1. ЧАСТКА ХВАЛЕБНАЯ І НАВУЧАЛЬНАЯ
(ЛІТУРГІЯ СЛОВА)
Мірная літанія і першы антыфан
Дыякан: Блаславі, ойча.
Сьвятар: Блаславёнае валадарства Айца, і Сына, і
Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
(Так пасьля наступных прашэньняў)
Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ
нашых Госпаду памолімся.
– За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў
і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.
– За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і
страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.
– За Сьвятога Айца нашага Сусьветнага біскупа …
(імя) Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа
(багалюбнага біскупа) нашага … (імя),
пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду
памолімся.
– За яго (яе) міласьць … (імя галавы
дзяржавы), за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і
спакою гэтае краіны, Госпаду памолімся.
– За Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі
народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму
народу ўсіх нас Госпаду памолімся.
– За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе гарады і краіны, і за
верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.
– За добрае надвор’е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы
спакойныя Госпаду памолімся.
– За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых
што церпяць, за зьняволеных і збаўленьне іх Госпаду памолімся.
– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку
Госпаду памолімся.
– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю
Тваёю.
– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную
Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і
адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар (ціха): Госпадзе Божа наш, моц Твая
невыказная, слава Твая невымерная, міласэрнасьць Твая бязьмежная,
чалавекалюбства Тваё невымоўнае: у дабрыні Тваёй глянь, Уладару, на нас і на
гэтую сьвятую царкву і даруй нам і тым, што моляцца разам з намі, багацьце Тваёй
ласкі і спагады.
(Уголас): Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і
пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін. І сьпяваюць
першы антыфан.
Першы антыфан
У нядзелі сьпяваецца наступны (Вялікодны) антыфан (Пс 65):
Чытальнік: Сьпявайце Госпаду, уся зямля! Слаўце ў
песьнях імя Яго, аддайце хвалу велічы Яго.
Людзі: Малітвамі Багародзіцы, Збавіцелю, збаў нас.
(Так пасьля наступных вершаў)
– Скажыце Госпаду: якія цудоўныя творы Твае! Дзеля велічы
магутнасьці Тваёй дрыжаць перад Табою ворагі Твае.
– Уся зямля хай пакланяецца Табе і пяе Табе, хай славіць у
песьнях імя Тваё, Усявышні!
– Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на
вякі вякоў. Амін.
Дзе ёсьць звычай, у нядзелю, а таксама ў суботу і на вялікія
сьвяты (апрача сьвятаў Гасподніх) сьпяваюцца наступныя радкі з Пс 102:
Блаславі, душа мая, Госпада: блаславёны Ты, Госпадзе.
Блаславі, душа мая, Госпада, і ўсё нутро маё хай славіць імя сьвятое Яго.
Блаславі, душа мая, Госпада і не забывай усіх дабрадзействаў Яго. Ён ачышчае ўсе
бясчынствы Твае і аздараўляе ўсе немачы твае. Шчодры Бог і міласэрны,
доўгацярплівы і багаты на ласку. Блаславі, душа мая, Госпада, і ўсё нутро маё
хай славіць імя сьвятое Яго. Блаславёны Ты, Госпадзе.
У буднія дні сьпяваецца наступны антыфан (Пс 91):
Чытальнік: Добра ёсьць славіць Госпада і пяяць
хвалу імю Твайму, Усявышні.
Людзі: Малітвамі Багародзіцы, Збавіцелю, збаў нас.
(Так пасьля наступных вершаў)
– Абвяшчаць раніцай міласэрнасьць Тваю і праўду Тваю ўночы.
– Бо Госпад Бог наш справядлівы, і няма няправеднасьці ў Ім.
– Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на
вякі вякоў. Амін.
Другая і трэцяя літаніі (малыя) з іх антыфанамі
Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас,
Божа, ласкаю Тваёю.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую,
найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх
сьвятых, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар (ціха): Госпадзе Божа наш, збаў
людзей Тваіх і блаславі набытак Твой, захавай у цэласьці Царкву Тваю, асьвяці
тых, што любяць красу дому Твайго: Ты іх услаў Тваёю Боскаю сілаю і не пакінь
нас, якія спадзяемся на Цябе.
(Уголас): Бо Твая ёсьць дзяржава і Тваё
валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і
на вякі вякоў.
Людзі: Амін. І сьпяваюць
другі антыфан.
|