Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Абрад Сьвятога Мірапамазаньня


 

 

Абрад Сьвятога Мірапамазаньня

(Звычайна выконваецца адразу пасьля хросту)

Сьвятар: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Блаславёны Ты, Госпадзе Божа ўсемагутны, крыніца ўсяго добрага, сонца справядлівасьці, сьвятло збаўленьня, якое зазьзяла тым, што сядзелі ў цемры, прыйсьцем адзінароднага Сына Твайго і Бога нашага. Ты дараваў нам, нягодным, блаславёнае ачышчэньне ў сьвятой вадзе і боскае асьвячэньне ў жыцьцядайным памазаньні. Вось і сёньня Ты ласкава захацеў нарадзіць нанова слугу Твайго (Тваю), новапрасьветленага (новапрасьветленую) вадою і Духам, і дараваў яму (ёй) адпушчэньне вольных і міжвольных грахоў. Цяпер, Уладару ўсеміласэрны, даруй яму (ёй) пячаць дару сьвятога, усясільнага і годнага ўсякай пахвалы Твайго Духа, і прычашчэньне сьвятога цела і пачэснае крыві Хрыста Твайго. Захавай яго (яе) ў Тваёй сьвятасьці, умацуй у праўдзівай веры, вызваль ад нячыстага і ўсіх пачынаньняў ягоных; і Тваім збавенным страхам захавай у чысьціні і праўдзе ягоную (ейную) душу: каб, стараючыся дагадзіць Табе кожным сваім словам і ўчынкам, ён быў сынам і спадкаемцам (яна была дачкою і спадкаемніцаю) нябеснага Твайго валадарства.

Бо Ты Бог наш, які мілуеш і збаўляеш нас, і Табе славу адаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар памазвае наваахрышчанага (ахрышчаную) мірам, робячы знак крыжа: на чале, вачах, ноздрах, вуснах, вушах грудзях, руках і нагах, кажучы за кожным разам:

Сьвятар: ПЯЧАЦЬ ДАРУ ДУХА СЬВЯТОГА. АМІН.

Скончыўшы, бярэ новаахрышчанага (або, у выпадку малога дзіцяці, хросных бацькоў) за руку і, пакрыўшы яе епітрахілем, і абводзіць яго (яе) тройчы вакол ахвярніка. У міжчасе людзі сьпяваюць:

Людзі: Усе вы, што ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся. Алілуя (Тройчы).

Сьвятар: Будзьма ўважлівыя. Мір усім.

Чытальнік: І твайму духу.

Сьвятар: Мудрасьць.

Чытальнік (чытае пракімен): Госпад – прасьвятленьне маё і збавіцель мой: каго мне баяцца?

Верш. Госпад – абаронца жыцьця майго: перад кім мне дрыжаць?

Сьвятар: Мудрасьць.

Чытальнік: Чытаньне лісту сьвятога апостала Паўла да Рымлянаў.

Сьвятар: Слухайма ўважліва.

Чытальнік: Браты, усе мы, што ў Хрыста ахрысьціліся, у сьмерць Яго ахрысьціліся. Мы пахавалі сябе разам з Ім хрышчэньнем на сьмерць, каб, як Хрыстос устаў з мёртвых дзякуючы славе Айца, і нам увайсьці ў новае жыцьцё. Бо паколькі мы былі злучаны з Ім сьмерцю, падобнаю да Ягонай сьмерці, у падобны спосаб будзем злучаны з ім і ва ўваскрасеньні. Дык ведайце, што стары наш чалавек быў укрыжаваны разам з Ім для зьнішчэньня грэшнага цела, каб нам ужо больш ня быць у няволі граху. Бо хто памёр, той ужо вольны ад граху. Дык калі мы памерлі з Хрыстом, верым, што будзем жыць разам з Ім, ведаючы, што Хрыстос, устаўшы з мёртвых, ужо не ўмірае, сьмерць ня мае ўлады над Ім. Бо калі памёр, дык памёр для граху адзін раз, а калі жыве, дык жыве для Бога. Так і вы разумейце, што вы памерлі для граху, а жывеце для Бога ў Хрысьце Ісусе. (Рым. 6:3-11)

Сьвятар: Мір табе, чытальнік.

Людзі: Алілуя, алілуя, алілуя.

Сьвятар: Мудрасьць, устаньце, будзем слухаць сьвятое Евангельле. Мір усім.

Людзі: І твайму духу.

Сьвятар: Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Мацьвея.

Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Сьвятар: Слухайма ўважліва.

У той час адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды сказаў ім Ісус. І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму, а іншыя ўсумніліся. Тады Ісус падышоў і зьвярнуўся да іх з наступнымі словамі: "Дадзеная мне ўся ўлада на небе і зямлі. Дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, і вучыце іх захоўваць усё, што Я вам сказаў. І вось Я з вамі праз усе дні, аж да сканчэньня сьвету. Амін". (Мц. 28:16-20)

Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Сьвятар: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага сусьветнага Біскупа ..., Папу Рымскага, і за дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ..., і за ўсіх у Хрысьце братоў і сёстраў нашых.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Яшчэ молімся за належныя ўлады і за ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Яшчэ молімся за зьмілаваньне, жыцьцё, здароўе, збаўленьне і адпушчэньне грахоў слугаў Божых, хросных бацькоў ... і ... .

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Яшчэ молімся за новапрасьветленага слугу Божага (новапрасьветленую слугу Божую) ..., каб захавацца яму (ёй) беззаганным (беззаганнай) у вызнаньні веры, ва ўсякай дабрадзейнасьці і ў выкананьні запаветаў Хрыстовых праз усе дні жыцьця яго (яе).

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Бо Ты міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.

Людзі: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін

Госпаде, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі.

Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, які захацеў хрысьціцца ад Яна ў Ярдане дзеля нашага збаўленьня, малітвамі найчыстае свае Маці, сілаю пачэснага і жыцьцядайнага Крыжа, малітвамі сьвятых слаўных і пахвалы годных апосталаў Пятра і Паўла і ўсіх сьвятых апосталаў; сьвятых слаўных і пераможных мучанікаў; сьвятых і баганосных айцоў нашых; сьвятога (сьвятой) ... (імя сьвятога патрона новаахрышчанага), сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

Людзі: Амін.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст