Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 


 

Некалькі словаў пра Акафіст

Сярод усіх стварэньняў Найсьвяцейшая Дзева Марыя займае асобае, адзінае месца. У спрадвечным пляне Божым Яна была выбраная стаць Маці Госпада Ісуса Хрыста, Бога, які стаўся чалавекам. Таму Яна справядліва называецца Маці Божай. Але веліч Яе ня толькі ў Божым выбары. Як усе людзі, Марыя мела свабодную волю. І вось, калі Ёй было сказана аб Божым намеры, Яна адказала пакорна: "Вось я слуга Божая: хай мне станецца згодна з Тваім словам" (Лк 1:38). Гэта самыя важкія словы, сказаныя кім-небудзь на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва.

Царква Хрыстовая ад самага пачатку акружае Багародзіцу асаблівай пашанай. Яна зьяўляецца прыкладам свабоднага дасканалага паслушэнства волі Божай. Будучы адной з нас, Яна добра разумее нашы цяжкасьці і патрэбы. Як Маці Божая, якая мае асаблівую ласку ў свайго Боскага Сына, Яна зьяўляецца нашай набольш надзейнай і магутнай заступніцай і апякункай.

Шмат цудоўных малітваў і песьняў у гонар Божай Маці было створана на працягу стагодзьдзяў. Адной з найбольш вядомых сярод усходніх хрысьціянаў ёсьць несумненна "Акафіст у гонар Божай Маці". Аўтарам яго звычайна лічыцца патрыярх Канстантынопальскі Сяргей, які жыў у першай палове сёмага стагодзьдзя, хоць некаторыя дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што акафіст ранейшага паходжаньня. Як бы там не было, ён хутка пашырыўся па ўсёй тагачаснай Бізантыйскай імпэрыі. З прыняцьцем Хрысьціянскай веры славянамі, Акафіст быў перакладзены на царкоўнаславянскую мову. Быў ён вядомы і ў Беларусі. Францішак Скарына зьмясьціў яго ў сваёй Малой Падарожнай Кніжцы, якая выйшла ў Вільні ў 1522 г.

Назва "акафіст" паходзіць ад грэцкага Ἀκάθιστος ὕμνος, што можна перакласьці як "несядальны гімн", г. зн. гімн, які трэба сьпяваць стоячы. Ён складаецца з 24 песьняў (строфаў). У грэцкім тэксьце гэтыя песьні, якія называюцаа "ікасамі" (ὅικος ὁ; параўнай італьянскае станза), злучаныя альфабэтным акравершам, г.зн. яны пачынаюцца кожная чарговай літарай грэцкага альфабэту. Прысьвячэньне адрозьніваецца характарам ад іншых песьняў і не зьвязанае з імі акравершам. Яно напэўна было напісана пазьней і не зьяўляецца складовай часткай Акафісту. Парныя песьні (другая, чацьвертая і г.д; у славянскім тэксьце яны завуцца "кандакамі" ад грэцкага контакіон або кондакіон) канчаюцца воклічам "Алілуя". Няпарныя (у славянскім тэксьце "ікасы") маюць кожная па трынаццаць пахвалаў Багародзіцы, якія пачынаюцца словам "Радуйся". Адсюль і іншая назва акафісту: "Радасьці Багародзіцы" (Глядзі напр. Малую Падарожную Кніжку Скарыны). Апошняя пахвала заўсёды тая самая. На грэцкай мове яна гучыць Χάιρε νύμφη ἀνύμφετε, а ў перакладзе на славянскую – Радуйся невесто неневестная. Беручы пад увагу, што гэтае выражэньне ў сучаснай беларускай мове гучыць цяжка і не зусім зразумела, перакладчык дазволіў сабе перадаць яго адназначным "Радуйся, Дзева Маці".

Хоць Акафіст зьяўляецца гімнам у гонар Багародзіцы, зьмест яго глыбока Хрысталягічны. У ім апяваецца Божае мацярынства, месца Багародзіцы ў Божым пляне збаўленьня роду людзкога. Увесь твор можна падзяліць прыблізна на дзьве часткі. У першай частцы расказваецца аб прыйсьці на сьвет Бога-Слова, ад Дабравешчаньня да сустрэчы, калі праведны Сямён у прынесеным у сьвятыню Дзіцяці прызнаў Збавіцеля. Другая частка – гэта лірычны роздум над глыбокімі тайнамі, аб'яўленымі ў евангельскіх расказах.

Месца Акафісту Багародзіцы ў бізантыйскай літургіі даволі сьціплае. Спачатку ён сьпяваўся ў сьвята Дабравешчаньня. Пасьля служба Акафісту была перанесеная на пятую суботу Вялікага Посту, якая ад таго часу пачала называцца "Суботай Акафісту". Затое ён вельмі пашыраны ў прыватным ужытку сярод хрысьціянаў усходняга абраду. Многія гавораць Акафіст часта, нават кожны дзень, падобна як заходнія хрысьціяне гавораць ружанец або малое правіла (officium) Найсьвяцейшай Дзевы Марыі.

Чытаньне Акафісту звычайна сканчаецца кароткай малітвай ў гонар Багародзіцы. Выбар яе свабодны. У гэтым выданьні малітва ўзятая з Малой Падарожнай Кніжкі Францішка Скарыны. Усё паказвае на тое, што яе аўтарам быў сам беларускі першадрукар. Першая частка малітвы – гэта несумненна паэтычны твор, а другая напісаная рытмічнай прозай.

Апошнім часам Акафіст стаўся даволі шырока вядомым на Захадзе. Сёньня ўжо існуюць яго пераклады на ўсе эўрапэйскія мовы.

Аддаючы ў рукі чытача гэты беларускі тэкст Акафісту, перакладчык спаўняе сваю запаветную мару, каб гэты цудоўны гімн у гонар нашай нябеснай Уладаркі і апякункі загучаў на беларускай мове.


 


 


 

 

 

Напісаць ліст