Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Вянчаньне - новая рэдакцыя


 

 

Вянчаньне - новая рэдакцыя

(Дадзены тэкст пакуль не прайшоў апрабацыю духоўных уладаў у Рыме)

Тэкст службаў у перакладзе а. Аляксандра Надсана,
папраўлены і пашыраны.
Тэксты Сьвятога Пісьма ў новым перакладзе з грэцкай мовы.
Агульная рэдакцыя і пераклад – а. Сяргей Стасевіч і д-р Ірына Дубянецкая


Пасьля Боскае Літургіі на ахвярнік кладуцца пярсьцёнкі (з правага боку). Жаніх і нявеста становяцца ў прытворы перад сьвятымі дзьвярыма царквы: жаніх –з правага боку, нявеста – з левага. Сьвятар тройчы робіць знак крыжа над галовамі маладых і дае ім запаленыя сьвечкі. Пасьля гэтага адводзіць іх на цэнтр храма, і кадзіць крыжападобна. Тады:

Дыякан: Блаславі, уладару.

Сьвятар: Блаславёны Бог наш на ўсе часы, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Гэтаксама пасьля наступных просьбаў)

Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся.

Дыякан: За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.

Дыякан: За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.

Дыякан: За Сьвятога Айца нашага ... Папу Рымскага, дастойнага архібіскупа (або багалюбнага біскупа) нашага ..., пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.

Дыякан: За Богам сьцеражонага караля нашага (або каралеву нашу) ... (або За ўлады нашыя) і за ўсіх на дзяржаўнай службе, Госпаду памолімся.

Дыякан: За слугаў Божых (імя) і (імя), якія сёньня заручаюцца адно з адным, і за збаўленьне іх, Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб ім былі дараваныя дзеці дзеля працягу іхняга роду, і споўненыя ўсе іхнія просьбы, што вядуць да збаўленьня, Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб зышлі на іх дасканалая любоў, мір і дапамога, Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб захавацца ім ў адзінадумстве і цьвёрдай веры, Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб былі яны блаславёныя беззаганным жыцьцём, Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб Госпад Бог наш дараваў ім добры шлюб і ложа чыстае, Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб нам выбавіцца ад усякага смутку, гневу і нястачы, Госпаду памолімся.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Божа спрадвечны, што адасобленых яднаеш у лучнасьці, і прызначаеш для іх непарушную повязь любові, Ты блаславіў Ісака і Рэбэку, зрабіўшы іх спадкаемцамі Твайго абяцаньня, дык блаславі і гэтых слугаў Тваіх (імя) і (імя), і накіруй іх на ўсякую добрую справу.

(Уголас) Бо Ты міласэрны і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Мір усім.

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Галовы вашы Госпаду схіліце.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Госпадзе Божа наш, што заручыў з сабою Царкву, быццам чыстую дзеву спаміж народаў, блаславі гэтыя заручыны, зьяднай, і захавай гэтых слугаў Тваіх у міры і згодзе.

(Уголас) Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар бярэ пярсьцёнкі і бласлаўляе імі пару, якая заручаецца, робячы пярсьцёнкам нявесты знак крыжа над жаніхом, і пярсьцёнкам жаніха – над нявестай, гаворачы жаніху:

Заручаецца слуга Божы (імя) са слугой Божаю (імя) у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін.

І нявесьце:

Заручаецца слуга Божая (імя) са слугой Божым (імя) у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін.

Пасьля гэтага сьвятар накладае кожнаму з іх пярсьцёнак на палец правай рукі, і заручаныя абменьваюцца імі.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Госпадзе Божа наш, Ты спадарожнічаў слузе патрыярха Абрагама, калі той быў пасланы ў Мэсапатамію знайсьці нявесту гаспадару свайму Ісаку, і ў чэрпаньні вады аб’явіў, што таму трэба заручыцца з Рэбэкаю. Дык блаславі заручыны і гэтых слугаў Тваіх (імя) і (імя), і замацуй дадзенае імі слова. Усталюй іх у сьвятой еднасьці, якая ад Цябе паходзіць. Бо Ты напачатку зрабіў іх мужчынам і жанчынай, і праз Цябе жанчына была злучаная з мужчынам яму на дапамогу і каб працягваўся род людзкі. Дзеля гэтага, Госпадзе Божа наш, што паслаў праўду тваю на нашчадкаў Тваіх, і запавет твой – на слугаў Тваіх, айцоў нашых, з усіх пакаленьняў абраных Табою, глянь на слугаў Тваіх (імя), і (імя) і замацуй іхнія заручыны ў веры і адзінадумстве, у праўдзе і любові. Бо Ты, Госпадзе, вызначыў, што дадзенае абяцаньне павінна быць нязьменным ва ўсім. Пярсьцёнкам была дадзеная Язэпу ўлада ў Эгіпце; пярсьцёнкам Даніла праславіўся ў краіне Бабілонскай, пярсьцёнкам Тамара была апраўданая; пярсьцёнкам Айцец наш нябесны паказаў спагадлівасьць сыну свайму, калі сказаў: "Дайце пярсьцёнак на правую руку яго; забіце кормнае цялё – і будзем есьці і весяліцца". Сваёй ўласнаю праваю рукою, Госпадзе, Ты ўзброіў Майсея ў Чырвоным Моры. Словам Тваёй праўды былі ўсталяваныя нябёсы і заснаваная зямля. І правыя рукі слугаў Тваіх хай будуць таксама блаславёныя Тваім уладарным словам, і Тваёй ўзьнятаю рукою. Дзеля гэтага цяпер, Госпадзе, блаславі гэтае ўскладаньне пярсьцёнкаў нябесным блаславеньнем, і анёл Твой няхай ідзе паперадзе іх ва ўсе дні жыцьця іхняга.

(Уголас) Бо Ты той, хто бласлаўляе і асьвячае ўсё, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.


Старонка 1 з 3 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст