Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Апанаса (тон 4). Ты цярпеў перасьлед і вялікія цяжкасьці, пакуль
не выкараніў ерась Арыя, і не абараніў статак твой ад нязбожнасьці, навучаючы
праўдзіва, што Сын і Дух адзінасутныя з Айцом, сьвятаначальніку блаславёны, ойча
пачэсны Апанасе.
Бліскучым прапаведаваньнем ты, Апанасе, прасьвятліў тых, што ў цемры, і
адагнаў спакусу; як сапраўдны пастыр, ты дбаў нястомна пра чысьціню веры і быў
непарушным умацаваньнем сьвятое Царквы. Дзеля гэтага мы ўсе радасна ў песьнях
ушаноўваем цябе.
Навучыўшыся з цярплівасьцю ўсялякай дабрадзейнасьці, ты, боганатхнёны
Апанасе, атрымаў сьвятое памазаньне Духа і быў сьвятаначальнікам і сапраўдным
пастырам, і змагаром за праўдзівую веру. Дзеля гэтага ўся Царква шануе памяць
тваю, спраўляючы сьвята і праслаўляючы Збавіцеля.
Кірылы. Ты, Кірыла, жэзлам навучаньняў тваіх адагнаў ад Хрыстовае
Царквы духоўных ваўкоў, абгарадзіў яе і ўмацаваў словам, і прадставіў яе Хрысту
непарушнаю і непахіснаю. Малі Яго выбавіць ад тленнасьці ўсіх, што з вераю
спраўляюць пачэсную памяць тваю.
Блаславёны і баганосны Кірыла, ты прасьвятліў свой розум зьзяньнем Духа, і
сам быў быццам прамяністае сонца, што пасылае промні сваіх навучаньняў,
прасьвятляе ўсіх верных, і адганяе цемру ерасяў сілаю Таго, хто зазьзяў ад
Дзевы.
Дабрынёю словаў тваіх Царква ўся ўпрыгожваецца, добрапачэсна ўзбагачваецца
цудоўнымі дабротамі, і шануе сьвятую памяць тваю, сьвяты Кірыла, прававерных
пахвала, айцоў вяршыня, абаронца Усесьвятое Багародзіцы на Саборы.
Слава...:
(Тон 6). Уславім Хрыстовага сьвятаначальніка Апанаса, які зьвёў у
нішто выдумкі Арыя, і ва ўсім сьвеце ясна прапаведаваў дзяржаву Сьвятое Тройцы,
– адзінага і неразьдзельнага ў трох асобах Бога. Ён моліць Яго за нас, якія з
вераю спраўляем ягоную памяць.
Цяпер...:
Багародзічны (тон 6). Люты вораг, поўны зайздрасьці, усё змагаецца
супраць статку Твайго, Усячыстая, каб прыдбаць сабе спажыву, але Ты,
Багародзіца, выбаў нас ад такой бяды.
Або:
Крыжабагародзічны (тон 6). Калі Чыстая Дзева і Маці Твая,
Збавіцелю, бачыла, як беззаконныя людзі прыбілі Цябе несправядліва да крыжа,
душа Яе была параненая, як прадказаў некалі Сямён.
Вершапесьні актойху
Слава...:
(Тон 3). Быццам залатацечны Ніл, аднайменьнік несьмяротнасьці
Апанас навадняе ўсіх залатымі струменямі несьмяротнасьці і навучае пакланяцца
адзінадзяржаўнай неразьдзельнай Тройцы. Ён крынічыць боскія навукі, поіць розумы
верных, і моліцца за душы нашыя.
Цяпер...:
Багародзічны (тон 3). Багародзіца Дзева Маці, сьвятая між
жанчынаў, малі Уладара і Бога, якога Ты нарадзіла, каб Ён збавіў нас у
чалавекалюбстве сваім.
Або:
Крыжабагародзічны (тон 3). Калі Ты ўбачыла на крыжы незаходнае
Сонца, што зазьзяла з улоньня Твайго і зацьміла промні сонечныя, Ты, прыбітая
бязьмерным болем, усклікнула: "Ты, што дабравольна зайшоў, зазьзяй зноў, каб
прасьвятліць Мяне і ўвесь сьвет".
Адпушчальны трапар
(Тон 3). Вы зазьзялі ўчынкамі правай веры, усё благое навучаньне
пагасілі, і явіліся пераможцамі, правай вераю ўзбагаціўшы ўсіх, Царкву цудоўна
ўпрыгожыўшы, і дастойна дасягнулі Хрыста Бога, які дае ўсім веліч зьмілаваньня. |