Галоўная > Мінэя - Студзень > 16 студзеня - Пакланеньне кайданам апостала Пятра
16 студзеня - Пакланеньне кайданам апостала Пятра2 ліпеня 2008. |
|
Вячэрня На "Госпадзе, Цябе клічу...": (Тон 4). Зьвязаны за Госпада і пасаджаны у вязьніцу, ты, апостале, зьвязаў усе спакусы. З любоўю і вераю цалуем кайданы твае, ад якіх атрымліваем здароўе цялеснае і збаўленьне душы, і славім цябе, як найвышэйшага апостала і суразмоўцу анёлаў. (Двойчы) Праз цябе першага многія народы, апанаваныя нярозумам, атрымалі разуменьне Праўды, бо табе быў паказаны посуд, поўны ўсялякіх жывёлаў, што зыходзіў з вышыні. Таму ўсякі род славіць цябе і пакланяецца кайданам, якія ты насіў за Хрыста. (Двойчы) Ты, апостале, уславіў уваскрослага Хрыста, – якога ты раней выракся, калі той быў пад судом, – і прапаведаваў Яго па ўсёй зямлі як Бога і Чалавека, што ў вялікай дабрыні сваёй стаўся саўдзельнікам нашай прыроды. Таму з любоўю славім цябе і пакланяемся кайданам, якія ты, слаўны, насіў за Хрыста. (Двойчы) Слава...: (Тон 6). Сёньня аснова Царквы, камень веры Пётра паказвае нам свае пачэсныя кайданы для нашага духоўнага аздараўленьня. Прыйдзеце ўсе, пацалуем іх і пахвальнымі песьнямі ўславім яго: Радуйся, шчыры барацьбіт за веру, які гарачым розумам сьмела вызнаў Хрыста як Сына Божага; Радуйся, радасьць сусьветная, нябеснага валадарства ключару, што даеш ласку тым, якія шануюць цябе і сьвятыя твае кайданы ў думках цалуюць. Стоячы перад пасадам Уладара ўсіх Хрыста, маліся за нас, якія спраўляем памяць тваю. Цяпер...: Дагматык (тон 6). Хто Цябе не назаве шчасьліваю, Найсьвятая Дзева; хто ня будзе славіць, Чыстая, мацярынства Тваё? Адзінародны Сын, што спрадвеку зазьзяў ад Айца, ад Цябе, прыняўшы цела, у невыказны спосаб нарадзіўся. Праўдзівы Бог, Ён стаўся праўдзівым чалавекам дзеля нас, непадзельны на дзьве асобы, але ў дзьвюх нязьлітных прыродах пазнавальны. Малі Яго, Чыстая і Блаславёная, даць зьмілаваньне душам нашым.
Чытаньне першага лісту Сьвятога Апостала Пятра Браты, хай будзе блаславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста. Ён, у вялікай міласэрнасьці сваёй, цераз уваскрасеньне з мёртвых Ісуса Хрыста, нанова нарадзіў нас да жывой надзеі, да спадчыны незьнішчальнай і чыстай, што ніколі не завяне, якая прызначаная для нас у небе. Сілаю Божаю праз веру вы захаваныя для збаўленьня, якое мае аб'явіцца ў апошні час. Дзеля гэтага цешцеся, хоць цяпер вам і прыходзіцца зазнаць суму з прычыны розных выпрабаваньняў. Цераз гэта вартасьць веры вашай станецца больш каштоўнай за золата – якое, хоць і выпрабоўваецца агнём, але падуладнае зьнішчэньню, – на славу і хвалу ў аб'яўленьні Ісуса Хрыста. Вы, ня бачыўшы, любіце Яго; і верыце ў Яго, хоць ня бачыце, а будзеце цешыцца радасьцю вялікай і поўнай хвалы, калі асягнеце мэту вашай веры – збаўленьне душаў. (1, 1:3-9)
Чытаньне першага лісту Сьвятога Апостала Пятра Мілыя мае, падперазаўшы паясьніцы розуму вашага, будзьце цьвярозымі, мейце дасканалую надзею на ласку, якая будзе вашым удзелам у аб'яўленьні Ісуса Хрыста. Як паслушныя дзеткі, не кіруйцеся вашымі ранейшымі пажаданьнямі, калі вы былі яшчэ несьвядомымі, але усім вашым паступаньнем станьцеся сьвятымі на прыклад Сьвятога, які вас паклікаў; бо напісана: "Будзьце сьвятымі, бо Я сьвяты". Бо калі вы называеце Айцом Таго, які судзіць кожнага паводле ўчынкаў яго, не ўзіраючыся на аблічча, дык у страху праводзьце час прабываньня вашага тут на чужыне. Вы ведаеце, што вы былі выкупленыя ад вашых благіх звычаяў, атрыманых у спадчыну ад продкаў вашых, не недаўгавечным срэбрам ці золатам, але бясцэннаю крывёю Хрыста, быццам беззаганнага і чыстага Ягняці. (1:13-19)
Чытаньне другога лісту Сьвятога Апостала Пятра Браты, старайцеся ўзмоцніць ваша пакліканьне і выбар. Так робячы, ніколі не ўпадзеце. У такі спосаб будзе вам шырока адчынены ўваход да вечнага валадарства Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Вось чаму буду заўсёды нагадваць вам пра гэта, хоць вы гэта знаеце і ўмацаваныя ў гэтай праўдзе. Лічу слушным, пакуль я ў гэтым целе, абуджаць вашую памяць, бо ведаю, што неўзабаве мне прыйдзецца пакінуць цела маё, як Госпад наш Ісус Хрыстос мне аб'явіў. Буду намагацца, каб вы, нават пасьля таго, як я адыду, мелі заўсёды ў памяці гэтыя рэчы. Бо мы не ішлі за казкамі і выдумкамі, калі аб'явілі вам магутнасьць і прыйсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, але навучалі, як сьведкі Ягонай велічы. Бо Ён прыняў ад Бога Айца гонар і хвалу, калі прыйшоў вось такі голас да Яго ад Велічнай Славы: "Гэта Сын Мой любы, Яго Я ўспадабаў". І мы чулі, як гэты голас прыйшоў з неба, калі мы былі з Ім на сьвятой гары. Маем і мацнейшае, прароцкае, слова. Вы добра робіце, што трываеце пры ім, як пры сьветачы, што сьвеціць у цёмным месцы, аж пакуль не пачне днець, і раньняя зорка ня ўзыдзе ў вашых сэрцах. (1:10-19)
Ліцьця (Тон 4). Сам Госпад назваў цябе шчасьлівым і даў табе ключы валадарства свайго. Дзеля гэтага мы, верныя, славім цябе, апостале Пётра, і пакланяемся пачэсным кайданам тваім, якія ты насіў за Хрыста. "Зьвяжуць цябе і павядуць, куды ня хочаш ісьці" – Госпад прадказаў табе, Пётра, і загадаў ісьці сьледам за Ім. І ты, распалены любоўю, пайшоў за Ім, не збаяўшыся кайданоў і крыжа, што чакалі цябе. Ты поўны славы і сьвятасьці, годны подзіву апостале Пётра. З вераю прымаем словы твайго навучаньня, і пакланяемся боскім кайданам тваім, якімі ты запячатаў тваю бязьмежную любоў да Госпада, за якога ты паказаў гатоўнасьць памерці. Слава...: (Тон 5). Камень царкоўны, Пятра ўсяхвальнага ўславім, верныя, і паклонімся ягоным пачэсным кайданам. Ён прасьвятліў увесь сьвет сваім навучаньнем, і даў нам прыклад сапраўднага каяньня і любові да Госпада. Цяпер...: Бласлаўляем Цябе, Багародзіца Дзева, мы верныя, і дастойна славім Цябе, як непахісную сьцяну, надзейную заступніцу і прыстанішча душ нашых.
Вершапесьні (Тон 4). Як найвышэйшага сярод апосталаў і ключара валадарства нябеснага, славім з вераю цябе, апостале Пётра, і цалуем кайданы, якія ты, быццам злачынца, насіў, каб разьбіць злачынныя намеры ворага. Маліся, каб нам выбавіцца ад ягоных сецяў. Верш. Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх. Калі Збаўца спытаўся ў вучняў сваіх: "За каго лічаць Мяне людзі?", ты, Пётра, найвышэйшы з апосталаў, сьмела адказаў: "Ты – Хрыстос, Сын Бога жывога". Дзеля гэтага славім цябе, бо ты атрымаў з неба адкрыцьцё і ўладу вязаць і разьвязваць. Верш. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл. (Тон 8). Пакінуўшы лоўлю рыбаў, ты атрымаў з неба ад Айца Боскае адкрыцьцё уцелаўленьня Слова і сьмела ўсклікнуў з вераю Творцы твайму: "Ведаю Цябе, як адзінасутнага Сына Божага". Дзеля гэтага ты, Пётра апостале, слушна быў названы Каменем веры і Ключаром ласкі. Малі Хрыста Бога даць адпушчэньне грахоў тым, што славяць цябе і з любоўю цалуюць пачэсныя кайданы твае. Слава...: (Тон 6). Пётра, камень веры, паказвае нам сёньня, як вялікі скарб, свае кайданы для ацаленьня немачаў, пацяшэньня сумных, і дапамогі для ўсіх у патрэбе. Дык прыйдзіце ўсе, будзем маліць Таго, хто праславіў яго: "Малітвамі Пятра, Хрысьце, збаў душы нашыя". Цяпер...: Багародзічны. Творца і Збаўца мой, Усячыстая, Госпад Хрыстос выйшаў з улоньня Твайго, у мяне апрануўся і ад першага Адамавага праклёну вызваліў. Дзеля гэтага Табе, Багародзіца, як Маці Божай і Дзеве, разам з анёламі нязмоўкна ўсклікаем: "Радуйся!" Радуйся, Уладарка, Заступніца, Абарона і Збаўленьне душ нашых!
Адпушчальныя трапары
1. Калі ёсьць ліцьця і блаславеньне хлябоў: Трапар Пятра (тон 4): Рыму не пакінуўшы, ты наведаў нас кайданамі, якія ты, першы сярод апосталаў, насіў за Хрыста. Пакланяемся ім з вераю і молімся, каб Бог малітвамі тваімі дараваў нам багацьце свайго зьмілаваньня. (Двойчы) Багародзіца Дзева, радуйся, поўная ласкі, Госпад з Табою. Блаславёная Ты між жанчынаў, і блаславёны Плод улоньня Твайго, бо Ты нарадзіла Збавіцеля душ нашых.
2. Калі няма ліцьці: Трапар Пятра (тон 4): Рыму не пакінуўшы... Слава... цяпер...: Багародзічны. Тайна спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая праз Цябе, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і, пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашыя.
Ютрань
Пасьля "Госпад – Бог...": трапары як у канцы вячэрні.
Сядальная песьня 1 (тон 4). "Я Пастыр добры, – кажа Госпад Ісус, – душу маю кладу за авечак маіх. Калі любіш мяне, Пётра, больш чым яны, пасі авечак Маіх, пасі ягнятаў Маіх". Падвойны запавет любові прыняў ты, апостале Пётра, ад Начальніка пастыраў, за якім ты пайшоў, не збаяўшыся мукаў, якія ты пацярпеў за Яго. Слава... цяпер...: Надзея непахісная тых, што спадзяюцца на Цябе, адзіная, што нарадзіла звышпрыродна Хрыста Бога нашага, разам з апосталамі малі Яго даць сьвету ачышчэньне правінаў, і усім нам перш, як прыйдзе канец, направу жыцьця.
Сядальная песьня 2 (тон 4). Ты быў схоплены сьвятарамі і старшынямі гэбрэйскімі, пабіты і ўкінуты ў вязьніцу разам з Хрысталюбівым Янам; табе забаранілі ўспамінаць імя Ісуса і навучаць верыць у Яго. Ты ж, блаславёны Пётра апостале, узброіўшыся ў непахісную веру, перад іхнім зборышчам, быццам каменем з прашчы, прароцкімі словамі абвясьціў Госпада Ісуса; і адышоў ад іх, з радасьцю пацярпеўшы за Ісуса раны і насьмешкі. Слава... цяпер...: Надзейную Заступніцу тых, што ў бедах, нашую Памочніцу і Хадайніцу перад Богам, дзякуючы якой мы вызваліліся ад тленнасьці, Багародзіцу верна ўславім.
Паліелей: Хваліце імя Гасподняе...
Узьвялічваньне: Узьвялічваем цябе, апостале Хрыстовы Пётра, і з любоўю цалуем пачэсныя кайданы твае, якія ты насіў за Хрыста. Верш 1. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл. Верш 2. Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх. Верш 3. Ад усходу сонца да захаду хай будзе праслаўленае імя Гасподняе. Верш 4. Госпад сілу людзям сваім дае, Госпад бласлаўляе людзей сваіх супакоем. Слава... цяпер...: Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)
Сядальная песьня (тон 8). Ірад вызьверыўся і ўзьняў руку на цябе, пахвалы годны апостале Пётра. Схапіўшы, ён загадаў трымаць цябе закаванага ў вязьніцы пад строгаю вартаю, пакуль міне пасха гэбрэйская, каб тады аддаць цябе на сьмерць. Але яшчэ не настаў час і месца мукаў тваіх. Таму анёл прыйшоў да цябе і загадаў рыхтавацца ў дарогу і, правёўшы цябе праз моцныя замкі, зьнікнуў. Ты ж, пазнаўшы, што збаўленьне прыйшло ад Бога, аддаў славу Яму. Слава... цяпер...: (Тон 8). Беззаганная Нявеста Творцы, Маці Збавіцеля, што мужа ня знала, усяхвальная скарбніца Пацяшыцеля, спяшайся вызваліць мяне, агіднае жыльлё беззаконьня, чый розум стаўся пацехаю для бесаў, і зрабі мяне сьветлым жыльлём дабрадзейнасьцяў і нятленных багацьцяў. Малітвамі Тваімі адгані ад мяне хмару пажадлівасьцяў, і ўчыні годным незаходнага сьвятла і ўдзелу ў вышэйшым жыцьці.
Узыходная песьня: першы антыфан 4 тону.
Пракімен: Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і а аж да канцоў сьвету словы іх. Верш. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна Сказаў Госпад да гэбрэяў, якія прыйшлі да Яго: "Словы, якія кажу вам, ёсьць Дух і жыцьцё. Але ёсьць сярод вас такія, што ня вераць". Бо ведаў Ісус ад пачатку, хто ня верыць і хто прадасьць Яго. І таму сказаў: "Ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі гэта ня будзе яму дадзенае ад Айца Майго". З таго часу многія з Ягоных вучняў адышлі ад Яго і ўжо больш не хадзілі з Ім. Тады Ісус сказаў дванаццацём: "Ці ня хочаце і вы адысьці?" Сыман Пётра адказаў Яму: "Госпадзе! Да каго мы пойдзем? Ты ж маеш словы жыцьця вечнага. І мы пазналі і ўверылі, што Ты – Хрыстос, Сын Бога жывога". (8:63-69)
Пасьля Пс 50: Слава...: Малітвамі сьвятога апостала Пятра, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых. Цяпер...: Малітвамі Багародзіцы, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых. Зьмілуйся нада мною, Божа...: (Тон 6). Першы апостале Пётра, верны ключар Хрыстовы, пастыр пастыраў, прыклад каяньня для грэшнікаў, поўны любові да Ісуса, камень Царквы Божае, непераможны мучанік, малі Хрыста Бога даць нам адпушчэньне грахоў.
Канон (тон 4) Песьня 1 Ірмас. Людзі ізраільскія сухімі нагамі мокрую глыбіню Чырвонага Мора перайшлі; убачыўшы, як вершнікі і калясьніцы ворагаў патанулі, яны радасна запяялі: "Пяем Богу нашаму, бо Ён уславіўся". Уся Царква Хрыстовая сьвяткуе ў духу, добраславіць з вераю і цалуе твае, апостале, пачэсныя кайданы, якімі ты дзеля любові быў зьвязаны, сам зьвязаўшы мучыцеля. З глыбіні спакусы ты, Пётра, выцягваў людзей як рыбы, і прыводзіў іх да Таго, хто паклікаў цябе ад рыбацтва і паставіў найвышэйшым апосталам. Дзеля гэтага цалуем кайданы, якія ты насіў. Ты, Пётра, умацаваў вераю душы верных, разбурыў ідальскія сьвятыні і збудаваў цэрквы, дзе заўсёды шануюць цябе і твае кайданы. Слава... цяпер...: Зброя хітрага ворага саслабла, калі была прабітая кап'ём Слова, што пасялілася ў чыстым улоньні Тваім, Багародзіца Дзева. Малю Цябе, дай, каб сэрца маё было параненае жаданьнем Яго. Катавасія. Сонечныя промні калісьці асьвятлілі зямлю, што была ў глыбіні марской: бо вада па двух бакох сталася быццам сьцяна, а людзі перайшлі мора пехатою, сьпяваючы Богапрыемную песьню: "Пяём Госпаду, бо Ён уславіўся!"
Песьня 3 Ірмас. Лук сільнага саслаб, а немачны аперазаўся сілаю. Дзеля гэтага маё сэрца ўмацавалася ў Госпадзе. Прасветлены чыстым Боскім Сьвятлом, ты, Пётра, стаўся другім сьвятлом, што прасьвятляе нашыя душы. Ты, найвышэйшы апостале, непарушная аснова догмаў, умацаваў законы Хрыстовыя і беззаконных добрых нораваў навучыў. Ты, Пётра, прапаведаваў Бога, які цярпеў за нас і быў расьпяты на крыжы. Дзеля гэтага шануем кайданы, якія ты насіў за Яго. Слава... цяпер...: Сьмерць устрымала сваё няўстрымнае імкненьне да Цябе, бо Ты нарадзіла Крыніцу несьмяротнасьці, Багародзіца Маці Дзева. Катавасія. Ты, Госпадзе, – умацаваньне тых, што спадзяюцца на Цябе. Умацуй Царкву Тваю, якую Ты набыў крывёю сваёю.
Сядальная песьня (Тон 4). Хвалім цябе, апостале Пётра, як найвышэйшага сярод мудрых апосталаў і ключара нябеснага валадарства, і цалуем з чыстым сумленьнем кайданы твае, якія ты насіў, быццам злачынца. Ты, што суцішаеш закалоты варожыя, дай і нам выбавіцца ад іх малітвамі тваімі. Слава... цяпер...: Ты, Усячыстая, – вышэйшая за хэрувімаў і сэрафімаў, больш прасторная за неба і зямлю, больш пачэсная за ўсе стварэньні бачныя і нябачныя, бо Ты зьмясціла ва ўлоньні сваім Таго, каго неба зьмясьціць ня можа. Малі Яго за збаўленьне слугаў Тваіх.
Песьня 4 Ірмас. Дзеля любові да створанага Табою на вобраз Твой, Ты ўзышоў на крыж. Чалавекалюбны Госпадзе, Ты – мая сіла і пахвала. Ты, найвышэйшы апостале, аснова веры, прапаведаваў веліч Уладара і прывёў да боскай веры непакорлівых людзей. Тваё хаджэньне па водах, Пётра, было выклікана любоўю да Таго, хто хадзіў па іх і паказаў табе Боскія сьцежкі. Кайданы, якія ты, блаславёны Пётра, насіў, – лекі ад многіх немачаў. Таму цалуем іх з пашанаю. Слава... цяпер...: Уладар усіх пасяліўся ў Тваім улоньні быццам у хораме, і прыняў цела ад Цябе, Беззаганная Дзева. Катавасія. Ласка Твая, Хрысьце, пакрыла нябёсы. Выйшаўшы з каўчэга сьвятасьці – Твае ўсячыстае Маці, – Ты явіўся як Дзіця на руках у сьвятыні славы Тваёй, і ўвесь сьвет напоўніўся хвалой Тваёй.
Песьня 5 Ірмас. Пашлі нам, добры Госпадзе, прасьвятленьне Тваё, туман правінаў нашых разгані і дай нам Твой супакой. Боскім адкрыцьцём ты, усяхвальны, вызнаў беспачатнага з Айцом Сына, і за гэта сам Госпад назваў цябе шчасьлівым. Калі ты, Пётра, убачыў на гары Табор сьвятло, ясьнейшае за сонца, ты быў прасьветлены існым Сьвятлом ад Сьвятла, і верных прасьвятліў. Ты, Пётра, прапаведаваў мёртвага трохдзённага Хрыста, дзеля якога ты насіў кайданы. Мы пакланяемся ім і набожна шануем цябе. Слава... цяпер...: Ацяжэлага бярэмям шматлікіх грахоў, аблягчы мяне, Усячыстая, каб мне насіць лягчэйшае іга Хрыстовае. Катавасія. Ісая ўбачыў вобразна на пасадзе Бога, якога ўзносілі ў славе хэрувімы, і ўсклікнуў: "Гора мне, бо я бачыў перадчасна Бога, які мае прыйсьці ў целе, Госпада незаходнага Сьвятла і Уладара сьвету!"
Песьня 6 Ірмас. Прарок Ёна явіў вобраз трохдзённага ўваскрасеньня, калі ў нутры кіта маліўся: "Ад тленнасьці вызвалі мяне, Ісусе, Уладару сілаў". Ты пацярпеў укрыжаваньне ўніз галавой, і накіраваў ногі твае на шлях, што вядзе да неба. Умацуй і нас, вучню Хрыстовы, заўсёды хадзіць па ім. Калі ты быў зьвязаны дзеля непрамінальнага жыцьця, ты кайданы ворага, які зьвязаў цябе, разарваў. Дзеля гэтага шануем цябе. Малі, блаславёны, Уладара ўсяго стварэньня, каб Ён паслаў ачышчэньне, супакой і зьмілаваньне ўсім, што славяць цябе, бо ты Ягоны любы вучань. Слава... цяпер...: Праайцец Адам скінуў скураную вопратку мёртвасьці, калі Творца апрануўся ў яе, узяўшы невыказна цела ад Цябе, Усебеззаганная. Катавасія. Стары Сямён убачыў на ўласныя вочы Збаўленьне, што прыходзіць ад Бога да людзей, і ўсклікнуў: "Ты, Хрысьце, – Бог мой!"
Кандак (тон 2). Вярхоўнага і першага сярод апосталаў, Богам натхнёнага пасьлядоўніка праўды, Пятра вялікага ўсхвалім і з вераю цалуем кайданы яго, адпушчэньня правінаў просячы. Ікас. Які язык можа належна ўсхваліць слаўнага і вялікага вучня Гасподняга? Які розум уславіць таго, каго Боскае Слова ўшанавала ласкаю сваёю? Тым ня менш асьмельваюся ўзяцца за непасільную справу. Дык хадзеце, сьвяталюбцы, пабожна ўсхвалім у песьнях першапасаднага, просячы адпушчэньня правінаў.
Песьня 7 Ірмас. Юнакі Абрагамавы некалі ў Бабілёне полымя ў печы за нішто палічылі і ўсклікнулі: "Айцоў нашых Божа, блаславёны Ты!" Як вязень Хрыстовы, ты дасьведчыў кайданоў. Дзеля гэтага, Пётра, мы з вераю пакланяемся ім, бо яны разьвязваюць нашыя жарсьці. Як сьведка Хрыстовы, ты, Пётра, апосталаў слава, абышоў, быццам сонца, увесь сьвет і разагнаў цёмную ноч мнагабожжа. Ты жыў на славу Хрысту, Пётра слаўны, і даказаў гэта сваімі пакутамі. Дзеля гэтага славім цябе, і пакланяемся кайданам, якімі ты быў зьвязаны. Слава... цяпер...: Той, хто зышоў на зямлю, быццам дождж, напаіў богаразуменьнем увесь сьвет, і паказаў Цябе, Усячыстая, больш пачэснаю за анёлаў. Катавасія. Цябе, які паслаў расу юнаком, што ў печы бласлаўлялі Цябе, і пасяліўся ў дзявочым улоньні, Бога-Слова, славім і набожна пяём: "Блаславёны Бог айцоў нашых!"
Песьня 8 Ірмас. Ты, усемагутны Збавіцелю ўсіх, паслаў расу пабожным юнаком сярод полымя, і навучыў іх пяяць: "Усе стварэньні, блаславіце і ўзьвялічвайце Госпада". Ты, Пётра, зьмякчаў жорсткія сэрцы і рабіў іх добраплоднымі для Творцы ўсяго стварэньня, які даручыў табе боскія ключы вязаць і адпушчаць правіны. Непахісны камень веры, Пётра блаславёны, ахоўвай поўню Царквы, адганяй ад верных спакусы, выпрасі для іх згоду і супакой. Ты сьмела прапаведаваў Таго, хто пакутамі сваімі зьвязаў пекла. Дзеля гэтага, блаславёны Пётра, цалуем кайданы твае і імі ачышчаемся. Славім Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, Бога. Як анёлы нябесныя, усклікнем тройчы сьвятымі галасамі і ўславім першапрычыну ўсяго, – Айца, і Сына, і Духа, адзінае Боства, адзіную сілу, адзінае дзеяньне. Цяпер...: Прарок бачыў цябе, Багародзіца, як духоўны сьвечнік, што носіць Боскую сьвечку, што прасьвятляе азмрочаных многімі правінамі. Катавасія. Багабойныя юнакі стаялі непашкоджаныя сярод нясьцерпнага агню і пяялі Боскую песьню: "Блаславіце Госпада, усе творы Гасподнія, і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"
Песьня 9 Ірмас. Сынараджэньне Тваё было нятленным. Бог з улоньня Твайго прыйшоў і явіўся ў целе на зямлі, і пажыў з людзьмі. Дзеля гэтага, Багародзіца, узьвялічваем Цябе. Ты ўдастоіўся бачыць тое, што мае быць, і прыняў узнагароду за подзьвігі твае ад Бога Чалавекалюбца, чые пакуты ты паўтарыў у целе тваім. Ты быў разам з Сынам на гары Табор, і там удастоіўся чуць голас Айца, які сьведчыў аб Ім. Сэрца тваё, Пётра, ачышчанае Боскім Духам, слаўна зазьзяла. Будзь, Пётра, ачышчэньнем для нас, якія з любоўю шануем цябе і кайданы твае цалуем, і выпрасі адпушчэньне правінаў і асалоду нябеснага валадарства. Слава... цяпер...: Ты, усячыстая Дзева Маці, – жыльлё Сьвятла, дык настаў Сьвятлом мяне, пацямнелага ад варожых спакусаў, каб мне з вераю ўзьвялічваць Цябе. Катавасія. Пад покрывам Закону і Пісаньняў вобраз нам, верным, дадзены: кожны сын першародны Богу пасьвячаецца. Дзеля гэтага мы ўзьвялічваем Першароднае Слова спрадвечнага Бога, Сына першароднага Дзевы Маці.
Экзапастыляр. Кайданамі грэшных пажаданьняў зьвязанага, мяне, няшчаснага, разьвяжы, галава апосталаў, блаславёны Пётра, як табе некалі разьвязаў кайданы анёл Божы і вывеў з вязьніцы, дзе ты быў зачынены. Слава... цяпер...: Дзева беззаганная, Ты сталася Маці, калі Ты нарадзіла надпрыродна Бога і Чалавека. Тваё сынараджэньне было збаўленьнем для тых, што пяюць: "Слава, пашана і пакланеньне належыцца Тройцы недасяжнай і Боскай".
Пахвальныя псалмы (Тон 4). Ты, Пётра слаўны, тройчы выракся Хрыста, але Ён патройным запытаньнем ацаліў тваю віну і явіў цябе ўмацаваньнем многіх, што пахіснуліся. Боскі ключар Пётра, адчыні ўваход у валадарства для тых, што на зямлі з вераю шануюць цябе і цалуюць твае пачэсныя кайданы, якімі ты быў зьвязаны. Бласлаўляем цябе, найвышэйшы Пётра апостале, і цалуем кайданы твае, якія ты насіў, быццам злачынца, і якімі зьвязаў князя цемры. Хрыстос-Слова Божае, які зьявіўся ад Айца, спытаўся ў вучняў сваіх: "За каго Мяне лічыце?" "Ты – Сын Бога жывога" – ты, Пётра, адказаў за ўсіх. Тады Госпад сказаў: "Шчасьлівы ты, Пётра, сыне Ёны, ты атрымаў узнагароду". Бо Бог, які праслаўляе тых, што славяць Яго, і кліча да ўдзелу ў Ягоных дабротах, паклаў цябе як непарушную скалу, на якой заснаваў і ўмацаваў Царкву сваю. Слава...: (Тон 4). Патройным запытаньнем: "Пётра, ці любіш Мяне?", Хрыстос выправіў патройнае тваё адрачэньне. Ты ж, Сымоне, усклікнуў да Таго, хто ведае тайны сэрцаў: "Госпадзе, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што люблю Цябе!" Тады Збавіцель табе ў адказ: "Пасі авечак Маіх, пасі выбраных Маіх, пасі ягнятаў Маіх, якіх Я падрыхтаваў для збаўленьня". Дзеля гэтага, блаславёны апостале Божы, малі Яго цяпер, каб Ён дараваў нам багацьце свайго зьмілаваньня. Цяпер...: Маючы Цябе, Багародзіца, нашай надзейнай Заступніцай, не баімся варожых подступаў, бо Ты збаўляеш душы нашыя.
Пасьля Вялікага Услаўленьня: Трапар Пятра (тон 4): Рыму не пакінуўшы, ты наведаў нас кайданамі, якія ты, першы сярод апосталаў, насіў. Мы ж, пакланяючыся ім з вераю, молімся, каб малітвамі тваімі Бог дараваў нам багацьце свайго зьмілаваньня. Багародзічны: Тайна спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая праз Цябе, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і, пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашыя.
Літургія
Трапары Трапар Пятра (тон 4): Рыму не пакінуўшы, ты наведаў нас кайданамі, якія ты, першы сярод апосталаў, насіў. Мы ж, пакланяючыся ім з вераю, молімся, каб малітвамі тваімі Бог дараваў нам багацьце свайго зьмілаваньня. Кандак (тон 2): Вярхоўнага і першага сярод апосталаў, Богам натхнёнага пасьлядоўніка праўды, Пятра вялікага ўсхвалім і вераю цалуем кайданы яго, адпушчэньня правінаў просячы.
Пракімен (Пс 18:5,2). Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх. Верш. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.
Чытаньне Апостальскіх Дзеяньняў У той час цар Ірад падняў руку, каб мучыць некаторых з царквы. Ён забіў мячом Якуба, брата Яна. Убачыўшы, што гэта спадабалася гэбрэям, ён наважыўся ўзяць і Пятра. А былі дні праснакоў. Схапіўшы, ён пасадзіў яго ў вязьніцу і загадаў чатыром чацьвёркам жаўнераў сьцерагчы яго, намерваючыся пасьля Пасхі вывесьці яго да народу. Дык вось Пятра пільнавалі ў вязьніцы, а царква няспынна малілася за яго Богу. У ноч, калі Ірад меўся вывесьці яго, Пётра спаў між двух жаўнераў, скаваны двума ланцугамі, ды перад брамаю варта пільнавала вязьніцу. І вось зьявіўся анёл Гасподні, і сьвятло зазьзяла ў будынку. Штурхнуўшы Пятра ў бок, ён разбудзіў яго і сказаў: "Уставай хутчэй!" І зваліліся з рук ягоных ланцугі. А анёл сказаў яму: "Падперажыся і надзень твае сандалі". А калі той зрабіў гэта, сказаў: "Накінь плашч твой і ідзі за мною". І, выйшаўшы, Пётра пайшоў за ім. І ня ведаў, ці праўда тое, што сталася праз анёла: яму здавалася, што бачыць прывід. Абмінуўшы першую варту і другую, яны падышлі да жалезнай брамы, што вяла да места, і яна сама сабой расчыніліся. Выйшаўшы, яны прайшлі адну вуліцу, і анёл зьнячэўку зьнік. Пётра, прыйшоўшы да сябе, сказаў: "Цяпер ведаю сапраўды, што Госпад паслаў анёла свайго і выхапіў мяне з рукі Ірада і ўсяго, чаго чакаў народ гэбрэйскі". (12: 1-11)
Алілуя (Пс 88:6,8). Нябёсы славяць цуды Твае, Госпадзе, і вернасьць Тваю – хоры сьвятых. Верш. Бог праслаўлены ў мностве сьвятых.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна У той час зьявіўся Ісус вучням сваім, уваскросшы з мёртвых, і кажа Сымону Пятру: "Сымоне, сыне Ёны, ці любіш Мяне больш, чым яны?" Адказаў Яму: "Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што люблю Цябе". Кажа яму: "Пасі ягнятаў Маіх". Зноў кажа яму другі раз: "Сымоне, сыне Ёны, ці любіш мяне?" Кажа Яму: "Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што люблю Цябе". Кажа яму: "Пасі авечак Маіх". Кажа яму трэці раз: "Сымоне, сыне Ёны, ці любіш ты Мяне?" Засумаваў Пётра, што Ён сказаў яму трэці раз: "Ці любіш Мяне?" І сказаў Яму: "Госпадзе, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што люблю Цябе". Кажа яму Ісус: "Пасі авечак Маіх. Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, дык падпярэзваўся сам і ішоў, куды хацеў; калі ж пастарэеш, працягнеш твае рукі, і іншы падпярэжа цябе і павядзе, куды ня хочаш". Гэта Ён сказаў, даючы зразумець, якой сьмерцю ён праславіць Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: "Ідзі сьледам за Мною". Павярнуўшыся, Пётра ўбачыў, што за ім ідзе вучань, якога любіў Хрыстос, той самы, які на вячэры прыпаў да Ягоных грудзей і сказаў: "Госпадзе, хто прадасьць Цябе?" Дык, угледзеўшы яго, Пётра кажа Ісусу: "Госпадзе, а ён што?" Кажа яму Ісус: "Калі я хачу, каб ён застаўся, пакуль Я прыйду, што табе да гэтага? Ты ідзі за Мною". І разышлося гэтае слова сярод братоў, што вучань гэты не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што не памрэ, але: "Калі хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да гэтага?" Гэта і ёсьць той вучань, які сьведчыць пра гэта і напісаў гэта. І мы ведаем, што сьведчаньне ягонае праўдзівае. Ёсьць шмат іншага, што зрабіў Ісус: калі б пра ўсё гэта напісаць, дык думаю, што і ўвесь сьвет не зьмясьціў бы гэтых напісаных кнігаў. (21:15-25)
Прычасьнік. Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету – словы іх. Алілуя, алілуя, алілуя. Вярнуцца назад |