Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 


 

Той, хто трымае сьвет

 

"Такія, як ён, трымаюць сьвет. Ён наш скарб, наш гонар, нашая радасьць", – напісала пяць гадоў таму ў "Нашай Ніве" з нагоды 75-годзьдзя айца ягоная вучаніца, доктар тэалёгіі Ірына Дубянецкая[1].

Калі айцец Аляксандар Надсан прыяжджае ў Беларусь, ягоны візыт заўсёды становіцца галоўнай навіной інфармацыйных агенцтваў, на яго "палююць" дзясяткі журналістаў.

Аляксандар Надсан (да 1945 г. – Бочка) пакінуў Беларусь сябрам Саюзу Беларускай Моладзі, 18-гадовым курсантам Менскай афіцэрскай школы Беларускай Краёвай Абароны, каб вярнуцца толькі праз 46 гадоў. "Уночы 10 сакавіка цягнік Гук ван Голянд – Масква пераехаў раку Буг. Ля вакна вагона стаяў пасажыр, які пільна ўглядаўся ў вонкавую цемру. Што ён адчуваў у такую хвіліну? Цяжка сказаць. Толькі вусны ягоныя ціха шапталі словы " Пагоні" Багдановіча: "Маці родная, маці-краіна, не ўсьцішыцца гэтакі боль. Ты прабач, ты прымі свайго сына, за цябе яму ўмерці дазволь". Тым пасажырам быў аўтар гэтых радкоў", – пісаў ён у 1990 г. у газэце "Свабода"[2].

Аляксандар Надсан ня проста вярнуўся на радзіму. Ён вярнуўся кіраўніком Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны, апостальскім візытатарам для беларусаў-каталікоў замежжа, сьвятаром беларускай грэка-каталіцкай царквы сьв. Пятра й Паўла ў Лёндане ды аўтарытэтным навукоўцам. Чатыры беларускія дамы на Холдэн-роўд у раёне Фінчлі ў брытанскай сталіцы застаюцца да сёньня асяродкам беларушчыны, што прыцягвае да сябе беларусаў з усяго сьвету, у тым ліку й мэтраполіі.

"Мы пабачылі на свае вочы, якая гэта тытанічная праца – захоўваць беларускасьць у самых розных ейных праявах, і ня толькі захоўваць, але й падтрымліваць і разьвіваць. І заставацца адкрытым да любое іншасьці, і аддаваць сябе, ня мераючы, усім людзям, да чыіх жыцьцяў ты дакрануўся", – пісала Ірына Дубянецкая пра свае ўражаньні ад прыезду ў Лёндан.

Аляксандар Надсан нарадзіўся 8 жніўня 1926 г. у Гарадзеі (сёньня Нясьвіскі раён Менскай вобласьці) у настаўніцкай сям’і. Ягоны бацька, выкладчык Слуцкай рэальнай вучэльні Антон Бочка, у часе Першай сусьветнай вайны быў афіцэрам у царскай арміі. Потым вярнуўся ў Слуцак, дзе ў 1920 г. узяў удзел у Збройным чыне, пакінуўшы пра гэтыя падзеі ўспаміны. Далей Антон Бочка пераехаў у Гарадзею, дзе выкладаў у пачатковай школе. Яе й скончыў ягоны сын, будучы сьвятар. Потым быў год навучаньня ў польскай гімназіі ў Баранавічах, два гады ў савецкай школе. У часе нямецкай акупацыі Аляксандар Надсан вучыўся ў Нясьвіскай настаўніцкай сэмінарыі, праз муры якой прайшлі некалькі дзясяткаў будучых дзеячаў беларускага замежжа. "Тут панаваў сапраўдны моцны беларускі дух і навучалі цікавыя беларусы. Некаторыя яшчэ былі настаўнікамі ў беларускіх гімназіях, пакуль тыя не пазачынялі польскія ўлады. Іншыя паходзілі з савецкай Беларусі, але гэта таксама былі беларусы. Быў такі выкладчык матэматыкі Рудакоўскі – ці не камбрыг савецкай арміі. Але такога моцнага беларуса я яшчэ ня бачыў"[3]. І надалей для Аляксандра Надсана галоўным паказьнікам вартасьці чалавека якраз былі не рэлігійныя перакананьні ці палітычныя прыхільнасьці, а менавіта ягоная беларускасьць.

У 1943 г. будучы сьвятар стаў сябрам Саюзу Беларускай Моладзі, а па сканчэньні курсаў кіраўнікоў у Альбэртыне атрымаў рангу старшага зьвязовага. У чэрвені 1944 г., амаль як усе выпускнікі сэмінарыі, Аляксандар Надсан запісаўся ў Менскую афіцэрскую школу БКА, разам зь якой і пакінуў Беларусь. Курсанты апынуліся ў францускім Бэзансоне, дзе, паводле задумы нямецкага генэралітэту, мусілі ваяваць супраць амэрыканцаў і брытанцаў. Аднак беларуская моладзь мела сваё меркаваньне: "Мы заявілі, што ваяваць супраць ангельцаў, французаў, амэрыканцаў ня маем ахвоты – яны нам ня ворагі. І пайшлі ў лес". Потым былі баявыя дзеяньні ў шэрагах 2-га Польскага корпусу (Армія Андэрса) у складзе брытанскіх узброеных сілаў. Сьпеxам перашколеных жаўнераў перакінулі на поўнач Апэнінаў, дзе яны бралі ўдзел у апошнім наступе саюзьнікаў у Італіі пад Балёньню і Форлі.

У паваеннай Італіі якраз і пачалося гуртаваньне беларусаў польскага войска. "Несьвядомых было шмат, сьвядомых – адзінкі. Такія, як Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Мікола Нікан, Пётра Сыч. Нашага пакаленьня, тых, хто прайшоў праз Эўропу, нямецкае войска, францускую партызанку, было болей. Але многія баяліся, хаваліся як палякі, баючыся прызнацца, што яны беларусы. Сьведамых было дзьве тысячы, ня болей".

У другой палове 1946 г. жаўнераў 2-га Польскага корпусу эвакуявалі ў Вялікабрытанію. У хуткім часе Аляксандар Надсан дэмабілізаваўся й пераехаў у Лёндан, дзе адразу ўключыўся ў грамадзкае жыцьцё. Ён рэдагаваў пэрыёдыкі мясцовых беларусаў – газэты "Беларус на Чужыне", "На Шляху", браў удзел у працы Беларускага Хрысьціянскага Аб’еднаньня "Рунь", Беларускага Народна-Незалежніцкага Хрысьціянскага Руху. Аляксандар Надсан ці не адзіны з паваенных беларускіх эмігрантаў, хто скарыстаў з магчымасьці атрымаць у новай краіне вышэйшую асьвету. У 1953 г. ён скончыў матэматычны факультэт Лёнданскага ўнівэрсытэту (1949–1953). Пазьней, будучы ўжо сьвятаром, ён нейкі час выкладаў матэматыку ў Нотынгэме.

Аляксандар Надсан быў сярод першых сяброў Згуртаваньня Беларусаў Вялікабрытаніі (ЗБВБ) – галоўнай беларускай арганізацыі ў гэтай краіне. 18–19 студзеня 1947 г. ён браў актыўны ўдзел у І Зьезьдзе арганізацыі. "Гэта было праваслаўнае Вадохрышча, і праваслаўныя жаўнеры з польскага войска прыехалі ў Лёндан на сьвята. Памятаю, як мы стаялі на чыгуначнай станцыі й пыталіся: «Ці ты на Вадохрышча прыехаў? А ты адкуль?» А яны зь Вялейкі, Ільлі... То тады казалі: «Прыходзь на зьезд» – і давалі запрашэньні". У 1951–1953 гг. Аляксандар Надсан узначаліў ЗБВБ, стаўшы чацьвёртым пасьля Вінцэнта Жук-Грышкевіча, Франціша Бартуля й Міколы Нікана, і наймаладзейшым (25 гадоў), старшынём арганізацыі. За ягоным старшынствам была ўведзеная практыка рэгулярных зборак кіраўнікоў аддзелаў ЗБВБ у прамежку часу паміж зьездамі, што дапамагала лепш каардынаваць дзейнасьць беларусаў у розных ангельскіх гарадах.

Ад 1953 г. у жыцьці Аляксандра Надсана пачаўся зусім іншы этап. Пад уплывам кіраўніка Беларускай Каталіцкай Місіі ў Ангельшчыне а. Часлава Сіповіча ён вырашыў зьвязаць далейшы лёс "са службай Богу сярод свайго народу". Увосень 1953 г. ён выехаў у Рым, навучацца ў Грэцкай Калегіі (духоўнай сэмінарыі для каталікоў усходняга абраду). Гэтая ўстанова мела слаўныя традыцыі й была заснаваная яшчэ ў 1577 г. папам Рыгорам ХІІІ. Гады навучаньня ў Калегіі ці не найшчасьлівейшыя ў жыцьці будучага сьвятара. "Паехаў у Рым і быў усім задаволены. Гэта былі вельмі шчасьлівыя шэсьць гадоў. Я вельмі ўдзячны Богу, што мне давялося быць там..."

23 лістапада 1958 г. Аляксандар Надсан быў высьвячоны на сьвятара й празь сем месяцаў, 6 ліпеня 1959 г., вярнуўся ў Лёндан, каб цягам ужо 47 гадоў служыць тут свайму народу.

Ад 1961 г. айцец Аляксандар стаў кіраўніком беларускай школы імя сьв. Кірылы Тураўскага ў Лёндане. Празь яе цягам пятнаццаці гадоў прайшлі больш як два дзясяткі вучняў, якім выкладаліся асновы беларусаведы.

У 1971 г. зьявіўся яшчэ адзін абсяг працы. 15 траўня адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны – аднаго з найбуйнейшых збораў беларускай пэрыёдыкі й кнігадруку ў Заходняй Эўропе. Асновай бібліятэкі сталі кнігазборы Часлава Сіповіча, Лява Гарошкі й самога Аляксандра Надсана. Апошні й стаў кіраўніком бібліятэкі і ў справе ейнага папаўненьня рэдкімі выданьнямі шмат паезьдзіў па кніжных аўкцыёнах сьвету.

Мэтадычна зьбіраньне кніг і ўсіх друкаў, зьвязаных зь Беларусьсю, стала для айца Аляксандра Надсана неад’емнай часткай жыцьця. Сёньня Скарынаўка мае ня толькі лепшыя за Беларускую нацыянальную бібліятэку зборы эміграцыйнай пэрыёдыкі й друкаў, але й акупацыйных выданьняў. Асаблівы гонар бібліятэкі – рэдкія старажытныя беларускія выданьні. Акрамя таго, тут перахоўваюцца цікавыя архівы беларускіх дзеячаў і арганізацыяў розных часоў і краінаў. Натуральна, што Лёнданская бібліятэка імя Францішка Скарыны хутка стала своеасаблівай Мекай для навукоўцаў. Сюды езьдзілі дасьледнікі з Польшчы – ня толькі беларускія гісторыкі зь Беластоку, але й этнічныя палякі; прыяжджалі беларусазнаўцы шмат зь якіх іншых краінаў сьвету. У 1990-я гэтае адмысловае акно ў вольны навуковы сьвет прарубілі й гісторыкі зь Беларусі. Можна канстатаваць: у бібліятэцы, што знаходзіцца ў прыгожым і ціхім раёне на поўначы Лёндану, вельмі плённа працуецца.

Магчыма, і асаблівая атмасфэра беларускай бібліятэкі паспрыяла таму, што Аляксандар Надсан да іншых сваіх напрамкаў дзейнасьці дадаў яшчэ адзін, немалаважны – сур’ёзную навуковую працу. Зь ягонай дасьледнай спадчыны складана выбраць нешта больш значнае ці менш – усё важнае й адрозьніваецца высокім навуковым узроўнем.

Прадмет навуковых зацікаўленьняў Аляксандра Надсана вельмі шырокі: асоба Кірылы Тураўскага, Францішак Скарына й беларускае кнігадрукаваньне, Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі.

Айцец Аляксандар Надсан – грунтоўны й глыбокі дасьледнік. Але па напісаньні й выданьні – часьцей за ўласныя грошы – пэўнай кнігі айцец не адкладае яе ўбок, а пазьней вяртаецца да яе, дапрацоўвае з улікам зьяўленьня новых фактаў, сюжэтаў.

Яшчэ адзін важны напрамак дзейнасьці – пераклад беларускіх літургічных тэкстаў. Вынік гэтай працы – выдадзены ў 2002 г. малітоўнік "Госпаду памолімся".

Апроч таго, айцец Аляксандар Надсан – таленавіты прамоўца. Ягоныя разумныя цікавыя казаньні таксама ўжо сталі легендарнымі й патрабуюць асобнага выданьня.

Са сьмерцю а. Часлава Сіповіча ў 1981 г. а. Аляксандар узначаліў Беларускую Каталіцкую Місію ў Ангельшчыне, а ад канца 1980-х стаў апостальскім візытатарам для беларусаў-каталікоў замежжа.

Пасьля 1986 г. у Вялікабрытаніі паўсталі дабрачынныя таварыствы дапамогі ахвярам чарнобыльскай катастрофы. Аляксандар Надсан узначаліў Камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі й сам некалькі разоў суправаджаў гуманітарныя канвоі ў Беларусь альбо ладзіў летнія адпачынкі для дзяцей у Вялікабрытаніі ды Ірляндыі.

Першы раз пасьля доўгага расстаньня ў Беларусь ён прыехаў у сакавіку 1990 г. На менскім чыгуначным вакзале яго сустрэлі сотні чалавек – перадусім прыхільнікаў адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Ад таго часу ў Беларусі а. Аляксандар – жаданы госьць. Не для ўладаў, а для сапраўдных беларусаў. Падчас ягонага апошняга прыезду, у сьнежні 2004 г., на прэзэнтацыі кнігі "Чэслаў Сіповіч: сьвятар і чалавек" дольная заля касьцёлу сьв. Сымона й Алены ўжо за паўгадзіны да пачатку ўрачыстасьці была цалкам запоўненая. І людзі сабраліся ня толькі на прэзэнтацыю кнігі, але й проста паглядзець на свайго сьвятара, паслухаць словы чалавека, які праз усё сваё жыцьцё быў і ёсьць сапраўдным беларусам – тым, хто трымае сьвет.

 

 

[1] Дубянецкая І. Айцец // Наша Ніва. №32 (241). Менск, 6 жніўня 2001. С. 9.

[2] Надсон А. Вяртаньне // Свабода. №1. Менск, красавік 1990. С. 2, 6.

[3] Тут і далей цытуюцца ўспаміны а.Аляксандра Надсана, запісаныя ў жніўні 2005 г. у Лёндане.

Гардзіенка А.

"Той, хто трымае сьвет”, у: ЗАПІСЫ: Бел. Інстытут навукі і мастацтва, m. 30,

New-York-Miensk, 2006, cc.97-101


 


 


 

 

 

Напісаць ліст