Галоўная > Мінэя - Студзень > 7 Студзеня - Пасьвяцьце Богазьяўленьне. Сабор сьв. Яна, Прадвесьніка і Хрысьціцеля

7 Студзеня - Пасьвяцьце Богазьяўленьне. Сабор сьв. Яна, Прадвесьніка і Хрысьціцеля


2 ліпеня 2008.

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Тры першыя песьні сьвята:

(Тон 2). Убачыўшы Прасьветніка нашага, што прасьвятляе кожнага чалавека, калі той прыйшоў хрысьціцца, Прадвесьнік усьцешыўся душою і, паказваючы на Яго, сказаў людзям: "Вось Той, хто збаўляе Ізраіля і вызваляе нас ад тленнасьці". Бязгрэшны Хрысьце Божа наш, слава Табе!

Анельскія хоры жахнуліся, убачыўшы, як слуга хрысьціць Збавіцеля; Дух Сьвяты зышоў, каб засьведчыць аб Ім, і з неба пачуўся голас Айца: "Той, каго Прадвесьнік хрысьціць рукою сваёю – гэта Сын мой любы, якога Я ўпадабаў". Хрысьце Божа наш, слава Табе! (Двойчы)

Струмені Ярдану прымаюць Цябе, Крыніца! Пацяшыцель зыходзіць у выглядзе голуба; схіляе галаву Той, хто нахіліў нябёсы, і зроблены з гліны ўсклікае Творцы: "Чаму загадваеш мне такое? Ты ж вышэйшы за мяне! Я маю патрэбу ў хрышчэньні Тваім". Бязгрэшны Хрысьце Божа наш, слава Табе!

і тры наступныя Прадвесьніка:

(Тон 1). Прадвесьнік, убачыўшы Цябе, Хрысьце, калі Ты прыйшоў і папрасіў хросту ў яго, сумеўся і ўсклікнуў: "Чаму, Усемагутны Госпадзе, загадваеш мне непасільную рэч? Як я магу дакрануцца рукою да Цябе, што ў руцэ сваёй трымаеш усё? Гэта Ты павінен хрысьціць мяне, слугу Твайго!"

"Я зьявіўся сёньня як чалавек і, прыродаю недаступны, стаўся даступным для цябе; будучы багатым, Я дабравольна зьбяднеў, каб узбагаціць нятленнасьцю і збаўленьнем зьбяднелы род людзкі. Дык хадзі, ахрысьці Непадуладнага тленнасьці, які збаўляе ад тленнасьці сьвет".

"Стаю зьбянтэжаны ўвесь і ня ведаю, куды ўцячы, – кажа Прадвесьнік Тварцу. – Ты, Добры, ёсьць Струменем, які корміць усіх: дык як жа Цябе прымае рака, у якую ўваходзіш, каб даць збаўленьне тым, што шануюць Тваё, Слова, сьвятое зьяўленьне?"

Слава...:

(Тон 6). Сьветач у целе, Прадвесьнік Збавіцеля, сыне няплоднае, ты – прыяцель Таго, хто нарадзіўся ад Дзевы, якому ты пакланіўся, калі быў яшчэ ва ўлоньні маці тваёй, і якога ты хрысьціў у вадзе Ярданскай. Малі Яго, прарок, каб нам вызваліцца ад будучых мукаў.

Цяпер...:

(Тон 6). Калі Бог-Слова зьявіўся ў целе роду людзкому і прыйшоў на Ярдан хрысьціцца, Прадвесьнік усклікнуў: "Як дакрануся рукою да галавы Таго, хто трымае ўсё? Хоць Ты і нарадзіўся як Дзіцятка ад Марыі, ведаю, што Ты – Бог спрадвечны; Ты ходзіш па зямлі, але Цябе славяць сэрафімы; дык як я, слуга, наважуся хрысьціць Уладара?" Невыказны Госпадзе, слава Табе!


Вялікі пракімен (Пс 113:11,1-2,3,5). Бог наш на небе і на зямлі: усё, што схацеў, стварыў Ён.

Верш 1. Калі выйшаў Ізраіль з Ягіпту, Дом Якуба ад людзей чужых, Юдэя сталася прытулкам ягоным.

Верш 2. Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад.

Верш 3. Што з табой, мора, што ты ўцякло, чаму ты, Ярдане, пацёк назад?


Вершапесьні

(Тон 4). Прадвесьнік сумеўся, убачыўшы Цябе, калі Ты ішоў да яго. Як верны слуга, ён усклікнуў у страху: "Якая пакора, Збавіцелю, якое дабравольнае ўбоства Тваё! Багацьцем ласкі Ты ўзвысіў ўпакоранага чалавека, сам апрануўшыся ў яго ў добрасардэчнасьці Тваёй".

Верш. Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад.

"Трэба, каб споўнілася збавенная тайна, – Ты адказаў Прадвесьніку. – Дык зрабі паслугу Збавіцелю ўсіх і ня бойся: сам беззаганны, Я прымаю хрышчэньне як чалавек у вадзе Ярдану, каб абнавіць упакоранага Адама. Дзеля гэтага Я і прыйшоў сюды".

Верш. Што з табой, мора, што ты ўцякло, чаму ты, Ярдане, пацёк назад?

"Хто калі чуў, каб Сонца мела патрэбу ў ачышчэньні? – Ян усклікнуў. – Хто бачыў голым Таго, хто апранае неба хмарамі; Творцу крыніцаў, як уваходзіць у ваду? Дзіўлюся невыказнаму провіду Твайму, Уладару. Не абцяжай слугу Твайго страшнымі загадамі".

Слава...:

(Тон 4). Блаславёны і Богу мілы Прароча і Прадвесьніку, улюбенец Сьвятога Духа, салодкасьпеўная ластаўка ласкі, ты зрабіў вядомым людзкому роду збавенны провід Уладара, які зазьзяў ад чыстае Дзевы для абнаўленьня людзей, адмяніў стары сум і скіраваў сэрцы да прыняцьця вечнага жыцьця праз хрышчэньне пакаяньня.

Цяпер...:

(Тон 4). Прыйдзіце, возьмем прыклад з мудрых дзеваў і сустрэнем Уладара, які прыйшоў, быццам жаніх, да Яна. Ярдан, убачыўшы Яго, спалохаўся і затрымаўся, а Ян усклікнуў: "Ня сьмею дакрануцца да галавы Несьмяротнага". Дух зышоў у выглядзе голуба асьвяціць ваду, і голас з неба быў чутны: "Вось Сын мой, які прыйшоў на сьвет збавіць род людзкі". Госпадзе, слава Табе.


Адпушчальныя трапары

Прадвесьніка (тон 2). Прароча і Прадвесьніку, пустынны жыхару, калі ты хрысьціў Сына і Госпада, ты чуў голас Айца і бачыў Духа сьвятога; ты, які прапаведаваў ўсім хрост пакаяньня, выпрасі і нам адпушчэньне грахоў, каб нам атрымаць малітвамі тваімі ад Хрыста багацьце спагады.

Слава... цяпер...:

Трапар сьвята (тон 1). Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане, адбылося пакланеньне Тройцы. Голас Айца засьведчыў аб Табе, называючы Цябе любым Сынам; і Дух у выглядзе голуба пацьвердзіў праўдзівасьць гэтых слоў. Хрысьце Божа, які зьявіўся нам і сьвет асьвяціў, слава Табе.


Ютрань


Пасьля "Госпад – Бог...":

трапар сьвята;

Слава...: Прадвесьніка;

Цяпер...: сьвята.


Сядальная песьня 1 (тон 1). Калі Ісус нарадзіўся ад Дзевы і хрысьціўся ў Ярдане ад Яна, Дух зышоў на Яго бачна ў выглядзе голуба. Дзеля гэтага прарок з анёламі ўсклікнуў, кажучы: "Слава прыйсьцю Твайму, Хрысьце, слава валадарству Твайму, слава провіду Твайму, адзіны Чалавекалюбча!"

Слава... цяпер...: тое самае.


Сядальная песьня 2 (тон 4). Вялікі прадвесьнік убачыў Цябе, Хрысьце, у струменях Ярданскіх, калі Ты прыйшоў хрысьціцца, і ўсклікнуў з радасьцю: "Ты прыйшоў і зьявіўся нам, Сьвятло недасяжнае!"

Слава... цяпер...: тое самае.

Каноны: сьвята


Пасьля трэцяй песьні: кандак і ікас сьвята

Кандак (тон 4): Зьявіўся Ты сёньня ўсяму сьвету, і сьвятло Тваё, Госпадзе, зазьзяла нам, і мы, зразумеўшы, хто Ты, славім Цябе: Ты прыйшоў і зьявіўся, Сьвятло Недасяжнае.

Ікас. У Галілеі паганскай, краіне Забулёнскай і зямлі Нэфталімскай, як кажа прарок, вялікае Сьвятло-Хрыстос зазьзяла. Тыя, што сядзелі ў цемры, убачылі сьветлую заранку, што зазьзяла з Бэтлеему, – Госпада, які нарадзіўся ад Марыі. Ён – Сонца праведнасьці, што промнямі сваімі прасьвятляе ўсю зямлю. Дык пойдзем, сыны Адама, апранемся ў Яго, каб нам сагрэцца. Каб прасьвятліць тых, што ў цемры, прыйшоў і зьявіўся Ён, Сьвятло Недасяжнае.

і наступная сядальная песьня:

(Тон 8). Ярдан служыць вадою, а Ян працягвае тленную руку, калі Ты, Нябачны, зьявіўся, каб ахрысьццца ў целе. Ярдан павярнуў назад у страху, а Ян увесь задрыжэў, калі ўсклаў на Цябе, Нятленнага, руку. Ты – сапраўды Ягнё Божае, Крыніца вечнага жыцьця, што крыніцы, і мора, і людзей асьвяціў. Тройца зазьзяла з вышыні, Айцец назваў Цябе Сынам, і Сьвяты Дух зышоў на Цябе.

Слава... цяпер...: тое самае


Пасьля шостай песьні:

Кандак (тон 6). Ярдан спалохаўся Твайго прыйсьця ў целе і ў страху павярнуў назад, а Ян, які выконваў прароцкае служэньне, устрывожыўся; анёлы жахнуліся, калі ўбачылі, як Ты прымаў хрост у вадзе. Для ўсіх, што былі ў цемры, сьвятло зазьзяла, і яны праславілі ў песьнях Цябе, які зьявіўся і ўсё асьвяціў.

Ікас. Адам сасьлеп у раі, і вось зьявілася Сонца з Бэтлеему і адчыніла яму зрэнкі, абмыўшы іх у Ярданскіх водах. Пачарнеламу і змрочнаму сьвятло нязгаснае зазьзяла. Ужо для яго няма ночы, але незаходны дзень, ад раніцы да раніцы. Бо, як напісана, Адам схаваўся пад вечар. Той, хто ўпаў вечарам, знайшоў Сьвятло, якое узьняло яго. Ён вызваляецца ад змроку і дасягае Заранкі, што зьявілася і ўсё асьвяціла.


Замест "Больш годную пашаны..." пяём сьвяточныя прыпевы. Дадаем таксама наступную дзевятую песьню канона Хрысьціцелю:

Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, Прадвесьніка, найбольшага сярод прарокаў.

Песьня 9

(Тон 2). Ірмас. Бог, які зазьзяў раней за сонца, прыйшоў да нас, прыняўшы невыказна цела, з улоньня дзявочага Твайго, Усячыстая і Блаславёная. Дзеля гэтага Цябе, Багародзіца, узьвялічваем.

