Галоўная > Мінэя - Студзень > 20 студзеня - Пачэснага Аўхіма Вялікага
20 студзеня - Пачэснага Аўхіма Вялікага2 ліпеня 2008. |
|
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...": (Тон 1). Ойча Аўхіме, анёл прадвясьціў тваё нараджэньне, як некалі Яна Прадвесьніка, які быў зачаты ва ўлоньні няплоднае. Ты быў ягоным пераймальнікам, норавам падобным да яго: бяздомны, ты не шукаў сабе дастаткаў, і, жывучы ў горах, зазьзяў шматлікімі цудамі. Плод няплоднае, ты, ойча Аўхіме, стаўся шматдзетным: ад духоўнага семя твайго непраходная пустыня напоўнілася манахамі. Маліся цяпер даць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня. Ойча Аўхіме, цудоўнае жыцьцё тваё і вера праўдзівая: ад дзеяньня ты, аселішча мудрасьці, узьнёсься да найвышэйшага сузіраньня, і ўславіў аднаго з Тройцы, адзінага ў дзьвюх прыродах Хрыста. Малі Яго за душы нашыя. Ойча Аўхіме, ты быў саўдзельнікам пакутаў Таго, хто на Крыжы рукі распасьцёр; пастом і умярцьвленьнем ты даў нам вобраз Ягонага ўваскрасеньня і славы. Малі Яго цяпер дараваць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня. Слава...: (тон 3). Імя тваё, ойча Аўхіме, азначае "Дабратлівы", і ты, быццам другі Самуіл, быў пасьвячаны Богу ад улоньня маці. Манахаў жазло і ўмацаваньне, чыстае жыльлё Сьвятога Духа, выпрасі нам, якія шануем цябе, веліч зьмілаваньня. Цяпер...: Як нам не дзівіцца богачалавечаму мацярынству Твайму, Усячыстая? Ня ведаючы мужа, Ты, бязьвінная, нарадзіла ў целе без Айца Сына – народжанага спрадвеку без маці ад Айца, – які не пацярпеў ніякай зьмены ці разьдзяленьня, але поўнасьцю зьбярог прыкметы дзьвюх прыродаў. Дык малі Яго, Дзева Маці ўладарная, каб Ён збавіў душы тых, што верна вызнаюць Цябе Багародзіцай.
Чытаньні: са службы сьвятому Антону: Чытаньне кнігі Мудрасьці Душы праведных у руцэ Бога, і мука не кране іх. Вачам неразумных здавалася, што яны памерлі, іхняе перастаўленьне ўважалася за няшчасьце, і адыход іх ад нас – за згубу; але яны прабываюць у супакоі. Бо, хоць паводле людзкога разуменьня іх сустрэла кара, надзея іх поўная несьмяротнасьці. Пацярпеўшы крыху, яны зазнаюць вялікіх дабрадзействаў. Бог іх дасьведчыў і знайшоў годнымі сябе. Ён іх выпрабаваў, як золата ў горне і прыняў іх, як цэлапальную ахвяру. У дзень іхняга наведаньня яны зазьзяюць і рассыплюцца, быццам іскры па іржышчы. Будуць судзіць плямёны і панаваць над народамі, і Госпад будзе ўладаром іхнім давеку. Тыя, што спадзяваліся на Яго, зразумеюць праўду, верныя ў любові будуць з Ім прабываць. Бо ласка і міласэрнасьць Ягоная для сьвятых Яго, і Ён наведае выбраных сваіх. (3:1-10)
Чытаньне кнігі Мудрасьці Праведнікі вечна жыць будуць, і іхняя ўзнагарода ў Госпада, і Усявышні будзе клапаціцца пра іх. Дзеля гэтага яны атрымаюць карону славы і вянец красы з рукі Госпада. Ён іх пакрые правай рукою сваёй, і будзе ахоўваць іх плячом сваім. За зброю возьме зайздросную любоў сваю, і ўзброіць стварэньне на пакараньне ворагаў. Апранецца ў панцыр справядлівасьці, і шаломам ягоным будзе суд бесстаронні. За шчыт непераможны возьме сабе сьвятасьць, і навострыць, быццам меч, гнеў суровы. І разам з Ім увесь сьвет пойдзе на бой супраць бяздумных. Паляцяць з хмараў стрэлы маланак, паімчацца да мэты, быццам з нацягнутага луку; і прашчы будуць шпурляць град гневу. Воды марскія ўзбурацца супраць іх, і рэкі затопяць іх бязьлітасна. Уздымецца супраць іх дух Магутнасьці і, быццам бура, іх паразьвявае. Так беззаконьне спустошыць зямлю, а нікчэмнасьць разбурыць пасады моцных. Дык слухайце, уладары, і разумейце! Навучыцеся, судзьдзі ўсіх канцоў зямлі! Зважайце, начальнікі многіх, што хваліцеся вялікім лікам вашых падданых! Ад Госпада дадзеная вам улада, і сіла – ад Усявышняга. (5:15-6:3)
Чытаньне кнігі Мудрасьці Праведнік, хоць бы і памёр заўчасна, знойдзе супакой. Старасьць ягоная пачэсная не даўгалецьцем, яна ня мерыцца лікам гадоў; сівізна ягоная – мудрасьць, а мера старасьці – жыцьцё беззаганнае. Ён быў даспадобы Богу, знайшоў міласьць у Яго і, жывучы сярод грэшнікаў, быў забраны, каб злосьць не сапсавала думкі ягонай, і няшчырасьць не зьвяла душы ягонай. Бо прывабнасьць злога засланяе добрае, і бура пажадлівасьцяў зацямняе правы розум. Дасягнуўшы рана дасканаласьці, ён шмат перажыў, бо душа яго была мілая Богу, і таму Ён пасьпяшыў забраць яго з благога асяродзьдзя. А людзі бачылі гэта і не разумелі, і ня ўзялі сабе гэтага да сэрца, што міласэрнасьць і ласка Ягоная з выбранымі Ягонымі, і провід Ягоны са сьвятымі Яго. (4:7-15)
Вершапесьні (Тон 5). Радуйся, ойча сьвяты, удабрэньне Царквы; тваім нараджэньнем разьбіліся аб провід Божы намеры ворагаў праўдзівай веры. Таму ты сапраўды праўдзіва названы дабратлівым: нябесныя хоры ты напоўніў радасьцю і сьветласьцю жыцьця свайго. Цяпер, жывучы з імі, напоўнены сьвятлом і Боскім зьзяньнем, малі Хрыста даць душам нашым веліч зьмілаваньня. Верш. Дарагая перад Госпадам сьмерць сьвятых Яго. Умацаваны дрэвам Крыжовым, ты высушыў струмені беззаконьня; напоены ручаём Боскай слодычы з райскай крыніцы, ты, блаславёны, паказаў у пустыні крыніцы збаўленьня. Асьвежаны струменямі Боскага Духа, ты, багамудры, узьняўся на вышыню нябесную і явіўся стаўпом вогненным, поўным сьветлага зьзяньня. Малі Хрыста даць душам нашым веліч зьмілаваньня. Верш. Шчасьлівы муж, які баіцца Госпада і суцяшэньне знаходзіць ў запаветах Яго. Ты, ойча Аўхіме, з радаснаю і сьветлаю душою дайшоў да цудоўнае скініі, да дому Божага, дзе чутны сьвяточны шум і салодкія сьпевы, і невыказная асалода, і краса саўдзельніцтва ў Боскім жыцьці. Жадаючы толькі гэтага адзінага, ты ўмярцьвіў сваё цела і ўпрыгожыў яго Боскай красою. Малі Хрыста, даць нам веліч зьмілаваньня. Слава...: Сьвяты ойча, ты ня даў заснуць вачом тваім, ані задрамаць павекам тваім, пакуль душу і цела не вызваліў ад страсьцяў і не прыгатаваў жыльля Духу. І вось Айцец з Сынам пасяліліся ў табе. Угоднік адзінасутнае Тройцы, вялікі прапаведнік, ойча Аўхіме, маліся за душы нашыя. Цяпер...: Блаславёная Ты, Багародзіца Дзева, мы, верныя, славім Цябе належна, як горад непахісны, сьцяну непарушную, надзейную заступніцу і прыстанішча душ нашых.
Адпушчальныя трапары (Тон 4). Весяліся, пустыня няплодная, цешся, што ня ведала родавых боляў, бо вось муж жаданьняў духоўных размножыў у табе дзетак, нарадзіўшы іх пабожнасьцю і ўзгадаваўшы ўстрыманасьцю ў дабрадзейнасьцях. Малітвамі яго, Хрысьце Божа, даруй нам спакойнае жыцьцё. Слава... цяпер...: Тайна, спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая, праз Цябе, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашыя. Вярнуцца назад |