Галоўная > Павячэрніца малая > Павячэрніца малая

Павячэрніца малая


23 красавіка 2008.

Павячэрніца служба на заканчэньне дня: перад тым. як ісьці на начны спачынак, мы аддаем сябе пад апеку Госпада Бога і Найсьвяцейшае Багародзіцы, дзякуючы за ўсе дабрадзействы, атрыманыя ў мінулы дзень, і просячы даць нам спакойны і бязгрэшны сон. Вялікая павячэрніца належыць да кругу вялікапосных службаў, хоць яна служыцца таксама на пярэдадні сьвятаў Нараджэньня Хрыстовага і Богазьяўленьня, а таксама ў некаторых іншых выпадках, калі яна спалучаецца з ютраньню. Праз усе іншыя дні году служыцца Павячэрніца малая.


Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.


Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.


Псалом 50

Зьмілуйся нада мною, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці і паводле мноства дабротаў Тваіх адымі беззаконьне маё.

Асабліва абмый мяне з віны маёй і ад грахоў маіх ачысьці мяне.

Бо беззаконьне маё я знаю, і грэх мой заўжды перада мною.

Табе адзінаму я зграшыў і зло перад Табою ўчыніў. Ты ж справядлівы ў Тваім прыгаворы і правы ў судзе Тваім.

Вось я быў зачаты ў беззаконьні, і ў граху нарадзіла мяне мая маці.

Але Ты, які любіш шчырасьць сэрца, паказаў мне глыбіню і тайны мудрасьці Тваёй.

Акрапі мяне гісопам, і ачышчуся, абмый мяне, і стану бялейшым за сьнег.

Дай мне пачуць голас радасьці і вясельля: хай узрадуюцца ўпакораныя косьці.

Адвярні твар Твой ад маіх бясчынстваў і ачысьці мяне ад усіх грахоў маіх.

Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і дух правы абнаві ў нутры маім.

Не адкінь мяне ад Твайго аблічча і Духа Твайго Сьвятога не адымі ад мяне.

Вярні мне радасьць Твайго збаўленьня і ўмацуй ува мне дух ахвярнасьці.

Буду навучаць грэшнікаў шляхом Тваім, і грэшнікі зноў вернуцца да Цябе.

Вызвалі мяне ад крыві пралітай, Божа, Божа майго збаўленьня, хай язык мой у радасьці славіць Тваю справядлівасьць.

Адчыні мае вусны, Госпадзе, і вусны мае пачнуць абвяшчаць хвалу Тваю.

Калі б Ты захацеў ахвяры, я даў бы яе: на цэлапаленьні, аднак, Ты не глядзіш прыхільна.

Ахвяра Богу – дух скрушлівы: сэрцам пакорным і поўным скрухі Ты, Божа, не пагардзіш.

Пакажы, Госпадзе, з ласкі Тваёй спагаду Сыёну: хай муры Ерусаліму будуць зноў узьнесеныя.

Тады глянеш прыхільна на правыя ахвяры, дары і цэлапаленьні, тады ўскладуць цялят на Твой ахвярнік.

Псалом 69

Божа, ратуй мяне; Божа, прыйдзі хутчэй на дапамогу мне.

Хай будуць пасаромленыя і хай чырванеюць тыя, што робяць засаду на маё жыцьцё;

Хай адступяць з сорамам тыя, што цешацца з майго няшчасьця;

Хай адступяць пакрытыя ганьбаю тыя, што кажуць: Ага, так яму трэба!

Хай радуюцца і цешацца ў Табе ўсе, што Цябе шукаюць,

I кажуць заўсёды: Хай уславіцца Госпад! – тыя, што жадаюць Тваёй дапамогі.

Я ж бедны і няшчасны: Божа, прыйдзі да мяне з дапамогаю.

Ты – мая помач і мой вызваліцель: Госпадзе, не пазьніся!

Псалом 142

Пачуй, Госпадзе, малітву маю, у вернасьці Тваёй прыхілі вуха Тваё да маленьня майго, выслухай мяне ў Тваёй справядлівасьці.

I не судзіся са слугой Тваім, бо ніхто з жывых не апраўдаецца перад Табою.

Бо вораг перасьледуе душу маю, жыцьцё маё топча ў зямлю, у цемры патапіў мяне, быццам памёрлага.

Дух мой млее ўва мне, і сэрца маё поўнае жаху.

Успамінаю даўнія дні, разважаю над усімі ўчынкамі Тваімі, і над творамі рук Тваіх задумваюся.

Да Цябе працягваю рукі мае: душа мая, быццам высахлая зямля, прагне Цябе.

Выслухай мяне хутчэй, Госпадзе, бо дух мой зьнемагае. Не хавай твару Твайго ад мяне, каб мне не стацца падобным да тых, што зыходзяць у магілу.

Дай мне хутка адчуць ласку Тваю, бо на Цябе спадаяюся. Пакажы мне шлях, па якім мне трэба ісьці, бо да Цябе ўзношу душу маю.

Збаў мяне, Госпадзе, ад ворагаў маіх – бо да Цябе прыбягаю.

Навучы мяне чыніць волю Тваю, бо Ты Бог мой. Хай добры дух Твой вядзе мяне па правым шляху.

Дзеля імя Твайго, Госпадзе, захавай жыцьцё маё; у дабраце Тваёй выведзі з бяды душу маю.

У гневе Тваім зьнішчы ворагаў маіх і загубі ўсіх, што перасьледуюць душу маю, бо я слуга Твой.

Выслухай мяне, Госпадзе, у Тваёй справядлівасьці і не судзіся са слугою Тваім.

Выслухай мяне, Госпадзе, у Тваёй справядлівасьці і не судзіся са слугою Тваім.

Хай добры дух Твой вядзе мяне па правым шляху.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Алілуя, алілуя, алілуя: Слава Табе, Божа. (Тройчы)

Слава на вышынях Богу і на зямлі супакой, добрая воля сярод людзей.

Хвалім Цябе, бласлаўляем Цябе, кланяемся Табе, у песьнях славім Цябе, дзякуем Табе дзеля вялікай славы Тваёй.

Госпадзе, Уладару Нябесны, Божа Ойча ўсемагутны; Госпадзе Сыне адзінародны, Ісусе Хрысьце, і Сьвяты Духу.

Госпадзе Божа, Ягнё Божае, Сыне Айца, што ўзяў на сябе грахі сьвету, зьмілуйся над намі; Ты, што ўзяў на сябе грахі сьвету, прымі малітву нашу; што сядзіш па правай руцэ Айца, зьмілуйся над намі. Бо толькі Ты адзін сьвяты, Ты адзін Госпад Ісус Хрыстос на славу Бога Айца. Амін.

Буду штоночы бласлаўляць Цябе, і хваліць імя Тваё давеку і на век вякоў.

Госпадзе, Ты быў нам прыстанішчам з роду ў род. Я сказаў: Госпадзе, зьмілуйся нада мною, ацалі душу маю, бо я перад Табою зграшыў.

Госпадзе, да Цябе прыходжу, навучы мяне чыніць волю Тваю, бо Ты Бог мой: у Цябе крыніца жыцьця, і ў зьзяньні Тваім убачым сьвятло. Міласэрнасьць Твая хай будзе заўжды з тымі, што пазналі Цябе.

Дай, Госпадзе, у гэтую ноч захавацца нам без граху.

Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, і імя Тваё ўсяхвальнае і праслаўленае давеку. Амін.

Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, спачыне на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе.

Блаславёны Ты, Госпадзе, навучы мяне Тваіх запаветаў.

Блаславёны Ты, Уладару, дай мне зразумець Твае запаветы.

Блаславёны Ты, Сьвяты, прасьвятлі мяне запаветамі Тваімі.

Госпадзе, міласэрнасьць Твая давеку – не пагардзі творамі рук Тваіх.

Табе належыцца хвала, Табе належыцца песьня. Табе слава належыцца, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


Веру ў адзінага Бога Айца, усемагутнага, Тварца неба і зямлі, бачнага ўсяго і нябачнага. I ў адзінага Госпада Ісуса Хрыста, Сына Божага, адзінароднага, ад Айца народжанага перад усімі вякамі; Сьвятло ад Сьвятла, праўдзівага Бога ад праўдзівага Бога, народжанага, нястворанага, адзінасутнага з Айцом, праз якога ўсё стала быць. Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўленьня зышоў з неба, прыняў цела ад Духа Сьвятога і Марыі Дзевы і стаўся чалавекам. Быў укрыжаваны за нас пры Понцкім Пілаце, цярпеў і быў пахаваны. I на трэці дзень уваскрос згодна з Пісаньнямі; і ўзышоў на неба, і сядзіць па правай руцэ Айца; і зноў прыйдзе ў славе судзіць жывых і мёртвых, і Яго валадарству ня будзе канца. Веру ў Духа Сьвятога, Госпада жыватворчага, які ад Айца паходзіць; якому належыцца пакланеньне і слава разам з Айцом і Сынам, які гаварыў праз прарокаў. У адзіную, сьвятую, паўсюдную і апостальскую Царкву. Вызнаю адзіны хрост для адпушчэньня грахоў. Чакаю ўваскрасеньня мёртвых і жыцьця будучага веку. Амін.


На гэтым месцы чытаецца канон (звычайна малебны канон Багародзіцы)


Дастойна ёсьць сапраўды называць шчасьліваю Цябе, Багародзіцу, вечна блаславёную і беззаганную Маці Бога нашага. Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца... Ойча наш...

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.


Кандак сьвята, а калі няма сьвята, трапар дня і сьвятога царквы і наступныя:

Божа айцоў нашых, Ты паступаеш з намі з Тваёй заўсёднай лагоднасьцю: не спыняй сваёй спагады да нас, але іхнімі малітвамі кіруй у супакоі нашым жыцьцём.

Быццам у пурпуру і кужаль, царква Твая аздобілася ў кроў тых, што ва ўсім сьвеце былі сьведкамі Табе, Хрысьце Божа, і праз іх моліць Цябе: даброты Твае людзям Тваім зышлі, даруй супакой усяму сьвету і душам нашым багацьце Твайго зьмілаваньня.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

Са сьвятымі супакой, Хрысьце, душы заснуўшых слуг Тваіх, дзе няма ні болю, ні суму, ні плачу, але жыцьцё бясконцае.

Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Малітвамі ўсіх сьвятых Тваіх і Багародзіцы, Твой мір дай нам, Госпадзе, і зьмілуйся над намі, бо Ты адзіны добры.


У пятніцу вечарам:

Апосталы, мучанікі і прарокі, сьвятыя біскупы, блаславёныя і праведнікі, што добра змагаліся і веру захавалі, вы маеце ласку ў добрага Збавіцеля, дык маліце Яго, просім вас, каб Ён збавіў душы нашыя.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

Са сьвятымі супакой...

Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Як першыя плады тварэньня, сусьвет прыносіць Табе, Госпадзе і Творча ўсіх, баганосных мучанікаў. Малітвамі іх і Багародзіцы захавай у глыбокім супакоі Царкву Тваю і люзей Тваіх, Многаміласьцівы.


Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)

Доўгацярплівы, шматміласэрны, і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа, што ўвесь час і ў кожную хвіліну, на небе і на зямлі прымаеш хвалу і пакланеньне, любіш праведнікаў і мілуеш грэшнікаў, і клічаш усіх да збаўленьня абяцаньнем дабротаў, якія чакаюць нас: прымі, Госпадзе, і ў гэтую хвіліну нашыя малітвы, і накіруй жыцьцё наша да запаветаў Тваіх; душы нашыя асьвяці, целы ачысьці, думкі выправі, дай ясны розум; выбаў нас ад усякага суму, жалю і злосьці; ахіні нас сваімі анёламі, каб мы, пад іхняй аховаю і кіраўніцтвам, маглі дасягнуць еднасьці веры і пазнаньня недаступнае Твае славы, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Імем Гасподнім блаславі, ойча.

Сьвятар: Божа, будзь ласкавы да нас і блаславі нас: прасьвятлі нас зьзяньнем твару Твайго і зьмілуйся над намі. Амін.