Голас Прадвесьніка ў пустыні яўляе нам Слова, што прыйшло да нас у целе. З вялікай радасьцю ён рыхтуецца хрысьціць Хрыста, які прыходзіць і праз веру ачышчае душы нашыя ад граху.

Ты быў пачэсным хадайнікам Закону і ласкі, паставіўшы пячатку на першым і паклаўшы пачатак другой. Слова ўшанавала цябе, блаславёны Яне, як найбольшага з усіх прарокаў, і ты жыў справамі, што пераўзыходзяць бачны сьвет.

Жыцьцё тваё было падобнае да анельскага, і цяпер ты, стоячы перад пасадам Уладара, радуешся з анельскімі хорамі, і просіш адпушчэньня грахоў тым, што хваляць цябе.

Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, больш слаўную за анельскія хоры ўсячыстую Дзеву Багародзіцу.

У добрасардэчнасьці сваёй Збавіцель стаецца чалавекам і дзеля чалавекалюбства родзіцца цялесна з дзявочага ўлоньня Твайго, Багародзіца блаславёная.


Экзапастыляр. Ты, блаславёны Яне, найбольшы з усіх прарокаў, падрыхтаваў сьцежкі Госпаду, быў голасам і праўдзівым прапаведнікам Ягонага прыйсьця, бачыў невыказнае Сьвятло-Хрыста, якога ты ахрысьціў.

Слава... цяпер...: сьвята.

Зьявіўся Збаўца – ласка і праўда, – у водах Ярданскіх і прасьвятліў тых, што былі ў цемры і ценю: Прыйшло і зьявілася Сьвятло недаступнае.


Пахвальныя псалмы

Сьвята

Слава...:

(Тон 6). Ты, Хрысьціцелю, нарадзіўся прадвесьнікам з няплоднага ўлоньня, і з раньніх дзён пасяліўся ў пустыні. Ты быў пячацьцю прарокаў і ўдастоіўся хрысьціць у Ярдане таго, каго яны па-рознаму цьмяна бачылі і шматразова прадказвалі. Ты чуў голас Айца з неба, які даў сьведчаньне Сыну, і бачыў Духа, які зыходзіў у выглядзе голуба на Таго, каго ты хрысьціў. Найбольшы з усіх прарокаў, маліся няспынна за нас, якія сьвяткуем памяць тваю.

Цяпер...: (Тон 2). Сёньня Хрыстос прыходзіць на Ярдан хрысьціцца; сёньня Ян дакранаецца да галавы Уладара. Сілы нябесныя жахнуліся, угледзеўшы слаўную тайну; мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад. Мы ж, прасьветленыя, клічам: "Слава Богу, які зьявіўся на зямлі і прасьвятліў увесь сьвет!"


Пасьля Вялікага ўслаўленьня:

Трапар Прадвесьніка;

Слава... цяпер...: сьвята

і звычайнае заканчэньне сьвяточнай ютрані.


Літургія


Трапары

Трапар сьвята (тон 1). Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане, адбылося пакланеньне Тройцы. Голас Айца засьведчыў аб Табе, называючы Цябе любым Сынам; і Дух у выглядзе голуба пацьвердзіў праўдзівасьць гэтых слоў. Хрысьце Божа, які зьявіўся нам і сьвет асьвяціў, слава Табе.

Прадвесьніка (тон 2). Прароча і Прадвесьніку, пустынны жыхару, калі ты хрысьціў Сына і Госпада, ты чуў голас Айца і бачыў Духа сьвятога; ты, які прапаведаваў ўсім хрост пакаяньня, выпрасі і нам адпушчэньне грахоў, каб нам атрымаць малітвамі тваімі ад Хрыста багацьце спагады.

Кандак Прадвесьніка (тон 6). Ярдан спалохаўся Твайго прыйсьця ў целе і ў страху павярнуў назад, а Ян, які выконваў прароцкае служэньне, устрывожыўся; анёлы жахнуліся, калі ўбачылі, як Ты прымаў хрост у вадзе. Для ўсіх, што былі ў цемры, сьвятло зазьзяла, і яны праславілі ў песьнях Цябе, які зьявіўся і ўсё асьвяціў.

Кандак сьвята (тон 4). Зьявіўся Ты сёньня ўсяму сьвету, і сьвятло Тваё, Госпадзе, зазьзяла нам, і мы, зразумеўшы, хто Ты, славім Цябе: Ты прыйшоў і зьявіўся, Сьвятло Недасяжнае.


Пракімен (Пс 63:11:2). Праведнік узрадуецца ў Госпадзе і знойдзе прыпынак у яго.

Верш. Госпадзе, пачуй голас малітвы маёй.


Чытаньне Апостальскіх дзеяньньняў

У той час, калі Апалёс быў у Карынце, Павал, прайшоўшы горныя краіны, прыйшоў у Эфэс і знайшоў там нейкіх вучняў. Ён спытаўся ў іх: "Ці атрымалі вы Духа Сьвятога, калі ўверылі?" А яны ў адказ: "Мы нават ня чулі, што ёсьць Сьвяты Дух". "Дык якім хрышчэньнем вы хрысьціліся?" – спытаўся. А яны адказалі: "Хрышчэньнем Яна". "Ян хрысьціў хрышчэньнем пакаяньня, кажучы людзям, каб уверылі ў Таго, хто па ім ідзе, гэта значыць Ісуса". – сказаў Павал. Пачуўшы гэта, яны хрысьціліся ў імя Госпада Ісуса. Калі Павал усклаў на іх рукі, Дух Сьвяты зышоў на іх, і яны гаварылі мовамі і прарочылі. Было іх усіх каля дванаццаці мужоў. Пасьля гэтага ён увайшоў у школу і сьмела гаварыў праз тры месяцы, разважаючы і пераконваючы аб валадарстве Божым. (19:1-8)


Алілуя (Пс 96:11,12). Сьвятло ўзыходзіць для праведных, і для правых сэрцам – весялосьць.

Верш. Радуйцеся, праведныя, у Госпадзе і слаўце памяць сьвятасьці Яго.


Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна

У той час Ян убачыў Ісуса, які ішоў да яго, і кажа: "Вось Ягнё Божае, што забірае грэх сьвету. Гэта Той, пра якога я казаў: За мною прыйдзе Муж, які ёсьць перада мною, бо быў раней за мяне. І я ня ведаў Яго. Але ж я на тое прыйшоў, хрысьцячы вадою, каб Ён зьявіўся Ізраілю". І засьведчыў Ян, кажучы: "Я бачыў Духа, што як голуб зыходзіў з неба і спачыў на Ім. І я ня ведаў Яго, але Той, хто паслаў мяне хрысьціць вадою, сказаў: На кім убачыш Духа, што зыходзіць і на Ім застаецца – Той хрысьціць Сьвятым Духам. І я бачыў і сьведчу, што Ён – Сын Божы". (1:29-34)


Задастойнік. Узьвялічвай, душа мая, больш пачэсную за сілы нябесныя чыстую Дзеву Марыю.

Ніякі язык ня ў стане дастойна ўсхваліць Цябе, і нават сілы нябесныя, стоячы ў подзіве, ня ведаюць, як пяяць славу Тваю, Багародзіца. Але Ты, добрая, што ведаеш набожныя жаданьні нашыя, веру нашую прымі. Апякунка хрысьціянаў, Цябе мы ўзьвялічваем.


Прычасьнік. Зьявілася ласка Божая, збавенная для ўсіх людзей.

Памяць праведніка жыць будзе вечна, благое весткі ён не збаіцца. Алілуя, алілуя, алілуя.


Вярнуцца назад