Увайшоўшы ў царкву і стаўшы перад райскімі дзьвярамі, сьвятар
і дыякан робяць тры паклоны.
Дыякан: Блаславі, ойча.
Сьвятар: Блаславёны Бог наш на ўсе часы, цяпер і
заўсёды, і на вякі вякоў.
Дыякан: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны
і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і
ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.
Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над
намі. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на
вякі вякоў. Амін.
Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі
нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы
дзеля Твайго імя.
Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на
вякі вякоў. Амін.
Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі
валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага
штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем
вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава,
Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Дыякан: Амін.
Разам кажуць наступныя малітвы:
Зжалься над намі, Госпадзе, зжалься над намі: ня могучы даць
ніякага адказу, мы, грэшныя, вось гэтую малітву Табе, Уладару нашаму, прыносім:
зжалься над намі.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Госпадзе, зжалься над намі, бо на Цябе спадзяемся: Ня
гневайся на нас вельмі і ня будзь памятлівы нашых бясчынстваў, але глянь ласкава
на нас і выбаў нас ад ворагаў нашых, бо Ты Бог наш, і мы, людзі Твае і творы рук
Тваіх, імя Тваё клічам.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Зьмілаваньня дзьверы адчыні нам, блаславёная Багародзіца: хай
мы, якія спадзяемся на Цябе, ня згінем, але выбавімся Табою ад бедаў, бо Ты –
збаўленьне роду хрысьціянскага.
Падыходзяць да іконы Хрыста і, схіліўшы галовы, кажуць:
Усячыстаму вобразу Твайму пакланяемся, Добры, просячы
дараваньня правінаў нашых, Хрысьце Божа, бо Ты захацеў дабравольна целам узысьці
на крыж, каб вызваліць стварэньні Твае з варожае няволі. Дзеля гэтага мы з
удзячнасьцю ўсклікаем Табе: Ты напоўніў радасьцю ўсё, Збавіцелю наш, прыйшоўшы
збавіць сьвет.
Цалуюць ікону Хрыста. У падобны спосаб падыходзяць да іконы
Багародзіцы, кажучы:
Крыніца міласэрнасьці, Багародзіца, зрабі нас годнымі спагады
Твае: глянь міласьціва на людзей, што зграшылі, і пакажы, як заўсёды, сілу Тваю,
бо мы, на цябе спадзеючыся, “Радуйся!” усклікаем Табе, як некалі Габрыэль,
анёлаў начальнік.
Стаўшы перад райскімі дзьвярамі са схіленай галавой, сьвятар
кажа:
Госпадзе, працягні руку Тваю з вышыні сьвятога жыльля Твайго
і ўмацуй мяне на Тваю службу, што мае неўзабаве пачацца, каб я мог без
асуджэньня стаць перад Тваім страшным пасадам і прынесьці бяскроўную ахвяру. Бо
Твая ёсьць сіла і слава на вякі вякоў. Амін.
Уваходзяць у алтар, кажучы:
Увайду ў дом Твой, пакланюся сьвятыні Тваёй у страху перад
Табою.
Госпадзе, у справядлівасьці Тваёй будзь мне правадыром,
насуперак ворагам маім выраўняй шлях перада мною.
Бо ў вуснах іх няма шчырасьці, сэрцы іх пустыя, горлы іх –
магілы адкрытыя, языкі іх лісьлівыя.
Судзі іх, Божа, хай абернуцца ў нішто намеры іх, дзеля
безьлічы бясчынстваў іх адкінь іх, бо яны паўсталі супраць Цябе.
Хай узрадуюцца ўсе, што спадзяюцца на Цябе, хай цешацца
давеку; ахоўвай іх.
І хай цешацца з Табою тыя, што любяць імя Тваё.
Бо Ты, Госпадзе, бласлаўляеш праведніка: быццам шчытом,
пакрываеш яго. (Пс 5: 8-13)
Стаўшы перад ахвярнікам, робяць тры паклоны і цалуюць
Евангельле, ахвярнік і настольны крыж. Пасьля, адышоўшы, пачынаюць апранацца.
Узяўшы ў левую руку кожны стыхар свой, робяць тры паклоны на
ўсход, кажучы за кожным разам:
Божа, будзь спагадлівы мне, грэшнаму.
Дыякан падыходзіць да сьвятара, кажучы:
Блаславі, ойча, стыхар і арар.
Сьвятар бласлаўляе:
Блаславёны Бог наш на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі
вякоў. Амін.
Дыякан накладае стыхар, молячыся:
Душа мая радуецца ў Госпадзе, бо Ён апрануў мяне ў вопратку
справядлівасьці і адзеньнем радасьці ахінуў мяне: быццам на жаніха, усклаў на
мяне вянец і, быццам нявесту, упрыгожыў мяне красою. (Іс 61: 10)
Таксама ўскладае арар, пацалаваўшы яго. Калі надзявае
нарукаўнік на правую руку, кажа:
Правая рука Твая, Госпадзе, уславілася сілаю; правая рука
Твая, Госпадзе, перамагла ворагаў, і веліччу славы Тваёй Ты зьнішчыў
праціўнікаў. (Вых 15: 6-7)
Надзяваючы нарукаўнік на левую руку, кажа:
Рукі Твае стварылі мяне і далі мне выгляд: дай мне
разуменьне, каб я мог навучацца Тваіх запаветаў. (Пс 118: 73)
Апрануўшыся, адыходзіць да прыгатавальніка і рыхтуе ўсё
патрэбнае да праскамідыі.
Сьвятар у міжчасе, блаславіўшы свой стыхар, як вышэй, і
пацалаваўшы, надзявае яго, кажучы:
Душа мая радуецца ў Госпадзе, бо Ён апрануў мяне ў вопратку
справядлівасьці і адзеньнем радасьці ахінуў мяне; быццам на жаніха, усклаў на
мяне вянец і, быццам нявесту, упрыгожыў мяне красою. (Іс 61: 10)
Бярэ па парадку часткі сьвятой вопраткі, бласлаўляе кожную з
іх і надзявае, гаворачы адпаведную малітву.
Надзяваючы эпітрахіль, кажа:
Блаславёны Бог, які ўзьлівае на сьвятароў ласку сваю, быццам
алей духмяны, што, узьліты на
галаву Аарона, сплывае па барадзе аж да краёў вопраткі яго.
(Пс 132: 2)
Апярэзваецца поясам, молячыся:
Блаславёны Бог, які апярэзвае мяне сілаю і робіць шлях мой
беззаганным і ногі мае моцнымі, быццам ногі аленя, і на вышынях умацоўвае мяне.
(Пс 17: 33-34)
Надзявае нарукаўнік на правую руку, кажучы:
Правая рука Твая, Госпадзе, уславілася сілаю; правая рука
Твая, Госпадзе, перамагла ворагаў, і веліччу славы Тваёй Ты зьнішчыў
праціўнікаў. (Вых 15: 6-7)
Надзявае нарукаўнік на левую руку, кажучы:
Рукі Твае стварылі мяне і далі мне выгляд: дай мне
разуменьне, каб я мог навучацца Тваіх запаветаў. (Пс 118: 73)
Калі мае права насіць набедранік, надзявае яго, молячыся:
У прыгажосьці і дабрыні Тваёй, Магутны, прывяжы меч Твой да
сьцягна Твайго, нацягні лук Твой і ідзі наперад пераможна дзеля праўды,
набожнасьці і справядлівасьці, і дзіўныя рэчы зьдзейсьніць правая рука Твая
цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. (Пс 44: 4-5)
Апранае фелон, кажучы:
Сьвятары Твае апрануцца ў справядлівасьць, і сьвятыя Твае ў
радасьці жыць будуць праз усе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. (Пс
131: 9)
Апрануўшыся, сьвятар мые рукі, кажучы:
Памыю ў нявіннасьці рукі мае і абыду кругом ахвярнік Твой,
голасна абвяшчаючы хвалу Тваю і расказваючы пра ўсе цуды Твае. Госпадзе, я
палюбіў дом Твой і месца славы Тваёй. Не загубі душы маёй разам з грэшнікамі, і
жыцьця майго з людзьмі крыві, у чыіх руках злачынствы, і чыя правая рука поўная
хабару. Я ж жыву ў чысьціні, дык збаў мяне і зьмілуйся нада мною. Нага мая
стаіць на справядлівым шляху. На зборах людзей буду славіць Госпада. (Пс 25:
6-12) |