Малітва да Сьвятой Багародзіцы. Бязгрэшная, беззаганная, нятленная, усячыстая Дзева, Боганявеста Ўладарка! Тваімі ўсяслаўнымі радзінамі Ты зьяднала Бога-Слова з людзьмі і злучыла нашую заняпалую прыроду з нябеснаю. Ты адзіная надзея зьнявераных, памочніца ў напасьцях, хуткая заступніца тых, што прыбягаюць да Цябе, і ўсіх хрысьціянаў прыстанішча. Не пагардзі мною грэшным, што дрэннымі думкамі, словамі і ўчынкамі зрабіў сябе цалкам нягодным, і стаўся нявольнікам пажаданьняў, нядбайнасьці і ленасьці. Але, як Маці чалавекалюбнага Бога, зьмілуйся чалавекалюбна нада мною грэшным і блудным, і прымі маё маленьне, якое прыношу Табе маімі апаганенымі вуснамі. З матчынай сьмеласьцю малі Сына Твайго і нашага Ўладара і Госпада, каб Ён, не зважаючы на безьліч маіх правінаў, адкрыў мне чалавекалюбную глыбіню сваёй дабрыні, навярнуў да пакаяньня і ўчыніў мяне ахвотным выканаўцам сваіх прыказаньняў. Як спагадлівая, міласэрная і чалавекалюбная, будзь мне надзейнай заступніцай, у цяперашнім жыцьці разьвядзі непрыяцеляў маіх і накіруй на шлях збаўленьня; а ў час адыходу майго будзь ахоўніцай лютай душы маёй і адгані далёка ад яе змрочныя прынады хітрых ворагаў. У страшны ж дзень праведнага суду вызвалі мяне ад вечнай мукі і ўчыні спадкаемцам невыказнай славы Сына Твайго і Бога нашага. Дай мне асягнуць яе з Тваёй дапамогаю, Уладарка мая, усесьвятая Багародзіца, ласкаю і чалавекалюбствам адзінароднага Твайго Сына, Госпада Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, якому належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, разам з адвечным Яго Айцом і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Яго Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Малітва да Сьвятой Тройцы. Дай, Уладару, нам, што рыхтуемся да сну, супакой цела і душы; і захавай нас ад змрочнага сну грахоўнага і ад усякае цёмнае начное асалоды. Суцішы полымя нашых пажаданьняў і згасі распаленыя стрэлы хітрага ворага, накіраваныя падступна на нас; спыні дрэнныя памкненьні нашага цела, і усьпі ўсякую зямную і цялесную думку. I дай нам, Божа, розум бадзёры, сьветлыя думкі, сэрца чыстае, сон лёгкі, недаступны для ўсякіх д'ябальскіх мараў. Узьнімі нас у час малітвы непахіснымі ў Тваіх запаветах і з цьвёрдай памяцьцю пра Твае суды. Дай нам усяночнае ўсхваленьне, каб нам пяяць, бласлаўляць і славіць велічнае і пачэснае імя Тваё, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Усяслаўная Заўсёды Дзева, Маці Хрыста Бога, занясі нашу малітву да Сына Твайго і Бога нашага, каб Ён збавіў душы нашыя.

Надзея мая Айцец, прыстанішча маё Сын, ахова мая Дух Сьвяты: Тройца сьвятая, слава Табе.

Усю надзею маю ўскладаю на Цябе, Маці Божая: захавай мяне пад Тваім покрывам


Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.

Чытальнік: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадае, зьмілуйся. Ойча, блаславі.

Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўся чыстае свае Маці, сьвятых і баганосных айцоў нашых, і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

Чытальнік: Амін.


Сьвятар: Памолімся за Сьвятога Айца Нашага ... (імя), і ўсіх братоў і сёстраў нашых у Хрысьце.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля кожнай з наступных просьбаў)

Сьвятар: За ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны.

– За Богам сьцеражоны Беларускі народ, і збаўленьне яго.

– За тых, што ненавідзяць і любяць нас.

– За тых, што спачуваюць і служаць нам.

– За тых, што загадалі нам, нягодным, маліцца за іх.

– За вызваленьне зьняволеных.

– За адсутных айцоў і братоў нашых.

– За тых, што падарожнічаюць па моры, зямлі і ў паветры.

– За нядужых і хворых.

– Памолімся і за багаты ўраджай пладоў зямных.

– І за ўсякую душу прававерных хрысьціянаў.

– Успомнім нашых сьвятаначальнікаў, заснавальнікаў і дабрачынцаў гэтае сьвятое царквы.

– Бацькоў і ўсіх айцоў і братоў нашых, што раней адышлі ў надзеі ўваскрасеньня і жыцьця вечнага, якія тут і на кожным іншым месцы спачываюць. Скажам і за іх:


Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Малітвамі сьвятых айцоў нашых, Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, зьмілуйся над намі.

Людзі: Амін.


Вярнуцца назад