Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Тры першыя песьні сьвята:
(Тон 2). Убачыўшы Прасьветніка нашага, што прасьвятляе кожнага чалавека,
калі той прыйшоў хрысьціцца, Прадвесьнік усьцешыўся душою і, паказваючы на
Яго, сказаў людзям: "Вось Той, хто збаўляе Ізраіля і вызваляе нас ад
тленнасьці". Бязгрэшны Хрысьце Божа наш, слава Табе!
Анельскія хоры жахнуліся, убачыўшы, як слуга хрысьціць Збавіцеля; Дух Сьвяты
зышоў, каб засьведчыць аб Ім, і з неба пачуўся голас Айца: "Той, каго
Прадвесьнік хрысьціць рукою сваёю – гэта Сын мой любы, якога Я ўпадабаў".
Хрысьце Божа наш, слава Табе! (Двойчы)
Струмені Ярдану прымаюць Цябе, Крыніца! Пацяшыцель зыходзіць у выглядзе
голуба; схіляе галаву Той, хто нахіліў нябёсы, і зроблены з гліны ўсклікае
Творцы: "Чаму загадваеш мне такое? Ты ж вышэйшы за мяне! Я маю патрэбу ў
хрышчэньні Тваім". Бязгрэшны Хрысьце Божа наш, слава Табе!
і тры наступныя Прадвесьніка:
(Тон 1). Прадвесьнік, убачыўшы Цябе, Хрысьце, калі Ты прыйшоў і
папрасіў хросту ў яго, сумеўся і ўсклікнуў: "Чаму, Усемагутны Госпадзе,
загадваеш мне непасільную рэч? Як я магу дакрануцца рукою да Цябе, што ў руцэ
сваёй трымаеш усё? Гэта Ты павінен хрысьціць мяне, слугу Твайго!"
"Я зьявіўся сёньня як чалавек і, прыродаю недаступны, стаўся даступным для
цябе; будучы багатым, Я дабравольна зьбяднеў, каб узбагаціць нятленнасьцю і
збаўленьнем зьбяднелы род людзкі. Дык хадзі, ахрысьці Непадуладнага тленнасьці,
які збаўляе ад тленнасьці сьвет".
"Стаю зьбянтэжаны ўвесь і ня ведаю, куды ўцячы, – кажа Прадвесьнік Тварцу. –
Ты, Добры, ёсьць Струменем, які корміць усіх: дык як жа Цябе прымае рака, у якую
ўваходзіш, каб даць збаўленьне тым, што шануюць Тваё, Слова, сьвятое
зьяўленьне?"
Слава...:
(Тон 6). Сьветач у целе, Прадвесьнік Збавіцеля, сыне няплоднае, ты
– прыяцель Таго, хто нарадзіўся ад Дзевы, якому ты пакланіўся, калі быў яшчэ ва
ўлоньні маці тваёй, і якога ты хрысьціў у вадзе Ярданскай. Малі Яго, прарок, каб
нам вызваліцца ад будучых мукаў.
Цяпер...:
(Тон 6). Калі Бог-Слова зьявіўся ў целе роду людзкому і прыйшоў на
Ярдан хрысьціцца, Прадвесьнік усклікнуў: "Як дакрануся рукою да галавы Таго, хто
трымае ўсё? Хоць Ты і нарадзіўся як Дзіцятка ад Марыі, ведаю, што Ты – Бог
спрадвечны; Ты ходзіш па зямлі, але Цябе славяць сэрафімы; дык як я, слуга,
наважуся хрысьціць Уладара?" Невыказны Госпадзе, слава Табе!
Вялікі пракімен (Пс 113:11,1-2,3,5). Бог наш на небе і на
зямлі: усё, што схацеў, стварыў Ён.
Верш 1. Калі выйшаў Ізраіль з Ягіпту, Дом Якуба ад людзей чужых,
Юдэя сталася прытулкам ягоным.
Верш 2. Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад.
Верш 3. Што з табой, мора, што ты ўцякло, чаму ты, Ярдане, пацёк
назад?
Вершапесьні
(Тон 4). Прадвесьнік сумеўся, убачыўшы Цябе, калі Ты ішоў да яго.
Як верны слуга, ён усклікнуў у страху: "Якая пакора, Збавіцелю, якое
дабравольнае ўбоства Тваё! Багацьцем ласкі Ты ўзвысіў ўпакоранага чалавека, сам
апрануўшыся ў яго ў добрасардэчнасьці Тваёй".
Верш. Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад.
"Трэба, каб споўнілася збавенная тайна, – Ты адказаў Прадвесьніку. – Дык
зрабі паслугу Збавіцелю ўсіх і ня бойся: сам беззаганны, Я прымаю хрышчэньне як
чалавек у вадзе Ярдану, каб абнавіць упакоранага Адама. Дзеля гэтага Я і прыйшоў
сюды".
Верш. Што з табой, мора, што ты ўцякло, чаму ты, Ярдане, пацёк
назад?
"Хто калі чуў, каб Сонца мела патрэбу ў ачышчэньні? – Ян усклікнуў. – Хто
бачыў голым Таго, хто апранае неба хмарамі; Творцу крыніцаў, як уваходзіць у
ваду? Дзіўлюся невыказнаму провіду Твайму, Уладару. Не абцяжай слугу Твайго
страшнымі загадамі".
Слава...:
(Тон 4). Блаславёны і Богу мілы Прароча і Прадвесьніку, улюбенец
Сьвятога Духа, салодкасьпеўная ластаўка ласкі, ты зрабіў вядомым людзкому роду
збавенны провід Уладара, які зазьзяў ад чыстае Дзевы для абнаўленьня людзей,
адмяніў стары сум і скіраваў сэрцы да прыняцьця вечнага жыцьця праз хрышчэньне
пакаяньня.
Цяпер...:
(Тон 4). Прыйдзіце, возьмем прыклад з мудрых дзеваў і сустрэнем
Уладара, які прыйшоў, быццам жаніх, да Яна. Ярдан, убачыўшы Яго, спалохаўся і
затрымаўся, а Ян усклікнуў: "Ня сьмею дакрануцца да галавы Несьмяротнага". Дух
зышоў у выглядзе голуба асьвяціць ваду, і голас з неба быў чутны: "Вось Сын мой,
які прыйшоў на сьвет збавіць род людзкі". Госпадзе, слава Табе.
Адпушчальныя трапары
Прадвесьніка (тон 2). Прароча і Прадвесьніку, пустынны жыхару,
калі ты хрысьціў Сына і Госпада, ты чуў голас Айца і бачыў Духа сьвятога; ты,
які прапаведаваў ўсім хрост пакаяньня, выпрасі і нам адпушчэньне грахоў, каб нам
атрымаць малітвамі тваімі ад Хрыста багацьце спагады.
Слава... цяпер...:
Трапар сьвята (тон 1). Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане,
адбылося пакланеньне Тройцы. Голас Айца засьведчыў аб Табе, называючы Цябе любым
Сынам; і Дух у выглядзе голуба пацьвердзіў праўдзівасьць гэтых слоў. Хрысьце
Божа, які зьявіўся нам і сьвет асьвяціў, слава Табе.
|