацы і варажбіты, халдэі і вешчбіты; я расказаў ім сон, але яны не маглі вытлумачыць мне ягонае значэньне.
5. Нарэшце прыйшоў да мяне Даніла, імя якога Бальтазар – паводле імені майго бога і ў якіх дух сьвятога Бога. Яму расказаў я сон.
6. Бальтазар, першы з пасярод мудрацоў! Я ведаю, што ў табе дух сьвятога Бога і ніякая тайніца не за цяжкая для цябе; вытлумач мне відзеж майго сну, які я бачыў і ягонае значэньне.
7. Відзежы галавы маёй на ложы маім былі такія: вось я бачыў сярод зямлі вельмі высокае дрэва.
8. Вялікае было гэтае дрэва і моцнае; высата яго дасягала да неба і бачнае было да краёў усяе зямлі.
9. Галіны яго былі прыгожыя, а пладоў шмат і пожыў для ўсіх быў на ім; пад ім была цень палявому зьверу, а на ягоных галінах жылі птушкі нябесныя і ад яго кармілася ўсялякае стварэньне.
10. І бачыў я ў відзежах галавы маёй, на ложы маім: вось зыйшоў з неба Вартаўнік і Сьвяты.
11. Голасна ўсклікнуўшы Ён сказаў: – зрубеце гэтае дрэва, абрубеце ягоныя галіны, абтрасеце лісьцьцё яго і раскідайце ягоныя плады; няхай разьбягуцца зьвяры з пад яго і птушкі з ягоных галінаў,
12. але галоўны карэнь яго пакіньце ў зямлі і няхай будзе ён зьвязаны зялезным і медным ланцугом і на палявой траве кропіцца нябеснай расою, а пасецца няхай на траве з палявымі зьвярамі.
13. Няхай адымецца ад яго чалавечае сэрца, а будзе яму данае сэрца зьвярынае і пройдзе над ім сем часоў.
14. Загадам Вартаўніка азначана гэта і станецца паводле прыгавору Сьвятых, каб ведалі людзі, што Найвышэйшы пануе над чалавечым каралеўствам і дае яго таму, каму хоча і стаўляе над ім самога лядачага з людзей.
15. Такі сон бачыў я, кароль Набухаданосар, а ты, Бальтазар, скажы мне значаньне, бо ніхто з мудрацоў у маім каралеўстве ня мог вытлумачыць ягонага значаньня, але ты можаш, бо Дух сьвятога Бога ў табе.
16. Тады Даніла, якому імя Бальтазар, задумаўся адну гадзіну і думкі ягоныя трывожілі яго. Кароль пачаў гаварыць і сказаў: – няхай ня трывожыць цябе сон і ягонае значаньне. – Бальтазар адказаў і сказаў: – Валадару мой, няхай споўніцца гэты на тых, якія цябе ненавідзяць, а на ворагаў тваіх ягонае значаньне.
17. Вялікае і моцнае дрэва, якое ты бачыў, вышыня якога сягала неба і бачнае было па ўсёй зямлі.
18. На якім былі прыгожыя галіны і шмат пладоў і пожыў для ўсіх, пад якім жылі палявыя зьвяры і на галінах якога жылі птушкі нябесныя,
19. Гэта ты – кароль, які ўзьвялічыўся і ўзмацаваўся, а велічыня твая ўзрасла і дасягла да неба і ўлада твая да канцоў зямлі.
20. А што кароль бачыў Вартаўніка і Сьвятога, зыходзячага з неба, які сказаў: – зрубеце гэтае дрэва і зьнішчыце яго, толькі галоўны карэнь яго пакіньце ў зямлі і няхай будзе ён у зялезных і медных ланцугох крапіцца сярод палявой травы нябеснай расою, а з палявымі зьвярамі няхай пасецца, пакуль ня пройдзе сем часоў,
21. дык вось значаньне гэтага і вось пастанова Найвышэйшага, якая асягне валадара майго, караля:
22. адлучаць цябе ад людзей і будзеш ты жыць з палявымі зьвярамі і травою будзеш пасьціся, як вол, а раса нябесная будзе крапіць цябе, пакуль зыйдзе сем часоў над табою, пакуль пазнаеш, што Найвышэйшы пануе над чалавечым каралеўствам і дае яго, каму хоча.
23. А што загадана пакінуць галоўны карэнь дрэва, гэта значыць, што каралеўства тваё застанецца пры табе, калі пазнаеш, што нябёсы пануюць.
24. Дзеля гэтага, кароль, няхай спадабаецца табе мая рада: скасуй грахі твае праўдаю, а бязпраў’і твае міласэрдзьдзем да бедных. Вось чым можаш прадоўжыць свой супакой.
25. Усё гэта збылося з каралём Набухаданосарам.
26. Пасьля зыходу дванацьцацёх месяцаў, прахаджываючыся на каралеўскім палацы ў Бабілёне,
27. сказаў кароль: – Ці-ж гэта не вялікі Бабілён, які я збудаваў сілаю маёй моцы, каб быў сталіцаю каралеўства і на славу маёй велічы?
28. А калі гэтая мова была яшчэ ў вуснах караля, вось быў голас з неба: – гавораць табе, кароль Набухаданосар, каралеўства тваё адыйшло ад цябе.
29. І адлучаць цябе ад людзей і будзеш ты жыць з палявымі зьвярамі, травою будзеш пасьціся, як вол і сем часоў пройдзе над табою, пакуль пазнаеш, што Навышэйшы пануе над чалавечым каралеўствам і дае яго, каму хоча.
30. Зараз-жа споўнілася гэтае слова над Набухаданосарам, бо адлучаны ён быў ад людзей, еў траву, як вол, а нябесная раса крапіла ягонае цела, так што вырасьлі на ім валасы, як у льва, а кіпцюры, як у птушкі.
31. А пасьля зыходу гэных дзён, узьняў я, Набухаданосар, вочы ў неба і вярнуўся розум мой да мяне і багаславіў я Найвышэйшага, а Існуючага ўсхваліў і праславіў, якога валадарства – валадарства вечнае, а каралеўства яго ад народу да народу.
32. А ўсе жывучыя на зямлі нічога ня значаць. Паводле Сваёй волі паступае з нябесным войскам і жывучымі на зямлі і няма нікога, хто-б мог супроцьдзеяць яму і сказаць: – што робіш?
33. У той час вярнуўся да мяне розум мой і да славы каралеўства майго вярнулася аздоба і годнасьць мая; тады шукалі мяне князі і райцы мае, а [я] ўзмацаваўся на каралеўстве і веліч мая яшчэ больш узьвялічылася.
34. Цяпер я, Набухаданосар, хвалю, вывышаю і слаўлю нябеснага караля, усе справы Якога праўдзівыя, а шляхі правільныя, а які можа зьнішчыць гордых.

Разьдзел 5.

1. Бальтазар, кароль, зрабіў вялікую бяседу для тысячы сваіх магнатаў і перад вачыма тысячы піў віно.
2. А калі Бальтазар піў віно, загадаў прынесьці залатое і серабранае начыньне, якое Набухаданосар, ягоны бацька, забраў з ерусалімскай сьвятыні, каб піць з іх каралю, ягоным магнатам, ягоным жонкам і ягоным наложніцам.
3. Тады прынесьлі залатое начыньне, якое было ўзятае са сьвятыні Дому Божага ў Ерусаліме і пілі з іх кароль і ягоныя магнаты, ягоныя жонкі і ягоныя наложніцы,
4. а, п’ючы віно, славілі залатых, сярэбраных, медных, зялезных, дзераўляных і каменных багоў.
5. У той-жа час выйшлі пальцы чалавечай рукі і пісалі супроць сьвечніка на вапне сьцяны каралеўскага палацу і бачыў кароль частку пішучай рукі.
6. Тады кароль зьмяніўся ў твары сваім, стрывожыліся ягоныя думкі, вязаньні ягоных бёдраў аслабелі, а калены пачалі біцца адно аб другое.
7. З усяе сілы закрычэў кароль, каб прывялі вешчбітаў, халдэяў і варажбітоў; кароль пачаў гаварыць і сказаў Бабілёнскім мудрацом: – хто прачытае напісанае і вытлумачыць мне ягонае значэньне, той будзе апранены ў чырвоную вопратку і дадуць яму залаты ланцуг на шыю і будзе трэцім у каралеўстве, пасьля мяне.
8. І ўвайшлі ўсе каралеўскія мудрацы, але не маглі прачытаць напісанага і вытлумачыць ягонае значаньне.
9. Кароль Бальтазар вельмі ўстрывожыўся і зьмяніўся выгляд ягонай твары і ўстрывожыліся ягоныя магнаты.
10. Каралева-ж з прычыны словаў караля і магнатаў увайшла ў бяседнае памешканьне, пачала гаварыць і сказала: – кароль, жыві вечна! Няхай і цябе ня трывожаць твае думкі і няхай не зьмяняеца выгляд твайго твару;
11. ёсьць у тваім каралеўстве муж у якім дух сьвятога Бога. За часоў твайго бацькі былі ў ім знойдзены сьвет і розум і мудрасьць, падобная мудрасьць багоў і кароль Набухаданосар, твой бацька, паставіў яго на чале ўсіх мудрацоў, вешчбітаў, халдэяў і варажбітоў, сам бацька твой кароль,
12. бо ў нім, у Даніле, якога кароль назваў Бальтазарам, аказаўся высокі дух, веда і розум, здольныя тлумачыць сны, выясьняць загадковыя і разьвязываць цяжкія рэчы. Дык няхай паклічуць Данілу і ён вытлумачыць значаньне.
13. Тады быў прыведзены Даніла да караля і кароль гаворачы сказаў: – Ці ты Даніла, адзін з палоных сыноў Юдэйскіх, якіх бацька мой, кароль, прывёў з Юдэі?
14. Я чуў аб табе, што Дух Божы ў табе і сьвет і розум і вялікая мудрасьць знойдзеныя ў табе.
15. Вось прыведзеныя былі да мяне мудрацы і варажбіты, каб прачытаць гэтае напісанае, але яны не маглі вытлумачыць мне гэтага.
16. А аб табе я чуў, што ты можаш тлумачыць значаньне і разьвязываць цяжкія рэчы, дык калі можаш прачытаць гэтае напісанае і вытлумачыць мне ягонае значаньне, дык будзеш апранены ў чырвоную вопратку і залаты ланцуг будзе на тваёй шыі і трэцім валадаром будзеш па мне ў каралеўстве.
17. Тады адказаў Даніла і сказаў каралю: – дары твае няхай застануцца ў цябе і чэсьць аддай іншаму, напісанае я прачытаю каралю і вытлумачу значаньне.
18. Кароль! Найвышэйшы Бог дараваў бацьку твайму Набухаданосару каралеўства, веліч, чэсьць і славу.
19. Перад велічай, якую Ён даў яму, усе народы, плямёны і языкі дрыжэлі і баяліся яго, каго хацеў забіваў ён, каго хацеў пакідаў у жывых; каго хацеў узвышаў, а каго хацеў паніжаў.
20. Калі аднак сэрца ягонае зрабілася вельмі гордым і дух ягоны зрабіўся пышны, ён быў скінуты з свайго каралеўскага пасаду і пазбаўлены славы сваёй,
21. і адлучаны ён быў ад сыноў чалавечых і сэрца ягонае сталася падобным зьвярынаму і жыў ён з дзікімі асламі, пасьвіўся травою, як вол, і нябесная раса крапіла ягонае цела, пакуль ён не пазнаў, што над каралеўствам чалавечым пануе найвышэйшы Бог і ўстанаўляе над ім каго хоча.
22. Ты, сын ягоны Бальтазар, не ўпакорыў свайго сэрца, хаця ведаў усё гэтае,
23. але узьняўся супроць Госпада нябёс і начыньне Ягонага Дому прынесьлі да цябе і ты, і магнаты твае, жонкі твае і наложніцы твае пілі з іх віно і ты славіў сярэбраных, залатых, медных, зялезных, дзеравяных і каменных багоў, якія ня бачаць, ня чуюць, не разумеюць, а Бога, у руцэ Якога дыханьне тваё, ты не праславіў.
24. За гэта пасланая была ад яго частка рукі і напісаныя пісьмёны.
25. І вось што напісана: мэнэ, мэнэ, тэкэль, упарсін.
26. Вось і значаньне словаў: мэнэ – зьлічыў Бог каралеўства тваё і пастанавіў скончыць яго;
27. Тэкэль – ты ўзважаны і знойдзены вельмі лёгкім;
28. Пэрэс – разьдзелена тваё каралеўства і адданае мідам і пэрсам.
29. Тады па загаду Бальтазара апранулі Данілу ў чырвоную вопратку і ўзлажылі на ягоную шыю залаты ланцуг і абвесьцілі яго трэцім валадаром у каралеўстве.
30. У тую-ж ноч Бальтазар, кароль халдэйскі, быў забіты
31. і Дары мідзянін прыняў каралеўства, маючы шэсьцьдзесят два гады.

Разьдзел 6.

1. Спадабалася каралю Дарыю ўстанавіць над каралеўствам сто дваццаць намесьнікаў, каб яны былі ў усім каралеўстве,
2. а над імі трох князёў, з якіх адзін быў Даніла, каб намесьнікі давалі ім справаздачу, каб каралю ня было ніякай шкоды.
3. Даніла пераважаў гэных князёў і намесьнікаў, бо ў ім быў высокі дух і кароль думаў ужо ўстанавіць яго над цэлым каралеўствам.
4. Тады князі і намесьнікі пачалі шукаць прычыны абвінавачаньня супроць Данілы ў справах кіраваньня каралеўствам, аднак не маглі знайсьці прычыны, ані заганы, бо ён быў верным і ніякай заганы, ані віны ня было ў ім.
5. І сказалі гэтыя людзі: – не знайсьці нам прычыны супроць Данілы, хіба-што знойдзем супроць яго ў законе ягонага Бога.
6. Тады гэныя князі і намесьнікі прыйшлі да караля і сказалі яму: – кароль Дары, жыві вечна!
7. Усе князі каралеўства, намесьнікі, райцы і гэтманы нарадзілі, каб была зробленая каралеўская пастанова і выданы загад, каб кожны, хто на працягу дваццацёх дзён будзе прасіць якога-небудзь Бога ці чалавека, апрача цябе, – быў укінуты ў роў са львамі.
8. Дык зацьвердзь, кароль, гэтую пастанову і пісьмова апавесьці яе, каб яна ня была зьмененая, як закон Мідыйскі і Пэрскі, якія не зьмяняюцца.
9. Кароль Дары апавесьціў пісьмова гэтую пастанову.
10. Даніла, даведаўшыся, што падпісаны такі загад пайшоў у дом свой; вокны-ж у ягоным пакоі былі адчынены супроць Ерусаліму і ён тры разы ў дзень ставаў на калены і маліўся свайму Богу і славіў яго, як меў звычай рабіць раней.
11. Тады гэныя людзі падглядзелі і, знайшоўшы Данілу на малітве і просячага свайго Бога,
12. потым прыйшлі і сказалі каралю аб каралеўскім загадзе: – Ці-ж ня ты выдаў загад, каб кожны чалавек, які на працягу трыццацёх дзён будзе прасіць якога-небудзь бога ці чалавека, апрача цябе, быў укінуты ў роў са львамі? Кароль адказаў і сказаў: – запраўды так паводле Мідыйскага і Пэрскага права, якое не адмяняецца.
13. Тады, адказываючы, сказалі каралю, што: – Даніла, што з палонных сыноў Юдэйскіх, не зварочывае ўвагі на цябе, кароль, ні на загад падпісаны табою, але тры разы ў дзень моліцца сваймі малітвамі.
14. Кароль пачуўшы гэта вельмі засумаваў і пастанавіў у сэрцы сваім уратаваць Данілу і аж да заходу сонца стараўся вызваліць яго.
15. Тыя-ж прыступілі аднак да караля і сказалі яму: – ведай кароль, што паводле Мідыйскага і Пэрскага права ніякае вырашэньне ці пастанова, зацьверджаная каралём, ня можа быць зьмененым.
16. Тады кароль загадаў, каб прывялі Данілу і ўкінулі ў роў са львамі, пры гэтым кароль сказаў Даніле: – Бог твой, якому ты ўсьцяж служыш выратуе цябе.
17. Тады прынесены быў камень і паложаны на атворыну гэтага рову і кароль запячатаў яго сваім пярсьцёнкам, каб ня было зьмененае распараджэньне аб Даніле.
18. Затым кароль пайшоў у свой палац, лёг спаць бяз вячэры, забараніў уносіць да яго ежу і сон адбег ад яго.
19. Раніцою-ж устаў кароль а сьвеце і пасьпешна пайшоў да рову з львамі
20. і, падыйшоўшы да рову, жалезным голасам клікнуў Данілу і сказаў: – Даніла, слуга Бога жывога! Бог твой, якому ты ўсьцяж служыш, ці мог збавіць цябе ад львоў?
21. Тады Даніла сказаў каралю: – кароль, жыві вечна!
22. Бог мой паслаў свайго агнела і зачыніў пашчы ільвм і яны не пашкодзілі мне, бо я аказаўся перад ім чыстым, ды і перад табою я не зрабіў нічога благога.
23. Тады кароль вельмі ўсьцешыўся з гэтага і загадаў выцягнуць Данілу з рову і быў Даніла выцягнуты з рову і не аказалася на ім ніякага пашкоджаньня, бо ён верыў у Бога свайго.
24. І загадаў кароль, каб прывялі тых людзей, якія абвінавачылі Данілу і кінулі ў роў са львамі іх і дзяцей іхных і жонак іхных, і не дасягнулі яны яшчэ дна рову, як львы кінуліся на іх і пакрышылі іх косьці.
25. Пасьля гэтага кароль Дары напісаў усім народам, плямёнам і языком, жывучым на ўсёй зямлі: – няхай павялічыцца ваш мір.
26. Выдаецца мною загад, каб у кожнай акрузе майго каралеўства дрыжэлі і баяліся Бога Данілы, бо Ён ёсьць Бог жывы і вечна трываючы і каралеўства Ягонае і ўлада бязконцая.
27. Ён выбаўляе і ратуе і робіць цуды і знакі на небе і на зямлі, Ён выбавіў Данілу з моцы львоў.
28. А Даніле шчасьліва паводзілся і за часу панаваньня Дарыя і за панаваньня Кіра Пэрскага.

Разьдзел 7.

1. У першы год Бальтазара, караля Бабілёнскага, Даніла бачыў сон і прарочыя відзежы на ложы сваім. Тады запісаў ён сон, вылажыўшы сутнасьць справы.
2. Гаворачы, Даніла сказаў: – бачыў я ў начной відзежы маёй – вось чатыры вятры нябесныя змагаліся на вялікім моры
3. і чатыры вялікія зьвяры выйшлі з мора, непадобныя адзін на аднаго.
4. Першы, як леў, але ў яго арлінныя крылы; я глядзеў пакуль ня былі ў яго вырваныя крылы і быў ён узьняты ад зямлі і стаў на ногі, як чалавек, і сэрца чалавечае дано было яму.
5. Потым яшчэ зьвер другі, падобны да мядзьведзя, стаяў з аднэй стараны і тры іколы ў роце яго, паміж зубамі яго. І гаварылі да яго: – устань, нажарыся досыць мяса.
6. Затым бачыў я – вось яшчэ зьвер, як леапард; на сьпіне ў яго чатыры птушыных крылы і чатыры галавы было ў гэтага зьвера і дана была яму ўлада.
7. Пасьля бачыў я ў начных відзежах, – вось зьвер чацьверты, страшны і вельмі моцны; у яго вялікія зялезныя зубы; ён жор і крышыў, а астачу таптаў нагамі. Ён рожны быў ад усіх іншых зьвяроў і было ў яго дзесяць рагоў.
8. Я глядзеў на гэтыя рогі і вось выйшаў паміж імі меншы рог і тры з ранейшых рагоў былі зломленыя перад ім і вось у гэтым розе былі вочы, падобныя вачом чалавечым і вусны, якія гаварылі гордыя словы.
9. Бачыў я нарэшце, што пастаўленыя былі пасады і сеў Старавечны; вопратка на ім была белая, як сьнег і валасы галавы яго, як чыстая воўна; пасад яго, як полымя вагністае, а колы яго, як палымеючы вагонь.
10. Вагністая рака выплывала і праходзіла перад Ім; тысяча тысячаў служыла Яму, а дзесяць тысячаў тысяч стаяла перад Ім; суд сеў і адчыніліся кнігі.
11. Бачыў я тады, што за гордыя словы, якія гаварыў рог, зьвер быў на вачох маіх забіты і цела ягонае было зьнішчанае і адданае на спаленьне вагнём.
12. І ў іншых зьвяроў была адабраная іх улада і час іхняга жыцьця быў ім даны да часу, да азначанага часу.
13. Бачыў я ў начных відзежах, вось з хмарамі нябеснымі йшоў падобны да Сына чалавечага, дайшоў да Старавечнага і быў падведзены да Яго.
14. І была Яму даная ўлада, слава і каралеўства, каб усе народы, плямёны і языкі служылі Яму; валадарства Яго – валадарства вечнае, якое не міне і каралеўства Ягонае не зруйнуецца.
15. Устрывожыўся дух мой, у мяне – Даніле і відзеж галавы маёй спужала мяне.
16. Тады я падыйшоў да аднаго з стоячых там і спытаўся яго аб значаньні ўсяго і вытлумачыў мне значаньне сказанага:
17. гэтыя вялікія зьвяры, якіх чатыры, гэта чатыры каралі, якія паўстануць з зямлі.
18. Яны прымуць каралеўства сьвятых найвышэйшых месцаў і будуць валодаць каралеўствам на векі вякоў.
19. Тады захацеў я мець вытлумачэньне аб чацьвертым зьверы, які быў іншы ад усіх і вельмі страшны, з зялезнымі зубамі і меднымі кіпцюрамі; які жор і крышыў, а астачы таптаў нагамі.
20. Таксама аб дзесяцёх рагох, якія былі ў яго на галаве і аб апошнім, перад якім выпалі тры, – аб тым самым розе, у якога былі вочы і вусны, якія гаварылі гордыя словы і які па выгляду зрабіўся большы ад іншых.
21. Я бачыў, як гэны рог змагаўся са сьвятымі і перамагаў іх,
22. пакуль не прыйшоў Старавечны і даны быў суд сьвятым найвышэйшых месцаў і наступіў час, каб гэтае каралеўства атрымалі сьвятыя.
23. Аб гэтым ён сказаў: – чацьверты зьвер – чацьвертае каралеўства будзе на зямлі, іншае ад усіх іншых каралеўстваў, якое будзе жорці ўсю зямлю, таптаць і крышыць яе.
24. А дзесяць рагоў значаць, што з гэнага каралеўства паўстане дзесяць каралёў і пасьля іх паўстане іншы, рожны ад папярэдніх і зьнішчыць трох каралёў.
25. І будзе гаварыць словы супроць Найвышэйшага і прыгнятаць сьвятых Найвышэйшага; нават уздумае адмяніць у іх часы і законы і яны будуць пераданыя ў руку яго аж да часу і часоў і поў часу.
26. Потым засядзе суд і адбярэ ў яго ўладу губіць і нішчыць да канца,
27. каралеўства-ж і ўлада і каралеўская веліч у ўсім паднеб’і данае будзе народу сьвятых Найвышэйшага, каралеўства Якога – каралеўства вечнае і ўсе валадары будуць служыць і слухаць Яго.
28. Цяпер канец слова. Мяне, Данілу, вельмі ўстрывожылі думкі мае і твар мой зьмяніўся на мне, але слова я захаваў у сэрцы маім.

Разьдзел 8.

1. У трэці год панаваньня караля Бальтазара паказалася мне, Даніле, відзеж, пасьля тае, якая паказалася мне раней.
2. І бачыў я ў відзежы, а калі бачыў, быў я ў Сузан, галоўным горадзе ў Эламскай акрузе, – і бачыў я ў відзежы, як-бы быў я каля ракі Улай.
3. Узьняў я вочы мае і пабачыў: вось адзін баран стаіць каля ракі; у яго два рагі, а гэныя два рагі былі высокія, а адзін як-бы вышэйшы ад другога, а вышэйшы вырас пазьней.
4. Бачыў я, як гэны баран бадаў на захад і на поўнач і на поўдзень і ніякі зьвер ня мог яму супроцьстаяць і ніхто ня мог уратаваць ад яго; ён рабіў, што хацеў і стаўся вялікім.
5. Я ўважна глядзеў на гэта і вось з захаду йшоў казёл па абліччы ўсёй зямлі, не датыкаючы зямлі: у гэтага казла быў рог паміж ягонымі вачыма.
6. Ён пайшоў на таго барана, які меў рогі і якога я бачыў стоячага каля ракі і кінуўся на яго ў вялікай злосьці сваёй.
7. Бачыў я, як ён, наблізіўшыся да барана, раз’ярыўся на яго і ўдарыў барана і зламаў у яго абодвы рагі, і ня было ў барана сілы супроцьстаяць і кінуў яго на зямлю і патаптаў яго і ня было нікога, хто-б мог выратаваць барана з ягонай моцы.
8. Тады казёл вельмі ўзьвялічыўся, але калі ён узмацаваўся, дык зламаўся вялікі рог і на ягонае месца выйшлі чатыры, скіраваныя ў староны чатырох нябесных вятроў.
9. З аднаго з іх выйшаў невялікі рог, які вельмі вырас на поўдзень і на ўсход і да прыгожай краіны,
10. і вырас аж да нябеснага войска і скінуў з гэнага войска і зораў частку на зямлю і патаптаў іх.
11. Ён узьняўся, нават, да гэтмана гэтага войска і аднятая была ў Яго штодзённая ахвяра і закінута было месца Ягонай сьвятыні.
12. Таксама і гэнае войска пераданае было разам з штодзённай ахвярай за несправядлівасьць і ён, кідаючы праўду на зямлю, дзеяў і шчасьцілася яму.
13. І пачуў я аднаго сьвятога гаворачага і сказаў гэты сьвяты некаму, які пытаўся: – колькі часоў абымае гэтая відзеж аб штодзённай ахвяры і аб апусташаючай несправядлівасьці, калі сьвятыя і войска будуць патаптаныя?
14. І сказаў мне: – дзьве тысячы трыста вечароў і раніцаў і тады сьвятыня ачысьціцца.
15. А калі я, Даніла, глядзеў на гэтую відзеж і шукаў ейнай разгадкі, тады стаў каля мяне, на выгляд, як муж.
16. І пачуў я голас чалавечы з Улаю, які, клікнуўшы, сказаў: – Гаўрыла, вытлумач яму гэтую відзеж.
17. І ён падыйшоў да месца, дзе я стаяў і калі ён падыйшоў спужаўся я і ўпаў на аблічча маё і сказаў ён мне: – ведай, сын чалавечы, што відзеж у азначаным часе выпаўніцца.
18. І калі ён гаварыў са мною, я ляжаў бяз чуцьця на зямлі, але ён дакрануўся да мяне і паставіў мяне на месца маё
19. і сказаў: – вось я адчыняю табе, што будзе ў апошнія дні гневу, бо будзе канец азначанага часу.
20. Баран, якога ты бачыў, з двума рагамі – гэта каралі: Мідыйскі і Пэрскі.
21. А гэны касматы казёл – гэта кароль Грэцкі, а вялікі рог паміж ягонымі вачыма, гэта першы кароль;
22. ён зламаўся і замест яго выйшлі чатыры рагі, гэта чатыры каралеўствы паўстануць з гэтага народу, але не з ягонай сілай.
23. А пры канцы іхнага каралеўства, калі злачынцы выпаўняць злачынствы свае, устане кароль безсаромны і хітры;
24. і ўзмоцніцца ягоная сіла, хаця і не ягонай сілай, і ён будзе рабіць вялікія спусташэньні і будзе яму паводзіцца і дзеяць і губіць моцных і народ сьвятых.
25. А пры ягоным розуме і хітрасьці будзе мець посьпех у руцэ яго і сэрцам сваім ён узвысіцца і ў мірны час шмат іх зьнішчыць і паўстане супроць Валадара валадароў, але будзе скрышаны – ня рукою.
26. Відзеж жа аб вечары і раніцы, аб якім сказана – сама праўда, але ты схавай гэную відзеж, бо спраўдзіцца за шмат часоў.
27. Тады я, Даніла, самлеў і хварэў некалькі дзён, потым устаў і займаўся каралеўскімі справамі і зьдзіўлены быў гэнай відзежай, аднак гэтага ніхто ня бачыў.

Разьдзел 9.

1. У першы год Дарыя, сына Асвэравага, з Мідыйскага роду, які быў устаноўлены каралём над халдэйскім каралеўствам,
2. у першы год ягонага панаваньня, я, Даніла, зразумеў з кнігаў лічбу гадоў, аб якіх было слова Госпада да Ярэмы прарока, што семдзесят гадоў пройдзе над спусташэньнем Ерусаліму.
3. І зьвярнуў я маё аблічча да Госпада Бога з малітваю і мальбою, у посьце, ў зрэб’і і попеле.
4. і маліўся я Госпаду майму і вызнаючыся сказаў: – прашу Цябе, Госпадзе Божа, вялікі і дзіўны, які сьцеражэ запавет і ласку любячых Цябе і хаваючых Твае наказы.
5. Зграшылі мы і паступалі несправядліва і дзеялі бязбожна і супраціўляліся і адступалі ад запаветаў Тваіх і ад пастановаў Тваіх
6. і ня слухалі слугаў Тваіх, прарокаў, якія ад Твайго імя гаварылі нашым каралём і князём нашым і бацьком нашым і ўсяму народу зямлі.
7. У Цябе, Божа, праўда, а ў нас на тварах сорам, як гэта дзеецца сягоньня кожнаму Юдэю, жыхаром Ерусаліму і ўсяго Ізраіля; у блізкіх і далёкіх, у ўсіх краёх, куды ты выгнаў іх за злачынствы іх, якімі выступілі супроць Цябе.
8. Божа! У нас на тварах сорам, у каралёў нашых, у князёў нашых і ў бацькоў нашых, бо мы зграшылі перад Табою.
9. А ў Госпада Бога нашага міласэрдзьдзе і дараваньне, бо мы збунтаваліся супроць Яго,
10. і ня слухалі голасу Госпада Бога нашага, каб паступаць згодна з Ягонымі законамі, якія Ён даў нам праз слугаў Сваіх прарокаў.
11. І ўвесь Ізраіль парушыў закон Твой і адвярнуўся, каб ня слухаць Твайго голасу і за гэта вылілася на нас зласлоў’е і праклён, напісаныя ў законе Масея, слугі Божага, бо мы зграшылі перад Ім
12. І Ён споўніў словы свае, якія гаварыў супроць нас і супроць судзьдзяў нашых, якія судзілі нас і прывялі на нас вялікае зло, якога ня было пад нябёсамі і якое сталася ў Ерусаліме.
13. Як напісана ў законе Масея, так уся гэтая бяда прыйшла на нас, але мы не прасілі Госпада Бога нашага, каб нам адвярнуцца ад несправядлівасьцяў нашых і зразумець Тваю праўду.
14. Не адвалакаў Гаспод гэтай бяды і навёў яе на нас, бо справядлівы Гаспод Бог наш у ўсіх справах Сваіх, якія робіць, але мы ня слухалі Ягонага голасу.
15. І цяпер Госпад Бог наш, вывеўшы народ Твой з зямлі Эгіпскай моцнай рукою і паказаўшы славу Тваю, як гэты дзень! Зграшылі мы, паступалі бязбожна.
16. О Госпад, паводле ўсёй праўды Тваёй, няхай адвернецца гнеў Твой, абурэньне Тваё ад гораду Твайго Ерусаліму, ад сьвятой Тваёй гары, бо за грахі нашыя і за бязпраў’і бацькоў нашых, Ерусалім і народ Твой у ганьбе ў усіх, якія навокал нас.
17. І цяпер пачуй, Божа наш, малітву слугі Твайго і просьбу яго і раз’ясьні аблічча Тваё на спустошаную сьвятарню Тваю, дзеля Цябе, Госпад.
18. Схілі, Божа мой, вуха Тваё, адчыні вочы Твае на нашыя просьбы і на горад, які названы ад імені Твайго, бо мы складаем малітвы нашыя перад Табою, паклаўшы надзею не на справядлівасьць нашую, але на вялікае Тваё міласэрдзьдзе.
19. Божа, пачуй! Божа, даруй! Божа, пабач і зрабі; не адвалакай дзеля Цябе самога, Божа мой, бо ад Твайго імені названы і горад і народ Твой.
20. І калі я яшчэ гаварыў і маліўся і вызнаваў грахі мае і грахі народу майго Ізраіля і складаў просьбы перад Госпадам, Богам маім, аб сьвятой гары Бога майго;
21. калі я яшчэ маліўся, муж Гаўрыла, якога я бачыў у відзежы на пачатку, хутка лецючы, дакрануўся да мяне, каля часу вячорнай ахвяры
22. і выясьняючы гаварыў са мною і сказаў: – Даніла, цяпер я прыйшоў, каб навучыць цябе разуменьня.
23. На пачатку тваіх малітваў выйшла слова і я прыйшоў аб’весьціць, бо ты вельмі прыемны, дык унікні ў словы і зразумей відзеж.
24. Семдзесят тыдняў азначана для твайго народу і сьвятога твайго гораду на скасаваньне злачынстваў і сканчэньне грахоў, ачышчэньне бязпраў’я і каб была прыведзеная вечная справядлівасьць і запячатаныя былі відзежы і прароцтвы і памазаны быў Сьвяты сьвятых.
25. Дык ведай і разумей: з таго часу, як выйдзе загад аб узнаўленьні Ерусаліму, да мэсыі правадыра пройдзе шэсьцьдзесятдва тыдні; калі ізноў будзе збудаваная вуліца і муры, але ў цяжкія часы.
26. А пасьля зыходу шэсьцідзесяцёх двох тыдняў мэсыя будзе забіты, ня будзе, а горад і сьвятаркі будуць зруйнаваныя народам будучага правадыра, так што канец яго будзе з паводкаю і аж да канца вайны будуць спусташэньні.
27. І пацьвердзіць запавет для многіх у апошнія тыдні, а ў палове тыдня спыніцца ахвяра і прынашэньне і на частцы будынку будзе агіда пусташы і аканчальная, раней прызначаная згуба спаткае пусташыцеля.

Разьдзел 10.

1. У трэці год Кіра, караля Пэрскага, было слова Даніле, які быў названы імём Бальтазара, і праўдзівае было гэтае слова і вялікай сілы. І зразумеў ён слова, бо ўзяў разуменьне з відзежы.
2. У тыя дні, я Даніла, быў сумны тры тыдні дзён.
3. Я ня еў смачнога хлеба, мяса і віно не ўваходзілі ў мае вусны, і алеям я ня мазаўся, пакуль не прайшло тры тыдні дзён.
4. А на дваццацьчацьверты дзень першага месяца быў я на беразе вялікай ракі – Тыгру
5. і ўзьняў вочы мае і пабачыў – вось нейкі муж апранены ў ільняную вопратку, а бёдры ягоныя апаясаныя золатам з Уфазу;
6. цела ягонае было, як топаз, твар ягоны выглядаў, як маланка, вочы ягоныя, як запаленыя паходні, рукі і ногі ягоныя, на выгляд,а як блыскучая медзь, а голас словаў ягоных, як голас многіх людзёў.
7. Толькі адзін я, Даніла, бачыў гэтую відзеж, а людзі, што былі са мною ня бачылі гэтай відзежы, але напаў на іх вялікі страх і яны паўцякалі і пахаваліся,
8. а я застаўся адзін і глядзеў на гэтую вялікую відзеж, але ня засталося ў мяне сілы і выгляд твару майго зьмяніўся і ня меў я сьмеласьці.
9. Тады пачуў я голас ягоных словаў і як толькі пачуў я голас ягоных словаў, заснуў я цьвёрда на твары сваёй і ляжаў тварам да зямлі,
10. але вось дакранулася да мяне рука і паставіла мяне на калены мае і на далоні рук маіх.
11. І сказаў ён мне: – Даніла, вельмі прыемны муж, уважай на словы мае, якія я скажу табе і стой на месцы тваім, бо цяпер я пасланы да цябе. – Калі ён сказаў мне гэтыя словы, я дрыжучы ўстаў.
12. Але ён сказаў мне: – ня бойся, Даніла, з першага дня, як ты скіраваў сэрца тваё, каб дасягнуць разуменьня і ўпакорыўся перад Богам тваім, словы твае пачутыя і я прыйшоў дзеля словаў тваіх,
13. але князь Пэрскага каралеўства стаяў супроць мяне дваццаць адзін дзень, пакуль Міхал, адзін з першых князёў, прыйшоў памагчы мне і я застаўся там пры Пэрскіх каралёх.
14. А цяпер я прыйшоў апавесьціць табе, што будзе з народам тваім у апошнія дні, бо відзеж адносіцца да далёкіх дзён.
15. Калі ён гаварыў мне тыя словы я апусьціў твар да зямлі і зьнямеў.
16. Але вось нехта, на выгляд падобны да сыноў чалавечых, дакрануўся вуснаў маіх і я адчыніў вусны мае, пачаў гаварыць і сказаў стоячаму перада мною: – валадару мой, ад гэтае відзежы павярнулася ў мяне нутро і ян стала ў мяне сілы.
17. Як-жа можа гаварыць слуга такога валадара з такім валадаром маім, бо няма ў мяне сілы і дыханьне замерла ў мяне.
18. Тады ізноў дакрануўся да мяне той, падобны да чалавека і ўзмацаваў мяне
19. і сказаў: – ня бойся, вельмі прымны муж, мір табе; узмацуйся, ўзмацуйся. І калі ён гаварыў са мною я ўзмацаваўся і сказаў: – гавары, валадару мой, бо ты ўзмацаваў мяне.
20. І ён сказаў: – ці ведаеш па што я прыйшоў да цябе? Цяпер я вярнуся, каб змагацца з князем Пэрскім, а калі я выйду, дык прыйдзе князь Грэцкі.
21. Аднак я абвешчу табе, што напісана ў пісьме праўды, але ані воднага няма, які-б мужна стаяў пры мне, апрача Міхала, нашага князя.

Разьдзел 11.

1. Гэтак з першага году Дарыя Мідыйскага я стаўся яму падпорай і ўзмацаваньнем.
2. Цяпер я абвешчу табе праўду: вось яшчэ тры каралі будуць панаваць у Пэрсыі, потым чацьверты перавысіць усіх вялікім багацьцем і калі ўзмоцніцца ў багацьці сваім, дык узьніме ўсіх супроць каралеўства Грэцыі.
3. І паўстане магутны кароль, які будзе панаваць з вялікай уладай і будзе дзеяць паводле сваёй волі.
4. А калі ён узмоцніцца, будзе зьнішчанае ягонае каралеўства і будзе разьдзеленае на чатыры староны сьвету і пяройдзе не да ягоных нашчадкаў і ня з тэй уладаю, з якой ён панаваў, бо будзе падзеленае ягонае каралеўства і дастанецца іншым, апрача гэтых.
5. Тады ўзмоцніцца кароль з паўдня і адзін з ягоных князёў пераможа яго і будзе панаваць і дзяржава ягоная будзе вялікая.
6. Але праз некалькі гадоў яны злучацца і дачка паўдзённага караля прыйдзе да паўночнага караля, каб зрабіць саюз, але яна не ўтрымае сілы ў сваіх рукох, не ўтрымаецца і род яе, але будзе выданая яна і тыя, якія яе прывядуць і сын яе і той, хто ёй памагаў у тыя часы.
7. Потым паўстане парастак ад карэньня яе, прыйдзе да войска і ўвойдзе ў абаронныя месцы паўночнага караля і будзе дзеяць у іх і ўзмоцніцца;
8. нават і багоў іх з князямі іх з іх дарагімі начыньнямі, залатымі і серабранымі, завязе ў няволю ў Эгіпет і на некалькі гадоў будзе бязьпечная ад паўночнага караля,
9. хаця гэты і зробіць напад на каралеўства паўдзённага караля, але вернецца ў сваю зямлю.
10. Потым узброяцца ягоныя сыны і зьбяруць вялізарнае войска і адзін з іх пойдзе хутка, як паводка, потым вяртаючыся будзе змагацца з ім да ўзмацаваньня яго.
11. І разазлуецца паўдзённы кароль і выступіць і будзе змагацца з ім, з паўночным каралём і прыгатуе вялікае войска і будзе войска пярэданае ў ягоныя рукі.
12. І падбадзёрыцца войска і ўзьнімаецца сэрца, хаця пераможа шмат тысячаў, аднак не ўзмоцніцца,
13. бо паўночны кароль вернецца і выставіць вялікае войска і праз некалькі гадоў хутка прыйдзе з вялікім войскам і вялікім багацьцем.
14. У тыя часы многія паўстануць супроць паўдзённага караля і бунтарныя з сыноў твайго народу ўздымуцца, каб споўнілася відзеж і ўпадуць.
15. Бо прыйдзе паўночны кароль, насыпець валы і завалодае абаронным горадам і рукі паўдня не ўтрымаюцца, ані выбраныя войскі ня будуць мець сілы для адпору.
16. І хто выйдзе да яго, будзе дзеяць паводле ягонай волі і ніхто не ўтрымаецца перад ім і на слаўнай зямлі паставіць свой лягер і яна пацерпіць ад ягонай рукі.
17. Потым будзе мець намер увайсьці ў усімі сіламі свайго каралеўства і справядлівыя з ім і выканае гэта, бо дасьць яму прыгожую дачку на згубу, але гэты намер не ўдасцца і ня будзе яму карысьці з гэтага.
18. Потым зьверне твар свой да выспаў і завалодае многімі, але нейкі правадыр спыніць ганьбу і нават сваю ганьбу аберне на яго.
19. Тады зьверне твар свой на ўмацаваньні сваёй зямлі, але паткнецца і ўпадзі і ня стане яго.
20. На ягонае месца паўстане нехта, які пашле зьбіральніка падаткаў, прайсьці па каралеўству славы, але і ён пасьля нямногіх дзён згіне і не ад паўстаньня і не ў бойцы.
21. Потым паўстане на ягонае месца пагарджаны, хаця не адзенецца яму каралеўскіх аздобаў, але прыйшоўшы ў міры атрымае каралеўства пахлебствам,
22. і затапляючыя войскі будуць затопленыя і скрышаныя ім, таксама і правадыр, які з ім заключыў саюз.
23. Бо заключыўшы з ім саюз ён будзе дзеяць ашуканствам і прыйшоўшы пераможа з малым народам.
24. Ён увойдзе ў найбагацейшыя і бязьпечныя месцы краіны і зробіць тое, чаго не рабілі ягоныя бацькі і бацькі ягоных бацькоў; дабычу, награбленую маемасьць і багацьце будзе дзяліць сваім і нават будзе думаць аб абаронных месцах, але толькі да часу.
25. Потым узбудзіць сілы свае і сэрца сваё з шматлікім войскам супроць паўдзённага караля і паўдзённы кароль выйдзе на вайну з вялікім і яшчэ мацнейшым войскам, але не ўтрымаецца, бо супроць яго будзе здрада.
26. Нават тыя, што елі хлеб яго, згубяць яго, калі ягонае войска разальеца, як паводка і ляжа шмат забітых.
27. Тады абодва каралі будуць думаць у сэрцы сваім, як бы зашкодзіць адзін другому і за адным сталом будуць гаварыць ману, але ім ня ўдаецца, бо канец будзе яшчэ адложаны на іншы час.
28. І вернецца ў зямлю сваю з вялікім багацьцем і варожым намерам супроць сьвятога саюза і ён споўніць яго і вернецца ў сваю зямлю.
29. А ў азначаны час ізноў пойдзе ён на поўдзень, але ня будзе яму паводжаньня, такога, як раней,
30. бо ў адзін час з ім прыбудуць караблі з Кітым і ён упадзе духам, вернецца і разгневаецца на сьвяты саюз і выканае свой намер і ізноў паразумеецца з тымі, які пакінулі сьвяты саюз.
31. І будуць стаяць пры ім вялікія войскі, якія зганьбяць сьвятарню і зьнішчаць абароннае месца і спыняць штодзёную ахвяру і паставіць агіду спусташэньня.
32. Тых, якія бязбожна паступалі супроць сьвятога саюза ён прыцягне да сябе пахлебствам, але людзі, якія знаюць свайго Бога ўзмоцняцца і будуць дзеяць.
33. Затым тыя, што вучаць народ, якія вучаць шмат каго, будуць падаць ад мяча і вагню, ад палону і грабежу
34. і ў часе паданьня будуць мець нейкую дапамогу, бо многія, хаця няшчыра, далучацца да іх.
35. З тых, якія вучаць іншых, будуць падаць для выпрабаваньня іх і ачышчэньня і выбяленьня на апошні час, бо ёсьць яшчэ час да азначанага часу.
36. І будзе рабіць кароль той паводле сваёй волі і ўзьнімецца і ўзьвялічыцца вышэй усякага бога і будзе гаварыць блюзьнерствы супроць Бога багоў і будзе мець посьпех, пакуль ня выканаецца гнеў, бо тое, што празначана – споўніцца.
37. І аб багох бацькоў сваіх ён не падумае, ані аб каханьні жанчынаў, ані аб ніякім бозе, бо ўзьвялічыць сябе больш усіх.
38. А на месца наймацнейшага Бога будзе шанаваць бога, якога ня ведалі ягоныя бацькі. Ён будзе шанаваць золатам і серабром і дарагімі каменьнямі і рожнымі дарагімі рэчамі,
39. і зробіць цьвярдыню чужым багом, якія прызнаюць яго: тым павялічыць пашану і дасьць уладу над многімі і раздасьць у ўзнагароду зямлю.
40. Пры канцы-ж часу будзе з ім змагацца кароль з паўдня і паўночы кароль прыйдзе, як бура на яго, з вазамі, ездакамі, шматлікімі караблямі і нападзе на зямлю, як паводка і пройдзе праз яе.
41. І ўвойдзе ён у прыгожую зямлю і многія акругі пацерпяць і збавіцца ад ягонай рукі толькі Эдом, Мааб і большасьць сыноў Амонавых.
42. І працягне руку сваю на рожныя краіны; ня збавіцца і зямля Эгіпская,
43. бо завалодае ён скарбамі золата і серабра і рожнымі дарагімі рэчамі Эгіпту; Лібійцы і Этыопы пойдуць за ім.
44. Чуткі аднак з усходу і поўначы спужаюць яго і выйдзе ён з вялікай ярасьцяй, каб нішчыць і губіць многіх,
45. і раскіне ён палаткі палацу свайго між морам і гарою слаўнай сьвятарні, але прыйдзе да свайго канца і ніхто яму не дапаможа.

Разьдзел 12.

1. У гэтым часе паўстане Міхал, вялікі князь, які стаіць за сыноў твайго народу і наступіць цяжкі час, якога ня было з тае пары, як існуюць людзі, да гэтага часу, але збавяцца ў той час з твайго народу ўсе, якія знойдзеныя запісанымі ў кнізе.
2. Многія з тых, што сьпяць у пыле зямлі абудзяцца; адны для вечнага жыцьця, а другія на вечную пагарду і ганьбу.
3. Тыя-ж, што вучаць іншых, будуць зьзяць, як сьвет на небе, а тыя, што многіх прывялі да праўды – як зоркі – назаўсёды.
4. Але ты, Даніла, схавай гэтыя словы і запячатай гэтую кнігу, аж да азначанага часу, бо многа яго пройдзе і памножыцца веда.
5. Тады я, Даніла, пагледзеў і вось стаяць ішыя два, адзін на гэтым беразе ракі, другі на тым беразе ракі.
6. І сказаў да мужа апраненага ў ільняную вопратку, што стаяў над вадою той ракі: – калі-ж будзе канец гэтых дзіўных рэчаў?
7. І чуў я, як муж у ільняной вопратцы, што стаяў над вадой тае ракі ўзьняў правую і левую руку да неба і кляўся жывучым на векі, што пасьля азначанага часу і па азначаных часох і па палове часу і калі дарэшты аслабее сіла народу сьвятога, усё гэтае здарыцца.
8. Я чуў гэтае, аднак не зразумеў і дзеля гэтага сказаў: – валадару мой, што-ж будзе пасьля гэтага?
9. І адказаў ён: – ідзі Даніла, бо схаваныя і запячатаныя гэтыя словы аж да азначанага часу.
10. Шмат будзе ачышчаных і выбеленых і пераплаўленых, а бязбожныя будуць рабіць бязбожна і не зразумее гэтага ніхто з бязбожных, а мудрыя зразумеюць.
11. Ад часу, калі будзе спыненая штодзённая ахвяра і пастаўлена агіда спусташэньня, пройдзе тысяча двесьце дзевяцьдзесят дзён.

12. Шчасьлівы, хто чакае і дойдзе тысячы трохсот трыццаці пяцёх дзён.
13. А ты ідзі да свайго канца і адпачнеш і ўстанеш для атрыманьня твайго лёсу ў канцы дзён.

 

Пераклад Леаніда Галяка
Дата: 1949 г., Нямеччына
Паводле машынапісу ў архіве бібліятэкі Ф. Скарыны, Лёндан,
скрыня "Біблейскія пераклады", тэчка "Пераклады Галяка", 31 ст.
Надпіс на тытульнай старонцы: "Пераклаў Л. Галяк дня 25. Сьнежня 1949 году."
Алічбоўваньне: Алесь Аўдзяюк
(с) электронная версія: Алесь Аўдзяюк
(с) "Часасловец"

Каментар: Разьдзел 3, вв. 31-33 – у машынапісе зьяўляюцца вершамі 1-3 разьдзелу 4.


Вярнуцца назад