Заўвага: У няделю і панядзелак: Літургія сьв. Базыля Вялікага.
У іншыя дні: Літургія сьв. Яна Залатавуснага
Антыфан першы (Пс 113:1,2,3,4)
Чытальнік: Калі Ізраіль выйшаў з Ягіпту, дом Якуба ад людзей
чужых.
Людзі: Малітвамі Багародзіцы, Збавіцелю,
збаў нас.
(Так пасьля наступных вершаў)
Чытальнік: Юдэя сталася прыстанішчам ягоным, Ізраіль – ягоным
уладаньнем.
– Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад.
– Што з табой, мора, што ты ўцякло, чаму ты, Ярдан, пацёк назад?
– Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Амін.
Людзі: Малітвамі Багародзіцы...
Антыфан другі (Пс 114:1,2,3-4)
Чытальнік: Люблю Госпада, бо Ён пачуў голас малітвы маёй.
Людзі: Сыне Божы, што хрысьціўся ў Ярдане, збаў нас, якія пяём
Табе: Алілуя. (Так пасьля наступных вершаў).
Чытальнік: Ён прыхіліў вуха сваё да мяне ў дзень, калі я паклікаў
Яго.
– Путы сьмяротныя апуталі мяне, боль нясьцерпны агарнуў мяне, сум і трывога
апанавалі мяне, і я паклікаў імя Гасподняе.
– Госпад праведны і ласкавы, Бог наш – міласэрны.
Людзі: Сыне Божы...
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Адзінародны Сыне...
Антыфан трэці (Пс 117:1,2,3,4)
Чытальнік: Аддайце падзяку Госпаду, бо Ён добры, бо міласэрнасьць Ягоная
на вякі.
Людзі (тон 1): Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане,
адбылося пакланеньне Тройцы. Голас Айца засьведчыў аб Табе, называючы Цябе любым
Сынам; і Дух у выглядзе голуба пацьвердзіў праўдзівасьць гэтых слоў. Хрысьце
Божа, які зьявіўся нам і сьвет асьвяціў, слава Табе.
(Так пасьля наступных вершаў)
Чытальнік: Хай скажа дом Ізраіля, што Ён добры, што міласэрнасьць Ягоная
на вякі.
– Хай скажа дом Аарона, што Ён добры, што міласэрнасьць Ягоная на вякі.
– Хай скажуць усе, што баяцца Госпада, што Ён добры, што міласэрнасьць Ягоная
на вякі.
Людзі: Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане...
Уваходны верш
Сьвятар: Мудрасьць, устаньце!
Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе; бласлаўляем вас ад дому
Гасподняга. Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам.
Людзі: Сыне Божы, што хрысьціўся ў Ярдане, збаў нас, якія пяём
Табе: Алілуя.
Трапары
Трапар (тон 1). Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане, адбылося
пакланеньне Тройцы. Голас Айца засьведчыў аб Табе, называючы Цябе любым Сынам; і
Дух у выглядзе голуба пацьвердзіў праўдзівасьць гэтых слоў. Хрысьце Божа, які
зьявіўся нам і сьвет асьвяціў, слава Табе.
Слава... цяпер...:
Кандак (тон 4). Зьявіўся Ты сёньня ўсяму сьвету, і сьвятло Тваё,
Госпадзе, зазьзяла нам, і мы, зразумеўшы, хто Ты, славім Цябе: Ты прыйшоў і
зьявіўся, Сьвятло Недасяжнае.
Замест "Сьвяты Божа": Усе вы, што ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста
апрануліся. Алілуя. (Тройчы).
Слава... цяпер...:
У Хрыста апрануліся. Алілуя.
Усе вы, што ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся. Алілуя.
Пракімен (Пс 117:26-27,1). Блаславёны Той, хто прыходзіць
у імя Гасподняе. Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам.
Верш. Аддайце падзяку Госпаду, бо Ён добры, бо вечная
міласэрнасьць Яго.
Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Ціта
Сыне Ціт, зьявілася ласка Божая, збавенная для ўсіх людзей, і навучае нас,
каб мы, адцураўшыся ад нязбожнасьці і грэшных жаданьняў гэтага сьвету, жылі
разумна, набожна і справядліва ў гэтым веку ў чаканьні блаславёнай надзеі і
слаўнага зьяўленьня славы вялікага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, які аддаў
самога сябе за нас, каб выкупіць нас ад усякай неправеднасьці і ачысьціць абраны
сабе на ўласнасьць народ, руплівы ў добрых справах. Калі ж зьявілася дабрыня і
міласьць Збаўцы нашага Бога да людзей, Ён збавіў нас не дзеля нашых праведных
учынкаў, але дзеля міласэрнасьці, праз адраджальнае абмыцьцё і абнаўленьне ў
Духу Сьвятым, якога выліў на нас шчодра праз Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага, каб
мы, апраўданыя Ягонай ласкаю, сталіся, згодна з надзеяю, спадкаемцамі жыцьця
вечнага. (2:11-14, 3:4-7)
Алілуя (Пс 28:1,3). Аддайце Госпаду, сыны Божыя, аддайце
Госпаду славу і пашану.
Верш. Голас Госпада над водамі: Бог славы загрымеў магутна, Госпад
над водамі бясконцымі.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Мацьвея
У той час прыйшоў Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна – хрысьціцца ад яго. Але Ян
супраціўляўся Яму, кажучы: "Мне трэба хрысьціцца ў Цябе, а Ты прыйшоў да мяне?"
Ісус сказаў яму ў адказ: "Пакінь цяпер, бо гэтак трэба нам споўніць усю
праведнасьць". Тады ён саступіў Яму. Ахрысьціўшыся, Ісус адразу выйшаў з вады, і
вось расчыніліся Яму нябёсы, і Ён убачыў Духа Божага, які зыходзіў як голуб і
спускаўся на Яго. І вось з неба пачуўся голас, які казаў: "Гэта Сын Мой любы,
якому спагадаю". (3:13-17)
Задастойнік. Узьвялічвай, душа мая, больш пачэсную за сілы
нябесныя Чыстую Дзеву Марыю.
Ніякі язык ня ў стане дастойна ўсхваліць Цябе, і нават сілы нябесныя, стоячы
ў подзіве, ня ведаюць, як пяяць славу Тваю, Багародзіца: але Ты, будучы добрай і
ведаючы набожныя жаданьні нашыя, веру нашую прымі. Апякунка хрысьціянаў, Цябе мы
ўзьвялічваем.
Прычасьнік (Ціт 2:11). Зьявілася ласка Божая, збавенная для
ўсіх людзей. Алілуя, алілуя, алілуя. |