У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін.
Госпадзе Ісусе Хрысьце, Сыне Божы, дзеля малітваў Усячыстае
Твае Маці і ўсіх сьвятых, зьмілуйся нада мною.
Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
Уладару нябесны… Сьвяты Божа… Усесьвятая Тройца… Ойча наш…
Зжалься над намі, Госпадзе, зжалься над намі: ня могучы даць
ніякага адказу, мы, грэшныя, вось гэтую малітву Табе, Уладару нашаму, прыносім:
зжалься над намі.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Госпадзе, зжалься над намі, бо на Цябе спадзяемся: ня
гневайся на нас вельмі і ня будзь памятлівы нашых бясчынстваў, але глянь ласкава
на нас і выбаў нас ад ворагаў нашых, бо Ты Бог наш, і мы, людзі Твае і творы рук
Тваіх, імя Тваё клічам.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Зьмілаваньня дзьверы адчыні нам, блаславёная Багародзіца: хай
мы, якія спадзяемся на Цябе, ня згінем, але выбавімся Табою ад бедаў, бо Ты –
збаўленьне роду хрысьціянскага.
Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)
Малітва да Госпада. Госпадзе, Божа наш, калі я ў
нечым зграшыў у гэты дзень словам, учынкам ці думкаю, Ты, як добры і
Чалавекалюбец, прабач мне. Дай мне мірны і бесклапотны сон, пашлі Твайго
анёла-апекуна, каб ён пакрыў і ахоўваў мяне ад усяго благога. Бо Ты – ахоўнік
душаў і целаў нашых, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і
заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Малітва да Багародзіцы. Добрага Ўладара добрая
Маці, усячыстая і блаславёная Багародзіца Марыя, міласьць Сына Твайго і Бога
нашага вылі на сумную душу маю, і малітвамі Тваімі накіруй мяне да добрых
дзеяньняў, каб рэшту жыцьця майго я пражыў беззаганна і дзякуючы Табе атрымаў
рай, Багародзіца Дзева, адзіная чыстая і блаславёная.
Малітва да анёла-апекуна. Анёле Хрыстовы, ахоўніку
мой сьвяты і апекуне душы і цела майго, усё мне прабач, у чым я зграшыў у
сёньняшні дзень, і ад усякай хітрасьці ворага выбаў мяне, каб я ніякім грахом не
прагнявіў Бога майго, але маліся за мяне, грэшнага і нягоднага слугу Твайго, каб
я быў годным дабрыні і міласьці Ўсесьвятое Тройцы, і Маці Госпада майго Ісуса
Хрыста, і ўсіх сьвятых. Амін.
Штодзённае вызнаньне грахоў. Вызнаю Табе, Госпаду
Богу майму і Творцы, у сьвятой Тройцы адзінаму, праслаўленаму Айцу, і Сыну, і
Сьвятому Духу, усе мае грахі, якія я зрабіў праз усе дні жыцьця майго, у кожную
хвіліну і ў гэты дзень, учынкам, словам, думкаю, зрокам, слыхам, дотыкам і ўсімі
маім пачуцьцямі, душэўнымі і цялеснымі, і імі ж Цябе, Бога майго, прагнявіў і
бліжняга майго скрыўдзіў. За ўсе гэтыя грахі шкадую і прызнаю сябе вінаватым
перад Табою, Богам маім, і маю моцную волю каяцца. Ты ж, Госпадзе мой, дапамажы
мне, пакорна малю Цябе, і ўсе ранейшыя грахі мае прабач мне і адпусьці ў Тваёй
міласэрнасьці, бо Ты добры і Чалавекалюбец.
Прабач, адпусьці і даруй, Божа, усе мае правіны вольныя і
міжвольныя, якія я зрабіў словам і ўчынкам, у думках і намерах, удзень і ўначы,
сьвядома і несьвядома. Усё мне прабач, бо Ты добры і чалавекалюбны.
Малітва за ўсіх і за ўсё. Тым, што ненавідзяць і
крыўдзяць нас, прабач, Госпадзе. Дабрачынцам зрабі дабро. Братом і сваяком нашым
дай спаўненьне просьбаў для іхняга дабра вечнага. Глянь ласкава на хворых і дай
ім ацаленьне. Будзь з падарожнікамі па моры, зямлі і ў паветры. Тым, што служаць
нам і любяць нас, дай адпушчэньне грахоў. У вялікай міласэрнасьці Тваёй
зьмілуйся над тымі, што прасілі нас, нягодных, маліцца за іх. Успомні, Госпадзе,
айцоў, братоў і сёстраў нашых, што раней заснулі, і дай ім супакой, дзе зьзяе
сьвятло твару Твайго. Успомні, Госпадзе, братоў нашых зьняволеных і вызвалі іх
ад усякае небясьпекі. Успомні, Госпадзе, тых, што прыносяць дары і чыняць дабро
ў сьвятых Тваіх цэрквах, і дай ім усё патрэбнае для збаўленьня і жыцьця вечнага.
Успомні, Госпадзе, і нас, пакорных, грэшных і нягодных слугаў Тваіх, прасьвятлі
наш розум сьвятлом Тваім і накіруй нас на шлях запаветаў Тваіх, малітвамі
ўсячыстае Ўладаркі нашае Багародзіцы і Заўсёды Дзевы Марыі і ўсіх сьвятых; бо Ты
блаславёны на вякі вякоў. Амін.
Божа, будзь спагадлівы мне, грэшнаму.
Божа, ачысьці грахі мае і зьмілуйся нада мною.
Бяз ліку зграшыў я, Госпадзе, прабач мне.
Усяслаўная Заўсёды Дзева, Маці Хрыста Бога, занясі маю
малітву Сыну Твайму і Богу нашаму, каб Ён Табою збавіў душы нашыя.
Усю надзею ўскладаю на Цябе, Маці Божая: захавай мяне пад
Тваім покрывам.
Надзея мая – Айцец, прыстанішча маё – Сын, ахова мая – Дух
Сьвяты: Тройца Сьвятая, слава Табе!
Кладучыся спаць, жагнайся і кажы наступную малітву:
Хай уваскрэсьне Бог і разьбягуцца ворагі Яго, і ўцякуць ад
Яго ўсе ненавісьнікі Яго. Хай зьнікнуць так, як зьнікае дым, і як тае воск ад
агню. Так хай зьнікнуць ворагі ад аблічча тых, што любяць Бога і значаць сябе
знакам крыжа, і радасна ўсклікаюць: Радуйся, усепачэсны і жыватворчы Крыжу
Гасподні, што адганяеш ворагаў нашых сілаю расьпятага на Табе Госпада нашага
Ісуса Хрыста, які зышоў у пекла, перамог варожую сілу і даў нам цябе, Крыж свой
пачэсны, на адагнаньне ўсялякага праціўніка. Пачэсны і жыватворчы Крыжу
Гасподні! Дапамагай мне разам са сьвятой Уладаркаю Дзеваю Багародзіцай і з усімі
сьвятымі на вякі. Амін.
Або:
Ахіні мяне, Госпадзе, сілаю пачэснага і жыватворчага Крыжа
Твайго, і захавай мяне ад усяго благога.
Перад тым як заснуць, кажы:
У рукі Твае, Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа мой, аддаю дух мой.
Ты ж мяне блаславі, зьмілуйся нада мною і даруй мне жыцьцё вечнае. Амін. |