Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Марка


 

 

Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Марка

Пераклаў і падаў выясненні

Кс Др ПЁТР ТАТАРЫНОВІЧ

Рым — 1954
алічбоўваньне і транслітэрацыя: а.Алесь Аўдзяюк


Раздзел 1.
  1. Пачатак эванэліі Езуса Хрыста, Сына Божага.

  2. Як напісана ў Ізая прарока (40,3): «Вось я пасылаю анела майго перад воблікам тваім, які прыгатуе дарогу тваю перад табою.

  3. Голас клічучага ў пустыні: Праўце дарогу Госпадаву, прастуйце сьцежкі ягоны».

  4. Быў Ян у пустыні, хрысьцячы й абвяшчаючы хрост пакуты на адпушчэнне грахоў.

  5. І выйходзіла к яму ўся краіна Юдэйская ўсе Ерузалімцы ды былі хрышчаны ім у рацэ Ярдане, спавядаючыся з грахоў сваіх.

  6. А быў Ян адзеты ў шарсьцянку вярблюдаву з поясам шкураным у паясьніцы ягонай ды еў шаранчу й лясны мёд.

  7. І прадвяшчаў кажучы: Магутнейшы за мяне ідзе за мною якому ня годзен я нахіліўшыся развязаць рэмень абутку яго.

  8. Я вас хрысьціў вадою, ён-жа хрысьціціме вас Духам Святым.

  9. І сталася, ў тыя дні прыйшоў Езус з Назарэту Галілейскага і быў Янам ахрышчаны ў Ярдане.

  10. І зараз, выйходзячы з вады, ўбачыў неба расхіленае і Духа, бы голуба, зыходзячага й трываючага на ім.

  11. І стаўся голас з неба: Ты Сын мой мілы, ў табе мне даўспадобы.

  12. І зараз Дух павёў яго ў пустыню.

  13. І прабыў у пустыні сорак дзён і сорак начэй, і быў спакушаны дзяблам і прабываў з звяратамі, а анелы прыслужвалі яму.

  14. Пасьля-ж таго, як быў выданы Ян, прыйшоў Езус у Галілею, абвяшчаючы эванэлію валадарства Божага

  15. і кажучы, што споўніўся час і прыбліжылася гаспадарства Божае, пакутуйце ды верце эванэліі.

  16. І прайходзячы каля мора Галілейскага, ўбачыў Сымона й Андрэя, брата ягонага, закідаючых сеці ў мора, былі бо рыбакамі.

  17. І сказаў ім Езус: Ідзеце за мною, а зраблю вас, што станецеся рыбакамі людзей.

  18. І яны зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за ім.

  19. А крыху адыйшоўшыся адтуль, убачыў Яку­ба Зэбэдэевага ды Яна, брата ягонага, парадкуючых невады ў лодцы,

  20. і зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы ў лодцы бацьку свайго Зэбэдэя з наймітамі, пайшлі за ім.

  21. Ды прыходзяць у Кафарнаум; і зараз-жа ў сыботу, ўвайшоўшы ў бажніцу, навучаў іх.

  22. І дзівіліся з навукі ягонай, вучыў бо іх як той, што ўладу мае, а не як кніжнікі.

  23. А быў у іхняй бажніцы чалавек, маючы духа нячыстага і закрычаў,

  24. кажучы: Што табе да нас, Езус Назарэньскі? Прыйшоў ты згубіць нас? Ведаю хто ты, Святы Божы!

  25. І прыгразіў яму Езус, гаворачы: Замоўкні й выйдзі з чалавека!

  26. І скалатнуўшы яго ды закрычаўшы дзікім голасам, выйшаў з яго дух нячысты.

  27. І жахнуліся ўсе, так што пыталіся адзін другога, кажучы: Што гэта? Што за навука новая, што ён з уладай навет духам нячыстым загадвае й слухаюць яго?

  28. І хутка разыйшлася аб ім слава па ўсёй Галілейскай краіне.

  29. І неўзабавак, выйшаўшы з бажніцы, прыйшлі ў дом Сымона й Андрэя з Якубам і Янам.

  30. А цешча Сымонава ляжала ў гарачцы, дык зараз кажуць яму аб ёй.

  31. І падыйшоўшы, падняў яе, ўзяўшы за руку, і воміг пазбылася гарачкі й паслугоўвала ім.

  32. Каліж настаў вечар, як зайшло сонца, прыносілі к яму ўсіх нядужых ды маючых дз’ябальства,

  33. і ўсё места сабралося перад дзвярыма.

  34. І аздаравіў многіх, церпячых ад усякіх хваробаў, і выганяў многа дэмонаў, ды не пазваляў ім гаварыць, што яго зналі.

  35. А ўстаўшы нараніцы, чуць золак, выйшаў ды пайшоў на адасобненае месца і там маліўся.

  36. Паспяшыў і Сымон за ім ды тыя, што былі з ім.

  37. І знайшоўшы яго, гавораць яму: Усе цябе шукаюць.

  38. І сказаў ім: Пойдзем у блізкія вёскі й гарады, каб і там навучаць мне, бо-ж натое я й прыйшоў.

  39. І навучаў скроз у іхніх бажніцах ды па ўсёй Галілеі й выганяў дэманаў.

  40. І прыйходзе да яго запаветраны, просячы яго і, ўпаўшы на калені, гаворачы яму: Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.

  41. Езус, зжаліўшыся над ім, працягнуў руку сваю, і дакрануўшыся да яго, сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны.

  42. І як толькі сказаў, зараз-жа адыйшло ад яго запаветранне і быў ачышчаны.

  43. І прыгразіўшы яму, зараз-жа адправіў яго

  44. і сказаў яму: Глядзі, не кажы нікому, але йдзі пакажыся старшаму святару й ахвяруй за сваё ачышчэнне што загадаў Майзей на пасьветчанне ім.

  45. Але ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і пашыраць вестку, так што ўжо ня мог адкрыта ўвайсьці ў горад, а прабываў вонках на адлюдздзі, адыж сходзіліся к яму зусюль.


Старонка 1 з 16 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст