Ніжэй падаюцца толькі тыя часткі Літургіі сьв. Базыля, якія
розьняцца ад Літургіі сьв. Яна Залатавуснага. Анафара падаецца поўнасьцю.
ЧАСТКА ПАХВАЛЬНАЯ І НАВУЧАЛЬНАЯ
Усё, як на Літургіі сьв. Яна Залатавуснага, апрача наступнай
малітвы за пакліканых:
Малітва за пакліканых
Сьвятар (ціха):
Госпадзе Божа наш, які жывеш у небе і пазіраеш на ўсе Твае
стварэньні: глянь ласкава на слугаў Тваіх, якія рыхтуюцца да хросту і схілілі
галовы свае перад Табою, і пашлі ім лёгкае ярмо; учыні іх пачэснымі членамі
Тваёй сьвятой Царквы і зрабі іх дастойнымі вады адраджэньня, адпушчэньня грахоў,
вопраткі несьмяротнасьці і пазнаньня Цябе, праўдзівага Бога нашага,
(Уголас): Каб і яны разам з намі маглі славіць
Тваё пачэснае і велічнае імя, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і
на вякі вякоў.
ЧАСТКА ЭЎХАРЫСТЫЧНАЯ
Малітвы верных
(Ціха): Ты, Госпадзе, паказаў нам гэтую вялікую
тайніцу збаўленьня і зрабіў нас, Тваіх нягодных і пакорных слугаў, дастойнымі
быць служкамі Твайго сьвятога ахвярніка. Сілаю Сьвятога Твайго Духа настаў нас
на гэтую службу, каб нам стаць без асуджэньня перад сьвятой славаю Тваёю і
прынесьці табе ахвяру хвалы, бо Ты – той, які дзейнічае ўва ўсіх. Прымі ласкава
гэтую ахвяру за нашы грахі і людзкія правіны, і няхай яна будзе прыемная Табе.
(Ціха): Ты, Божа, у сваёй спагадлівасьці і
міласэрнасьці наведаў нашу пакорлівасьць і паставіў нас, Тваіх пакорных, грэшных
і нягодных слугаў, перад сьвятой славаю Тваёю, каб нам служыць Твайму сьвятому
ахвярніку: сілаю Сьвятога Твайго Духа ўмацуй нас на гэтую службу і дай нам, калі
мы адчынім вусны нашы, знайсьці адпаведныя словы, каб клікаць ласку Духа Твайго
Сьвятога на гэтыя дары, якія маюць неўзабаве быць прынесеныя Табе.
Малітва ахвяраваньня
(Ціха): Госпадзе, Божа наш, які стварыў нас і ўвёў
у гэтае жыцьцё, паказаў нам шляхі збаўленьня і даў нам аб’яўленьне нябесных
тайнаў: Ты – той, які сілаю Сьвятога Твайго Духа паклікаў нас на гэтую службу.
Дзеля гэтага, Госпадзе, у дабрыні Тваёй дай нам быць дастойнымі слугамі Твайго
Новага Запавету і выканаўцамі Тваіх Тайнаў; дзеля вялікай Тваёй міласэрнасьці
прымі нас, якія набліжаемся да Твайго сьвятога ахвярніка, і зрабі нас годнымі
прыносіць Табе гэтую духоўную ахвяру за нашы грахі і людзкія правіны і, прыняўшы
яе на Твой нябесны духоўны ахвярнік, як адмысловую духмянасьць духоўную, пашлі
нам узамен ласку Твайго Сьвятога Духа. Глянь на нас, Госпадзе, і на гэтую службу
і прымі яе так, як Ты прыняў дары Авеля, ахвяры Ноя, цэлапаленьні Абрагама,
сьвятарскія службы Майсея і Аарона, ахвяры за супакой Самуіла. Як Ты ласкава
прыняў ад сьвятых Тваіх апосталаў гэтую сапраўдную службу, так у дабрыні Тваёй
прымі і гэтыя дары з нашых грэшных рук, каб мы, аказаўшыся дастойнымі служыць
без заганы Твайму сьвятому ахвярніку, маглі атрымаць узнагароду верных і
разважных распарадчыкаў у страшны дзень Тваёй справядлівай расплаты.
Анафара
Дыякан: Станем добра, станем са страхам уважліва
сьвятое ахвяраваньне ў міры прыносіць.
Дыякан ідзе ў алтар і, стаўшы з правага боку сьвятара, бярэ
рыпіду і павявае ёю лёгка над дарамі.
Людзі: Дар міру, ахвяру хвалы.
Сьвятар: Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста, любоў
Бога Айца і супольнасьць Сьвятога Духа хай будуць з усімі вамі.
(Бласлаўляе людзей)
Людзі: І з духам тваім.
Сьвятар: Узьнімем угору сэрцы нашыя.
Людзі: Мы ўзьнялі іх да Госпада.
Сьвятар: Падзякуем Госпаду.
Людзі: Годна і справядліва ёсьць пакланяцца Айцу,
і Сыну, і Сьвятому Духу, Тройцы адзінасутнай і неразьдзельнай.
Сьвятар (ціха моліцца): Уладару
Госпадзе, Божа Ойча ўсемагутны, Ты годны ўсякай хвалы! Сапраўды дастойна,
справядліва і адпаведна велічы сьвятасьці Тваёй Цябе хваліць, Табе пяяць, Цябе
бласлаўляць, Табе пакланяцца, Табе дзякаваць, Цябе славіць як адзінага
праўдзівага Бога і Табе прыносіць з сэрцам скрушлівым і душой пакорнай гэтую
нашу духоўную ахвяру, бо Ты – той, які дараваў нам пазнаньне Тваёй праўды. Хто
сапраўды здольны належна апісаць магутнасьць Тваю, зрабіць чутнай хвалу Тваю,
расказаць аб усіх цудах, якія Ты чыніш у кожны час? Уладару ўсіх, Госпадзе неба
і зямлі і ўсіх стварэньняў бачных і нябачных, Ты сядзіш на пасадзе славы і
ўзіраешся ў бязьмежныя далі, адвечны, нябачны, недаступны, неабдымны, нязьменны;
Ты – Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Вялікага Бога і Збавіцеля, надзеі нашай,
які зьяўляецца вобразам Тваёй дабрыні, вернай пячаткаю Твайго падабенства –
паказваючы ў Сабе Цябе, Ойча, – Словам жывым, праўдзівым Богам, спрадвечнай
Мудрасьцю, Жыцьцём, Асьвячэньнем, сапраўдным Сьвятлом. Праз Яго Дух Сьвяты
аб’явіўся – Дух праўды, Дар усынаўленьня, парука будучай спадчыны, пачатак
вечных дабротаў, жыватворчая сіла, крыніца сьвятасьці, сілаю якога ўсякае
разумнае і адухоўленае стварэньне служыць Табе і безупынна Цябе хваліць. Бо Табе
служыць увесь сусьвет: Цябе хваляць анёлы, арханёлы, пасады, гаспадарствы,
пачаткі, улады, сілы і шматвокія хэрувімы, навокал Цябе стаяць сэрафімы – шэсьць
крылаў у кожнага: двума засланяюць твары свае, двума ногі і двума лётаюць, –
безупынна пераклікаючыся між сабою і несьціханымі галасамі,
(Уголас): Пераможную песьню пяюць, усклікаючы,
прыпяваючы і кажучы.
Людзі: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Госпад сіл. Неба і
зямля поўныя хвалы Тваёй. Гасанна на вышынях. Блаславёны Той, хто прыходзіць у
імя Гасподняе. Гасанна на вышынях.
Сьвятар (ціха): З гэтымі блаславёнымі
сіламі, чалавекалюбны Ўладару, і мы, грэшныя, усклікаем, кажучы: Сапраўды Ты
сьвяты і ўсесьвяты і праведны ва ўсіх учынках Тваіх, і няма меры велічы славы
Тваёй, бо праўдзівым судом Ты справядліва навёў на нас усё, што здарылася з
намі. Ты, Божа, стварыў чалавека з пылу зямнога і, ушанаваўшы яго вобразам
Твайго падабенства, пасяліў яго ў раі асалоды, абяцаючы несьмяротнае жыцьцё і
карыстаньне вечнымі дабротамі ўзамен за паслушэнства Тваім прыказаньням. Калі ж
ён, паддаўшыся зьмяінай спакусе, не паслухаўся Цябе, праўдзівага Бога, які яго
стварыў, і сваім праступкам аддаў сябе пад уладу сьмерці, Ты, Божа, справядлівым
Тваім судом выгнаў яго з раю на гэты сьвет і вярнуў у зямлю, з якой ён быў
узяты, устанаўляючы яму збаўленьне праз адраджэньне ў самім Хрысьце Тваім. Бо
Ты, Добры, не адвярнуўся зусім ад стварэньняў Тваіх і не забыў твораў рук Тваіх,
але наведаў іх шматлікімі спосабамі дзеля ласкавай міласэрнасьці Тваёй: прарокаў
пасылаў, цуды чыніў праз сьвятых Тваіх, якія ў кожным пакаленьні рабілі прыемнае
Табе; гаварыў да нас вуснамі слуг Тваіх прарокаў, прадвяшчаючы будучае
збаўленьне; даў закон на падмогу і ўстанавіў анёлаў-апекуноў. Калі ж споўніўся
час, Ты прамовіў да нас праз самога Сына Твайго, якім Ты вякі стварыў. Ён,
будучы спрадвечным Богам, зьзяньнем славы Тваёй і вобразам Твайго падабенства,
утрымліваючы ўсё ў існаваньні словам сілы сваёй, не палічыў за здабытак быць
роўным Табе, Богу і Айцу, але зьявіўся на зямлі і пажыў сярод людзей. Узяўшы
цела ад сьвятое Дзевы, Ён спустошыў Сябе, прыняўшы выгляд слугі, стаўшыся
падобным да цела нашай пакорлівасьці, каб учыніць нас падобнымі да вобразу сваёй
славы. Паколькі праз чалавека грэх прыйшоў на зямлю, а з грэхам сьмерць,
адзінародны Сын Твой, які прабывае ва ўлоньні Тваім, Божа і Ойча, захацеў
нарадзіцца ад жанчыны, сьвятой Багародзіцы і Заўсёды Дзевы Марыі, –
падпарадкаваўшы Сябе закону, – і асудзіць грэх целам сваім, каб тыя, што памерлі
ў Адаме, ажылі ў самім Хрысьце Тваім. Пажыўшы на гэтым сьвеце, даўшы збавенныя
прыказаньні і адвярнуўшы нас ад ідальскай маны, Ён прывёў нас да пазнаньня Цябе,
праўдзівага Бога і Айца, набыўшы нас Сабе і зрабіўшы нас людзьмі выбранымі,
уладарным сьвятарствам, народам сьвятым; і ачысьціўшы нас вадою і асьвяціўшы
Духам Сьвятым, даў Сябе ўзамен за сьмерць, пад уладаю якое мы, зьняволеныя
грахом, прабывалі. Зышоўшы Крыжом у пекла, каб напоўніць сабою ўсё, Ён суняў
болі сьмерці; і ўваскросшы на трэці дзень – бо немагчыма было ўтрымаць у
тленнасьці Ўладара жыцьця – устанавіў шлях да ўваскрасеньня кожнаму чалавеку,
сам стаўшыся першынцам з тых, што заснулі, першародным з мёртвых, каб мець
пяршынства ва ўсім; і ўзышоўшы на неба, Ён сеў на вышыні па правай руцэ Тваёй
магутнасьці, адкуль прыйдзе даць кожнаму паводле ягоных заслугаў. Для нас жа Ён
пакінуў вось гэты ўспамін сваіх збавенных мукаў, які мы выконваем згодна з
Ягонымі запаветамі. Перад тым, як ісьці на сваю дабравольную, вечнапамятную і
жыватворчую сьмерць, у ноч, калі Ён аддаў Сябе за жыцьцё сьвету, Ён узяў хлеб у
свае сьвятыя і бязьвінныя рукі і, ахвяраваўшы яго Табе, Богу і Айцу, аддаўшы
падзяку, паблаславіўшы (бласлаўляе хлеб),
асьвяціўшы і разламаўшы яго,
(Уголас): Даў сьвятым сваім вучням і апосталам,
кажучы:
Паказвае правай рукой на хлеб:
БЯРЫЦЕ, ЕШЦЕ, ГЭТА ЦЕЛА МАЁ, ШТО ЗА ВАС ЛОМІЦЦА ДЛЯ
АДПУШЧЭНЬНЯ ГРАХОЎ.
Людзі: Амін.
Сьвятар і дыякан робяць глыбокі паклон. Пасьля:
Сьвятар (ціха): У падобны спосаб, узяўшы
чашу плоду вінаграднага, зьмяшаўшы, аддаўшы падзяку, паблаславіўшы
(бласлаўляе чашу) і асьвяціўшы яе,
(Уголас): Даў сьвятым сваім вучням і апосталам,
кажучы:
Паказвае на чашу:
ПІЦЕ З ЯЕ ЎСЕ, ГЭТА КРОЎ МАЯ НОВАГА ЗАПАВЕТУ, ШТО ЗА ВАС І ЗА
МНОГІХ ПРАЛІВАЕЦЦА ДЛЯ АДПУШЧЭНЬНЯ ГРАХОЎ.
Людзі: Амін.
Сьвятар і дыякан робяць глыбокі паклон.
Сьвятар (ціха): Рабіце гэта на Мой успамін:
кожны раз, калі вы ясьцё гэты хлеб і п’еце з гэтае чашы, вы прыгадваеце Маю
сьмерць і вызнаеце Маё ўваскрасеньне. Таму, Уладару, успамінаючы Ягоныя
збавенныя мукі, жыватворчы крыж, трохдзённае пахаваньне, уваскрасеньне з
мёртвых, узыход на неба, сядзеньне па правай руцэ Цябе, Бога і Айца, слаўнае і
страшнае Ягонае другое прыйсьце,
Дыякан, склаўшы накрыж рукі, бярэ дыскас і чашу і падымае іх,
а сьвятар кажа уголас:
Сьвятар (уголас): Прыносім Табе Твае ад
Тваіх дзеля ўсіх і за ўсё.
Людзі: Цябе хвалім, Цябе бласлаўляем, Табе
дзякуем, Госпадзе, і молімся Табе, Божа наш.
Дыякан ставіць чашу і дыскас на месца, а сьвятар моліцца
ціха:
Сьвятар (ціха): Дзеля гэтага, Усесьвяты
Ўладару, і мы, грэшныя і нягодныя слугі Твае, што ўдастоіліся служыць Твайму
сьвятому ахвярніку не дзеля праведных учынкаў нашых – бо мы не зрабілі нічога
добрага на зямлі, – але дзеля Тваёй міласэрнасьці і шчодрасьцяў Тваіх, якімі Ты
багата надарыў нас, прыбліжаемся сьмела да Твайго сьвятога ахвярніка і, прынесшы
існасьць сьвятога Цела і Крыві Хрыста Твайго, Табе молімся і клічам Цябе: Сьвяты
Сьвятых, з добрай ласкі Тваёй дай, каб Дух Твой Сьвяты зышоў на нас і на гэтыя
прынесеныя дары, і каб паблаславіў іх, асьвяціў і ўчыніў.
Сьвятар і дыякан робяць тры паклоны.
Дыякан, паказваючы арарам на сьвяты хлеб:
Блаславі, ойча, сьвяты хлеб.
Сьвятар (бласлаўляе): Хлеб гэты самім
пачэсным Целам Госпада, Бога і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста.
Дыякан: Амін. Блаславі, ойча, сьвятую чашу.
Сьвятар (бласлаўляе): Чашу ж гэтую самою
пачэснай Крывёю Госпада, Бога і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста.
Дыякан: Амін. Блаславі, ойча, абое.
Сьвятар (бласлаўляе абое): Пралітай за
жыцьцё сьвету.
Дыякан: Амін, амін, амін.
Сьвятар і дыякан робяць зямны паклон.
Сьвятар (ціха): Нас жа ўсіх, якія спажываем
ад адзінага Хлеба і Чашы, зьяднай аднаго з адным у супольнасьці адзінага
Сьвятога Духа; і хай ніводнаму з нас прыняцьце сьвятога Цела і Крыві Хрыста
Твайго ня будзе на суд ці асуджэньне, але каб маглі мы знайсьці ласку і спагаду
разам з усімі сьвятымі, што ў кожным веку чынілі прыемнае Табе: з праайцамі,
айцамі, патрыярхамі, прарокамі, дабравесьнікамі, мучанікамі, вызнаўцамі,
настаўнікамі, і з усякай душой праведнай, што ў веры памерла;
(Уголас): Асабліва з найсьвятою, усячыстаю,
найблаславёнаю, слаўнаю Ўладаркаю нашаю Багародзіцаю і заўсёды Дзеваю Марыяй.
Людзі: сьпяваюць песьню ў гонар Багародзіцы. Звычайна
сьпяваецца наступная песьня:
У Табе радуецца, Поўная Ласкі, усякае стварэньне – сабор
анёлаў і род людзкі, – асьвячаны хораме і раю духоўны, пахвала дзеваў; ад Цябе
Бог прыняў цела і стаўся Дзіцяткам, Бог наш спрадвечны: улоньне Тваё Ён зрабіў
пасадам сваім, і нутро Тваё Ён учыніў больш прасторным за неба. У Табе радуецца,
Поўная Ласкі, усякае стварэньне: слава Табе.
Сьвятар (ціха): Са сьвятым Янам прарокам,
Прадвесьнікам і Хрысьціцелем; са сьвятымі, слаўнымі і годнымі пахвалы
апосталамі; са сьвятым (-тою)… (імя), чыю
памяць сьвяткуем, і з усімі сьвятымі, малітвамі якіх наведай нас, Божа.
І ўспомні ўсіх, што раней заснулі ў надзеі ўваскрасеньня і
жыцьця вечнага.
Успамінае памёрлых па імю, каго хоча.
І супакой іх, дзе зьзяе сьвятло твару Твайго.
Яшчэ молімся Табе: успомні, Госпадзе, сьвятую Тваю, паўсюдную
і апостальскую Царкву, што распасьціраецца ад канца да канца сьвету, і супакой
яе, якую Ты заснаваў сьвятою Тваёю Крывёю; і гэты сьвяты дом умацуй да
сканчэньня веку. Успомні, Госпадзе, тых, што прынесьлі Табе гэтыя дары, і тых,
праз каго і за каго яны прынесеныя. Успомні, Госпадзе, тых, што робяць дабро і
працуюць у сьвятых Тваіх цэрквах і памятаюць пра ўбогіх: пашлі ім узамен Твае
багатыя і нябесныя дары, даючы ім замест зямных скарбаў нябесныя, замест
дачасных – вечныя, замест тленных – нятленныя.
Успомні, Госпадзе, тых, што жывуць у пустынях, у горах, у
пячорах і шчылінах зямных. Успомні, Госпадзе, тых, што набожна прабываюць у
дзявоцтве, пастох і чыстым жыцьці. Успомні, Госпадзе, належныя нашыя ўлады,
даруй ім глыбокі і неад’емны супакой, укладзі ў сэрцы іх добрыя думкі пра Царкву
Тваю і пра ўсіх людзей Тваіх, каб мы ў цішыні іх маглі пражыць жыцьцё наша ціха
і спакойна, з усякай набожнасьцю і ў чысьціні. Успомні, Госпадзе, усякае
начальства, братоў і сёстраў нашых на дзяржаўнай службе і ў войску; захавай
добрых у Тваёй дабрыні, благіх учыні добрымі ласкаю Тваёю.
Успомні, Госпадзе, прысутных тут людзей і тых, што
адсутнічаюць дзеля важкіх прычын, і зьлітуйся над імі і ўсімі намі паводле
вялікай Тваёй міласэрнасьці; напоўні склады іх усякім дабром, сужэнствы іх
умацуй у спакоі і згодзе; будзь апекуном дзетак, настаўнікам моладзі, падтрымкай
старых; дай суцяшэньне маладушным, расьцярушаных зьбяры; тых, што паддаліся
спакусе, навярні і зьяднай з Тваёй сьвятой, паўсюднай і апостальскай Царквой;
выбаў тых, што церпяць ад духаў нячыстых; будзь з тымі, што падарожнічаюць па
моры, зямлі і ў паветры; барані ўдоваў, за сірот заступайся, вызвалі палонных,
аздараві хворых; будзь памятлівы, Божа, тых, што пад судом, у вязьніцах, на
катаржных работах і на выгнаньні, і ва ўсякай патрэбе, бядзе і цяжкіх
абставінах, і ўсіх тых, якія маюць патрэбу ў Тваёй вялікай міласэрнасьці; тых,
што любяць нас і ненавідзяць нас, і тых, што прасілі нас, недастойных, маліцца
за іх; і ўсіх людзей Тваіх успомні, Госпадзе Божа наш, і пашлі ім багацьце
Твайго зьмілаваньня, даруючы ім спаўненьне просьбаў дзеля іхняга збаўленьня. І
калі мы каго прамінулі дзеля няведаньня, або праз забыцьцё, або дзеля мноства
імёнаў, Ты, Божа, які ведаеш кожнага век і імя ад улоньня маці, сам іх успомні:
бо Ты, Госпадзе, помач бездапаможным, надзея зьнявераных, збавіцель тых, што
гінуць у бурах, прыстанішча падарожнікаў, лекар нядужых. Дык будзь усім для
ўсіх, ведаючы кожнага просьбу, дом і патрэбу. Выбаў, Госпадзе, гэты горад і
ўсякі горад і краіну ад голаду, пошасьці, землятрусу, паводкі, агню, мяча,
нападу ворагаў і братабойчай вайны.
(Уголас): Насамперш успомні, Госпадзе, Сьвятога
Айца нашага, Сусьветнага біскупа … (імя)
Папу Рымскага, і дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага …
(імя). Захавай іх для сьвятых Тваіх цэркваў
у супакоі, цэласьці, добрай славе, здароўі і даўгалецьці, каб яны маглі верна
навучаць нас словам Тваёй праўды.
Людзі: І ўсіх і ўсё.
Сьвятар (ціха): Успомні, Госпадзе, слугу
Божага (слуг Божых) … (успамінае па імю жывых, каго
хоча).
Успомні, Госпадзе, у Тваёй вялікай міласэрнасьці і маю
недастойнасьць, і адпусьці мне ўсякую правіну вольную і міжвольную, і не
ўстрымай дзеля маіх грахоў ласкі Духа Твайго Сьвятога ад прынесеных тут дароў.
Успомні, Госпадзе, сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце і ўсё
духавенства, і не пасаром ніводнага з нас, якія стаім вакол Твайго сьвятога
ахвярніка. Наведай нас, Госпадзе, у Тваёй дабрыні і аб’явіся нам у багацьці
шчодрасьцяў Тваіх: даруй нам памяркоўнае і прыемнае надвор’е, пашлі дажджы
мірныя на зямлю, каб яна магла прынесьці багаты ўраджай; блаславі круг году
ласкі Тваёй; спыні разлады царкоўныя, суцішы хваляваньні народныя, усякія праявы
ілжывых вучэньняў хутка патушы сілаю Сьвятога Твайго Духа. Прымі нас у Тваё
валадарства, зрабіўшы нас дзецьмі сьвятла, дзецьмі дня; і дай нам любоў Тваю,
Госпадзе Божа наш, які ўсё даў нам.
(Уголас): І дай нам адзінымі вуснамі і адзіным
сэрцам славіць і выхваляць Тваё пачэснае і велічнае імя, Айца, і Сына, і
Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Сьвятар: І хай будуць міласьці вялікага Бога і
Збаўцы нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. (Бласлаўляе
людзей)
Людзі: І з духам тваім.
Дыякан: Успомніўшы ўсіх сьвятых, яшчэ і яшчэ ў
супакоі Госпаду памолімся … і г.д. (як падчас Літургіі
сьв. Яна Залатавуснага)
Малітва аб годным прыняцьці прычасьця.
(Ціха): Божа наш, Божа збаўленьня, навучы нас
дастойна дзякаваць Табе за ўсе дабрадзействы, якія Ты нам учыніў і чыніш.
Прыняўшы гэтую ахвяру, Ты, Божа наш, ачысьці нас ад усякае нечыстаты цялеснай і
духоўнай і навучы, як асягнуць асьвячэньне ў страху Тваім, каб нам з чыстым
сьведчаньнем нашага сумленьня прыняць частку сьвятасьцяў Тваіх і зьяднацца з
Целам і Крывёю Хрыста Твайго; і, прыняўшы іх дастойна, мець Хрыста ў сэрцах
нашых і быць жыльлём Сьвятога Твайго Духа. Так, Божа наш, ня дай ніводнаму з нас
несьці адказнасьць за гэтыя Твае страшныя нябесныя Тайны, або занядужаць целам і
душою за тое, што мы іх недастойна прынялі; але дай нам да самага скону дастойна
прымаць частку сьвятасьцяў Тваіх на дарогу да жыцьця вечнага і для добрага
адказу на страшным судзе Хрыста Твайго. Хай і мы, разам з усімі сьвятымі, якія
ад веку Табе дагадзілі, будзем удзельнікамі вечных Тваіх дабротаў, якія Ты
прыгатаваў тым, што любяць Цябе.
Малітва за прычасьнікаў
(Ціха): Уладару Госпадзе, Ойча дабротаў і Божа
ўсякага суцяшэньня, блаславі тых, што схілілі галовы свае перад Табою, асьвяці,
захавай, умацуй і падтрымай іх, адвядзі ад усякага благога намеру і далучы да
ўсякай добрай справы; і дай ім без асуджэньня прыняць гэтыя ўсячыстыя і
жыватворчыя Тайны для адпушчэньня грахоў і супольнасьці Духа Сьвятога.
(Уголас): Ласкаю, міласэрнасьцю і чалавекалюбствам
адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і
жыватворчы Дух цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Малітва падзякі
(Ціха): Дзякуем Табе, Госпадзе Божа наш, за
атрыманыя сьвятыя Твае чыстыя, несьмяротныя і нябесныя Тайны, якія Ты нам
дараваў для нашага дабра і для асьвячэньня і ацаленьня душ і целаў нашых. Дай,
Уладару ўсіх, каб прыняцьце сьвятога Цела і Крыві Хрыста Твайго было нам для
веры беззаганнай, для любові шчырай, для памнажэньня мудрасьці і аздараўленьня
душы і цела, для адпору ўсякаму супраціўніку, для захаваньня Тваіх запаветаў,
для добрага адказу на страшным судзе Хрыста Твайго.
(Уголас): Бо Ты асьвячэньне наша, і Табе славу
аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Заключная малітва
(Ціха): Зьдзейсьнілася і споўнілася, наколькі гэта
было ў нашай моцы, тайніца провіду Твайго, Хрысьце Божа наш: мы прыгадалі Тваю
сьмерць, мы бачылі вобраз Твайго ўваскрасеньня, мы напоўніліся жыцьцём Тваім
бясконцым, пажывіліся ў асалоду Тваёй невычэрпнаю страваю: просім Цябе, зрабі
нас годнымі яе ў будучым жыцьці, ласкаю спрадвечнага Твайго Айца, і сьвятога, і
добрага, і жыватворчага Твайго Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. |