Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Павячэрніца малая


 

 

Павячэрніца малая

Павячэрніца служба на заканчэньне дня: перад тым. як ісьці на начны спачынак, мы аддаем сябе пад апеку Госпада Бога і Найсьвяцейшае Багародзіцы, дзякуючы за ўсе дабрадзействы, атрыманыя ў мінулы дзень, і просячы даць нам спакойны і бязгрэшны сон. Вялікая павячэрніца належыць да кругу вялікапосных службаў, хоць яна служыцца таксама на пярэдадні сьвятаў Нараджэньня Хрыстовага і Богазьяўленьня, а таксама ў некаторых іншых выпадках, калі яна спалучаецца з ютраньню. Праз усе іншыя дні году служыцца Павячэрніца малая.


Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.


Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.


Псалом 50

Зьмілуйся нада мною, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці і паводле мноства дабротаў Тваіх адымі беззаконьне маё.

Асабліва абмый мяне з віны маёй і ад грахоў маіх ачысьці мяне.

Бо беззаконьне маё я знаю, і грэх мой заўжды перада мною.

Табе адзінаму я зграшыў і зло перад Табою ўчыніў. Ты ж справядлівы ў Тваім прыгаворы і правы ў судзе Тваім.

Вось я быў зачаты ў беззаконьні, і ў граху нарадзіла мяне мая маці.

Але Ты, які любіш шчырасьць сэрца, паказаў мне глыбіню і тайны мудрасьці Тваёй.

Акрапі мяне гісопам, і ачышчуся, абмый мяне, і стану бялейшым за сьнег.

Дай мне пачуць голас радасьці і вясельля: хай узрадуюцца ўпакораныя косьці.

Адвярні твар Твой ад маіх бясчынстваў і ачысьці мяне ад усіх грахоў маіх.

Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і дух правы абнаві ў нутры маім.

Не адкінь мяне ад Твайго аблічча і Духа Твайго Сьвятога не адымі ад мяне.

Вярні мне радасьць Твайго збаўленьня і ўмацуй ува мне дух ахвярнасьці.

Буду навучаць грэшнікаў шляхом Тваім, і грэшнікі зноў вернуцца да Цябе.

Вызвалі мяне ад крыві пралітай, Божа, Божа майго збаўленьня, хай язык мой у радасьці славіць Тваю справядлівасьць.

Адчыні мае вусны, Госпадзе, і вусны мае пачнуць абвяшчаць хвалу Тваю.

Калі б Ты захацеў ахвяры, я даў бы яе: на цэлапаленьні, аднак, Ты не глядзіш прыхільна.

Ахвяра Богу – дух скрушлівы: сэрцам пакорным і поўным скрухі Ты, Божа, не пагардзіш.

Пакажы, Госпадзе, з ласкі Тваёй спагаду Сыёну: хай муры Ерусаліму будуць зноў узьнесеныя.

Тады глянеш прыхільна на правыя ахвяры, дары і цэлапаленьні, тады ўскладуць цялят на Твой ахвярнік.

Псалом 69

Божа, ратуй мяне; Божа, прыйдзі хутчэй на дапамогу мне.

Хай будуць пасаромленыя і хай чырванеюць тыя, што робяць засаду на маё жыцьцё;

Хай адступяць з сорамам тыя, што цешацца з майго няшчасьця;

Хай адступяць пакрытыя ганьбаю тыя, што кажуць: Ага, так яму трэба!

Хай радуюцца і цешацца ў Табе ўсе, што Цябе шукаюць,

I кажуць заўсёды: Хай уславіцца Госпад! – тыя, што жадаюць Тваёй дапамогі.

Я ж бедны і няшчасны: Божа, прыйдзі да мяне з дапамогаю.

Ты – мая помач і мой вызваліцель: Госпадзе, не пазьніся!

Псалом 142

Пачуй, Госпадзе, малітву маю, у вернасьці Тваёй прыхілі вуха Тваё да маленьня майго, выслухай мяне ў Тваёй справядлівасьці.

I не судзіся са слугой Тваім, бо ніхто з жывых не апраўдаецца перад Табою.

Бо вораг перасьледуе душу маю, жыцьцё маё топча ў зямлю, у цемры патапіў мяне, быццам памёрлага.

Дух мой млее ўва мне, і сэрца маё поўнае жаху.

Успамінаю даўнія дні, разважаю над усімі ўчынкамі Тваімі, і над творамі рук Тваіх задумваюся.

Да Цябе працягваю рукі мае: душа мая, быццам высахлая зямля, прагне Цябе.

Выслухай мяне хутчэй, Госпадзе, бо дух мой зьнемагае. Не хавай твару Твайго ад мяне, каб мне не стацца падобным да тых, што зыходзяць у магілу.

Дай мне хутка адчуць ласку Тваю, бо на Цябе спадаяюся. Пакажы мне шлях, па якім мне трэба ісьці, бо да Цябе ўзношу душу маю.

Збаў мяне, Госпадзе, ад ворагаў маіх – бо да Цябе прыбягаю.

Навучы мяне чыніць волю Тваю, бо Ты Бог мой. Хай добры дух Твой вядзе мяне па правым шляху.

Дзеля імя Твайго, Госпадзе, захавай жыцьцё маё; у дабраце Тваёй выведзі з бяды душу маю.

У гневе Тваім зьнішчы ворагаў маіх і загубі ўсіх, што перасьледуюць душу маю, бо я слуга Твой.

Выслухай мяне, Госпадзе, у Тваёй справядлівасьці і не судзіся са слугою Тваім.

Выслухай мяне, Госпадзе, у Тваёй справядлівасьці і не судзіся са слугою Тваім.

Хай добры дух Твой вядзе мяне па правым шляху.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Алілуя, алілуя, алілуя: Слава Табе, Божа. (Тройчы)


Старонка 1 з 3 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст