Галоўная > Татарыновіч > Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Марка

Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Марка


28 траўня 2008.

Пераклаў і падаў выясненні

Кс Др ПЁТР ТАТАРЫНОВІЧ

Рым — 1954
алічбоўваньне і транслітэрацыя: а.Алесь Аўдзяюк


Раздзел 1.
  1. Пачатак эванэліі Езуса Хрыста, Сына Божага.

  2. Як напісана ў Ізая прарока (40,3): «Вось я пасылаю анела майго перад воблікам тваім, які прыгатуе дарогу тваю перад табою.

  3. Голас клічучага ў пустыні: Праўце дарогу Госпадаву, прастуйце сьцежкі ягоны».

  4. Быў Ян у пустыні, хрысьцячы й абвяшчаючы хрост пакуты на адпушчэнне грахоў.

  5. І выйходзіла к яму ўся краіна Юдэйская ўсе Ерузалімцы ды былі хрышчаны ім у рацэ Ярдане, спавядаючыся з грахоў сваіх.

  6. А быў Ян адзеты ў шарсьцянку вярблюдаву з поясам шкураным у паясьніцы ягонай ды еў шаранчу й лясны мёд.

  7. І прадвяшчаў кажучы: Магутнейшы за мяне ідзе за мною якому ня годзен я нахіліўшыся развязаць рэмень абутку яго.

  8. Я вас хрысьціў вадою, ён-жа хрысьціціме вас Духам Святым.

  9. І сталася, ў тыя дні прыйшоў Езус з Назарэту Галілейскага і быў Янам ахрышчаны ў Ярдане.

  10. І зараз, выйходзячы з вады, ўбачыў неба расхіленае і Духа, бы голуба, зыходзячага й трываючага на ім.

  11. І стаўся голас з неба: Ты Сын мой мілы, ў табе мне даўспадобы.

  12. І зараз Дух павёў яго ў пустыню.

  13. І прабыў у пустыні сорак дзён і сорак начэй, і быў спакушаны дзяблам і прабываў з звяратамі, а анелы прыслужвалі яму.

  14. Пасьля-ж таго, як быў выданы Ян, прыйшоў Езус у Галілею, абвяшчаючы эванэлію валадарства Божага

  15. і кажучы, што споўніўся час і прыбліжылася гаспадарства Божае, пакутуйце ды верце эванэліі.

  16. І прайходзячы каля мора Галілейскага, ўбачыў Сымона й Андрэя, брата ягонага, закідаючых сеці ў мора, былі бо рыбакамі.

  17. І сказаў ім Езус: Ідзеце за мною, а зраблю вас, што станецеся рыбакамі людзей.

  18. І яны зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за ім.

  19. А крыху адыйшоўшыся адтуль, убачыў Яку­ба Зэбэдэевага ды Яна, брата ягонага, парадкуючых невады ў лодцы,

  20. і зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы ў лодцы бацьку свайго Зэбэдэя з наймітамі, пайшлі за ім.

  21. Ды прыходзяць у Кафарнаум; і зараз-жа ў сыботу, ўвайшоўшы ў бажніцу, навучаў іх.

  22. І дзівіліся з навукі ягонай, вучыў бо іх як той, што ўладу мае, а не як кніжнікі.

  23. А быў у іхняй бажніцы чалавек, маючы духа нячыстага і закрычаў,

  24. кажучы: Што табе да нас, Езус Назарэньскі? Прыйшоў ты згубіць нас? Ведаю хто ты, Святы Божы!

  25. І прыгразіў яму Езус, гаворачы: Замоўкні й выйдзі з чалавека!

  26. І скалатнуўшы яго ды закрычаўшы дзікім голасам, выйшаў з яго дух нячысты.

  27. І жахнуліся ўсе, так што пыталіся адзін другога, кажучы: Што гэта? Што за навука новая, што ён з уладай навет духам нячыстым загадвае й слухаюць яго?

  28. І хутка разыйшлася аб ім слава па ўсёй Галілейскай краіне.

  29. І неўзабавак, выйшаўшы з бажніцы, прыйшлі ў дом Сымона й Андрэя з Якубам і Янам.

  30. А цешча Сымонава ляжала ў гарачцы, дык зараз кажуць яму аб ёй.

  31. І падыйшоўшы, падняў яе, ўзяўшы за руку, і воміг пазбылася гарачкі й паслугоўвала ім.

  32. Каліж настаў вечар, як зайшло сонца, прыносілі к яму ўсіх нядужых ды маючых дз’ябальства,

  33. і ўсё места сабралося перад дзвярыма.

  34. І аздаравіў многіх, церпячых ад усякіх хваробаў, і выганяў многа дэмонаў, ды не пазваляў ім гаварыць, што яго зналі.

  35. А ўстаўшы нараніцы, чуць золак, выйшаў ды пайшоў на адасобненае месца і там маліўся.

  36. Паспяшыў і Сымон за ім ды тыя, што былі з ім.

  37. І знайшоўшы яго, гавораць яму: Усе цябе шукаюць.

  38. І сказаў ім: Пойдзем у блізкія вёскі й гарады, каб і там навучаць мне, бо-ж натое я й прыйшоў.

  39. І навучаў скроз у іхніх бажніцах ды па ўсёй Галілеі й выганяў дэманаў.

  40. І прыйходзе да яго запаветраны, просячы яго і, ўпаўшы на калені, гаворачы яму: Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.

  41. Езус, зжаліўшыся над ім, працягнуў руку сваю, і дакрануўшыся да яго, сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны.

  42. І як толькі сказаў, зараз-жа адыйшло ад яго запаветранне і быў ачышчаны.

  43. І прыгразіўшы яму, зараз-жа адправіў яго

  44. і сказаў яму: Глядзі, не кажы нікому, але йдзі пакажыся старшаму святару й ахвяруй за сваё ачышчэнне што загадаў Майзей на пасьветчанне ім.

  45. Але ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і пашыраць вестку, так што ўжо ня мог адкрыта ўвайсьці ў горад, а прабываў вонках на адлюдздзі, адыж сходзіліся к яму зусюль.


Раздзел 2.
  1. А пасьля некулькіх дзён ізноў увайшоў у Кафарнаум, і пайшла чутка, што ён у доме.

  2. І зыйшлося многа, так што не хапала месца навет ля дзвярэй, а ён гаварыў ім слова.

  3. І прышлі к яму, нясучы спараліжаванага, якога нясло чатырох.

  4. Ды ня могучы данясьці да яго дзеля натаўпу, разабралі столь, дзе ён быў, і зрабіўшы атворыну, ўпусьцілі ложа, на якім ляжаў спараліжаваны.

  5. Езус, пабачыўшы веру іхнюю, скажаў спараліжаванаму: Сыне, адпушчаюцца табе грахі твае.

  6. Былі-ж там некаторыя з кніжнікаў, сядзячыя й думаючыя ў сэрцах сваіх:

  7. Што гэта ён гаворыць? Блюзніць. Хто можа грахі адпушчаць, апрача самога Бога?

  8. Езус, пазнаўшы зараз духам сваім, што яны думалі ў сабе, кажа ім: Чаму вы гэтак думаеце ў сэрцах вашых?

  9. Што лягчэй сказаць спараліжаванаму: “Адпушчаюцца табе грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі ложа тваё й хадзі”.

  10. Але, каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі, (сказаў паралі­тыку);

  11. табе кажу: Устань, вазьмі ложа тваё ды йдзі ў дом твой.

  12. І той зараз-жа ўстаў і, падняўшы ложа сваё, пайшоў перад усімі, так што дзівіліся ўсе й славілі Бога, кажучы: Ніколі мы нічога такога ня відзелі.

  13. І выйшаў зноў пад мора, а ўся грамада зыйходзілася к яму і ён вучыў іх.

  14. А прайходзячы, ўгледзеў Левія Альфэевага, сядзячага пры куноймітні й сказаў яму: Ідзі за мною. Той, устаўшы, пайшоў за ім.

  15. І сталася, калі сядзелі за сталом у ягоным доме, многа падатчыкаў і грэшнікаў сядзела разам з Езусам і яго вучнямі, бо іх шмат было, што хадзілі за ім.

  16. А кніжнікі й фарызэі, ўгледзеўшы, што ён есьць з куноймітамі й грэшнікамі, кажуць вучням ягоным: Чаму ваш вучыцель есьць і п’е з падатчыкамі й грэшнікамі?

  17. Езус, пачуўшы гэта, гавора ім: Здаровым ня трэба лекара, толькі хворым; я бо ня прыйшоў клікаць справядлівых, але грэшнікаў.

  18. А вучні Янавы й фарызэі пасьцілі. Ды прыйшлі й сказалі яму: Чаму вучні Яна й фарызэяў посьцяць, а твае вучні ня посьцяць?

  19. І сказаў ім Езус: Ціж могуць пасьціць вясельныя госьці, пакуль малады з імі? Пакуль яны з сабою маюць сужэнца, ня могуць пасьціць.

  20. Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх су­жэнца і тады будуч пасьціць у гэныя дні.

  21. Ніхто ня прышывае латы з сырога сукна да старое адзежыны, бо інакш новая лата адрывае ад старога і робіцца большая дзіра.

  22. Ды зноў сталася, калі Ўсеспадар прайходзіў у сыботу праз збожжа й вучні ягоны пачалі зайходзіць ды рваць каласы.

  23. Фарызэі-ж вытыкалі яму: Вось што яны робяць у сыботу, чаго ня сьлед рабіць.

  24. І сказаў ім: Няўжэ вы ніколі ня чыталі што зрабіў Давід, як быў у патрэбе, калі згаладаў сам і тыя, што з ім былі?

  25. Як ён увайшоў у дом Божы за Абіятара, архісьвятара, ды еў хлябы ахвярныя, якія гадзілася есьці толькі сьвятаром, а ён даў шчэ й тым, што з ім былі?

  26. І гавора ім: Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату.

  27. Тым-то Сын чалавечы зяўляецца Ўсеспадарам такжа й шабату.


Раздзел 3.
  1. І ўвайшоў зноў у бажніцу, а быў там чала­век, які меў сухую руку.

  2. І наглядалі за ім, ці будзе аздараўляць у шабат, каб абвінаваціць яго.

  3. І загадаў сухарукаму чалавеку стаць пасярэдзіне.

  4. Ды сказаў ім: Ці належыцца ў шабат рабіць добрае, ці благое? Ратаваць жыцьцё, ці загубляць? Яны-ж маўчалі.

  5. І зірнуўшы на іх гнеўна, сумуючы над сьляпатою сэрца іхняга, сказаў сухарукаму: Выцягні руку тваю. І выцягнуў і была вернена рука яму.

  6. Фарызэі, выйшаўшы, зараз-жа зрабілі нараду з гэрэдыянамі супроць яго, як-бы яго забіць.

  7. Езус-жа з сваімі вучнямі адыйшоў к узмор’ю, а за ім пайшла вялікая грамада з Юдэі й Галілеі,

  8. і з Ерузаліму, і з Ідумэі, і з-за Яр­дану, і тыя, што ля Тыру і Сыдону, вялікае мноства, пачуўшы, што дзееў, прыйшло к яму.

  9. І загадаў вучням сваім нарыхтаваць яму лодку, дзеля натоўпу, каб ня ціснуліся да яго.

  10. Многіх бо аздаравіў, так што напіралі на яго, хто-толькі меў хваробу, каб да яго дакрануцца.

  11. А духі нячыстыя, бачачы яго, падалі перад ім і крычалі, кажучы: Ты Сын Божы!

  12. І моцна гразіў ім, каб ня выяўлялі яго.

  13. А ўзыходзячы на гору, паклікаў да сябе каго сам хацеў і прыйшлі к яму.

  14. І пастанавіў, каб дванаццацёх былі з ім, ды, каб іх пасылаць на навучанне.

  15. І даў ім уладу аздараўляць немачы ды выганяць дэманаў.

  16. І даў Сымону імя Пётр;

  17. і Якуба Зэбэдэявага, і Яна, брата Якубавага, ды даў ім імёны Боанэргэс, гэта значыць: сын грому;

  18. І Андрэя, і Філіпа, і Баўтрамея, і Матауша, і Тамаша, і Якуба Альфэевага, і Тадэву, і Сымона Кананэйца,

  19. і Юдаша Іскарыёта, які і выдаў яго.

  20. І прыйшлі ў дом. Ды зноў збегся народ, так што не маглі й перакусіць хлеба.

  21. А прачуўшы гэта сваякі, выйшлі, каб узяць яго, казалі бо, што ён ня пры сабе.

  22. І кніжнікі, прыйшоўшыя з Ерузаліму, казалі, што ён мае Бэльзэбуба ды што ўладаю князя дэманаўскага выганяе дэманаў.

  23. І клікнуўшы іх, гаварыў ім прыповесьцямі: Як-жа можа шатан шатана выганяць?

  24. Калі гаспадарства само ў сабе падзеліцца, ня можа ўстаяць тое гаспадарства.

  25. І калі дом раздзеліцца супроць сябе, ня можа ўстаяць той дом.

  26. А калі шатан паўстане сам супроць сябе, дык ён падзяліўся й ня зможа ўстаяць, канец яму.

  27. Ніхто ня можа, ўвайшоўшы ў дом магута, разграбіць рэчы яго, калі перш магута ня звяжа, і тады аграбіць дом ягоны.

  28. Сапраўды кажу вам, усе грахі будуць адпушчаны сыном чалавечым, і блюзнерствы, якімі-б яны блюзнілі,

  29. але хто блюзніў-бы проці Духа Святога, ня меціме адпушчэння навекі, а будзе вінаваты граху вечнага.

  30. Бо казалі, ён мае духа нячыстага.

  31. І прыйшлі матка ягона й браты ды, стоячы на дварэ, паслалі к яму паклікаць яго.

  32. А грамада сядзела ля яго. І сказалі яму: Вось маці твая й браты твае на дварэ цябе шукаюць.

  33. А ён у адказ гавора ім: Хто-ж мая маці й браты мае?

  34. І акінуўшы вокам тых, што кругом яго сядзелі, сказаў: Во матка мая й браты мае.

  35. Бо хто-б спаўняў волю Божу, той брат мой, і сястра мая, і матка мая.


Раздзел 4.
  1. Ды зноў пачаў навучаць ля мора. І сабралася да яго вялікая грамада, так што ўвайшоўшы ў лодку, сядзеў на моры, а ўся грамада была на сухазем’і краймора.

  2. І шмат навучаў іх у прыповесьцях і гаварыў ім у сваёй навуцы:

  3. Слухайце: вось выйшаў сяйбіт сеець.

  4. І калі ён сееў, адно ўпала пры дарозе і наляцелі птушкі нябесныя ды здзяўблі яго.

  5. А другое ўпала на скалісты грунт, дзе ня мела даволі зямлі й хутка ўзыйшло, зямля бо была няглыбокая;

  6. і як паднялося сонца, завяла, й, ня маючы кораня, ссохла.

  7. А іншае ўпала ў церні, і ўзбуялі церні ды заглушылі яго й не дало плоду.

  8. Іншае-ж упала на добрую землю й дало плод, што ўзыйшоў і вырас – і ўрадзіла адно ўтрыццацера, другое ўсоцера.

  9. І напамінаў: Хто мае вушы слухаць, хай слухае.

  10. І калі быў сам адзін, спыталіся ў яго тыя дванаццацёх, што з ім былі, аб прыповесці.

  11. І казаў ім: Вам дадзена пазнаць тайніцу валадарства Божага, а для тых, якія ўвонках, усё адбываецца ў прыповесцях,

  12. каб «гледзячы глядзелі й ня бачылі, слухаючы чулі й ня цямілі; каб часом не навярнуліся й ня былі ім грахі адпушчаны» (Із. 6, 9-10).

  13. І кажа ім: Не разумееце гэтай прыпо­весьці? А якжа вам зразумець усе іншыя?

  14. Той, хто сее, слова сее.

  15. А што пры дарозе, дзе сеецца слова, гэта тыя, да каторых, як пачуюць, зараз прыйходзіць шатан і забірае слова, пасеенае ў сэрцах іхніх.

  16. Гэтаксама й тыя з грунтам скалістым, яны як пачуюць слова, зараз-жа з радасцю прыймаюць яго,

  17. але, ня маючы ў сабе карэння трываюць дачасу, потым, як настане прыгнобленне й прасьлед дзеля слова, хутка горшацца.

  18. Й іншыя, дзе сеецца ў цернях, гэта тыя, што слухаюць слова,

  19. але жыцьцявыя турботы й мана багацьця ды іншыя пажаданні, ўвайшоўшы, глушаць слова й стаецца бясплодным.

  20. А што на добрай зямлі пасеена, гэта тыя, якія слухаюць слова і прыймаюць ды даюць плод адно ўтрыццацера, другое ўшэсьцьдзесяцера, а іншае ўсоцера.

  21. І гаварыў ім: Ці-ж прыносяць сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзіну, ці пад ложак? А не натое, каб паставіць яе на ліхтары?

  22. Няма бо нічога таёмнага, што-б ня выявілася, і нічога ня дзеецца сукрыта, але каб адкрылася.

  23. Калі хто мае вушы слухаць, хай слухае.

  24. І казаў ім: Зважайце, чаго слухаеце. Якою меркаю вы адмераеце, такою і вам будзе адмерана й дададзена.

  25. Бо хто мае, таму будзе дададзена, а хто ня мае, ў таго будзе аднята й тое, што мае.

  26. І казаў: Гэтак ёсьць з гаспадарствам Божым, як калі-б чалавек укінуў засевак у землю,

  27. і спаў-бы ды ўставаў-бы ноччу й днём, а на­сенне ўсходзіла-б і расло-б, як ён ня ведае.

  28. Зямля бо сама з сябе родзіць: спачатку рунь, потым колас, пасьля поўнае зерне ў коласе.

  29. А калі збожжа дасьпее, зараз пускае серп, прыйшло бо жніва.

  30. І гаварыў: Да чаго ўпадобнім валадарства Божае, ці якою прыповесьцю выкажам яго?

  31. Яно, бы зерне гарчычнае, што як сеецца ў землю, дык ёсьць драбнейшае за ўсякае насен­не зямное;

  32. а калі пасеецца, ўзрастае й робіцца большым за ўсе гародніны й пускае вялікае гальлё, так што ў цяні яго могуць хавацца птушкі нябесныя.

  33. І многімі такімі прыповесцямі гаварыў да іх слова, наколькі яны маглі слухаць,

  34. бяз прыповесьцяў жа не гаварыў да іх; а вучням сваім раз’ясьняў усё асобна.

  35. Таго-ж дня, як павячарэла, сказаў ім: Пераплывём на той бок.

  36. І, адправіўшы народ, яны ўзялі яго так як быў, у лодцы; й былі з ім другія лодкі.

  37. І ўзнялася лютая бура ветру ды гнала хвалі на лодку, так што яна напаўнялася.

  38. А ён быў ля карна лодкі, сплючы на ўзгалоў’і. І разбудзілі яго дый кажуць: Вучыцель, няўжэ ня рупіць табе, што мы гінем?

  39. І ўстаўшы, прыгразіў ветру й сказаў мору: Заціхні, пакінь! І заціх вецер ды настала вялікая цішыня.

  40. І кажа ім: Чаму вы гэткія палахлівыя? Яшчэ ня маеце веры? І ўзяў іх вялікі страх і гаварылі адзін да другога: Хто гэта, што й ве­цер і мора яму паслушны.


Раздзел 5.
  1. І прыбылі на другі бок мора ў краіну Гэразэнаў.

  2. І калі ён выйходзіў з лодкі, зараз-жа выбег з грабовішчаў на сустрэч яму чалавек, што меў нячыстага духа.

  3. Ён меў прыстанішча ў магілах і ўжо ані ланцугамі ніхто ня мог яго звязаць,

  4. часта бо, звязаны путамі й ланцугамі, рваў іх ды разбіваў путы й ніхто ня мог яго ўгамаваць.

  5. Дзень і ноч прабываў ён у грабох і горах, крычучы й бючы сябе каменнямі.

  6. Угледзеўшы-ж Езуса здалёк, прыбег, пакланіўся яму,

  7. і крычучы на ўвесь голас, казаў: Што табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Заклінаю цябе Богам, ня муч мяне!

  8. Ён бо казаў: Выйдзі, дух нячысты, з чалавека.

  9. Ды пытаўся яго: Як тваё ймя? Й адказаў яму: Маё імя Легіён, бо нас многа.

  10. І вельмі прасіў, каб ня высяляў іх з тае ваколіцы.

  11. А было там ля гары вялікае стада сьвіней на пасьвішчы.

  12. І прасілі яго нячысьцікі, кажучы: Пусьці, нас, каб мы ўвайшлі ў сьвінне.

  13. Езус зараз-жа дазволіў ім. І выйшаўшы нячыстыя, ўвайшлі ў сьвінне, і табун да дзвёх тысяч шыбануў з вялікім разгонам з крутога берагу ў мора ды захлынуўся ў моры.

  14. А тыя, што пасьвілі іх, уцяклі й далі знаць у горад ды па палёх. І павыходзілі паглядзець што сталася;

  15. ды прыйходзяць да Езуса й бачаць таго, што быў апанаваны дэманам, адзетага й пры сваім розуме, — дык спалохаліся.

  16. А бачыўшыя расказалі ім, як сталася з абянтэжаным дэманамі ды аб сьвіннях.

  17. І давай прасіць яго адыйсьці ад іхніх рубяжоў.

  18. Калі-ж уваходзіў у лодку, пачаў яго пра­сіць той, што быў апанаваны дэманамі, каб з ім быць.

  19. І не дапусьціў яго, але загадаў яму: Ідзі дамоў да сваіх ды паведам іх, якія вялікія рэчы ўчыніў табе Госпад і як зжаліўся над табою.

  20. І пайшоў ды пачаў разглашаць у Дэкаполі, што зрабіў яму Езус; і ўсе дзівіліся.

  21. А калі Езус пераправіўся на лодцы зноў на другі бераг, зыйшлася к яму вялікая грамада; і быў ён ля мора.

  22. І вось прыйходзіць адзін із старшых над бажніцаю, на ймя Яір, і ўгледзеўшы яго, падае да ног яму,

  23. ды вельмі просіць, гаворачы: Дачка мая канае, прыйдзі, ўзлажы руку на яе, каб аздаравела й жыла.

  24. І пайшоў з ім. А сьледам за ім пайшоў вялікі натаўп, ціснучыся да яго.

  25. Жанчына-ж, праз дванаццаць год на крываток хварэўшая,

  26. ад дахтароў шмат выцерпеўшая, выдаючы на іх усё сваё дабро, і замесь польгі, шчэ ёй пагоршвалася, —

  27. прачуўшы пра Езуса, даціснулася праз натоўп ззаду й дакранулася да ягонай адзежыны;

  28. казала бо: як толькі да ягонага акрыцьця дакрануся, буду здарова.

  29. І якжа высах у яе выток і пачулася на целе аздаравелай ад хваробы.

  30. Езус у той момант, пазнаўшы ўсабешне выйшаўшую із сябе магату, абярнуўся да народу й кажа: Хто дакрануўся да мае адзежыны?

  31. Й казалі яму яго вучні: Бачыш як тоўпіцца да цябе грамада й кажаш: «Хто да мяне дакрануўся»?

  32. Ды зірнуў навокал, каб згледзець тую, што гэта зрабіла.

  33. Жанчына-ж, баючыся й дрыжачы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла, упала перад ім і ска­зала яму ўсю праўду.

  34. Ён-жа сказаў ёй: Дачка, вера твая аздаравіла цябе, ідзі ў супакоі ды будзь здарова ад твае немачы.

  35. Калі шчэ ён гаварыў, прыйшлі ад старшага над бажніцай, кажучы: памярла дочанька твая, нашто шчэ турбуеш Вучыцеля?

  36. Езус-жа дачуўшы сказанае слова, гавора архібажнічніку: Ня бойся, толькі вер.

  37. І не дапусьціў нікога йсьці з сабою, апроч Пятра, Якуба й Яна, брата Якубавага.

  38. І прышлі ў дом старшыны бажніцы й бачыць трывогу, плачучых ды моцна галосячых.

  39. І ўвайшоўшы кажа ім: Чаго плачаце й трывожыцеся? Ня ўмярла дзяўчына, але спіць.

  40. І насьмяхаліся з яго. А ён, выправіўшы ўсіх, узяў бацьку й матку дзяўчаці ды тых, што былі з ім, увайходзіць, дзе ляжала дзяўчына.

  41. І, ўзяўшы дзяўчо за руку, гавора ёй: Таліта кумі, што знача: Дзяўчынка, табе кажу – ўстань.

  42. І ў той момант паднялося дзяўчатко й хадзіла; бо было ёй дванаццаць год. І астаўпянелі ўсе ад вялікага дзіва.

  43. І моцна прыказаў ім, каб ніхто ня ведаў аб гэтым; а ёй сказаў даць есьці.


Раздзел 6.
  1. І адыйшоўшы адтуль, падаўся ў сваю радзіму, а за ім ішлі ягоныя вучні.

  2. І калі настаў шабат, пачаў навучаць у бажніцы, многія-ж, слухаючы, дзівіліся з ягонай навукі, кажучы: Адкуль у яго ўсё гэта? Ды што гэта за мудрасьць, катора яму дадзена, й гэткія цуды дзеюцца ягонымі рукамі?

  3. Або-ж ён не цесляр, сын Марыі, брат Якуба, й Язэпа, й Юды, й Сымона? Ці-ж ня тут між намі й сёстры ягоныя? І горшыліся з яго.

  4. Езус-жа казаў ім: Прарок ня бывае без пашаны, апрача ў сваёй бацькаўшчыне, ці ў доме сваім, ці ў радні сваёй.

  5. І ня мог тамака здзеець аніводнага цуду, толькі аздаравіў хворых некулькіх, узлажыўшы рукі.

  6. І дзівіўся з іхняга недаверства, ды хадзіў па сёлах навакольных, навучаючы.

  7. І паклікаў дванаццацёх ды пачаў іх рассылаць па двух і даў ім уладу над нячыстымі ду­хамі.

  8. Ды загадаў ім, каб нічога ня бралі ў дарогу, апрача кія толькі: ані торбы, ані хлеба, ані грошай у капшуку,

  9. а каб абуўшыся былі ў сандалы, ды каб не адзяваліся ў дзве вопраткі.

  10. І казаў ім: Калі дзе ўвойдзеце ў дом, аставайцеся там, дакуль ня выйдзеце стуль.

  11. А хто-б вас ня прыняў, ды ня слухаў-бы вас, абтрасеце, выйходзячы адтуль, пыл з ног вашых на пасветчанне ім.

  12. І выйшаўшы апавяшчалі, каб каяліся;

  13. і шмат дэманаў выганялі, а многіх немачных намашчвалі алеем і адужвалі.

  14. І пачуў кароль Гэрад — імя бо яго сталася ведамым — і казаў: Што Ян Хрысьціцель згробуўстаў і дзеля гэтага дзеюцца праз яго цуды.

  15. Другія-ж гаварылі: Гэта Гальяш. А іншыя казалі: Гэта прарок, ці адзін з прарокаў.

  16. Гэрад, дачуўшыся аб гэтым, сказаў: Гэта Ян, якому я сьцяў голаў, ён устаў з умерлых.

  17. Гэты бо Гэрад паслаў быў і ўзяў Яна ды звязаў яго ў вастрозе дзеля Гэрэдыяды, жонкі свайго брата Філіпа, што быў ажаніўся з ёю.

  18. Бо Ян казаў Гэраду: Ня можна табе мець жонкі твайго брата.

  19. Гэрэдыяда-ж рабіла подступы супроць яго й хацела яго забіць, але не магла,

  20. бо Гэрад баяўся Яна, знаючы яго, як чалавека справядлівага й сьвятога, і сьцярог яго, дый шмат рабіў слухаючы яго, а слухаў яго ахвотна.

  21. І, як надарыўся прынагодны дзень, Гэрад з прычыны сваіх нарадзін справіў банкет вяльможам, тысячнікам і важнейшым Галілейскім.

  22. І калі ўвайшла дачка гэнай Гэрэдыяды і танцавала, і спадабалася Гэраду, ды тым, што разам сядзелі, кароль сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне чаго хочаш, а дам табе.

  23. І прысягнуў ёй: Чаго-б ты не зажадала, дам табе, хоць-бы й палавіну майго каралеўства.

  24. Яна-ж, выйшаўшы, пытае маці свае: Чаго мне прасіць? Тая кажа: Галаву Яна Хрысьціцеля.

  25. І зараз-жа ўвайшоўшы да караля борзда, прасіла, кажучы: Хачу, каб ты цяпер вось даў мне на тацы галаву Яна Хрысьціцеля.

  26. І зажурыўся кароль; адыж дзеля прысягі й дзеля банкетнікаў не хацеў яе засмучаць,

  27. і паслаўшы ката, загадаў прынесьці галаву яго на тацы.

  28. І сьцяў яго ў вастрозе й прынёс галаву Яго на тацы ды аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала сваёй матцы.

  29. Пачуўшы аб гэтым вучні ягоны, прыйшлі й за­бралі цела ягона ды палажылі яго ў гробе.

  30. І пасходзіліся апосталы да Езуса й расказалі яму ўсё, што рабілі й чаго навучалі.

  31. І сказаў ім: Пайдзеце самы на адзіноце ў бязлюднае месца ды супачыньце крыху. Так бо шмат прыходзіла й адыходзіла, што ня мелі часу й перакусіць.

  32. Увайшоўшы вось-жа ў лодку, адплылі на бязлюдздзе.

  33. Адыж бачылі іх адплываючых і шмат хто пазнаў іх, дык збегліся пехатою туды з усіх местаў, выпераджаючы іх.

  34. І выйшаўшы, пабачыў Езус грамаду вялізную, ды зжаліўся над імі, былі бо як авечкі, ня маючыя пастыра. І шмат чаго пачаў іх навучач.

  35. А калі была ўжо позная гадзіна, падышлі вучні ягоныя, кажучы: Бязлюдздзе гэтта дый па­ра ўжо позная,

  36. пусьці іх, хай пойдуць у ваколічныя сялібы й вёскі ды купяць сабе еміны з’есьці.

  37. Ён-жа ў адказ гавора ім: Вы ім дайце есці. Кажуць яму: Хіба пойдземо й купімо за дзвесьце дэнараў хлеба ды дамо ім есьці.

  38. А ён кажа ім: Колькі маеце хлябоў? Ідзеце паглядзеце. Яны, даведаўшыся, кажуць: Пяць, і дзве рыбы.

  39. І загадаў ім каб рассадзілі ўсіх на зялёнай траве грамадамі.

  40. І паселі радамі па сто й па пяцьдзесят.

  41. І ўзяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы ды ўзглянуўшы ў неба, багаславіў і ламаў хлябы ды даваў сваім вучням, каб клалі перад імі; і дзве рыбы падзяліў усім.

  42. І елі ўсе й наеліся.

  43. Ды назбіралі што асталося ад кускоў і ад рыбаў дванаццаць поўных кашоў.

  44. А тых, што елі, было пяць тысяць мужчын.

  45. І зараз прымусіў вучняў сваіх увайсьці ў лодку, каб паплыць перад ім на той бераг да Бэт­саіды, пакуль ён сам распусьціць гарод.

  46. І адправіўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.

  47. А як ужо павячарэла, лодка была пасярэдзіне мора, ён-жа сам адзін на сушы.

  48. І відзячы іх, як мучыліся пры вёслах (быў бо супраціўны вецер), каля чацьвёртае начное варты прыйшоў да іх, ідучы па моры — і хацеў іх мінуць.

  49. Яны-ж, убачыўшы яго ступаючага па моры, думалі, гэта здань і закрычалі.

  50. Усе бо бачылі яго і стрывожыліся. Дык зараз-жа прагаварыў да іх і сказаў ім: Схамянецеся, гэта я, ня бойцеся.

  51. Ды ўвайшоў к ім у лодку і вецер аціх. І шчэ болей дзівіліся ўсабешне,

  52. бо не зразумелі аб хлябох, затым, што сэрца іх было закамянелае.

  53. І, пераплыўшы, прыбылі ў зямлю Гэназарэцкую ды прысталі да берагу.

  54. Калі-ж выйшлі з лодкі, якбач пазналі яго;

  55. і абягаючы ўсю тую краіну, пачалі зносіць на ношах тых, што дрэнна меліся, дзе чулі, ён ёсьць.

  56. І куды-б ён не ўвайходзіў, у сёлы, ці ў мястэцкі, ці ў гарады, клалі хворых на вуліцах і малілі яго, каб дакрануцца хоць краю адзеньня ягонага. І хто толькі дакрануўся, аздараўляўся.


Раздзел 7.
  1. І зыйшліся к яму фарызэі ды некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Ерузаліму.

  2. І калі ўгледзелі, што некаторыя з ягоных вучняў ядуць хлеб абыднымі, гэта знача нямытымі, рукамі, зганілі.

  3. Фарызэі бо ды ўсе жыды, пакуль чыста не памыюць рук, не ядуць, прыдзержваючыся ўстановы старшых.

  4. І што з рынку, калі не пакропяцца, не ядуць; ды шмат чаго іншага, што ім перададзена трымацца: абмыванне кубкаў і збанкоў, і медзяное пасуды, і ўслонаў.

  5. І пыталіся ў яго кніжнікі й фарызэі: Чаму вучні твае не паступаюць паводле ўстановы стар­шых, але нямытымі рукамі хлеб ядуць?

  6. Ён-жа ў адказ гавора ім: Добра прарочыў аб вас, крывадушніках, Ізай (29,13) як напісана: «Народ гэты паважае мяне вуснамі, адыж сэрца іх ад мяне далёка;

  7. дарма-ж яны славяць мяне, вучачы навук і прыказанняў людзкіх».

  8. Заняхаўшы бо прыказанне Божае, трымаецеся ўстановы людзкое, абмывання збанкоў і кубкаў, ды робіце шмат чаго іншага, гэтаму падобнага.

  9. І казаў ім: Добра вы касуеце прыказанне Божае, абы толькі датрымаць установу сваю!

  10. Адыж Майзей сказаў: «Паважай бацьку твайго й матку тваю» і «Хто-б зняважыў бацьку або матку, сьмерцю хай умрэ» (Выйсь. 20, 12; 21, 16).

  11. А вы кажаце: Калі-б чалавек сказаў бацьку ці матцы: «Корбан» (гэта знача Ахвяра) ёсьць тое, што табе, ад мяне належыцца» —

  12. і таму дапускаеце нічога ўжо больш не рабіць для бацькі свайго ці маці,

  13. касуючы слова Божае сваёю ўстановаю, што вы ўвялі; і шмат гэтаму падобнага вы робіце.

  14. Ды паклікаўшы зноў грамаду, казаў ім: Паслухайце мяне ўсе й зразумейце.

  15. Няма звонку чалавека нічога, што-б уваходзячы ў яго, магло яго апаганіць, але што з чалавека выйходзіць, гэна ёсьць, што чалавека апаганьвае.

  16. Калі хто мае вушы слухаць, хай слухае.

  17. І як увайшоў ад грамады ў дом, пыталіся ў яго вучні ягоны аб прыповесьці.

  18. І сказаў ім: Няўжо й вы гэткія няцямкія? Ці-ж не разумееце, што ўсё ўваходзячае звонку, ня можа яго зрабіць нячыстым?

  19. Ня ў сэрца бо ягонае ўваходзіць, а ў жывот ды ў адыход, ачышчаючы ўсякую еміну.

  20. Дый сказаў: тое, што выйходзіць з чалавека, гэна яго апаганьвае.

  21. З нутра бо, з людзкога сэрца выйходзяць благія думкі, чужалоствы, распуста, забойствы,

  22. зладзействы, прагавітасьць, злоба, здрада, бясстыдзтва, ліхое вока, блюзнерства, надутасьць дурнота.

  23. Усё гэта з нутра выйходзіць і робіць чалавека нячыстым.

  24. І, ўстаўшы, падаўся ў граніцы Тыру й Сы­дону. А ўвайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не даведаўся, адыж ня мог утаіцца.

  25. Зараз бо жанчына, якое дачка мела нячыстага духа, як толькі пачула аб ім, прыйшла і ўпала да ног ягоных,

  26. а была яна паганка, родам Сырафэніцыянка, й прасіла яго, каб выгнаў нячыстага з ейнае дачкі.

  27. Ён-жа сказаў ёй: Дай перш насыціцца дзецям, не гадзіцца бо аднімаць хлеб ад дзяцей ды кідаць шчанятам.

  28. А яна ў адказ гавора яму: Так, Усеспадару, але-ж і шчанята ядуць пад сталом ад дзяцей крошкі.

  29. І сказаў ёй: За гэтае слова ідзі, выйшаў злы дух з дачкі твае.

  30. І калі прыйшла дадому, знайшла дзяўчыну на посьцелі, а нячысты выйшаў.

  31. І аддаліўшыся йзноў з граніц Тыру, прыйшоў праз Сыдон да Галілейскага мора сярод граніц Дэкаполю.

  32. І прывялі к яму глухога й нямога ды прасілі, каб узлажыў на яго руку.

  33. І ўзяўшы яго на бок ад народу, ўлажыў пальцы свае ў ягоныя вушы і, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага,

  34. ды ўзглянуўшы ў неба, уздыхнуў і сказаў яму: Эффэта, гэта знача: адчыніся.

  35. І зараз-жа адчыніліся вушы ягоны, і развязалася завязка языка ягонага й загаварыў яксьлед.

  36. І загадаў ім, каб нікому не казалі. Але чым болей ён ім прыказваў, тым болей расслаўлялі

  37. ды тым болей дзівіліся, кажучы: Добра ўсё зрабіў: і глухім вярнуў слух, і нямым мову.


Раздзел 8.
  1. У тыя дні, як шмат назбіралася народу, ды ня мелі чаго есьці, паклікаўшы сваіх вучняў, сказаў ім:

  2. Шкада мне грамады, што ўжо вось тры дні пры мне трывае, ня маючы чаго есьці;

  3. і калі пушчу іх галодных дамоў, паслабеюць у дарозе, некаторыя бо здалёку папрыходзілі.

  4. Й адказалі яму ягоныя вучні: Скуль мог-бы хто накарміць іх тут хлебам у пустыні?

  5. І спытаў іх: Колькі хлябоў маеце? Яны-ж адказваюць: Сем.

  6. І загадаў грамадзе пасесьці на зямлі. І, ўзяўшы сем хлябоў, ды ўчыніўшы падзяку, ламаў і даваў вучням сваім, каб раздавалі, і тыя грамадзе раздавалі.

  7. І мелі некулькі рыбак, ды іх пабагаславіўшы, загадаў раздаць.

  8. І елі і наеліся, і назбіралі астаўшыхся кавалкаў сем кашоў.

  9. А тых, што елі, было каля чатырох тысяч. І адпусьціў іх.

  10. І адразу ўвайшоўшы ў лодку із сваімі вучнямі, лучыў у межы Дальмануцкія.

  11. І выйшлі фррызэі ды пачалі з ім спрачацца, дамагаючыся ад яго знаку з неба, спакушаючы яго.

  12. І ўздыхнуўшы ў душы, сказаў: Нашто гэты род дапамінаецца знаку? Сапраўды кажу вам, ня будзе дадзены знак роду гэтаму.

  13. І адправіўшы іх, зноў увайшоў у лодку ды паплыў на другі бераг.

  14. А забыліся ўзяць хлеба й ня мелі з сабою ў лодцы, апрача аднаго баханца.

  15. І загадваў ім, кажучы: Глядзеце, сьцеражэцеся закісьлі фарызэйскае, й закісьлі Гэрадавай.

  16. І разважалі міжсобку, гутарачы: Што хлеба ня маем.

  17. Пазнаўшы гэта, Езус ім кажа: Чаго бядуеце, што хлеба ня маеце? Няўжэ яшчэ не разумееце? Няўжэ яшчэ маеце закамянелае сэрца?

  18. Маючы вочы ня бачыце, й маючы вушы, ня чуеце? Ды ня помніце,

  19. як пяць хлябоў паламаў я на пяць тысяч, колькі вы поўных кашоў набралі кавалкаў? Гавораць яму: Дванаццаць.

  20. І як сем хлябоў на чатыры тысячы, колькі кошыкаў кускоў вы набралі? Кажуць яму: Сем.

  21. І сказаў ім: Якжа-ж яшчэ не разумееце?

  22. І прыйшлі ў Бэтсаіду. І прывялі к яму сьляпога ды прасілі яго, каб дакрануўся да яго.

  23. І ўзяўшы за руку сьляпога, вывеў яго за вёску ды, плюнуўшы на вочы ягоныя і ўзлажыўшы свае рукі, пытаўся ў яго, ці што бачыць.

  24. А ён гледзячы кажа: Бачу людзей, моў дрэвы хадзячых.

  25. Потым ізноў узлажыў рукі на ягоныя вочы і ён пачаў відзець. І аздаравеў так, што бачылі ўсё ясна.

  26. І адаслаў яго дадому, кажучы: Ідзі ў дом твой, і калі ўвойдзеш у сяло, нікому не расказвай.

  27. І выйшаў Езус і вучні ягоныя ў сялібы Цэзарэі Філіпавай. А ў дарозе пытаўся ў сваіх вучняў, кажучы ім: За каго мяне маюць людзі?

  28. Яны ў адказ яму гаварылі: За Яна Хрысціцеля, другія за Гальяша, а іншыя як за аднаго з прарокаў.

  29. Тады сказаў ім: А вы-ж за каго мяне маеце? У вадказ яму Пётр сказаў: Ты ёсьць Хрыстус.

  30. І прыгразіў ім, каб нікому не казалі аб ім.

  31. Ды пачаў іх навучаць, што трэба, каб Сын чалавечы шмат цярпеў і быў адкінуты старшымі й архісвятарамі й кніжнікамі ды быў забіты й пасьля трох дзён згробуўстаў.

  32. І гаварыў гэтыя словы адкрыта. А Пётр, узяўшы яго, пачаў яму дакараць.

  33. Ён-жа, абярнуўшыся й паглядзеўшы на вучняў сваіх, зганіў Пятра, кажучы: Адыйдзі ад мяне, шатан ты, бо думаеш не аб тым, што Божае, але што людзкое.

  34. І паклікаўшы грамаду разам із сваімі вучнямі, сказаў ім: Калі хто хоча йсьці за мною, хай адрачэцца самога сябе, й хай возме крыж свой ды йдзе за мною.

  35. Хто бо маніцца ўсьцерагчы жыцьцё сваё, загубіць яго, а хто-б загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне й эванэліі, ўхавае яго.

  36. Бо якая карысьць чалавеку, хоць-бы ён увесь сьвет здабыў, а душы сваёй пашкодзіў?

  37. Або што дасьць чалавек узамен за душу сваю?

  38. Бо хто пастыдаўся б мяне і слоў маіх паміж гэтым распусным і грэшным народам, пастыдаецца яго й Сын чалавечы, як прыйдзе ў хвале Айца свайго з анеламі сьвятымі.


Раздзел 9.
  1. І казаў ім: Сапраўды гавару вам, што ёсьць некаторыя з тых, тут стаячых, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць валадарства Божага, прыходзячага ў моцы.

  2. І пасьля шасьці дзён узяў Езус Пятра, і Яку­ба, і Яна ды завёў іх адных на высокую гору асобна. І перамяніўся перад імі.

  3. І зрабілася адзенне ягона яснае ды вельмі белае, бы сьнег, гэтак і бялільшчык на зямлі ня мог-бы выбяліць.

  4. І з’явіўся ім Гальяш з Майзеем ды вялі гутарку з Езусам.

  5. І азваўшыся Пётр сказаў Езусу: Раббі, до­бра нам тут быць! Зрабем тры гасподы: табе адну, і Майзею адну, і Гальяшу адну.

  6. Ён бо ня ведаў, што казаць, таму што ўзяў іх страх.

  7. І паўстаў воблак, які атуліў іх ды выйшаў голас з воблака: Гэта Сын мой, наймілейшы, яго слухайце.

  8. І зараз, кругом разгледзеўшыся, нікога бо­лей ня ўбачылі, апрача толькі Езуса з сабою.

  9. А калі зыйходзілі з гары, загадаў ім, каб нікому не расказвалі, што відзелі, аж пакуль Сын чалавечы не згробуўстане з умерлых.

  10. І затрымалі пры сабе слова, пытаючыся міжсобку, што знача: «Калі ўстане з умерлых»?

  11. Ды ў яго пыталіся, кажучы: Дык чаму-ж кніжнікі й фарызэі кажуць, што перш павінен прыйсьці Гальяш?

  12. Ён-жа ў вадказ ім гавора: Гальяш, прыйшоўшы перш, усё нарыхтуе, як і напісана аб Сыне чалавечым, каб перацерпяў многа ды быў узгарджаны?

  13. Адыж кажу вам, што прыйшоў і Гальяш, і зрабілі яму што хацелі, так як напісана аб ім.

  14. І прыйшоўшы да вучняў сваіх, убачыў вялізную грамаду ля іх і кніжнікаў, спорачых з імі.

  15. І адразу ўвесь народ, угледзеўшы Езуса, зумеўся й палахліва падбягаў ды вітаў яго.

  16. І спытаўся іх: Аб чым вы спрачаецеся?

  17. І ў адказ адзін з грамады сказаў: Вучыцель, я прывёў к табе майго сына, што мае духа нямога,

  18. які дзе-б не схапіў яго, б’е аб землю й пеніцца й скрыгоча зубамі ды сохне. Я казаў тваім вучням, каб выгналі яго, ды не маглі.

  19. Ён-жа, адказваючы, гавора ім: О родзе няверлівы, дакуль-жа я буду з вамі! Дакуль цярпеціму вас! Прывядзеце яго мне.

  20. І прывялі яго. А калі ўбачыў яго, зараз-жа дух пачаў ім турзаць і ўпаўшы на землю, качаўся, пенячыся.

  21. І спытаўся ў ягонага бацькі: Колькі часу, як гэта з ім здарылася? Той адказаў: Змалку,

  22. І часта кідаў яго ў вагонь ды воду, каб яго загубіць; але калі што можаш, памажы нам, зжаліўшыся над намі.

  23. Езус-жа сказаў яму: Калі можаш верыць, дык для веручага ўсё магчыма.

  24. І адразу загаласіўшы бацька хлопца сказаў із сьлязмі: Веру, памажы, Усеспадару, няверы маёй!

  25. Пабачыўшы-ж Езус, што збягаецца народ, прыгразіў нячыстаму, кажучы яму: Глухі й нямы духу, загадваю табе, выйдзі з яго ды больш не ўваходзь у яго!

  26. І закрычаўшы ды моцна турзануўшы, вышаў з яго і той стаўся як няжывы, так што многія гаварылі: Памёр.

  27. Езус-жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.

  28. А калі ўвайшоў у дом, вучні ягоны пыталіся яго насамоце: Чаму мы не маглі выгнаць яго?

  29. І сказаў ім: Гэты род інакш ня можа выйсьці, як толькі праз пост і маліту.

  30. А выйшаўшы адтуль, прайходзілі праз Галілею, і ён не хацеў, каб хто ведаў.

  31. Бо навучаў вучняў сваіх і казаў ім: Што Сын чалавечы будзе выданы ў рукі людзей, і заб’юць яго, а забіты на трэці дзень згробуўстане.

  32. Але яны не разумелі слова й баяліся ў яго пытацца.

  33. І прыйшлі ў Кафарнаум. А як былі ў доме, спытаўся іх: Аб чым вы ў дарозе гутарылі?

  34. Яны-ж маўчалі, ў дарозе бо яны паміж са­бою спрачаліся, хто з іх большы.

  35. І сеўшы, паклікаў дванаццацёх ды сказаў ім: Калі хто хоча быць першым, будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх.

  36. Ды ўзяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх і абняўшы яго, сказаў ім:

  37. Хто прыйме адно з гэтых дзетак у імя маё, мяне прыймае, а хто мяне прыймае, не мяне прыняў, але таго, хто паслаў мяне.

  38. Адказаў яму Ян, гаворачы: Вучыцель, мы бачылі нейкага, што ў імя тваё выганяў дзяблаў, ён ня ходзіць за намі й мы яму забаранілі.

  39. Езус-жа сказаў: Не забараняйце яму; няма бо нікога, хто-б дзееў у імя маё цуды і мог-бы зараз дрэнна аба мне гаварыць.

  40. Бо хто ня проціў вас, той за вас.

  41. І калі-б хто даў напіцца вам кубак вады ў імя маё затое, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць свае нагароды.

  42. А хто-б згоршыў аднаго з гэтых малых, што вераць у мяне, лепш яму было-б каб прывязалі млінавы камень за шыю й кінулі ў мора.

  43. І калі рука твая цябе горшыць, адсячы яе; лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё калекім, чым маючы дзве рукі йсьці ў пекла, у вагонь няўгасны,

  44. дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь не ўгасае.

  45. І калі нага твая цябе горшыць, адсячы яе; лепш табе кульгаваму ўвайсьці ў жыцьцё вечнае, чым маючы дзве нагі быць укінутым у пекла вагню няўгаснага,

  46. дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь ня гасьне.

  47. Калі-ж вока тваё горшыць цябе, вырві яго; лепш табе аднавокаму ўвайсьці ў валадарства Божае, чымся маючы абедзве вокі быць укінутым у вагністую гэгэнну,

  48. дзе чарвяк іх ня ўмірае ды агонь ня гасьне.

  49. Бо кожны будзе агнём пасолены, кожная ахвяра сольлю будзе пасолена.

  50. Добрая рэч соль; адыж калі соль будзе несалёная, чым яе прыправіце? Мейце ў сабе соль ды супакой мейце між сабою.


Раздзел 10.
  1. І, выбраўшыся адтуль, прыйходзіць у межы Ю­дэі за Ярданам; ды зноў зыйшліся да яго грамады, і ён сваім звычаем навучаў іх.

  2. І фарызэі прыступіўшы пыталіся яго, спакушаючы: Ці можна мужу кінуць жонку?

  3. Ён-жа ў адказ гавора: Што вам загадаў Майзей?

  4. Яны кажуць: Майзей дазволіў напісаць разводны ліст ды пакінуць.

  5. Езус на гэта адказвае: Дзеля закамянеласьці сэрца вашага напісаў ён вам гэты дазвол;

  6. адыж на пачатку тварэння Бог стварыў іх мужчынай і жанчынай (Быць. 1, 21).

  7. “Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку свайго і матку ды прыгорнецца да жонкі свае;

  8. і будуць двое ў адным целе; і так ужэ ня два, але адно цела” (Быць. 2, 24).

  9. Дык што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.

  10. А дома зноў спыталіся ў яго вучні ягоны аб гэтым-жа.

  11. І сказаў ім: Хто-б кінуў жонку сваю і ўзяў другую, дапускаецца чужалоства адносна яе.

  12. І калі-б жонка пакінула свайго мужа ды выйшла за другога, чужаложыць.

  13. І прыносілі да яго дзяцей, каб дакрануўся да іх, а вучні сварыліся на тых, што прыносілі.

  14. Убачыўшы гэта Езус, сярдаваў і сказаў ім: Дайце дзеткам прыйсьці ка мне, не забараняйце ім, гэткіх бо ёсьць валадарства Божае.

  15. Сапраўды кажу вам: Хтоб ня прыняў Божага валадарства, як дзіця, ня ўвойдзе ў яго.

  16. І абыймаючы іх ды ўскладаючы на іх рукі, багаславіў іх.

  17. А калі выйшаў у дарогу, нехта прыбегшы ды ўпаўшы перад ім на калені, пытаўся ў яго, Вучыцелю добры, што мне рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?

  18. Езус-жа сказаў яму: Што ты завеш мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.

  19. Ведаеш прыказанні: Ня чужалож, не забівай, не крадзі, ня сьветч фальшыва, ня крыўдзь, паважай бацьку твайго і матку (Выйсь. 20, 12-17).

  20. А той у адказ гавора яму: Вучыцелю, гэтага ўсяго пільнаваўся я змалку.

  21. Езус-жа, паглядзеўшы на яго, ўпадабаў яго й сказаў яму: Аднаго табе не стае: ідзі, распрадай усё, што маеш ды раздай убогім, а мецімеш скарб у небе, і прыхгодзь, ідзі за мною.

  22. Той-жа захныпіўся на гэтае слова й адышоў засмучаны, бо меў вялікія маемасьці.

  23. І глянуўшы навокал, Езус кажа сваім вучням: Як цяжка будзе тым, што маюць грошы, увайсьці ў валадарства Божае!

  24. Вучні вельмі здзівіліся з гэтых слоў. Але Езус ізноў у адказ гавора ім: Як цяжка тым, дзеткі, што маюць надзею ў грашах, увайсьці ў валадарства Божае.

  25. Лягчэй вярблюду прайсьці праз голчына вуха, чым багатаму ўвайсьці ў Божае валадарства.

  26. Яны шчэ болей дзівіліся. гаворачы між сабою: Дык хто-ж тады можа збавіцца?

  27. А Езус, паўзіраўшыся на іх, кажа: Немагчыма ў людзей, але ня ў Бога, бо ў Бога ўсё магчыма.

  28. І пачаў Пётр гаварыць яму: Вось мы пакінулі ўсё й пашлі за табою.

  29. Езус адказвае на гэта: Сапраўды кажу вам: няма такога, хто-б пакінуў дом, або сё­стры, або бацьку, або матку, ці дзеці, або поле дзеля мяне і дзеля эванэліі,

  30. які-б не атрымаў устораз гэтулькі цяпер у гэтым часе, дамоў, і братоў, і сёстраў. і матак, і дзяцей, і палёў з прасьледамі, а ў будучым веку жыцьцё вечнае.

  31. А многа першых будуць апошнімі, й апошніх – першымі.

  32. І былі яны ў дарозе, ідучы ў Ерузалім. Езус ішоў перад імі, а яны зумяваліся ды, йдучы за ім, жахаліся. І, ўзяўшы зноў дванаццацёх, пачаў ім гаварыць, што з ім станецца.

  33. Што вось увайходзім у Ерузалім і Сын чалавечы будзе выданы першасьвятаром. і асудзяць яго на сьмерць, ды выдадуць яго паганам;

  34. і будуць здзекавацца над ім, і плявацімуць на яго, й бічавацімуць, ды заб’юць яго, а на трэці дзень згробуўстане.

  35. Тады падыйходзяць к яму Якуб і Ян, сыны Зэбэдэевы, кажучы: Вучыцелю, мы хочам, каб ты зрабіў нам, чаго папросім.

  36. Ён-жа гавора ім: А што-ж вы хочаце, каб я вам зрабіў?

  37. Кажуць: Дай нам, каб сядзець ля цябе аднаму праваруч, а другому леваруч, у славе тваёй.

  38. Езус-жа адказвае ім: Ня ведаеце, чаго просіце. Ці вы зможаце піць кіліх, што я п’ю, або быць хрышчанымі хростам, якім я хрышчуся?

  39. Яны гавораць яму: Можам. Езус-жа кажа ім: Кіліх, які п’ю, то вы піць будзеце, і хрос­там, якім я хрышчуся, будзеце хрышчаны;

  40. адыж сядзець праваруч, або леваруч, ня мне даваць вам, але каму прыгатавана.

  41. А пачуўшы дзесяцёх, пачалі сярдаваць на Якуба і Яна.

  42. Езус-жа, паклікаўшы іх, сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, якія ўважаюцца валадарамі народаў, пануюць над імі, а іхнія князі маюць над імі ўладу.

  43. А між вамі ня гэтак; але хто-б хацеў быць вялікшым, будзе вашым слугою;

  44. і хто-б хацеў быць між вамі першым, будзе ўсім слугою.

  45. Бо і Сын чалавечы ня прыйшоў, каб яму служылі, але каб служыць і даць душу сваю на выкуп за многіх.

  46. І прыйшлі ў Ерыхон. А калі ён выйходзіў з Ерыхону і ягоныя вучні ды вялікая грамада, сядзеў пры дарозе жабруючы сьляпы Бартымей, сын Тымея.

  47. Ён, пачуўшы, што ёсьць Езус Назарэнскі, пачаў крычма казаць: Езусе, сыне Давіда, зжаль­ся нада мною!

  48. І многія сварыліся на яго, каб маўчаў. Але ён яшчэ болей крычаў: Сыне Давідавы, зжалься нада мною!

  49. І Езус, прыпыніўшыся, загадаў паклікаць яго. Пазвалі сьляпога, кажучы яму: Ня бойся, ўставай, кліча цябе.

  50. Ён схапіўся, пакінуўшы сваю вопратку, прыйшоў к яму.

  51. І ў адказ яму сказаў Езус: Што хочаш, каб я зрабіў табе? А сьляпы гавора яму: Вучыцель, каб мне відзець.

  52. Кажа яму Езус: вера твая цябе аздаравіла. І зараз жа відзеў ды пайшоў за ім дарогаю.


Раздзел 11.
  1. І калі прыбліжаліся да Ерузаліму й Бэтаніі, каля Аліўнай гары, паслаў двух із сваіх вучняў

  2. і сказаў ім: Ідзеце ў сялібу, што перад вамі, і ўваходзячы ў яе, зараз знойдзеце прывязанае асьлянё, на якім ніхто з людзей яшчэ не сядзеў; адвяжэце яго й прывядзеце.

  3. А калі-б хто сказаў: Што робіце? — скажэце, яно патрэбнае ўсегаспадару, і зараз пусьціць яго сюды.

  4. І пайшоўшы знайшлі асьля, прывязанае ля варот на скрыжаванні вуліц, і адвязалі яго.

  5. А некаторыя із стаячых тамака гавораць ім: Што вы робіце, адвязваючы асьлянё?

  6. Яны адказалі, як ім загадаў быў Езус, і пусьцілі ім.

  7. І прывялі асьлянё да Езуса, і ўзлажылі на яго сваё адзенне, і сеў на яго.

  8. Многія-ж слалі свае вопраткі на дарозе, а іншыя зрэзвалі галінкі з дрэваў ды ўсьцілалі ім дарогу.

  9. А тыя, што йшлі перад ім ды за ім, выкрыквалі, кажучы: Госанна!

  10. Багаслаўлёны, каторы йдзе ў імя Госпадава! Багаслаўлёнае надыходзячае валадарства айца нашага Давіда! Госанна ў вышынях!

  11. І ўвайшоўшы ў Ерузалім у сьвятыню ды агледзеўшы ўсё, як ужо добра звечарэла, выйшаў з дванаццацьма ў Бэтанію.

  12. А назаўтра, калі выйшлі з Бэтаніі, пачуўся згаладнелым.

  13. І ўгледзеўшы здалёк смаковіцу, маючую лісьце, падыйшоў, мо часам што знойдзе на ёй. А прыйшоўшы к ёй, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо не пара была на смоквы.

  14. І адазваўшыся сказаў ёй: Хай ужо болей ніхто з цябе ня есьць плоду навекі! Гэта чулі вучні ягоны.

  15. І прыйшлі ў Ерузалім. А калі ўвайшоў у сьвя­тыню, пачаў выганяць прадаўцоў і купляючых у набожні, й паабарочваў сталы грашаменаў ды столькі тых, што прадавалі галубы;

  16. і не дазволіў, каб хто праз набожню насіў якое знадоб’е.

  17. Ды навучаў, кажучы ім: Ці-ж не напісана, што «дом мой домам малітвы называцімецца для ўсіх народаў». А вы зрабілі яго прыпынішчам разбойнікаў (Із. 56. 7; Ер. 7. 11).

  18. Пачуўшы гэта першасьвятары й кніжнікі, шукалі як-бы загубіць яго, бо баяліся яго таму, што ўвесь народ захапляўся навукай ягонай.

  19. І як звечарэла, выйходзіў з гораду.

  20. А раніцаю мімайдучы, ўбачылі смакавіцу ссохшую да карэньня.

  21. І ўспомніўшы Пётр кажа яму: Раббі, глянь, смаковіца, якую ты пракляў, ссохла.

  22. А Езус у адказ гавора яму: Майце веру Божую.

  23. Папраўдзе кажу вам, хто-б загадаў гэтай гарэ: “Узніміся й кінься ў мора” ды ня сумняваўся-б у сваім сэрцы, але верыў-бы, што споўніцца сказанае, — будзе яму, што-б не сказаў.

  24. Дзеля гэтага й кажу вам: усё, чаго толькі просіце молячыся, верце, што атрымаеце, і збудзецца вам.

  25. І як станеце на малітву, адпусьцеце, калі што маеце проціў каго, каб і Айцец ваш, каторы ёсьць у небе, адпусьціў вам грахі вашы.

  26. Калі-ж вы не даруеце, дык Айцец ваш, каторы ёсьць у небе, не даруе вам грахоў вашых.

  27. І прыйходзяць зноў у Ерузалім. А калі хадзіў у сьвятыні, падыйходзілі к яму першасьвятары, кніжнікі, й старшыны,

  28. ды казалі яму: Якою ўладаю ты гэта ро­біш? І хто табе даў уладу гэта рабіць?

  29. Езус-жа ў адказ гаварыў ім: Спытаю ў вас і я адно слова, адкажэце мне, то і я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю.

  30. Хрост Янавы быў з неба, ці з людзей? Адкажэце мне.

  31. Яны-ж мяркавалі ў сабе, думаючы: Калі скажам «з неба»; то ён скажа: Дык чаму-ж вы яму не паверылі?

  32. Калі сказам «з людзей», дык баязно на­роду, бо ўсе лічылі Яна, што ён сапраўды быў прарок.

  33. І сказалі ў адказ Езусу: Ня ведаем. Тады й Езус у адказ гавора ім: І я вам не скажу, якою ўладаю я гэта раблю.


Раздзел 12.
  1. І пачаў гаварыць ім у прыповесцях: Чалавек засадзіў вінаграднік, абгарадзіў плотам і выкапаў вінатоку ды збудаваў вежу й, аддаўшы яго ў арэнду земляробам, выехаў.

  2. І паслаў у свой час слугу к земляробам, каб атрымаць пладоў з вінаградніка.

  3. Яны, схапіўшы яго, збілі й адаслалі бяз нічога.

  4. І зноў паслаў да іх другога слугу, і таму разбілі голаў ды зняважылі.

  5. І яшчэ да іх паслаў іншага слугу, а таго за­білі; ды шмат іншых — адных б’ючы, а другіх забіваючы.

  6. Меў яшчэ аднаго сына найдаражэйшага, і таго ўканцы паслаў да іх, кажучы: Ўшануюць сына майго.

  7. Адыж земляробы сказалі адзін другому: Гэта-ж наследнік, пойдзем заб’ём яго, і спадчына будзе наша.

  8. І схапіўшы яго, забілі й выкінулі з вінаградніку.

  9. Дык што зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе й выгубіць земляробаў, а вінаграднік аддасьць іншым.

  10. І ці вы ня чыталі гэтага пісання: «Той ка­мень, што адкінулі будаўнічыя, стаўся галавою вугла.

  11. Ад Усеспадара гэта сталася і ёсьць дзіўным у вачох нашых?» (Пс. 117, 22).

  12. І маніліся схапіць яго, ды баяліся грамады, зразумелі бо, што пра іх сказаў гэту прыповесьць. І пакінуўшы яго, адыйшлі.

  13. І пасылаюць к яму некаторых з фарызэеў і гэрэдыянаў, каб падхапіць яго на слове.

  14. Тыя прыйшоўшы сказалі яму: Вучыцелю, мы ведаем, што ты праўдамоўны й не зважаеш на нікога, бо ня ўзіраешся ў твар людзям, а папраўдзе на шлях Божы настаўляеш. Ці гожа даваць падатак цэзару, ці не даваць?

  15. Ён-жа, ведаючы іхнюю хітрасьць, сказаў ім: што вы мяне зводзіце? Прынясеце мне паглядзець дэнар.

  16. Яны прынясьлі яму. І кажа ім: Чый гэта воблік і напіс? Кажуць яму: Цэзараў.

  17. Езус-жа ў адказ ім гавора: Дык аддайце, што цэзарава, цэзару, а што Божае, Богу. Й дзівіліся з яго.

  18. І прыйшлі да яго садуцэі, якія кажуць, ня­ня згробуўстання. ды пыталіся ў яго. кажучы:

  19. Вучыцелю. Майзей напісаў нам, што калі-б у каго памёр брат і пакінуў жонку ды не аставіў дзяцей, то няхай брат ягоны возме ягону жонку й адродзіць патомства брату свайму.

  20. І вось было сем братоў, першы ўзяў жонку й памёр, не аставіўшы патомства.

  21. І ўзяў яе другі й памёр, дый гэты не аставіў патомства. І трэці гэтаксама.

  22. І гэтак бралі яе сямёх, а не аставілі патомства. Апошняй з усіх памярла й жанчына.

  23. Дык пры згробуўстанні, калі з мяртвых устануць, каторага з іх яна будзе сужэнкай? Бо сямёх мелі яе за жонку.

  24. І ў адказ Езус гавора ім: Ці ня дзеля таго вы мыляецеся, што ня ведаеце ні Пісанняў, ні моцы Божай?

  25. Бо калі згробуўстануць, ня будуць ані жаніцца, ані замуж выйходзіць, а будуць як анелы ў небе.

  26. А пра ўмерлых, што паўстануць, ці вы ня чыталі ў кнізе Майзеевай, як Бог ля куста гаварыў яму, кажучы: Я Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба? (Выйсь. 3, 6).

  27. Ня ёсьць Бог умерлых, але жывых. Дык вы дужа мыляецеся.

  28. І прыступіў адзін з кніжнікаў, каторы чуў як яны спрачаліся ды бачачы, што ім добра адказаў, спытаўся яго: каторае прыказанне з’яўляецца першаважным?

  29. Езус-жа адказаў яму: Што першае з усіх прыказанняў ёсьць: “Слухай Ізраэль! Госпад Бог твой ёсьць Бог адзіны”;

  30. і «любі Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю думкаю тваёю, і ўсёю сілаю тваёю» (Паўт. Пр. 6, 45). Гэта вось першаважнае прыказанне.

  31. А другое падобнае да яго: «Любі бліж­няга твайго, як сябе самога» (Лев. 19, 18). Іншага прыказання, большага за гэта, нямашака.

  32. І сказаў яму кніжнік: Добра, Вучыцель, ты праўду сказаў, што ёсьць адзін Бог, і няма іншага апрача яго;

  33. ды каб любіць яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю сілаю, і любіць бліжняга як сябе самога — гэта болей за ўсе жэртвы й ахвяры.

  34. Езус-жа, бачачы, што разумна адказаў, гавора яму: Недалёка ты ад валадарства Божага. І ніхто больш ня важыўся пытаць яго.

  35. А Езус, адзываючыся ў набожні навучаў, кажучы: Як гэта гавораць кніжнікі, што Хрыстус ёсьць сынам Давіда?

  36. Калі сам Давід кажа ў Духу сьвятым: «Сказаў Госпад майму Ўсеспадару: сядзь праваруч мяне, пакуль палажу тваіх ворагаў падножжам ног тваіх» (Пс. 109, 1).

  37. Сам-жа Давід заве яго Ўсеспадарам, дык скуль-жа ён сын ягоны? І вялікая грамада ахвотна яго слухала.

  38. І казаў ім у сваёй навуцы: Сцеражэцеся кніжнікаў, што любяць хадзіць у доўгіх вопратках ды быць вітанымі на рынку,

  39. й сядзець на першых лавах у бажніцах ды першыя месцы на вячэрах;

  40. якія аб’ядаюць дамы ўдоваў пад пакрывай доўгай малітвы. Тыя дастануць цяжэйшы прысуд.

  41. І седзячы насупроць скарбоны, Езус глядзеў, як грамада кідала грошы ў скарбону; і многа багатых кідала шмат.

  42. Калі-ж прыйшла адна бедная ўдава, ўкінула два шэлегі, што выносіць грош.

  43. І паклікаўшы сваіх вучняў, гавора ім: Сапраўды кажу вам, гэта бедная ўдава палажыла болей за ўсех, што клалі ў скарбону.

  44. Бо ўсе клалі з таго, што для іх было лішнім, а гэтая палажыла з нястачы свае ўсё, што мела, ўвесь свой пражытак.


Раздзел 13
  1. І як выйходзіў з сьвятыні, сказаў яму адзін з ягоных вучняў: Вучыцелю. паглядзі, якія каменні й што за будынкі!

  2. Езус ў адказ гавора яму: Бачыш усе гэтыя вялікія будынкі? Не астанецца камень на камені, які-б ня быў разбураны.

  3. І калі сядзеў на гарэ Аліўнай насупраць сьвятыні, спыталіся ў яго на адзіне Пётр, і Я­куб, і Ян, і Андрэй:

  4. Скажы нам, калі гэта станецца ды які знак будзе, як гэта ўсё пачне здзейсьнівацца?

  5. І адказваючы Езус пачаў ім гаварыць: Глядзеце, каб вас хто ня звёў.

  6. Многія бо прыйдуць у імя маё, кажучы, што гэта я, і многіх звядуць.

  7. Калі-ж пачуеце аб войнах і ваенных клічах, ня бойцеся, бо трэба, каб гэта сталася, адыж яшчэ не канец.

  8. Бо паўстане народ на народ і гаспадарства на гаспадарства; ды будуць мясцамі землятрасенні й галады. Гэта пачатак злыбядаў.

  9. А вы глядзеце самы сябе. Бо аддавацімуць вас у суды, і біцімуць у бажніцах, ды будзеце станавіцца перад начальнікамі й каралямі дзеля мяне, на пасьветчанне ім.

  10. І трэба, каб перш была ў ва ўсіх народаў абвяшчаная эванэлія.

  11. Калі-ж вясьцімуць вас, каб выдаць, не клапацецеся наперад, што маеце гаварыць; але што будзе вам дадзена ў гэну часіну. тое гаварэце. Бо ня вы тые, што гаворыце, але Дух Святы.

  12. І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька сына, і паўстануць дзеці на бацькоў ды сьмерць ім зробяць.

  13. І будзеце ў ненавісьці ў ва ўсіх дзеля імяні майго. А хто вытрывае да канца, той бу­дзе збаўлены.

  14. Калі-ж угледзіце агіду спусташэння, стаячую там, дзе ня сьлед — хто чытае, хай разумее — тады каторыя ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы;

  15. а каторы на даху, хай ня зыходзіць у дом ды не ўвайходзіць, каб узяць што з дому свайго;

  16. а каторы будзе на полі, хай не варочаецца назад узяць адзежу сваю.

  17. Гора цяжарным і кормячым у гэныя дні!

  18. Малецеся-ж, каб ня здарылася (гэта) зімою.

  19. Бо тыя дні будуць такім прыгнобленнем, якога ня было ад пачатку стварэння, што стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе.

  20. І калі-б Госпад не скараціў дзён, ня збавілася-б ніводнае цела; але дзеля выбраных, якіх выбраў, скараціў гэныя дні.

  21. І тады, калі-б вам хто сказаў: Вось тут Хрыстус, вось там — ня верце.

  22. Бо паўстануць хвальшывыя хрыстусы й хвальшывыя прарокі ды будуць паказваць знакі й дзівы, каб звясьці, калі магчыма, навет выбраных.

  23. Вы-ж глядзеце, вось я сказаў вам усё наперад.

  24. Але ў тыя дні пасьля гэнага прыгноблення сонца зацьміцца, і месяц ня дасьць свае яснасьці,

  25. і зоры нябесныя падацімуць, і сілы нябесныя зрушацца.

  26. Тады ўгледзяць Сына чалавечага, прыходзячага ў ваблоках, з вялікай сілай і славай.

  27. І тады пашле сваіх анелаў і збярэ сваіх выбраных ад чатырох вятроў, ад краю зямлі аж да краю неба.

  28. А ад смаковіцы вазмеце прыклад: калі ўжо галіна яе зробіцца мяккай і пускае лісьце, пазнаеце, што блізка лета.

  29. Гэтак і вы, калі ўгледзіце, што гэта дзеецца, ведайце, што блізка ёсьць, у дзвярах.

  30. Сапраўды кажу вам, не праміне гэты род, як усё гэтае станецца.

  31. Неба й зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць.

  32. Аб дні-ж тым ніхто ня ведае, ані анелы ў небе, ані Сын, толькі Айцец.

  33. Глядзеце, не драмеце й малецеся, бо ня ведаеце, калі час прыдзе.

  34. Як чалавек, што ад’яжджаючы аставіў свой дом і даў слугам сваім ўладу ў кожнай справе ды загадаў прыдзверніку, каб быў чуткім.

  35. Дык чуткімі будзьце, ня ведаеце бо, калі гаспадар дому прыйдзе: увечар, ці сярод ночы, ці ў пеўні, ці нараніцы:

  36. каб прыйшоўшы неўспадзеўкі, не застаў сплючы вас.

  37. А што вам кажу, ўсім кажу: Ня сьпеце.


Раздзел 14.
  1. Была-ж за два дні Пасха й Праснакі. І шукалі першасьвятары й кніжнікі, як узяць яго подступам ды забіць.

  2. Але казалі: Ня ў сьвята, каб часам не паўстала забурэнне ў народзе.

  3. І калі быў у Бэтаніі ў доме Сымона запаветранага й сядзеў за сталом, прыйшла жанчына з алябастравай судзінай дарагога шпіканардовага алейку і разбіўшы алябастар, выліла на галаву ягону.

  4. Былі-ж некаторыя, што гневаліся ў сабе й гаварылі: Нашто было глуміць гэты алеек?

  5. Бо можна-ж было прадаць яго больш, як за трыста дэнараў ды раздаць убогім. І вайцялі ёй.

  6. Адыж Езус сказаў: Пакіньце. Нашто робіце ёй прыкрасць? Яна зрабіла добры ўчынак адносна мяне.

  7. Убогіх бо вы заўсёды маеце з сабою, і можаце ім рабіць дабро, калі захочаце; адыж мя­не не заўсёды маеце.

  8. Яна што мела, зрабіла: загадзя намасьціла маё цела к паховінам.

  9. Сапраўды кажу вам, дзе толькі будзе абвяшчацца гэтая эванэлія па ўсім сьвеце, казацімецца й пра тое, што яна зрабіла, на памяць аб ёй.

  10. А Юдаш Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архісьвятараў, каб ім яго выдаць.

  11. Тыя пачуўшы ўсьцешыліся й абяцалі даць яму грошай. І шукаў, як-бы зручною часінай выдаць яго.

  12. А на першы дзень Праснакоў, як ахвяроўвалі Пасху, сказалі яму вучні: Куды хочаш, каб мы пайшлі й прырыхтавалі табе спажываці Па­сху?

  13. І паслаў двух із вучняў сваіх, кажучы ім: Ідзеце ў горад, і спаткае вас чалавек, нясучы збан вады. За ім ідзеце;

  14. і куды ўвойдзе, скажэце гаспадару дому, што Вучыцель пытаецца: дзе мая гаспода, ў якой спажываціму Пасху з вучнямі маімі?

  15. І ён вам пакажа вяліку сьвятліцу заслану, вось там прыгатуйце нам.

  16. І пайшлі вучні ягоныя, й прыйшлі ў горад, знайшлі там як ім сказаў, ды прыгатавалі Пасху.

  17. Калі-ж настаў вечар, прыйшоў з дванаццацьма.

  18. І як сядзелі яны й елі, сказаў Езус: Па-праўдзе гавару вам, адзін з вас, што есьць са мною, выдасьць мяне.

  19. Яны-ж пачалі сумаваць і казаць яму паасобку: Ці не я гэта?

  20. А ён кажа ім: Адзін з дванаццацёх, што мачае са мною ў місцы.

  21. Праўда. Сын чалавечы йдзе, як аб ім на­пісана, адыж гора таму чалавеку, праз якога Сын чалавечы будзе выданы; лепш было б не радзіцца чалавеку тому.

  22. І калі яны елі, ўзяў Езус хлеб і, багаславячы, ламаў ды даваў ім, кажучы: Прыймеце, гэта ёсьць цела маё.

  23. І ўзяўшы кіліх ды, ўзнёшшы падзяку, даў ім і пілі з яго ўсе.

  24. І сказаў ім: Гэта кроў мая новага за­кону, што за многіх будзе праліта.

  25. Сапраўды кажу вам, што ўжо ня піціму з гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі буду яго піць новы ў валадарсьцьве Божым.

  26. І адправіўшы гімн, выйшлі на гару Аліўную.

  27. І гавора ім Езус: Усе вы з мяне згоршыцеся ў гэту ноч, бо ёсьць напісана: Удэру пастыра й рассыплюцца авечкі (Зах. 13, 7).

  28. Адыж потым, як згробуўстану, пайду перад вамі ў Галілею.

  29. Пётр-жа яму кажа: Усе згоршацца з цябе, толькі не я.

  30. І сказаў яму Езус: Сапраўды гавару табе, што шчэ сяння ў гэту самую ноч, перш чым двойчы запяе певень, ты тры разы адрачэшся ад мяне.

  31. Адыж ён шчэ болей запэўняў: І хоць-бы мне давялося і ўмерці разам з табою, не адракуся ад цябе. Гэтаксама і ўсе казалі.

  32. І прыйшлі ў сялібу, званую Гэтсэмані. І кажа вучням сваім: Пасядзеце тутака. пакуль я памалюся.

  33. І бярэ з сабою Пятра, і Якуба, і Яна, ды пачаў жахацца і тужыць.

  34. І гавора ім: Сумная душа мая аж да сьмерці, пабудзце гэтта, а ня сьпеце.

  35. І адыйшоўшыся крыху, прыпаў да зямлі й маліўся, каб калі магчыма, адыйшла ад яго часіна.

  36. Й гаварыў: Абба, Ойча! Для цябе ўсё магчымае, аддалі ад мяне гэты кіліх; адыж ня тое, што я хачу, але што ты.

  37. І прыйшоў ды знайшоў іх сплючых. І кажа Пятру: Сымоне, ты сьпіш? Ня мог ты й адненькай гадзіны вытрываць?

  38. Чуняйце й малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу. Дух-то бадзёры, але цела немачнае.

  39. Дый зноў адыйшоўшы маліўся тымі самымі славамі.

  40. А вярнуўшыся, знайшоў іх зноў сплючых, вочы бо іх абцяжэлі, й ня ведалі, што яму сказаць.

  41. І прыйходзіць трэці раз ды кажа ім: Вы ўсё йшчэ сьпіце? Годзі! Прыйшла часіна. вось Сын чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў.

  42. Уставайце, пойдзем! Блізка вось той, што мя­не выдасьць.

  43. І калі ён яшчэ гавырыў, прыйходзе Юдаш Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, а з ім грамада вялікая з мячамі й кіямі ад архісьвятараў і кніжнікаў ды старшын.

  44. А здраднік ягоны даў быў ім знак, кажучы: Каго я пацалую, той і ёсьць, бярэце яго й вядзеце асьцярожна.

  45. І прыйшоўшы зараз-жа прыступіўся к яму ды кажа: Вітаю, Раббі! І пацалаваў яго.

  46. Яны-ж налажылі на яго рукі ды ўзялі яго.

  47. Адзін-жа нехта з тых, што там стаялі, выняўшы меч, ударыў слугу архісьвятаравага й адцяў яму вуха.

  48. Езус, азваўшыся, гавора ім: Так як на разбойніка выйшлі вы з мячамі й кіямі ўзяць мя­не?

  49. Штодня бываў я ў вас у сьвятыні навучаючы, і вы не ўзялі мяне.

  50. Тады вучні ягоны, пакінуўшы яго, ўсе паўцякалі.

  51. Нейкі-ж юнак ішоў за ім, накінуўшы акрыцьцё панагаму; й таго схапілі,

  52. але ён, пакінуўшы акрыцьцё, голы ўцёк ад іх.

  53. І прывялі Езуса к архісьвятару і зыйшліся ўсе першасьвятары і кніжнікі й старшыны.

  54. Пётр-жа здалёк ішоў за ім аж ў сярэдзіну дворышча архісвятара й сядзеў із слугамі ля вагню грэючыся.

  55. А першасьвятары ды ўся Рада шукалі проці Езуса свядоцтва, каб яго выдаць на сьмерць, і не знайходзілі.

  56. Многія бо выказвалі проці яго хвальшывае пасьветчанне, але ня былі згодныя тыя пасьветчанні.

  57. А некаторыя ўстаўшы крывасьветчылі проці яго, кажучы:

  58. Мы чулі, як ён гаварыў: Я развалю гэтую сьвятыню, рукамі збудаваную, а за тры дні іншую, нярукатворную, пастаўлю.

  59. Але й іхнія сьвядоцтвы не падходзілі.

  60. Тады архісьвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся, ў Езуса, кажучы: Не адказваеш нічога на тое, што табе закідаюць?

  61. Адыж ён маўчаў і нічога не адказваў. Дык ізноў спытаўся архісьвятар у яго і сказаў яму: Ці ты Хрыстус, Сын Бога багаслаўлёнага?

  62. Езус-жа яму адказвае: Я, і ўбачыце Сына чалавечага, сядзячага праваруч моцы Божае й прыходзячага ў ваблакох нябесных.

  63. І архісьвятар, раздзіраючы адзеньне сваё, кажа: Навошта нам яшчэ патрэбны сьветкі?

  64. Вы чулі блюзнерства; як вам здаецца? Яны ўсе асудзілі, што варты сьмерці.

  65. Й пачалі некаторыя на яго пляваць і закрываць твар ягоны ды біць кулакамі, дражнячыся: Прароч! І слугі білі яго па шчоках.

  66. А калі Пётр быў на дварэ ўнізе, прышла адна з прыслужніц архісьвятарскіх,

  67. і ўбачыўшы грэючагася Пятра, прыгледзялася яму й сказала: І ты-ж быў з Езусам Назарэнскім.

  68. Але ён выракся, кажучы: Ня ведаю й не разумею, што гаворыш. Ды выйшаў навонкі на прыдворышча, і засьпяваў певень.

  69. Дзяўчына-ж ізноў, як убачыла яго, пачала казаць стаяўшым навокал: Гэты із іх.

  70. Адыж ён другі раз выракся. І крыху счакаўшы тыя, што там стаялі, зноў кажуць Пятру: Сапраўды ты із іх, бо ты й Галілеец.

  71. І аж пачаў клясьціся й прысягацца: Ня знаю чалавека гэнага, аб якім гутарыце.

  72. Тады певень запяяў другі раз. І ўспомніў Пётр слова, якое сказаў яму Езус: Перш, чым певень двойчы заспявае, ты тры разы ад мяне адрачэшся. Ды пачаў плакаць.


Раздзел 15.
  1. І зранку зараз першасьвятары і кніжнікі й старшыны з цэлым Сынгэдрынам, зрабіўшы нараду, звязалі Езуса й павялі перадаць Пілату.

  2. І спытаўся ў яго Пілат: Ты кароль Юдэйскі? Ён-жа ў адказ гавора яму: Ты кажаш.

  3. І многа ў чым першасьвятары вінавацілі яго.

  4. Пілат-жа йзноў гаворыць яму, пытаючы: Не адказваеш нічога? Бач, колькі цябе вінавацяць!

  5. Езус-жа болей нічога не адказваў, так што Пілат дзівіўся.

  6. А к сьвяту меў звычай выпушчаць аднаго з вязняў, каго-б зажадалі.

  7. Быў-жа ў вязніцы нейкі Барабба разам з бунтаўнікамі, што падчас бунту зрабіў забойства.

  8. І натаўп збегшыся, пачаў дамагацца, каб зрабіў ім, як заўсёды.

  9. Пілат-жа ў адказ сказаў ім: Жадаеце, выпусьціць вам караля Юдэйскага?

  10. Ведаў бо, што першасьвятары выдалі яго дзеля завісьці.

  11. Адыж першасьвятары падбурылі натаўп, каб лепш пусьціў ім Бараббу.

  12. Пілат-жа азваўшыся зноў сказаў ім: Што-ж хочаце, каб я зрабіў каралю Юдэйскаму?

  13. А яны зноў закрычалі: Укрыжуй яго!

  14. Пілат гавора ім: Што-ж ён зрабіў благое? Яны-ж яшчэ мацней крычалі: Укрыжуй яго!

  15. Тады Пілат, манючыся дагадзіць народу, выпусьціў ім Бараббу, а Езуса ўбічаванага аддаў на ўкрыжаванне.

  16. І завялі яго ваяры на дворышча суду ды склікалі ўсю роту.

  17. Й апранулі яго ў пурпуру ды сплёўшы вянок цернявы, узлажылі на яго.

  18. І пачалі вітаць яго: Прывет табе, кароль Юдэйскі!

  19. Ды білі яго па галаве трысьцінаю й плявалі на яго, і становячыся на калені, кланяліся яму.

  20. А калі наглуміліся з яго, знялі пурпуру ды апранулі ў ягонае адзеньне й павялі, каб укрыжаваць яго.

  21. І прымусілі нейкага праходзячага міма, Сымона Цырэнэйца, што йшоў з вёскі. бацьку Алек­сандра й Руфа, каб нёс крыж ягоны.

  22. І прывялі яго на Гольготу, што знача: месца Трупнога Чэрапу.

  23. І давалі яму піць віно змяшанае з мірраю, адыж ня прыняў.

  24. А крыжуючыя яго, падзялілі адзеньне я­гонае, кідаючы варажбу, хто што меў узяць.

  25. Была-ж трэцяя гадзіна і ўкрыжавалі яго.

  26. І быў напіс віны ягонай напісаны: Кароль Юдэйскі.

  27. А з ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго праваруч, а другога леваруч.

  28. І споўнілася Пісанне, каторае кажа: І да злыдняў залічаны (Із. 53. 12).

  29. А праходзячыя міма блюзнілі яму, ківаючы галавамі сваімі й кажучы: Эй, што развальваеш сьвятыню Божую і ў тры дні адбудоўваеш!

  30. выратуй самога сябе, зыходзячы з крыжа!

  31. Гэтаксама й першасьвятары з кніжнікамі высьмейваліся, адзін да другога кажучы: Другіх ратаваў, а сябе самога ня можа выратаваць.

  32. Хай-жа цяперака Хрыстус, кароль Ізраэльскі, зыйдзе з крыжа, каб мы бачылі ды ўверылі. І тыя, што былі з ім укрыжаваныя, даракалі яму.

  33. А калі настала шостая гадзіна, зрабілася цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай.

  34. А ў дзявятай гадзіне адазваўся Езус вялікім голасам, кажучы: Элёй, Элёй, лямма сабахтані? што знача: Божа мой, Божа мой, чаму ж Ты мяне пакінуў?

  35. А некаторыя з тых, што там стаялі, чуючы гэта, гаварылі: Во Гальяша кліча.

  36. Адзін-жа пабегшы й насочыўшы губку воцтам ды насадзіўшы на трысьціну. даваў яму піць, кажучы: Пастойце, паглядзімо, ці прыйдзе Гальяш, каб зняць яго.

  37. Езус-жа, усклікнуўшы моцным голасам, сканаў.

  38. І заслона святыні раздзерлася надвое ад верху да нізу.

  39. А сотнік, што стаяў насупроць, відзячы з якім голасам сканаў, сказаў: Сапраўды гэты чалавек быў Сынам Божым.

  40. Былі-ж і жанчыны, здалёк углядаючыся, між якімі была Марыя Магдалена і Марыя, матка Якуба Малодшага й Язэпа, і Салёмэя;

  41. што як быў у Галілеі, хадзілі за ім і служылі яму, ды шмат іншых, каторыя былі разам з ім прыйшоўшы ў Ерузалім.

  42. І як настаў ужэ вечар (бо быў дзень Прыгатовы (параскева) знача перадсыботнік).

  43. прыйшоў Язэп з Арыматэі, выдатны раднік, што і сам чакаў валадарства Божага, і сьмела ўвайшоў да Пілата ды прасіў цела Езусавага.

  44. А Пілат здзівіўся, што ўжо памёр. І клікнуўшы сотніка, упэўняўся, ці ўжо памёр.

  45. А калі даведаўся ад сотніка, дараваў цела Язэпу.

  46. Язэп-жа, купіўшы палатно (сіндон) ды зняўшы яго, абвіў у палатно ды палажыў яго ў гробе, што быў высечаны ў скале, прываліўшы ка­мень да ўваходу ў гроб.

  47. Марыя-ж Магдалена й Марыя Язэпава глядзелі, дзе яго палажылі.


Раздзел 16.
  1. А як мінула сыбота, Марыя Магдалена й Марыя Якубава і Салёмэя купілі ароматаў, каб пайсьці намасьціць Езуса.

  2. І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыйшлі да гробу пры ўсходзе сонца.

  3. І гутарылі між сабою: Хто нам адваліць ка­мень ад уваходу ў гроб?

  4. А глянуўшы, бачаць камень адвалены быў бо ён надта вялізны.

  5. І ўвайшоўшы ў гробніцу, ўвідзелі юнака, сядзячага праваруч, адзетага ў белае акрыцьцё, і ўжахнуліся.

  6. Ён-жа ім кажа: Ня бойцеся, шукаеце Е­зуса Назарэнскага, Укрыжаванага, ён устаў, ня­ма яго тут. Вось месца, дзе яго былі палажылі.

  7. Але йдзеце, скажэце вучням ягоным і Пятру, што йдзе перад вамі ў Галілею; там яго ўбачыце, як сказаў вам.

  8. І яны выйшаўшы, пабеглі ад гробу, напала бо на іх дрыгата й трывога; і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.

  9. Згробуўстаўшы ж раненька ў першы дзень тыдня, сьпярша зявіўся Марыі Магдалене, з якое выгнаў быў сем дэманаў.

  10. Яна пайшоўшы, паведаміла тых, што з ім былі, сумных і плачучых.

  11. А яны, пачуўшы, што жыве ды быў ёю бачаны, не паверылі.

  12. Пасьля ж гэтага паказаўся ў іншым выглядзе двум з іх ідучым у сялібу.

  13. І тыя, прыйшоўшы, паведамілі другіх; дый ім не паверылі.

  14. Урэшце зявіўся самым адзінаццацём, за сталом сядзеўшым, і выгаварваў ім няверлівасьць іх ды закамянеласьць сэрца, што ня верылі бачыўшым яго, згробуўстаўшага.

  15. І сказаў ім: Ідучы на ўвесь сьвет абвяшчайце эванэлію ўсяму стварэнню.

  16. Хто ўверыць і ахрысьціцца, будзе збаўлёны; а хто ня ўверыць, будзе асуджаны.

  17. А за тымі, што ўвераць, ісьцімуць гэткія знакі: У імя маё дэманаў выганяцімуць, новымі мовамі гаварыцімуць;

  18. змяёў будуць браць і хоць-бы што сьмяротлівае пілі не пашкодзіць ім; на хворых рукі ўзложаць і добра мецімуцца.

  19. І так Усеспадар Езус, пасьля таго, як гаварыў да іх, узяты ёсьць у неба й сядзе праваруч Бога.

  20. А яны, выйшаўшы, прапаведвалі ўсюды, а Госпад памагаў ім і ўцьвярджаў мову знакамі, йдучымі ўсьлед за імі.


Вярнуцца назад