Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 1). Ойча Аўхіме, анёл прадвясьціў тваё нараджэньне, як некалі
Яна Прадвесьніка, які быў зачаты ва ўлоньні няплоднае. Ты быў ягоным
пераймальнікам, норавам падобным да яго: бяздомны, ты не шукаў сабе дастаткаў,
і, жывучы ў горах, зазьзяў шматлікімі цудамі.
Плод няплоднае, ты, ойча Аўхіме, стаўся шматдзетным: ад духоўнага семя твайго
непраходная пустыня напоўнілася манахамі. Маліся цяпер даць душам нашым супакой
і веліч зьмілаваньня.
Ойча Аўхіме, цудоўнае жыцьцё тваё і вера праўдзівая: ад дзеяньня ты, аселішча
мудрасьці, узьнёсься да найвышэйшага сузіраньня, і ўславіў аднаго з Тройцы,
адзінага ў дзьвюх прыродах Хрыста. Малі Яго за душы нашыя.
Ойча Аўхіме, ты быў саўдзельнікам пакутаў Таго, хто на Крыжы рукі распасьцёр;
пастом і умярцьвленьнем ты даў нам вобраз Ягонага ўваскрасеньня і славы. Малі
Яго цяпер дараваць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня.
Слава...: (тон 3).
Імя тваё, ойча Аўхіме, азначае "Дабратлівы", і ты, быццам другі Самуіл, быў
пасьвячаны Богу ад улоньня маці. Манахаў жазло і ўмацаваньне, чыстае жыльлё
Сьвятога Духа, выпрасі нам, якія шануем цябе, веліч зьмілаваньня.
Цяпер...: Як нам не дзівіцца богачалавечаму мацярынству Твайму,
Усячыстая? Ня ведаючы мужа, Ты, бязьвінная, нарадзіла ў целе без Айца Сына –
народжанага спрадвеку без маці ад Айца, – які не пацярпеў ніякай зьмены ці
разьдзяленьня, але поўнасьцю зьбярог прыкметы дзьвюх прыродаў. Дык малі Яго,
Дзева Маці ўладарная, каб Ён збавіў душы тых, што верна вызнаюць Цябе
Багародзіцай.
Чытаньні: са службы сьвятому Антону:
Чытаньне кнігі Мудрасьці
Душы праведных у руцэ Бога, і мука не кране іх. Вачам неразумных здавалася,
што яны памерлі, іхняе перастаўленьне ўважалася за няшчасьце, і адыход іх ад нас
– за згубу; але яны прабываюць у супакоі. Бо, хоць паводле людзкога разуменьня
іх сустрэла кара, надзея іх поўная несьмяротнасьці. Пацярпеўшы крыху, яны
зазнаюць вялікіх дабрадзействаў. Бог іх дасьведчыў і знайшоў годнымі сябе. Ён іх
выпрабаваў, як золата ў горне і прыняў іх, як цэлапальную ахвяру. У дзень іхняга
наведаньня яны зазьзяюць і рассыплюцца, быццам іскры па іржышчы. Будуць судзіць
плямёны і панаваць над народамі, і Госпад будзе ўладаром іхнім давеку. Тыя, што
спадзяваліся на Яго, зразумеюць праўду, верныя ў любові будуць з Ім прабываць.
Бо ласка і міласэрнасьць Ягоная для сьвятых Яго, і Ён наведае выбраных сваіх.
(3:1-10)
Чытаньне кнігі Мудрасьці
Праведнікі вечна жыць будуць, і іхняя ўзнагарода ў Госпада, і Усявышні будзе
клапаціцца пра іх. Дзеля гэтага яны атрымаюць карону славы і вянец красы з рукі
Госпада. Ён іх пакрые правай рукою сваёй, і будзе ахоўваць іх плячом сваім. За
зброю возьме зайздросную любоў сваю, і ўзброіць стварэньне на пакараньне
ворагаў. Апранецца ў панцыр справядлівасьці, і шаломам ягоным будзе суд
бесстаронні. За шчыт непераможны возьме сабе сьвятасьць, і навострыць, быццам
меч, гнеў суровы. І разам з Ім увесь сьвет пойдзе на бой супраць бяздумных.
Паляцяць з хмараў стрэлы маланак, паімчацца да мэты, быццам з нацягнутага луку;
і прашчы будуць шпурляць град гневу. Воды марскія ўзбурацца супраць іх, і рэкі
затопяць іх бязьлітасна. Уздымецца супраць іх дух Магутнасьці і, быццам бура, іх
паразьвявае. Так беззаконьне спустошыць зямлю, а нікчэмнасьць разбурыць пасады
моцных. Дык слухайце, уладары, і разумейце! Навучыцеся, судзьдзі ўсіх канцоў
зямлі! Зважайце, начальнікі многіх, што хваліцеся вялікім лікам вашых падданых!
Ад Госпада дадзеная вам улада, і сіла – ад Усявышняга.
(5:15-6:3)
Чытаньне кнігі Мудрасьці
Праведнік, хоць бы і памёр заўчасна, знойдзе супакой. Старасьць ягоная
пачэсная не даўгалецьцем, яна ня мерыцца лікам гадоў; сівізна ягоная –
мудрасьць, а мера старасьці – жыцьцё беззаганнае. Ён быў даспадобы Богу, знайшоў
міласьць у Яго і, жывучы сярод грэшнікаў, быў забраны, каб злосьць не сапсавала
думкі ягонай, і няшчырасьць не зьвяла душы ягонай. Бо прывабнасьць злога
засланяе добрае, і бура пажадлівасьцяў зацямняе правы розум. Дасягнуўшы рана
дасканаласьці, ён шмат перажыў, бо душа яго была мілая Богу, і таму Ён пасьпяшыў
забраць яго з благога асяродзьдзя. А людзі бачылі гэта і не разумелі, і ня ўзялі
сабе гэтага да сэрца, што міласэрнасьць і ласка Ягоная з выбранымі Ягонымі, і
провід Ягоны са сьвятымі Яго. (4:7-15)
Вершапесьні
(Тон 5). Радуйся, ойча сьвяты, удабрэньне Царквы; тваім
нараджэньнем разьбіліся аб провід Божы намеры ворагаў праўдзівай веры. Таму ты
сапраўды праўдзіва названы дабратлівым: нябесныя хоры ты напоўніў радасьцю і
сьветласьцю жыцьця свайго. Цяпер, жывучы з імі, напоўнены сьвятлом і Боскім
зьзяньнем, малі Хрыста даць душам нашым веліч зьмілаваньня.
Верш. Дарагая перад Госпадам сьмерць сьвятых Яго.
Умацаваны дрэвам Крыжовым, ты высушыў струмені беззаконьня; напоены ручаём
Боскай слодычы з райскай крыніцы, ты, блаславёны, паказаў у пустыні крыніцы
збаўленьня. Асьвежаны струменямі Боскага Духа, ты, багамудры, узьняўся на вышыню
нябесную і явіўся стаўпом вогненным, поўным сьветлага зьзяньня. Малі Хрыста даць
душам нашым веліч зьмілаваньня.
Верш. Шчасьлівы муж, які баіцца Госпада і суцяшэньне знаходзіць ў
запаветах Яго.
Ты, ойча Аўхіме, з радаснаю і сьветлаю душою дайшоў да цудоўнае скініі, да
дому Божага, дзе чутны сьвяточны шум і салодкія сьпевы, і невыказная асалода, і
краса саўдзельніцтва ў Боскім жыцьці. Жадаючы толькі гэтага адзінага, ты
ўмярцьвіў сваё цела і ўпрыгожыў яго Боскай красою. Малі Хрыста, даць нам веліч
зьмілаваньня.
Слава...:
Сьвяты ойча, ты ня даў заснуць вачом тваім, ані задрамаць павекам тваім,
пакуль душу і цела не вызваліў ад страсьцяў і не прыгатаваў жыльля Духу. І вось
Айцец з Сынам пасяліліся ў табе. Угоднік адзінасутнае Тройцы, вялікі
прапаведнік, ойча Аўхіме, маліся за душы нашыя.
Цяпер...:
Блаславёная Ты, Багародзіца Дзева, мы, верныя, славім Цябе належна, як горад
непахісны, сьцяну непарушную, надзейную заступніцу і прыстанішча душ нашых.
Адпушчальныя трапары
(Тон 4). Весяліся, пустыня няплодная, цешся, што ня ведала родавых
боляў, бо вось муж жаданьняў духоўных размножыў у табе дзетак, нарадзіўшы іх
пабожнасьцю і ўзгадаваўшы ўстрыманасьцю ў дабрадзейнасьцях. Малітвамі яго,
Хрысьце Божа, даруй нам спакойнае жыцьцё.
Слава... цяпер...:
Тайна, спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая, праз Цябе, Багародзіца, тым, што
жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без
зьліцьця дзьве прыроды і пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў
ім першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашыя. |