Галоўная > Мінэя - Студзень > 6 Студзеня - Богазьяўленьне Збаўцы нашага Ісуса Хрыста - Літургія
6 Студзеня - Богазьяўленьне Збаўцы нашага Ісуса Хрыста - Літургія27 чэрвеня 2008. |
|
Заўвага: У няделю і панядзелак: Літургія сьв. Базыля Вялікага. У іншыя дні: Літургія сьв. Яна Залатавуснага
Антыфан першы (Пс 113:1,2,3,4) Чытальнік: Калі Ізраіль выйшаў з Ягіпту, дом Якуба ад людзей чужых. Людзі: Малітвамі Багародзіцы, Збавіцелю, збаў нас. (Так пасьля наступных вершаў) Чытальнік: Юдэя сталася прыстанішчам ягоным, Ізраіль – ягоным уладаньнем. – Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад. – Што з табой, мора, што ты ўцякло, чаму ты, Ярдан, пацёк назад? – Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Людзі: Малітвамі Багародзіцы...
Антыфан другі (Пс 114:1,2,3-4) Чытальнік: Люблю Госпада, бо Ён пачуў голас малітвы маёй. Людзі: Сыне Божы, што хрысьціўся ў Ярдане, збаў нас, якія пяём Табе: Алілуя. (Так пасьля наступных вершаў). Чытальнік: Ён прыхіліў вуха сваё да мяне ў дзень, калі я паклікаў Яго. – Путы сьмяротныя апуталі мяне, боль нясьцерпны агарнуў мяне, сум і трывога апанавалі мяне, і я паклікаў імя Гасподняе. – Госпад праведны і ласкавы, Бог наш – міласэрны. Людзі: Сыне Божы... Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Адзінародны Сыне...
Антыфан трэці (Пс 117:1,2,3,4) Чытальнік: Аддайце падзяку Госпаду, бо Ён добры, бо міласэрнасьць Ягоная на вякі. Людзі (тон 1): Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане, адбылося пакланеньне Тройцы. Голас Айца засьведчыў аб Табе, называючы Цябе любым Сынам; і Дух у выглядзе голуба пацьвердзіў праўдзівасьць гэтых слоў. Хрысьце Божа, які зьявіўся нам і сьвет асьвяціў, слава Табе. (Так пасьля наступных вершаў) Чытальнік: Хай скажа дом Ізраіля, што Ён добры, што міласэрнасьць Ягоная на вякі. – Хай скажа дом Аарона, што Ён добры, што міласэрнасьць Ягоная на вякі. – Хай скажуць усе, што баяцца Госпада, што Ён добры, што міласэрнасьць Ягоная на вякі. Людзі: Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане...
Уваходны верш Сьвятар: Мудрасьць, устаньце! Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе; бласлаўляем вас ад дому Гасподняга. Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам. Людзі: Сыне Божы, што хрысьціўся ў Ярдане, збаў нас, якія пяём Табе: Алілуя.
Трапары Трапар (тон 1). Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане, адбылося пакланеньне Тройцы. Голас Айца засьведчыў аб Табе, называючы Цябе любым Сынам; і Дух у выглядзе голуба пацьвердзіў праўдзівасьць гэтых слоў. Хрысьце Божа, які зьявіўся нам і сьвет асьвяціў, слава Табе. Слава... цяпер...: Кандак (тон 4). Зьявіўся Ты сёньня ўсяму сьвету, і сьвятло Тваё, Госпадзе, зазьзяла нам, і мы, зразумеўшы, хто Ты, славім Цябе: Ты прыйшоў і зьявіўся, Сьвятло Недасяжнае.
Замест "Сьвяты Божа": Усе вы, што ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся. Алілуя. (Тройчы). Слава... цяпер...: У Хрыста апрануліся. Алілуя. Усе вы, што ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся. Алілуя.
Пракімен (Пс 117:26-27,1). Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе. Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам. Верш. Аддайце падзяку Госпаду, бо Ён добры, бо вечная міласэрнасьць Яго.
Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Ціта Сыне Ціт, зьявілася ласка Божая, збавенная для ўсіх людзей, і навучае нас, каб мы, адцураўшыся ад нязбожнасьці і грэшных жаданьняў гэтага сьвету, жылі разумна, набожна і справядліва ў гэтым веку ў чаканьні блаславёнай надзеі і слаўнага зьяўленьня славы вялікага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, які аддаў самога сябе за нас, каб выкупіць нас ад усякай неправеднасьці і ачысьціць абраны сабе на ўласнасьць народ, руплівы ў добрых справах. Калі ж зьявілася дабрыня і міласьць Збаўцы нашага Бога да людзей, Ён збавіў нас не дзеля нашых праведных учынкаў, але дзеля міласэрнасьці, праз адраджальнае абмыцьцё і абнаўленьне ў Духу Сьвятым, якога выліў на нас шчодра праз Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага, каб мы, апраўданыя Ягонай ласкаю, сталіся, згодна з надзеяю, спадкаемцамі жыцьця вечнага. (2:11-14, 3:4-7)
Алілуя (Пс 28:1,3). Аддайце Госпаду, сыны Божыя, аддайце Госпаду славу і пашану. Верш. Голас Госпада над водамі: Бог славы загрымеў магутна, Госпад над водамі бясконцымі.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Мацьвея У той час прыйшоў Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна – хрысьціцца ад яго. Але Ян супраціўляўся Яму, кажучы: "Мне трэба хрысьціцца ў Цябе, а Ты прыйшоў да мяне?" Ісус сказаў яму ў адказ: "Пакінь цяпер, бо гэтак трэба нам споўніць усю праведнасьць". Тады ён саступіў Яму. Ахрысьціўшыся, Ісус адразу выйшаў з вады, і вось расчыніліся Яму нябёсы, і Ён убачыў Духа Божага, які зыходзіў як голуб і спускаўся на Яго. І вось з неба пачуўся голас, які казаў: "Гэта Сын Мой любы, якому спагадаю". (3:13-17)
Задастойнік. Узьвялічвай, душа мая, больш пачэсную за сілы нябесныя Чыстую Дзеву Марыю. Ніякі язык ня ў стане дастойна ўсхваліць Цябе, і нават сілы нябесныя, стоячы ў подзіве, ня ведаюць, як пяяць славу Тваю, Багародзіца: але Ты, будучы добрай і ведаючы набожныя жаданьні нашыя, веру нашую прымі. Апякунка хрысьціянаў, Цябе мы ўзьвялічваем.
Прычасьнік (Ціт 2:11). Зьявілася ласка Божая, збавенная для ўсіх людзей. Алілуя, алілуя, алілуя. Вярнуцца назад |