Галоўная > Мінэя - Студзень > 18 студзеня - Сьвятаначальнікаў Апанаса і Кірылы, біскупаў Александрыйскіх

18 студзеня - Сьвятаначальнікаў Апанаса і Кірылы, біскупаў Александрыйскіх


2 ліпеня 2008.

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Апанаса (тон 4). Ты цярпеў перасьлед і вялікія цяжкасьці, пакуль не выкараніў ерась Арыя, і не абараніў статак твой ад нязбожнасьці, навучаючы праўдзіва, што Сын і Дух адзінасутныя з Айцом, сьвятаначальніку блаславёны, ойча пачэсны Апанасе.

Бліскучым прапаведаваньнем ты, Апанасе, прасьвятліў тых, што ў цемры, і адагнаў спакусу; як сапраўдны пастыр, ты дбаў нястомна пра чысьціню веры і быў непарушным умацаваньнем сьвятое Царквы. Дзеля гэтага мы ўсе радасна ў песьнях ушаноўваем цябе.

Навучыўшыся з цярплівасьцю ўсялякай дабрадзейнасьці, ты, боганатхнёны Апанасе, атрымаў сьвятое памазаньне Духа і быў сьвятаначальнікам і сапраўдным пастырам, і змагаром за праўдзівую веру. Дзеля гэтага ўся Царква шануе памяць тваю, спраўляючы сьвята і праслаўляючы Збавіцеля.

Кірылы. Ты, Кірыла, жэзлам навучаньняў тваіх адагнаў ад Хрыстовае Царквы духоўных ваўкоў, абгарадзіў яе і ўмацаваў словам, і прадставіў яе Хрысту непарушнаю і непахіснаю. Малі Яго выбавіць ад тленнасьці ўсіх, што з вераю спраўляюць пачэсную памяць тваю.

Блаславёны і баганосны Кірыла, ты прасьвятліў свой розум зьзяньнем Духа, і сам быў быццам прамяністае сонца, што пасылае промні сваіх навучаньняў, прасьвятляе ўсіх верных, і адганяе цемру ерасяў сілаю Таго, хто зазьзяў ад Дзевы.

Дабрынёю словаў тваіх Царква ўся ўпрыгожваецца, добрапачэсна ўзбагачваецца цудоўнымі дабротамі, і шануе сьвятую памяць тваю, сьвяты Кірыла, прававерных пахвала, айцоў вяршыня, абаронца Усесьвятое Багародзіцы на Саборы.

Слава...:

(Тон 6). Уславім Хрыстовага сьвятаначальніка Апанаса, які зьвёў у нішто выдумкі Арыя, і ва ўсім сьвеце ясна прапаведаваў дзяржаву Сьвятое Тройцы, – адзінага і неразьдзельнага ў трох асобах Бога. Ён моліць Яго за нас, якія з вераю спраўляем ягоную памяць.

Цяпер...:

Багародзічны (тон 6). Люты вораг, поўны зайздрасьці, усё змагаецца супраць статку Твайго, Усячыстая, каб прыдбаць сабе спажыву, але Ты, Багародзіца, выбаў нас ад такой бяды.

Або:

Крыжабагародзічны (тон 6). Калі Чыстая Дзева і Маці Твая, Збавіцелю, бачыла, як беззаконныя людзі прыбілі Цябе несправядліва да крыжа, душа Яе была параненая, як прадказаў некалі Сямён.


Вершапесьні актойху

Слава...:

(Тон 3). Быццам залатацечны Ніл, аднайменьнік несьмяротнасьці Апанас навадняе ўсіх залатымі струменямі несьмяротнасьці і навучае пакланяцца адзінадзяржаўнай неразьдзельнай Тройцы. Ён крынічыць боскія навукі, поіць розумы верных, і моліцца за душы нашыя.

Цяпер...:

Багародзічны (тон 3). Багародзіца Дзева Маці, сьвятая між жанчынаў, малі Уладара і Бога, якога Ты нарадзіла, каб Ён збавіў нас у чалавекалюбстве сваім.

Або:

Крыжабагародзічны (тон 3). Калі Ты ўбачыла на крыжы незаходнае Сонца, што зазьзяла з улоньня Твайго і зацьміла промні сонечныя, Ты, прыбітая бязьмерным болем, усклікнула: "Ты, што дабравольна зайшоў, зазьзяй зноў, каб прасьвятліць Мяне і ўвесь сьвет".


Адпушчальны трапар

(Тон 3). Вы зазьзялі ўчынкамі правай веры, усё благое навучаньне пагасілі, і явіліся пераможцамі, правай вераю ўзбагаціўшы ўсіх, Царкву цудоўна ўпрыгожыўшы, і дастойна дасягнулі Хрыста Бога, які дае ўсім веліч зьмілаваньня.


Вярнуцца назад