Парадак вянчаньня
Людзі: Слава Табе Божа наш, слава Табе.
Чытальнік (пс. 127):
Блаславёныя ўсе, што баяцца Госпада.
Людзі: Слава Табе Божа наш, слава Табе. (Гэтаксама пасьля наступных вершаў)
Тыя, што ходзяць па шляхох Ягоных.
З працы рук тваіх ты будзеш есьці.
Блаславёны Ты і добра табе будзе.
Жонка твая будзе, як пладавітая вінаградная лаза па бакох дому твайго.
Сыны твае – як аліўныя саджанцы вакол стала твайго.
Вось так будзе блаславёны чалавек, які баіцца Госпада.
Хай блаславіць цябе Госпад з Сыёну, і каб ты мог бачыць дабро Ерусаліму праз усе дні жыцьця твайго.
І каб ты мог бачыць сыноў сыноў тваіх. Мір Ізраілю.
Людзі: Слава Табе Божа наш, слава Табе.
Апытаньне маладых
Сьвятар (зьвяртаючыся да жаніха): ... (імя), ці маеш ты добрую і свабодную волю, і цьвёрды намер узяць сабе за жонку (імя), якую тут перад сабою бачыш?
Жаніх: Маю, пачэсны ойча.
Сьвятар: Ці не абяцаўся ты іншай нявесьце?
Жаніх: Не абяцаўся, пачэсны ойча.
Сьвятар (да нявесты): ... (імя), ці маеш ты добрую і свабодную волю, і цьвёрды намер узяць сабе за мужа (імя), якога тут перад сабою бачыш?
Нявеста: Маю, пачэсны ойча.
Сьвятар: Ці не абяцалася ты іншаму мужчыне?
Нявеста: Не абяцалася, пачэсны ойча.
Дыякан: Блаславі, уладару.
Сьвятар: Блаславёнае валадарства Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Гэтаксама пасьля наступных просьбаў)
Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся.
Дыякан: За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.
Дыякан: За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.
Дыякан: За Сьвятога Айца нашага ..., Папу Рымскага, дастойнага архібіскупа (або багалюбнага біскупа) нашага ..., пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей, Госпаду памолімся.
Дыякан: За Богам сьцеражонага караля нашага (або каралеву нашу) ... (або За ўлады нашыя) і за ўсіх на дзяржаўнай службе, Госпаду памолімся.
Дыякан: За слугаў Божых (імя) і (імя), што сёньня злучаюцца адно з адным ў супольнасьці шлюбу, і за збаўленьне іх, Госпаду памолімся.
Дыякан: Каб гэты шлюб быў блаславёны, як шлюб у Кане Галілейскай, Госпаду памолімся.
Дыякан: Каб ім была дадзеная сужэнская чысьціня і плод улоньня дзеля карысьці іх, Госпаду памолімся.
Дыякан: Каб ім бачыць сыноў і дачок і цешыцца, Госпаду памолімся.
Дыякан: Каб ім былі дараваныя дабрадзейныя нашчадкі і беззаганнае жыцьцё, Госпаду памолімся
Дыякан: Каб былі споўненыя ўсе іхнія і нашыя просьбы, што вядуць да збаўленьня, Госпаду памолімся.
Дыякан: Каб ім і нам выбавіцца ад усякага смутку, гневу і нястачы, Госпаду памолімся.
Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.
Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар (уголас): Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Дыякан: Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Сьвятар (уголас): Божа Усячысты і Творча ўсяго, што існуе, у чалавекалюбстве Тваім Ты пераўтварыў рабро праайца нашага Адама ў жанчыну і, блаславіўшы абодвух, сказаў: "Пладзіцеся і памнажайцеся, і пануйце над зямлёю", і зрабіў іх адным цэлым праз зьяднаньне. Дзеля гэтага пакіне мужчына свайго бацьку і маці, і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адным целам. Таму тое, што зьвязаў Бог, хай чалавек не разлучыць. Ты блаславіў слугу Твайго Абрагама і, расчыніўшы Сарына ўлоньне, зрабіў яго бацькам многіх народаў. Ты дараваў Рэбэцы Ісака і блаславіў яе дзетараджэньнем. Ты злучыў Якуба з Рахіляй і абвясьціў праз яго дванаццаць патрыярхаў. Ты зьвязаў Язэпа і Асінату, і як плод дзетараджэньня даў ім Эфраіма і Манасію. Ты прыняў Захара і Альжбету і абвясьціў дзіця іхняе Прадвесьнікам. 3 кораня Ясея паводле цела Ты ўзрасьціў Заўсёды Дзеву і, ўцелавіўшыся ад яе, стаўся чалавекам дзеля збаўленьня роду людзкога. Паводле Твайго невыказнага дару і шматлікае дабрыні Ты прыйшоў у Кану Галілейскую і блаславіў там шлюб, каб аб’явіць, што воляю Тваёю ёсьць законнае сужэнства і ў ім дзетараджэньне. Дык Уладару ўсесьвяты, прымі малітвы ад нас, слугаў Тваіх, і як там, будзь прысутны таксама і тут ў Тваёй нябачнай моцы і блаславі гэты шлюб, дай гэтым слугам Тваім (імя) і (імя) спакойнае і доўгае жыцьцё, сужэнскую чысьціню, узаемную любоў у лучнасьці міру, шматлікіх нашчадкаў, блаславенства ў іхніх дзецях і незьвядальны вянец славы. Дай ім бачыць дзяцей дзяцей сваіх, захавай ложа іх бездакорным, пашлі ім нябеснае расы згары і багацьця ад зямлі. Напоўні дом іх збожжам, віном і алеем, і ўсякімі дабротамі, каб яны маглі дзяліцца імі з тымі, хто ў патрэбе; і споўні таксама ўсе просьбы, што вядуць да збаўленьня, тут з імі прысутных.
Бо Ты Бог ласкі, шчадротаў і чалавекалюбства, і Табе славу аддаем, з адвечным Тваім Айцом, і з усесьвятым, добрым і жыватворчым Тваім Духам, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Дыякан: Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Сьвятар (уголас): Блаславёны Ты, Госпадзе Божа наш, таемнага і чыстага шлюбу Сьвятадзею, і цялеснага Заканадаўца, несьмяротнасьці Захавальніку і добры жыцьця Апякуне. Ты сам, Уладару, напачатку зрабіў чалавека, паставіў яго валадаром над стварэньнямі і сказаў: "Нядобра быць чалавеку адному на зямлі: створым памочніка, адпаведнага яму"; і, узяўшы адну з рабрынаў ягоных, зрабіў жанчыну. Убачыўшы яе, Адам сказаў: "Вось косьць ад касьцей маіх, і цела ад цела майго: яна назавецца жанчынай, бо была ўзятая з мужчыны свайго. Таму чалавек пакіне свайго бацьку і маці, і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць два адно цела, бо што зьвязаў Бог, хай чалавек не разлучыць". Дык і зараз, Уладару Госпадзе Божа наш, зышлі ласку Тваю нябесную на гэтых слугаў Тваіх (імя) і (імя). І дай гэтай слузе Тваёй быць ува ўсім у згодзе з мужам сваім, а гэтаму слузе Твайму – быць галавою жонкі, каб ім жыць паводле волі Тваёй.
Блаславі іх, Госпадзе Божа наш, як Ты блаславіў Абрагама і Сару.
Блаславі іх, Госпадзе Божа наш, як Ты блаславіў Ісака і Рэбэку.
Блаславі іх, Госпадзе Божа наш, як Ты блаславіў Якуба і ўсіх патрыярхаў.
Блаславі іх, Госпадзе Божа наш, як Ты блаславіў Язэпа і Асінату.
Блаславі іх, Госпадзе Божа наш, як Ты блаславіў Майсея і Сэпфору.
Блаславі іх, Госпадзе Божа наш, як Ты блаславіў Якіма і Ганну.
Блаславі іх, Госпадзе Божа наш, як Ты блаславіў Захара і Альжбету.
Захавай іх, Госпадзе Божа наш, як ты захаваў Ноя ў каўчэзе.
Захавай іх, Госпадзе Божа наш, як Ты захаваў Ёну ў чэраве кіта.
Захавай іх, Госпадзе Божа наш, як Ты захаваў трох сьвятых юнакоў ад агню, паслаўшы ім расу з неба.
Хай прыдзе да іх такая радасьць, якую зьведала блаславёная Алена, калі яна знайшла пачэсны Крыж.
Успамяні іх, Госпадзе, як Ты памятаў Эноха, Сіма, Ільлю.
Успамяні іх, Госпадзе, як Ты памятаў сьвятых Тваіх сорак мучанікаў, якім Ты паслаў вянцы з неба.
Успамяні, Госпадзе Божа наш, бацькоў, што ўзгадавалі іх, бо малітвы бацькоў умацоўваюць падмуркі дамоў.
Успамяні, Госпадзе Божа наш, слугаў Тваіх шафераў, што сабраліся дзеля гэтай радасьці.
Успамяні, Госпадзе Божа наш, слугаў Тваіх (імя) і (імя), і блаславі іх. Дай ім плод ўлоньня, добрых дзяцей, суладзьдзе душаў і целаў. Узвысь іх, як кедры лібанскія і як пышную вінаградную лазу. Даруй ім насеньня з іхняга коласу, каб яны, маючы ўсяго ўдосталь, багацелі на справы добрыя і Табе прыемныя; і дай ім бачыць сыноў іхніх сыноў, як аліўныя саджанцы вакол стала іх. І хай, робячы прыемнае Табе, яны зазьзяюць, як сьвяцілы нябесныя, ў Табе, Госпадзе наш, якому належыцца ўсякая слава, улада, пашана і пакланеньне цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Дыякан: Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Сьвятар: Божа сьвяты, Ты зрабіў з пылу чалавека, і з рабрыны ягонае ўзнавіў жанчыну і ўпрог яе разам з ім як адпаведную яму дапамогу, бо так было даспадобы Тваёй велічы, каб чалавек быў на зямлі не адзін. Дык зараз, Уладару, працягні руку Тваю са сьвятога жытла Твайго і злучы слугаў Тваіх (імя) і (імя), бо праз Цябе злучаецца з мужчынам жанчына. Упражы іх разам у адзінадумстве, вянчай іх у любоў, спалучы іх у адным целе, даруй ім плод улоньня, дабрадзетную радасьць.
Бо Твая ўлада і Тваё валадарства, і сіла, і слава Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Сьвятар бярэ першы вянец і вянчае ім жаніха, кажучы:
Сьвятар: Слуга Божы (імя) вянчаецца са слугой Божай (імя) у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін.
Тады вянчае нявесту другі вянцом, кажучы:
Сьвятар: Слуга Божая (імя) вянчаецца са слугой Божым (імя) ў імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін.
Потым бласлаўляе іх тройчы, кажучы:
Госпадзе Божа наш, славаю і гонарам вянчай іх.
|