Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 16 студзеня - Пакланеньне кайданам апостала Пятра


 

 

16 студзеня - Пакланеньне кайданам апостала Пятра

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 4). Зьвязаны за Госпада і пасаджаны у вязьніцу, ты, апостале, зьвязаў усе спакусы. З любоўю і вераю цалуем кайданы твае, ад якіх атрымліваем здароўе цялеснае і збаўленьне душы, і славім цябе, як найвышэйшага апостала і суразмоўцу анёлаў. (Двойчы)

Праз цябе першага многія народы, апанаваныя нярозумам, атрымалі разуменьне Праўды, бо табе быў паказаны посуд, поўны ўсялякіх жывёлаў, што зыходзіў з вышыні. Таму ўсякі род славіць цябе і пакланяецца кайданам, якія ты насіў за Хрыста. (Двойчы)

Ты, апостале, уславіў уваскрослага Хрыста, – якога ты раней выракся, калі той быў пад судом, – і прапаведаваў Яго па ўсёй зямлі як Бога і Чалавека, што ў вялікай дабрыні сваёй стаўся саўдзельнікам нашай прыроды. Таму з любоўю славім цябе і пакланяемся кайданам, якія ты, слаўны, насіў за Хрыста. (Двойчы)

Слава...:

(Тон 6). Сёньня аснова Царквы, камень веры Пётра паказвае нам свае пачэсныя кайданы для нашага духоўнага аздараўленьня. Прыйдзеце ўсе, пацалуем іх і пахвальнымі песьнямі ўславім яго: Радуйся, шчыры барацьбіт за веру, які гарачым розумам сьмела вызнаў Хрыста як Сына Божага; Радуйся, радасьць сусьветная, нябеснага валадарства ключару, што даеш ласку тым, якія шануюць цябе і сьвятыя твае кайданы ў думках цалуюць. Стоячы перад пасадам Уладара ўсіх Хрыста, маліся за нас, якія спраўляем памяць тваю.

Цяпер...:

Дагматык (тон 6). Хто Цябе не назаве шчасьліваю, Найсьвятая Дзева; хто ня будзе славіць, Чыстая, мацярынства Тваё? Адзінародны Сын, што спрадвеку зазьзяў ад Айца, ад Цябе, прыняўшы цела, у невыказны спосаб нарадзіўся. Праўдзівы Бог, Ён стаўся праўдзівым чалавекам дзеля нас, непадзельны на дзьве асобы, але ў дзьвюх нязьлітных прыродах пазнавальны. Малі Яго, Чыстая і Блаславёная, даць зьмілаваньне душам нашым.


Чытаньне першага лісту Сьвятога Апостала Пятра

Браты, хай будзе блаславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста. Ён, у вялікай міласэрнасьці сваёй, цераз уваскрасеньне з мёртвых Ісуса Хрыста, нанова нарадзіў нас да жывой надзеі, да спадчыны незьнішчальнай і чыстай, што ніколі не завяне, якая прызначаная для нас у небе. Сілаю Божаю праз веру вы захаваныя для збаўленьня, якое мае аб'явіцца ў апошні час. Дзеля гэтага цешцеся, хоць цяпер вам і прыходзіцца зазнаць суму з прычыны розных выпрабаваньняў. Цераз гэта вартасьць веры вашай станецца больш каштоўнай за золата – якое, хоць і выпрабоўваецца агнём, але падуладнае зьнішчэньню, – на славу і хвалу ў аб'яўленьні Ісуса Хрыста. Вы, ня бачыўшы, любіце Яго; і верыце ў Яго, хоць ня бачыце, а будзеце цешыцца радасьцю вялікай і поўнай хвалы, калі асягнеце мэту вашай веры – збаўленьне душаў. (1, 1:3-9)


Чытаньне першага лісту Сьвятога Апостала Пятра

Мілыя мае, падперазаўшы паясьніцы розуму вашага, будзьце цьвярозымі, мейце дасканалую надзею на ласку, якая будзе вашым удзелам у аб'яўленьні Ісуса Хрыста. Як паслушныя дзеткі, не кіруйцеся вашымі ранейшымі пажаданьнямі, калі вы былі яшчэ несьвядомымі, але усім вашым паступаньнем станьцеся сьвятымі на прыклад Сьвятога, які вас паклікаў; бо напісана: "Будзьце сьвятымі, бо Я сьвяты". Бо калі вы называеце Айцом Таго, які судзіць кожнага паводле ўчынкаў яго, не ўзіраючыся на аблічча, дык у страху праводзьце час прабываньня вашага тут на чужыне. Вы ведаеце, што вы былі выкупленыя ад вашых благіх звычаяў, атрыманых у спадчыну ад продкаў вашых, не недаўгавечным срэбрам ці золатам, але бясцэннаю крывёю Хрыста, быццам беззаганнага і чыстага Ягняці. (1:13-19)


Чытаньне другога лісту Сьвятога Апостала Пятра

Браты, старайцеся ўзмоцніць ваша пакліканьне і выбар. Так робячы, ніколі не ўпадзеце. У такі спосаб будзе вам шырока адчынены ўваход да вечнага валадарства Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Вось чаму буду заўсёды нагадваць вам пра гэта, хоць вы гэта знаеце і ўмацаваныя ў гэтай праўдзе. Лічу слушным, пакуль я ў гэтым целе, абуджаць вашую памяць, бо ведаю, што неўзабаве мне прыйдзецца пакінуць цела маё, як Госпад наш Ісус Хрыстос мне аб'явіў. Буду намагацца, каб вы, нават пасьля таго, як я адыду, мелі заўсёды ў памяці гэтыя рэчы. Бо мы не ішлі за казкамі і выдумкамі, калі аб'явілі вам магутнасьць і прыйсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, але навучалі, як сьведкі Ягонай велічы. Бо Ён прыняў ад Бога Айца гонар і хвалу, калі прыйшоў вось такі голас да Яго ад Велічнай Славы: "Гэта Сын Мой любы, Яго Я ўспадабаў". І мы чулі, як гэты голас прыйшоў з неба, калі мы былі з Ім на сьвятой гары. Маем і мацнейшае, прароцкае, слова. Вы добра робіце, што трываеце пры ім, як пры сьветачы, што сьвеціць у цёмным месцы, аж пакуль не пачне днець, і раньняя зорка ня ўзыдзе ў вашых сэрцах. (1:10-19)


Ліцьця

(Тон 4). Сам Госпад назваў цябе шчасьлівым і даў табе ключы валадарства свайго. Дзеля гэтага мы, верныя, славім цябе, апостале Пётра, і пакланяемся пачэсным кайданам тваім, якія ты насіў за Хрыста.

"Зьвяжуць цябе і павядуць, куды ня хочаш ісьці" – Госпад прадказаў табе, Пётра, і загадаў ісьці сьледам за Ім. І ты, распалены любоўю, пайшоў за Ім, не збаяўшыся кайданоў і крыжа, што чакалі цябе.

Ты поўны славы і сьвятасьці, годны подзіву апостале Пётра. З вераю прымаем словы твайго навучаньня, і пакланяемся боскім кайданам тваім, якімі ты запячатаў тваю бязьмежную любоў да Госпада, за якога ты паказаў гатоўнасьць памерці.

Слава...:

(Тон 5). Камень царкоўны, Пятра ўсяхвальнага ўславім, верныя, і паклонімся ягоным пачэсным кайданам. Ён прасьвятліў увесь сьвет сваім навучаньнем, і даў нам прыклад сапраўднага каяньня і любові да Госпада.

Цяпер...:

Бласлаўляем Цябе, Багародзіца Дзева, мы верныя, і дастойна славім Цябе, як непахісную сьцяну, надзейную заступніцу і прыстанішча душ нашых.


Вершапесьні

(Тон 4). Як найвышэйшага сярод апосталаў і ключара валадарства нябеснага, славім з вераю цябе, апостале Пётра, і цалуем кайданы, якія ты, быццам злачынца, насіў, каб разьбіць злачынныя намеры ворага. Маліся, каб нам выбавіцца ад ягоных сецяў.

Верш. Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх.

Калі Збаўца спытаўся ў вучняў сваіх: "За каго лічаць Мяне людзі?", ты, Пётра, найвышэйшы з апосталаў, сьмела адказаў: "Ты – Хрыстос, Сын Бога жывога". Дзеля гэтага славім цябе, бо ты атрымаў з неба адкрыцьцё і ўладу вязаць і разьвязваць.

Верш. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.

(Тон 8). Пакінуўшы лоўлю рыбаў, ты атрымаў з неба ад Айца Боскае адкрыцьцё уцелаўленьня Слова і сьмела ўсклікнуў з вераю Творцы твайму: "Ведаю Цябе, як адзінасутнага Сына Божага". Дзеля гэтага ты, Пётра апостале, слушна быў названы Каменем веры і Ключаром ласкі. Малі Хрыста Бога даць адпушчэньне грахоў тым, што славяць цябе і з любоўю цалуюць пачэсныя кайданы твае.

Слава...:

(Тон 6). Пётра, камень веры, паказвае нам сёньня, як вялікі скарб, свае кайданы для ацаленьня немачаў, пацяшэньня сумных, і дапамогі для ўсіх у патрэбе. Дык прыйдзіце ўсе, будзем маліць Таго, хто праславіў яго: "Малітвамі Пятра, Хрысьце, збаў душы нашыя".

Цяпер...:

Багародзічны. Творца і Збаўца мой, Усячыстая, Госпад Хрыстос выйшаў з улоньня Твайго, у мяне апрануўся і ад першага Адамавага праклёну вызваліў. Дзеля гэтага Табе, Багародзіца, як Маці Божай і Дзеве, разам з анёламі нязмоўкна ўсклікаем: "Радуйся!" Радуйся, Уладарка, Заступніца, Абарона і Збаўленьне душ нашых!


Адпушчальныя трапары

1. Калі ёсьць ліцьця і блаславеньне хлябоў:

Трапар Пятра (тон 4): Рыму не пакінуўшы, ты наведаў нас кайданамі, якія ты, першы сярод апосталаў, насіў за Хрыста. Пакланяемся ім з вераю і молімся, каб Бог малітвамі тваімі дараваў нам багацьце свайго зьмілаваньня. (Двойчы)

Багародзіца Дзева, радуйся, поўная ласкі, Госпад з Табою. Блаславёная Ты між жанчынаў, і блаславёны Плод улоньня Твайго, бо Ты нарадзіла Збавіцеля душ нашых.

2. Калі няма ліцьці:

Трапар Пятра (тон 4): Рыму не пакінуўшы...

Слава... цяпер...:

Багародзічны. Тайна спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая праз Цябе, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і, пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашыя.


Старонка 1 з 3 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст