Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Абрад Сьвятога Алеепамазаньня


 

 

Абрад Сьвятога Алеепамазаньня

Алеепамазаньне – сьвятая тайна (сакрамант), у якой Госпад Ісус Хрыстос, праз памазаньне сьвятым алеем і малітвы сьвятара (гл. Як. 5:14-15), дае асаблівую дапамогу хворай асобе. У гэтай тайне хворы атрымлівае: (1) дзейную ласку, якая прыносіць духоўнае суцяшэньне, памагае пераносіць цяжкасьці і цярпеньні зьвязаныя з хваробай, дае сілу прымірыцца з воляй Божай і ўмацоўвае надзею жыцьця вечнага; (2) у выпадку немагчымасьці споведзі – адпушчэньне грахоў. Тайна алеепамазаньня памагае таксама, калі такая Божая воля, пераадолець недамаганьні цялесныя і выздаравець.

Тайну алеепамазаньня можа атрымаць кожная асоба цяжка хворая, або ў пажылым веку. Ступень цяжкасьці хваробы трэба пакінуць разважнаму суду сьвятара. Няма патрэбы, каб існавала небясьпека немінучай сьмерці, хоць, зразумела, для тых, што пры сьмерці, тайна алеепамазаньня асабліва патрэбная. Можна напрыклад даць памазаньне хвораму, які рыхтуецца да цяжкай апэрацыі, або старэйшай асобе, сілы якой слабеюць, хоць яна і ня церпіць на ніякую канкрэтную хваробу. Тайну алеепамазаньня можна прымаць неаднаразова.

У Бізантыйскім абрадзе традыцыйны парадак алеепамазання вельмі доўгі і вымагае ўдзелу сямі сьвятароў. У сучасных умовах жыцьця гэта амаль немагчыма, і таму ніжэй падаецца абрад у скарочаным выглядзе, які выконваецца адным сьвятаром. Яго можна выконваць у царкве, у доме хворага, або ў шпіталі. Парадак памазаньня хворага, які ўжо пры сьмерці, даецца ніжэй.

На століку каля хворага стаўляюцца сьвечкі, кніга сьвятога Евангельля, крыж і посуд з алеем. Сьвятар у епітрахілі і фэлоне, з запаленай сьвечкай у руцэ, пакадзіўшы, пачынае:

Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін. Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава... цяпер...

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава... цяпер...

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.

Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)

Слава... цяпер...

Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.

(Псалом 142). Пачуй, Госпадзе, малітву маю, у вернасьці Тваёй нахілі вуха Тваё да маленьня майго, выслухай мяне ў Тваёй справядлівасьці.

І не ўваходзь у суд са слугой Тваім, бо ніхто жывы не апраўдаецца перад Табою.

Бо вораг прасьледуе душу маю, жыцьцё мае топча ў зямлю, у цемры патапіў мяне, быццам памёрлага.

Дух мой млее ўва мне, і сэрца маё поўнае жаху.

Успамінаю даўнія дні, разважаю над усімі ўчынкамі Тваімі, і над творамі рук Тваіх задумваюся.

Да Цябе працягваю рукі мае: душа мая, быццам высахлая зямля, прагне Цябе.

Выслухай мяне хутка, Госпадзе, бо дух мой зьнемагае. Не хавай твару Твайго ад мяне, каб мне не стацца падобным да тых, што зыходзяць у магілу.

Дай мне хутка адчуць ласку Тваю, бо на Цябе спадзяюся. Пакажы мне шлях, па якім мне трэба ісьці, бо да Цябе ўзношу душу маю.

Збаў мяне, Госпадзе, ад ворагаў маіх – бо да Цябе прыбягаю.

Навучы мяне чыніць волю Тваю, бо Ты Бог мой. Хай добры дух Твой вядзе мяне па правым шляху.

Дзеля імя Твайго, Госпадзе, захавай жыцьцё маё; у дабраце Тваёй выведзі з бяды душу маю.

У гневе Тваім зьнішчы ворагаў маіх і выгубі ўсіх, што перасьледуюць душу маю, бо я слуга Твой.

Слава... цяпер...

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)

Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся.

(Калі ў царкве): За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.

– Каб гэты алей быў асьвячаны сілаю і найсьцем Сьвятога Духа, Госпаду памолімся.

– За слугу Божага (Божую) ..., за боскае наведаньне яго (яе), і каб зышла на яго (яе) ласка Сьвятога Духа, Госпаду памолімся.

– Каб яму (ёй) выбавіццца ад усякага гневу, суму і недастатку, Госпаду памолімся.

– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы яго (яе) і нас, Божа, ласкаю Тваёю.

– Успамянуўшы усесьвятую, усячыстую, Найблаславёную, слаўную Уладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар гаворыць малітву асьвячэньня алею. Калі ёсьць некалькі сьвятароў, першы гаворыць малітву ўголас, а іншыя разам з ім паціху.

Сьвятар: Госпадзе, які міласэрнасьцю і дабротамі Тваімі ацаляеш скрушлівыя душы і целы нашыя: сам, Уладару, асьвяці гэты алей, каб ён быў таму, хто будзе ім памазаны, на аздараўленьньне, на адмену ўсякай спакусы, на ачышчэньне ад усялякай нячыстасьці цела і душы і ад усяго благога, каб у ім праславілася Тваё ўсесьвятое імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Дыякан: Будзьма ўважлівыя.

Сьвятар: Мір усім.

Дыякан: Мудрасьць. Слухайма ўважліва.

Пракімен (Пс 34): Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, спачыне на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе.

Верш. Уклікніце, праведнікі, Госпаду ў радасьці: хвала пасуе праведным.

Сьвятар: Мудрасьць

Дыякан: Чытаньне лісту сьвятога апостала Якуба.

Сьвятар: Слухайма ўважліва.

Дыякан: Браты, за прыклад мукаў ліхіх і доўгацярплівасьці вазьміце прарокаў, што імем Гасподнім прамаўлялі. Вось мы шчасьлівымі называем тых, што цярпелі. Вы чулі пра стойкасьць Ёва і бачылі канец яго ў Госпада, бо Госпад вельмі міласэрны і спагадлівы. Дык перш за ўсё, браты мае, не прысягайце ані небам, ані зямлёю, ані якою другою прысягаю; але няхай ваша "так" будзе "так", і ваша "не" – "не", каб не папасьці пад суд. Гора сустрэла некага? Хай моліцца. Весела каму? Хай сьпявае псалмы. Занядужаў нехта з вас? Хай пакліча сьвятароў Царквы, і хай памоляцца над ім, памазаўшы яго алеем у імя Госпада. А малітва поўная веры будзе ратункам для хворага, і Госпад уздыме яго; а калі б меў ён грахі, будуць яму адпушчаныя. Вызнавайце адзін перад адным праступкі вашыя і маліцеся адзін за аднаго, каб атрымаць здароўе. Бо вялікую моц мае настойлівая малітва праведнага. (Як 5:12-16)

Сьвятар: Мір табе.

Дыякан: Мудрасьць. Слухайма ўважліва.

Людзі: Алілуя, алілуя, алілуя.

Верш (Пс 100). Міласьць і ласку буду славіць у песьнях; буду пяяць Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Мір усім.

Людзі: І твайму духу.

Сьвятар: Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Лукі.

Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Дыякан: Слухайма ўважліва.

Сьвятар: У той час нейкі законьнік падышоў да Ісуса і, спакушаючы Яго, сказаў: "Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць вечнае жыцьцё?" Ісус адказаў Яму: "У Законе што напісана? Як чытаеш?" Той сказаў: "Любі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсёй сілаю тваёю, і ўсім розумам тваім; і бліжняга твайго як самога сябе". Ісус сказаў яму: "Добра ты адказаў: рабі так і будзеш жыць". Але ён, хочучы апраўдацца, спытаў Ісуса: "Хто мой бліжні?" На гэта Ісус сказаў: "Нейкі чалавек ішоў з Ерусаліму ў Ерыхон і папаўся разбойнікам, якія забралі ў яго ўсё, ранілі і пайшлі, пакінуўшы яго ледзьве жывым. Здарэньнем адзін сьвятар ішоў той дарогаю і, угледзеўшы яго, прайшоў міма. Таксама і лявіт, быўшы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. Самаранін жа нейкі падарожны найшоў на яго і, угледзеўшы, зьлітаваўся. Падышоўшы, перавязаў яму раны, паліўшы іх алеем і віном, пасадзіў яго на свайго асла, завёз у гасподу і заапекаваўся ім. А на другі дзень, ад'язджаючы, дастаў два дынары, даў гаспадару і сказаў яму: "Даглядай яго, і калі выдасі што болей, дык я, вярнуўшыся, аддам табе". Хто з гэтых трох, на тваю думку, быў бліжнім таму, хто папаўся разбойнікам?" Ён адказаў: "Той, хто зьлітаваўся над ім". Тады Ісус сказаў яму: "Ідзі і ты рабі гэтаксама". (Лк 10:25-36)

Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)

– Яшчэ молімся за зьмілаваньне, жыцьцё, супакой, здароўе, збаўленьне, наведаньне і адпушчэньне грахоў слугі Божага (Божай)....

– Каб Госпад Бог паслаў яму (ёй) ласку збаўленьня і вызваленьня ад немачаў, і узьняў яго (яе) з ложа хваробы, скажам усе: Госпадзе, пачуй нас і зьмілуйся.

Сьвятар: Бо Ты міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Беспачатны, вечны Сьвяты сьвятых, што паслаў Сына Твайго адзінароднага, які ацаляе ўсялякую немач і ўсякую рану душ і целаў нашых: зышлі Духа Твайго Сьвятога і асьвяці гэты алей, і зрабі, каб ён быў для слугі Твайго (Тваёй), які памазваецца ім, на дасканалае адпушчэньне грахоў яго (яе) і на спадкаемства валадарства нябеснага.

Бо Ты, Божа наш, Той, хто мілуе і збаўляе нас, і Табе славу аддаем, разам з адзінародным Тваім Сынам, і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар памазвае хворага, робячы памазком або пальцам, памочаным у алей, знак крыжа на ілбе, вачох, вушах, ноздрах, вуснах, грудзях, руках і нагах і молячыся:

Ойча сьвяты, лекару душ і целаў, Ты, што паслаў адзінароднага Твайго Сына, Госпада нашага Ісуса Хрыста, які ацаляе ўсякую хворасьць і вызваляе ад сьмерці, ацалі слугу Твайго (Тваю) ... і адымі ад яго (яе) ўсе цялесныя і душэўныя немачы, што яго (яе) апанавалі, і ажыві яго (яе) ласкаю Тваёю малітвамі ўсесьвятое Уладаркі нашае Багародзіцы і заўсёды Дзевы Марыі, і ўсіх сьвятых Тваіх.

Бо Ты крыніца ацаленьняў, Божа наш, і Табе славу аддаем, разам з адзінародным Тваім Сынам і адзінасутным Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Заўвага. Калі ёсьць некалькі сьвятароў, дык кожны з іх па чарзе таксама памазвае хворага, гаворачы малітву "Ойча сьвяты..."

Скончыўшы, сьвятар адчыняе кнігу Сьвятога Евангельля, кладзе яе на галаву хворага пісаным уніз і, прытрымліваючы Евангельле (калі ёсьць іншыя сьвятары, дык яны падтрымліваюць Евангельле), але не ўскладаючы рук на хворага, моліцца:

Уладару сьвяты, дабрасардэчны і шматміласэрны Госпадзе Ісусе Хрысьце, Сыне і Слова Бога жывога, Ты не жадаеш сьмерці грэшніка, але хочаш, каб ён навярнуўся і жыў. Вось я не ўскладаю рук (маіх) на галаву таго (той), што прыйшоў (прыйшла) да Цябе ў грахох і просіць праз мяне адпушчэньня правінаў; але ўскладаю руку Тваю, магутную і сільную, што ў гэтым сьвятым Евангельлі, і малюся Табе і прашу міласэрнае і незлапамятлівае чалавекалюбства Тваё, Божа, Збаўца наш, які праз прарока Натана даў адпушчэньне Давіду, калі той пакаяўся ў сваіх грахох, і які прыняў малітву каяньня Манасіі: у Тваім звычайным чалавекалюбстве прымі цяпер слугу Твайго (Тваю) ..., які (якая) прыходзіць, каючыся ў сваіх грахох, не ўзіраючыся на ягоныя (ейныя) правіны. Бо Ты Бог наш, які загадаў прабачаць семдзесят разоў па сем тым, што ўпалі ў грахі, і міласэрнасьць Твая роўная велічы Тваёй, і Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Зьняўшы Евангельле, дае яго цалаваць хвораму. Пасьля кажа:

Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.

Людзі: Слава... цяпер...

Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі.

Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сілаю пачэснага і жыцьцядайнага крыжа, малітвамі сьвятога, слаўнага і ўсяхвальнага апостала Якуба, першага біскупа Ерусалімскага і сваяка Гасподняга і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

Людзі: Амін.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст